Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Падчас папярэдніх мірных перамовінаў у кастрычніку 1920 г. польская дэлегацыя прапанавала савецкай вывесьці польскія і расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі (улучна са Смаленшчынай) і правесьці там плебісцыт для самавызначэньня Беларусі, аднак савецкая дэлегацыя адмовілася і згадзілася на альтэрнатыўны варыянт падзелу гэтага краю па ўказаньні ЦК РКП(б). Расея не хацела страціць выгадны пляцдарм. Пры гэтым лёс Беларусі вырашаўся нават без удзелу мясцовых бальшавікоў.
Перад падпісаньнем дамовы аб замірэньні і папярэдніх умовах міру ў кастрычніку 1920 г. савецкі ўрад, працягваючы мірныя перамовы, лічыў, што можа саступіць Польшчы і тую маленькую прастору БССР, якая яшчэ захоўвалася прыкладна ў межах шасьці паветаў былой Менскай губэрні. Дырэктываю ЦК РКП(б) Іофэ быў падрыхтаваны
Пасьля падпісаньня прэлімінарнай дамовы пра варункі міру ўрад РСФСР улічваў магчымасьць перадачы тэрыторыі БССР у склад Польшчы пры заключэньні канчатковага міру.
Па-першае, 3 лістапада 1920 г. народны камісар замежных справаў Г. Чычэрын прапанаваў Палітбюро ЦК РКП(б) пабудаваць дачыненьні паміж БССР і РСФСР так, каб падпарадкаваць БССР расейскаму ўраду:
«...г. зн. пакідаючы Беларускую Рэспубліку па-за РСФСР, але фактычна аб'ядноўваючы цэлы шэраг галінаў дзяржаўнасьці…».
Тым самым БССР пазбаўлялася сувэрэнітэту і ў значнай ступені кіравалася ўрадам РСФСР.
Па-другое, народны камісарыят замежных справаў РСФСР 6 лістапада 1920 г. накіраваў сакратару ЦК РКП(б) М. Красьцінскаму новую запіску, у якой лічыў «нежаданым далучэньне да Беларусі якіх бы ні было частак Віцебскай або Магілеўскай губэрняў. Мы яшчэ ня ведаем, празь якія тэрыторыі можа прайсьці лёс Беларусі, і павялічыць загадзя тую тэрыторыю, якая праз гэтыя пэрыпэтыі будзе праходзіць, было б вельмі неасьцярожна». І толькі ў 1924 і 1926 гг. усходнія раёны цяперашняй Беларусі - Віцебская, Гомельская і невялічкая частка Смаленскай губэрні - былі далучаныя да БССР як свайго роду плата за ўступленьне Беларускай ССР у СССР.
Перш дзяржаўная мяжа БССР і Польшчы была ўсталяваная 12 кастрычніка 1920 г. паводле дамовы аб замірэньні і прэлімінарных умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай - з другога. У артыкуле 1-м гэтага дакуманта вызначалася ўсходняямяжа Польшчы з Украінай і Беларусяй прыкладна па лініі, што потым існавала як мяжа да 1939 г. У 2-м артыкуле мірнае дамовы паміж Расеяй і Ўкраінай, з аднаго боку, і Польшчай - з другога, падпісанай у Рызе 18 сакавіка 1921 г., дзяржаўная мяжа замацоўвалася канчаткова. РСФСР і УССР перадавалі Польшчы дадатковыя тэрыторыі Беларусі: паміж Ланьню і Случчу на поўдзень ад Вызны й Старобіна, а таксама Радашкавічы. І зноў у складзе савецкай дэлегацыі не было прадстаўніка БССР. Тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзьве часткі Расеяй і Польшчай. Для Расеі захавалася стратэгічная прастора, якая па-ранейшаму прыкрывала кірунак на Маскву. Для Польшчы тэрыторыя Заходняй Беларусі сталася часткаю прыфрантавой (з бальшавізмам) зоны, часткай «санітарнага кардону».
Такая сытуацыя адноснай раўнавагі існавала каля 20 гадоў. Аднак Савецкі Саюз, утвораны ў 1922 г., амаль на той жа тэрыторыі, што і Расейская імпэрыя, паўтараючы яе, не зьбіраўся прымірыцца зь існым становішчам. Спачатку для імпэрскай экспансіі выкарыстоўваўся лёзунг сусьветнай рэвалюцыі. Калі спроба Камінтэрну падняць такую рэвалюцыю ў Эўропе ў 1923 г. (Нямеччына, Баўгарыя) не ўдалася, кіраўніцтва СССР вяртаецца да іншай тактыкі: пры вонкавым захаваньні мірных дачыненьняў з эўрапейскімі краінамі зрабіць усё, каб вярнуць сабе перадавыя рубяжы ва Ўсходняй Эўропе, захопленыя царызмам у XVIII ст. (Прыбалтыка, Заходняя Беларусь) і напачатку XIX ст. (Фінляндыя, Польшча, Басарабія).
Падпісаўшы мірную дамову з Польшчай у 1921 г., Савецкая Расея, а потым Савецкі Саюз пачаў рыхтаваць ды інсьпіраваць паўстанцкі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921-1922 гг. І хаця значная частка партызанскіх аддзелаў стваралася беларускімі эсэрамі, паступова кампартыя Заходняй Беларусі, якая накіроўвалася зь Менска й Масквы, у 1924-1925 гг. апанавала кіраўніцтва партызанскім рухам. У БССР ствараліся й перакідваліся празь мяжу партызанскія аддзелы, якія ў Заходняй Беларусі абрасталі мясцовымі сіламі - ішоў экспарт рэвалюцыі. Кіраўнікамі партызанскіх аддзелаў і групаў сталі чэкісты С. Ваўпшасаў,
Уся гэтая палітыка вялася пры прапагандысцкай крытыцы Вэрсальскае сыстэмы мірных дамоваў, што склалася пасьля першай сусьветнай вайны. Пры гэтым СССР спрабаваў зрабіць саюзьнікам Нямеччыну, якая прайграла вайну і была пакрыўджаная ўмовамі Вэрсалю, у тым ліку і ў тэрытарыяльным пытаньні. Пачаткам расейска-нямецкага саюзу сталася дамова ў Рапала ў 1922 г. і патаемнае вайсковае супрацоўніцтва СССР ды Нямеччыны. Райхсвэр атрымаў магчымасьць адчыніць на тэрыторыі СССР танкавую (у Казані), вайскова-паветраную (у Ліпецку) і вайскова-хімічную (у Саратаве) школы, абыходзячы тым самым артыкулы Вэрсальскага міру.
Прыход Гітлера да ўлады ў Нямеччыне 30 студзеня 1933 г. зьмяніў добрыя савецка-нямецкія дачыненьні, і яны пачалі пагаршацца. Яшчэ да гэтага, каб умацаваць сваё становішча на заходніх межах, СССР падпісаў сэрыю дамоваў аб ненападзе зь Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй і прадоўжыў у 1931 і 1934 гг. савецка-літоўскую дамову 1926 г. аб ненападзе і нэўтралітэце. У апошняй дамове гаварылася, што СССР па-ранейшаму прызнае расейска-літоўскую мяжу 1920 г., г. зн. у склад Літвы мела ўваходзіць тэрыторыя паўночна-заходняй Беларусі (хаця фактычна яна была ў складзе Польшчы). СССР тым самым прызнаваў сувэрэннай літоўскай тэрыторыю з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы ды інш. Усе дамовы аб ненападзе, заключаныя савецкім урадам з суседнімі ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі, мелі агульныя рысы; галоўным было захаваньне прынцыпаў непарушнасьці межаў.
25 ліпеня 1932 г. у Маскве была падпісаная савецка-польская дамова аб ненападзе, тэрмін якой 5 траўня 1934 г. прадоўжылі да 31 сьнежня 1945 г. Тэрытарыяльныя пытаньні на перамовінах нават і не ўзьнімаліся. Дзяржаўная мяжа паміж СССР і Польшчай, якая была вызначана Рыскаю мірнаю дамоваю 1921 г. і якая падзяліла Беларусь і Ўкраіну, заставалася нязьменнаю. У 1934-1936 гг. пазначылася альтэрнатыва савецка-германскаму пакту 1939 г.: заключэньне пагадненьня паміж СССР і заходнімі дэмакратычнымі краінамі для супраціву фашыстоўскай агрэсіі. Але гэтая ідэя не ажыцьцявілася. Англія й Францыя ня вельмі ахвотна йшлі на саюз з СССР, бо ня верылі Сталіну, які ў 1936-1939 гг., падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, ня толькі праводзіў палітыку падтрымкі іспанскіх рэспубліканцаў, але й спрабаваў пашырыць ваенна-палітычны ўплыў СССР у Іспаніі, а значыць, і ў Заходняй Эўропе, узмацніць пазыцыі Кампартыі Іспаніі ва ўрадзе і на месцах. Усё гэта паказвала, што чакае кожную краіну, куды ўступяць войскі Чырвонай арміі. Эўрапейскія дэмакратычныя дзяржавы баяліся іхнага прыходу. Да гэтага трэба дадаць, што масавыя рэпрэсіі, якія асабліва шырока разгарнуў у СССР камуністычны рэжым у 1937-1938 гг., выклікалі ў эўрапейскіх краінах яшчэ большы недавер да савецкага ўраду, ягонай палітыкі ды прапановаў. Магчымыя ваенныя саюзьнікі ў эвэнтуальнай вайне супраць гітлераўскай Германіі лічыліся і з тым, што рэпрэсіі значна аслабілі Чырвоную армію.
Тымчасам, ад самага прыходу Гітлера да ўлады, Сталін захоўваў патаемную сувязь паміж Масквой і Бэрлінам. У сьнежні 1933 г. на зьезьдзе Саветаў кіраўнік ураду В. Молатаў і наркам замежных справаў М. Літвінаў заклікалі (у тым і Гітлера) паляпшаць савецка-нямецкія дачыненьні. Аднак Гітлер ігнараваў і гэтыя і пазьнейшыя заклікі. Адначасова Сталін вёў зандаж настрояў кіраўніцтва Англіі й Францыі.
Калі ў канцы 1938 г. кіраўнічыя колы фашыстоўскай Германіі пачалі дыпляматычны наступ на Польшчу, стварыўшы данцыгаўскі крызыс і рыхтуючыся да вайны, урад СССР у сакавіку 1939 г. пачаў у Маскве перамовіны з прадстаўнікамі ўрадаў Англіі й Францыі пра заключэньне дамовы аб узаемнай дапамозе. Пры гэтым Англія й Францыя былі зьвязаныя ўзаемнымі абавязкамі з Польшчай і муселі абвясьціць вайну Германіі, калі тая нападзе на Польшчу.