Тарэадоры з Васюкоўкi (на белорусском языке)
Шрифт:
– На якi-небудзь бязлюдны, незаселены востраў.
– Ды ну цябе, дурны! Мелеш такое, абы-што. Дзе ты возьмеш такi востраў? Цяпер такiх астравоў не бывае.
– Бывае. Гэта ты не ведаеш.
– Як ты ўцячэш, калi мы з табой нават да мора не змаглi даехаць? Цябе ж на першай станцыi зловяць.
– А я i не пайду на станцыю. Навошта мне станцыя?
– А што?
– У плаўнi падамся. Колькi там астравоў бязлюдных...
– А як жа ты там жыць будзеш? Прападзеш, як мыш
– Не прападу, - упэўнена сказаў Ява i выцягнуў з-пад сарочкi кнiжку.
– Жыў вось чалавек на бязлюдным востраве - i нiчога. Не прапаў.
– Што гэта за кнiжка?
– пытаю.
– "Прыгоды Рабiнзона Круза". Чытаў?
– Кнiжка кнiжкай, а плаўнi плаўнямi. Ты падумай лепш.
– Я ўжо думаў. I вырашыў канчаткова. Ты мяне знаеш. Я толькi хачу, каб ты мне трошкi дапамог.
Я быў абяззброены.
I надоўга ты збiраешся на той востраў?
– Рабiнзон прабыў на бязлюдным востраве дваццаць восем гадоў два месяцы i дзевятнаццаць дзён, - уздыхнуўшы, сказаў Ява.
– Ого-го!
– я ажно рот разявiў.
– Гэта ж колькi табе будзе? Сорак з гакам. Гэта ж мы ўжо i школу, i iнстытуты паканчаем. Карафолька акадэмiкам стане, Грабянючка аграномам. Я лётчыкам - калi атрымаецца. А ты...
– Што ж зробiш, - зноў уздыхнуў Ява.
– Слухай, а хто ж будзе за Кнышом i Бурмiлам сачыць? Хто будзе iх выводзiць на чыстую ваду? Можа, яны i сапраўды вельмi небяспечныя шпiёны i злачынцы? Га? Ты што, забыў пра тую таямнiчую размову? I акваланг? I торт, i ўсё астатняе? Забыў?
Ява адразу пачырванеў, няйначай я злавiў яго за руку. Я ўжо думаў, што ён адмовiцца ад сваёй прыгоды. Але ён сказаў:
– Не, нiчога я не забыў. Але давядзецца табе аднаму сачыць за iмi i выкрываць iх. Ты хлопец кемлiвы, смелы, сам управiшся. I станеш вядомым. I пра цябе ў газетах напiшуць, i па радыё, i па тэлевiзары. А я не магу тут больш жыць. Не магу. Праз некалькi дзён прыедзе мацi i... хоць - куды вочы глядзяць!
Я ўздыхнуў.
– А можа, усё-такi не ўцячэш? Неяк патрываем.
– Не, раз я вырашыў - усё!
– А каб яго, Кукурузу гэтага! Цябе толькi з панталыку збiў. Няўжо ж мы ў дзяцiнстве ўжо не пабачымся?
– з адчаем запытаў я.
– З кiм жа ў цуркi-палкi буду гуляць? З Карафолькам? Дзякуй табе вялiкае!
Ява зморшчыўся, паглядзеў на мяне - прамармытаў нешта. I, памаўчаўшы трохi, сказаў:
– Чаму не пабачымся? Толькi ты адзiн будзеш ведаць пра мой востраў. I прыязджаць дзе-калi... Рабiнзон таксама не адзiн быў. Потым ён выратаваў дзiкуна Пятнiцу i жыў з iм удвух. Так што...
– Выходзiць, я буду ў цябе дзiкуном, - ужо весялей сказаў я.
– Ён, значыць, герой... А я, значыць, дзiкун. От Кукуруза!
– Ды Круза, а не Кукуруза! Рабiнзон Круза.
– Гэта ён быў Круза, а ты - Кукуруза. Якраз падыходзiць iмя... Асаблiва пасля ўчарашняга...
– А што? Можа, гэта ты нядрэнна прыдумаў. Кукуруза! Гучыць! Га? Ведаеш што! Дык ты не завi мяне - Ява, а завi - Кукуруза. Няхай так i будзе. Дамовiлiся?
Так Ява перастаў быць Явам, а зрабiўся Рабiнзонам Кукурузай. Пэўна, на вяку напiсана яму было насiць прыдуманыя iмёны. Так што запомнiце добранька, далей я буду зваць яго Кукуруза.
– Дык ты што - сёння не хочаш уцячы на востраў?
– запытаў я.
– Эх, якi ты! "Сёння"!
– раззлаваўся Кукуруза.
– Трэба ж спачатку выбраць надзейны бязлюдны востраў, а тады ўжо ўцякаць.
– Ды што там выбiраць? Высадзiўся на якi-небудзь i жывi сабе.
– Табе што... А мне - дваццаць восем гадоў два месяцы i дзевятнаццаць дзён там жыць. Думаеш, лёгка?
– Хiба я супраць, можна i выбраць. Хоць цяпер. Паедзем?
– Пачакай трохi. Праз гадзiну. Няхай дзед у сельмаг пойдзе.
– А што ты наогул дома скажаш, калi будзеш уцякаць? Яны ж хвалявацца будуць. Усiх на ногi падымуць. Будуць шукаць. Ох, уяўляю...
– Вядома ж, не скажу: "Дарагiя бацькi, я ўцякаю ад вас на бязлюдны востраў. Бывайце. Пiшыце". Гэта ж камедыя. Нiхто ж так на бязлюдны востраў не ўцякае. Мацi i бацьку ўвогуле нiчога не трэба будзе гаварыць. Яны ў Кiеве. А дзеду я што-небудзь прыдумаю. Скажу, напрыклад, што пайду ў Пяскi да цёткi Ганны. Там якраз i Ярынка ў гасцях. Ат, нешта прыдумаю... Каб панiкi не нарабiў.
– А потым што? Калi мацi прыедзе i даведаецца, што ты знiк?
– Нiчога, як там ужо будзе...
– тут голас у Кукурузы задрыжаў. Мабыць, думка аб тым, што яго забудуць, была ўсё-такi горкаю для яго. I ён паспяшаўся перавесцi гаворку на iншае: - Галоўнае, востраў трэба добры адшукаць. Каб i месца было рыбнае, i дзiчына каб...
– А ты стрэльбу возьмеш?
– А як жа. У Рабiнзона нават некалькi стрэльбаў было. Але я i з адной бярданкаю не прападу. Ты ж ведаеш маю бярданку. Б'е, як шалёная. Нават лепш за той "Заўэр", што ў дзеда ёсць.
Гэта ўжо Кукуруза перабольшваў. Але я не стаў спрачацца - хлопец на дваццаць восем гадоў на востраў уцякае, няхай хоць цяпер нацешыцца.
У сенцах пачуўся кашаль, скрыпнулi дзверы, на двор выйшаў дзед Варава. Зiрнуў сярдзiта на нас i сказаў:
– Я ў краму. На хвiлiнку. Глядзiце мне тут!
– Ды мы нiчога. Вось толькi на рэчку, можа, пакупаемся. Бачыце, як сонца смажыць, - з просьбаю ў голасе адказаў Кукуруза.
– Урокi, урокi трэба вучыць, а не купацца. Двоечнiк!
– буркнуў дзед i, закрактаўшы, падаўся з двара.