Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Таня трэ вочы кулакамi, а калi адплюшчвае, пад павечкамi яшчэ горш рэжа i балiць...
Та-та-та...
– стукае несцiхана ля маста кулямёт, якраз як i тады, калi яна вяла мацi пад пахi з хаты на двор пад паветку, а Панковым гародам беглi па бульбе на аселiцу да маста партызаны...
Стала холадна, як ноччу пад ранiцу ў Карчаватках у балоце, калi не было дзе сесцi, бо ўсюды чвякала вада...
Таня сцiснулася на возе ў камяк, падкорчыўшыся i ўгнуўшы галаву. Бачыла цяпер перад сабой толькi, як махае хвастом кабыла; а калi варочала галавой, каб зiрнуць,
Янука старога з Настай зусiм не ўгледзiш за пылам.
Цыў...
– свiшча над дарогай, якраз як тады, калi яны ехалi па загуменнi i Юзюк бег ля калёс, паганяючы кабылу.
"Дзе цяпер Юзюк?.."
Та-та-та...
– здаецца, страляюць зусiм блiзка ў ячменi i на двары ля школы.
Застрыгла вушамi кабыла i, напяўшыся, скочыла ў ячмень. Таня пачула, як у яе зачапiлi ля нагi сена. Яно зашапацела, што сухая трава на купiне на балоце...
Яна адсунулася на возе ўзад i яшчэ больш нагнулася, апёршыся рукамi на мяхi. Пайшла навыцяжку кабыла па ячменi, якраз там, дзе падымаўся пыл, - як сумысля.
Закрычаў нехта ўперадзе на дарозе... Здалося, як усё роўна на двары пад паветкай Юзюк... Ён забягаўся па яе... I што гэта ён казаў? Каб яна кiнула матку? Ён i яшчэ ёй гаварыў... Яна помнiць што... Ёй яшчэ нiхто такога не гаварыў... Яна i не думала нiколi, што такое гавораць... I каб хто, а то Юзюк, Алёшаў брат, тоўсты, як лантух, лабаты i босы... I глядзiць ён спадылба, i ў хаце ў iх двое блiзнюкоў...
Пыл падымаўся цяпер ля самых калёс; пабегла кабыла, мусiць, па загонах: кiдала з боку на бок...
Тады закрычала на ўсю дарогу Наста...
Калi ля маста перасталi страляць, на гары ля школы стала цiха. Лескаталi толькi дробненька калёсы, дзе ехаў Панок; ззаду нiкога не было чуваць. Падняўшы галаву, Таня ўбачыла, што кабыла iдзе дарогай за Панковымi разводамi; яна тады аглянулася: ля Алёшавых калёс стаяла з Януком Наста.
"Чаго яны пасталi?.."
Яна хацела крыкнуць iм, што Алёша недзе дома, хай не дзiвяцца, калi не згледзелi, як ён збег; хацела нават падняцца, каб стаць на каленi. Тады пачула, што пад нагамi мокра... Лапнула рукамi па мяхах - рукi былi ў крывi.
Яна адсунулася на край воза да ляжэйкi. Забалела-забалела ля калена нага - запякло, што агнём... Аднекуль зноў узялiся i заслалi свет матылi... Белыя, мiтусяцца перад вачыма: уверх-унiз, уверх-унiз...
Пасля ёй здалося, што яна, убегшы ў хату з гароду, дзе астаўся пад паветкай Юзюк, паслiзнулася на падлозе i ўдарылася аб парог... Зазвiнела ў галаве.
Выпусцiўшы з рук лейцы, яна адвалiлася на мяхi.
4
– Што будзем рабiць з дзяцьмi, мужчыны?..
Таня пачула Настулiн голас як адкуль здалёку; тады ля самага воза на ўсё поле загаманiў Махорка, а яна ляжала, адплюшчыўшы вочы i сцiшыўшыся, як вiнаватая. Было горача, хацелася пiць, у роце перасохла, што ад палу, калi доўга ляжыш хворая, але яна не папрасiла - баялася клiкнуць Насту...
Якая цяжкая нага...
Нагу перавязалi, сцiснуўшы як мага, падалом ад Настулiнай кашулi. Падол Наста
– Што будзем рабiць з дзяцьмi, Iван?
– гэта голас Насты. Яна стаiць пасярод дарогi. Насту абступiлi мужчыны, топчуцца ля яе, Танiных, калёс: Боганчык, Махорка i Валодзя Панок. Янук адзiн сядзiць, сагнуўшыся на калёсах i насунуўшы на галаву кепку...
– З якiмi дзяцьмi?
Гэта Боганчык. Асiп, кашляе. Таня яго зусiм не пазнае, хоць, падняўшыся, бачыць зблiзку Боганчыкаў спалены на сонцы шырокi чырвоны нос i чорную бараду.
– З Таняй... З Алёшам... Што глядзiш у зямлю?
"Алёша?.." Таня вышэй падымаецца на возе, каб паглядзець, дзе ён; на яе крычыць Наста, але Таня бачыць Алёшу: той сядзiць на сваiх калёсах што цвiк, натапырыўся, скрывiў галаву i слухае, што гавораць уперадзе. Тады яна зноў кладзецца на мяхi - на яе крычыць i крычыць Наста, - але цяпер нiзка пад галаву i не вiдаць, што робiцца на дарозе.
Чаго яны ўсе сышлiся?
– Таня?.. Дзецi?..
– зноў захлiпаецца Боганчык.
– Ды я ў пятнаццаць...
– ён сiпiць, i калi Таня падымае галаву, бачыць, як ён стукае сабе кулаком у грудзi.
– Цiха... Цiха...
– гэта зноў гаворыць Наста. Падняла ў руцэ хустку i махае на Боганчыка, бы хочучы адагнаць яго ад сябе, як жывёлу.
"Чаму яна адна з iм гаворыць?"
– Дзiця-я... З-за пазухi валiцца...
– Пры дзецях? Паўважайся тады мяне, старой, Iван... У Танi ж нага. Рана...
"Рана!.. Яе завязалi, каб не iшла кроў. Змярцвела ўся нага..."
– Р-а-а-на... Аб ляжэйку абдзёрла...
– сiпiць усё Боганчык.
"Ага. Не рана. Аб ляжэйку абдзёрла... Чаму яны тады не даюць устаць? Як хочацца пiць..."
– Што будзем рабiць, мужчыны? Чаго вы ў рот вады набралi?
Мужчыны маўчаць; сцiхае i Наста, пасля ўжо гаворыць:
– Праз цябе, Iван. Хай бы Таня дома з маткай аставалася. Ты яе выпер... Не церабi барады...
– Я? Я выпер? Значыць, я?
– зноў на Насту махае пугаўём Боганчык.
– А што? Адзiн за ўсю вёску галаву панясу? Адзiн? За ўсiх вас? Добранькiя ўсе... Дома б асталiся... А Iвана аднаго ў Краснае, каб яго там... асвяжылi... Не-е...
– Што будзем рабiць?
– Наста пытаецца ўжо ў некага другога, адвярнуўшыся ад Боганчыка.
– Ехаць трэб-ба...
– заiкаецца Панок i кашляе.
– Не начаваць жа тут... Улупяць, брат, - пясочак пасыплецца...
– Не да смеху, Махорка...
– зноў кашляе Панок, закрываючыся рукой.
– Х-хе... Х-хе...
– Мужчыны, мужчыны...
– Не шумi, Наста... Сама знаеш. Куды адашлём дзяцей?.. У вёску?.. Дзякуй, што вырвалi. Хоць двое.
– Што ты гаворыш, Пан? Там жа i твае... Там жа i мае...