Стары чалавек i мора (на белорусском языке)
Шрифт:
Але ён быў гэткi вялiзны, i напрыканцы свайго круга выплыў на паверхню ўсяго за трыццаць ярдаў ад лодкi, i чалавек угледзеў ягоны хвост, што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялiкае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асаблiва над цёмна-сiняй вадой. Той падаўся назад, i калi марлiн плыў яшчэ зусiм блiзка ля паверхнi, стары чалавек мог бачыць агромнiстае тулава, спярэшчанае фiялетавымi палосамi. Спiнны плаўнiк быў апушчаны ўнiз, а велiзарныя грудныя плаўнiкi - шырока распасцёртыя.
Падчас гэтага кругу стары чалавек
Стары чалавек цяпер моцна пацеў, але ад нечага яшчэ апрача сонца. З кожным спакойным цiхамiрным абаротам, што рабiла рыба, шнур у лодцы доўжыўся, i стары чалавек быў упэўнены, што пасля двух наступных абаротаў ён займее мажлiвасць уторкнуць у марлiна гарпун.
"Але я мушу прысунуць яго блiжэй, блiжэй, блiжэй, - думаў ён.
– Я не павiнен цаляць у галаву. Трэба лупануць у сэрца".
– Будзь спакойны i моцны, стары дружа, - наказаў ён сабе.
На гэты раз марлiнава спiна вылезла з вады, але ён быў крыху далекавата ад лодкi. Падчас другога кругу той па-ранейшаму быў занадта далёка, але болей высунуўся з вады, i стары чалавек не сумняваўся, што калi яшчэ трохi выбярэ шнур, то падцягне марлiна да самога борта.
Гарпун ён падрыхтаваў даўно, маток тонкай вяроўкi ляжаў у круглым кошыку, а ейны канец быў прымацаваны да бiтэнга на носе.
Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбiна, спакойная i прыгожая, варушыўся толькi хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблiзiць яе да лодкi. Усяго на нейкi момант рыбiна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася i распачала новы круг.
– Я зрушыў яго з месца, - сказаў стары чалавек.
– Усё-такi я зварухнуў яго!
На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялiзную рыбiну, напружваючыся што было моцы. "Я зварухнуў яго, - думаў ён.
– Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягнiце, рукi, - падумаў ён.
– Трымайце, ногi. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты нiколi не адключалася. На гэты раз я перавярну яго".
Але калi стары чалавек задоўга да таго, як марлiн зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усiх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся i адплыў.
– Рыба, - сказаў стары чалавек.
– Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забiць мяне таксама?
"Гэтым нiчога не дасягнеш", - падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. "На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, - падумаў стары чалавек.
– На шмат абаротаў мяне ўжо не хопiць. Не, цябе хопiць. Цябе хапацьме заўжды".
Падчас наступнага абарота ён ледзь не займеў яго. Але зноўку рыбiна выпрасталася i паволi паплыла сабе.
"Ты
– Але ты маеш на гэта права. Я нiколi не бачыў велiчэзнейшай цi прыгажэйшай, цi спакайнейшай або шляхетнейшай iстоты за цябе, браце. Давай! Канчай са мной, рыба. Мне ўсё адно, хто каго заб'е.
Нешта нядобрае робiцца з тваёй галавой, - падумаў ён.
– А яна павiнна быць ясная. Май ясную галаву i ўмей цярпець, як мужчына. Цi як рыба", - падумаў ён.
– Ясней, мая галава, - сказаў ён голасам, якi ледзьве пачуў сам.
– Ясней.
Яшчэ двойчы марлiнавы абароты заканчвалiся гэтак жа.
"Не ведаю, - думаў стары чалавек, - цi што ў мяне атрымаецца.
– Кожны раз ён траха не страчваў прытомнасцi.
– Не ведаю. Але яшчэ раз паспрабую".
Стары чалавек паспрабаваў яшчэ раз i адчуў, што яго апаноўвае млоснасць, калi ён павярнуў рыбiну на бок. Тая выпрасталася i зноў паволi адплыла, пайгойдваючы вялiзным хвастом у паветры.
"Я паспрабую яшчэ", - паабяцаў стары чалавек, хоць ягоныя рукi зрабiлiся лiпкiя, а вочы замглiлiся i толькi ў мiгi праяснення бачылi добра.
Ён паспрабаваў зноўку, i зноўку той жа вынiк. "Значыцца, - падумаў ён, а млосць ужо наплывала, - я паспрабую яшчэ раз".
Ён уклаў увесь боль i тое, што засталося ад ягонае дужасцi i даўно страчанае гордасцi, у свой высiлак, каб скончыць са змагарскай агонiяй рыбiны, i тая перавярнулася на бок i слухмяна паплыла, траха не датыкаючыся дзюбай да дошак чоўна, i мiнала лодку, доўгая, моцная, шырокая, срэбраная, спярэшчаная фiялетавымi палосамi i несканчоная ў вадзе.
Стары чалавек выпусцiў шнур i прыцiснуў нагой, пасля падняў гарпун, а ў гэтую хвiлiну ён сабраў i новыя сiлы, увагнаў рыбiне ў бок, якраз за вялiзным грудным плаўнiкам, якi ўзнiмаўся высака ў паветры на ўзроўнi рабаковых грудзей. Ён адчуў, як сталь уваходзiць у мяса марлiна, i ён успёрся на яе i ўвагнаў глыбей, а тады налёг на гарпун усiм цяжарам свайго цела.
Але рыба ажыла, хоць ужо трымала ў сабе смерць, i шуганула з вады, паказваючы ўсю сваю даўжыню i шырыню, i магутнасць, i красу. Здавалася, яна павiсла ў паветры над старым чалавекам у чоўне. Пасля яна з грукам упала ў ваду, пырскамi залiўшы старога чалавека i ўвесь ягоны човен.
Старога чалавека адольвала млоснасць i слабасць, ды i бачыў ён кепска. Але ён разблытваў шнур гарпуна сваiмi паабдзiранымi рукамi, павольна прапускаючы той цераз пальцы, пакуль, калi зрок ягоны паяснеў, не ўгледзеў рыбiны, што пагойдвалася на спiне срэбраным жыватом угору. Страла гарпуна тырчала наўскос з пляча рыбiны, i мора чырванела ад крывi, што цякла з сэрца марлiна.
Спачатку здавалася, што гэта ў сiняй вадзе глыбiнёю больш за мiлю цямнее мелiна. Пасля пляма расплылася, як рассейваецца воблака. Рыбiна iльснiлася срэбрам, калыхаючыся, застылая, разам з хвалямi.