Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
– Тое i гавару...
– Што ж мы стаiм, мужчыны?
– Наста зноў пытаецца, падыходзячы то да аднаго, то да другога.
Цяпер ужо нiхто ёй нiчога не гаворыць. Пачакаўшы, махнуў Махорка рукой, на якой не было двух пальцаў, недзе ў сябе ля носа:
– А нам, татарам, усiраўно: цi водка, цi пулямёт... Лiжба з ног ш-шыбала...
– А дзецi? Вы што гэта ўсе сягоння, Мiрон?
– Чорт iх не возьме. З'ездзяць i вернуцца. На нашых вачах. Што я iм, скажы - звер?.. У мяне ў самога дзецi...
Тады доўга заiкаўся, кашляючы, Панок - гаварыў нешта Насце на вуха. Таня
– Чаму яны па нас с-стралялi?
– спытаўся ён пасля неяк цiха i немаведама ў каго; тады пачаў хадзiць па дарозе ўзад-уперад.
– Таму, што вёску яны ўсё роўна спаляць... I яны ведаюць, што ты паедзеш i пад стрэлам хоць чорту ў ляпу, бо дзецi твае там, у iх у зубах.
– Што ты гаворыш, Мiрон?
– Тое i гавару, Наста. У Людвiнове падумаем. Па дарозе... Калi што якое, там можна астацца. У Людвiнова немцы не пойдуць. У лесе...
– А вёска тады?.. Спаляць жа. Спаляць. Думаеце, мне адной хочацца накармiць немцаў...
– А ў мяне што, Наста, - не дзецi дома? I мае, Наста, там... Што, не вiдзiла, як зганялi? Згоняць i яшчэ раз, не цяжка... I ты iм верыш? Усё роўна спаляць. Гэтулькi iх ля грэблi палажылi...
– Тады лепш з дзецьмi гарэць... Вы што гэта ўсе як згаварылiся... Нiкуды я не крануся. Нi ў Людвiнова, нi... Ты што гэта, Мiрон?..
– Яна не паедзе! Хто ты?
– Боганчык падскочыў да Насты.
– Вярнiся... Хай вёска дымам iдзе праз цябе... Што? Iван вам адзiн галаву павязе, яна яму не дорага... За ўсю вёску...
– Боганчык зусiм ахрып, крычучы.
Да яго падбег Панок: баяўся крыку - усё пазiраў назад на дарогу i на лог, адкуль нядаўна стралялi.
– Сцiхнi... Я цябе знаю...
– зашаптаў ён, як зашыпеў, пачакаўшы, запытаўся мацней, зноў немаведама ў каго: - Чаму яны па нас с-с-стралялi?..
– А што, калi ты, Пан, не жыта здаваць немцам вязеш, а вiнтовачкi пад мяхамi? Наста скрыначку новенькую з патронамi, а ты вiнтовачкi... Дай вам толькi выехаць на гару... Выедзеце...
– Не да смеху, Мiрон. Чаму ты цвёрда не скажаш?
– А нам, татарам, Наста, што... Мы вырвалiся... Iм, вун, - паказаў ён рукой назад на грэблю, - хто астаўся...
Яна зноў паглядзела, утаропiўшыся на яго, i адышла спопаразку да Танiных калёс. Мiрон адразу змоўк, пасля сказаў, гледзячы ў пясок пад ногi:
– Ты чула, Наста, што я дзецям не воўк, нi аднаму, нi другому... I мае ў вёсцы, Наста, асталiся, знаеш...
Ён цяпер стаяў на дарозе воддаль ад усiх, усё роўна як сабраўся куды пайсцi. На яго чорную сарочку налiпла пылу, пыл ляжаў у яго на лбе, на шырокiх чырвоных шчоках, на плячах i спераду на рукавах, бы Мiрон нядаўна выйшаў з пунi, дзе, не адгiнаючыся, увесь дзень падаваў снапы на ферме ў малатарню, як да вайны. Доўга глядзеў, як i Боганчык, сабе пад ногi, пасля закратаў плячыма, бы хацеў страсцi пыл, i сказаў, зiрнуўшы спадылба на Боганчыка:
– Ты, Iван, не кiпi. I я цябе знаю... Паедзем у Людвiнова... Там i рэшым, што рабiць. Не стаяць жа на дарозе.
Тады пайшоў, цягнучы ногi па пяску, да сваiх калёс, цяжкi i сагнуты. Таня яго ўжо не бачыла: каб угледзець,
Затупалi па дарозе ногi, як цапы на таку: людзi пайшлi да сваiх коней. У галавах недзе стукаў пугаўём па ляжэйцы Янук, уперадзе кашляў Панок, моцна, доўга, пасля пляваў. Нiхто нi да каго больш не гаварыў. Некага клiкнуў быў сваiм пiсклявым голасам Алёша, адзiн раз: яна, Таня, бачыла, як ён хацеў устаць на мяхах, закрываючыся даланёй ад сонца, ажно да яго падбегла Наста i замахала рукамi...
Уперадзе, аж на самым лагу, ля могiлак, загрукацелi па каменнi Боганчыкавы калёсы. Таня пачула, як дала ў хамут кабыла, захрапла i сышла з дарогi зноў аж на ячмень.
"Цяжка ў пяску... Кабыла знае...
– падумала Таня i, падняўшыся на локаць i прыпёршыся плячом да ляжэйкi, стала шукаць рукамi лейцы.
– Упусцi толькi..."
Лейцаў яна не знайшла; глянуўшы на дарогу, убачыла, што ля калёс валюхаецца Наста - аж з подбегам зводзiць набок, у ячмень, кабылу. Лейцы з дубцом былi ў яе ў руках. Пасля Таня ўгледзела, як у Насты на плячы матаецца хустка - здаецца, спаўзе i ўпадзе ў пясок кабыле пад ногi.
Кiдае з боку на бок па загонах калёсы; локаць ссоўваецца з мяха - не ўстанеш.
– Хустка!..
– крычыць Таня, але Наста не чуе, верне за аброць кабылу ў самы ячмень.
Зноў нiяк не ўстанеш: не падагнеш калень...
Таня тады хапаецца абедзвюма рукамi за ляжэйку, каб павярнуцца на бок...
Калi яна паднялася на мяхах, пачула, як хрумшчыць пад коламi жвiр... Па драбiнках i па руках сцёбалi шорсткiм асцём каласы...
Пад'язджалi да самага логу - спускалiся з гары да могiлак, што ля Сушкава: дарога паварочвала на лог адразу за iмi. Ехалi воз за возам падводы выцягнулiся ў адзiн шнур ля ячменю, звярнуўшы з пяску, як каму саступiўшы.
З гары пабегла кабыла; хамут лез ёй на галаву, бiў па вушах; бiлi яшчэ ззаду па каленях дошкi ў калёсах.
Таня ляжала бачком на мяху, узяўшыся рукамi за ляжэйку, i глядзела на пярэднi падводы. Тады паварочвала галаву i шукала здалёку вачыма Алёшу - яго нiдзе не было. Усе пасля як пахавалiся куды: нi Боганчыка наперадзе, нi Махоркi.
Яна падцягнулася ў перадок i, натужыўшыся, села, звесiўшы з ляжэйкi ногi... Акручаная мехам нага была цяжкая, бы да яе падвязалi камень, цягнула ўнiз i смылела пад аборамi.
Таня i цяпер нiкога не ўгледзела i спалохалася. Крыкнула б, калi б не кашлянула ў ячменi Наста, - Наста ўсё яшчэ вяла кабылу за аброць. Прыхiнулася да хамута, не вiдаць яе, толькi хустка ўсё матаецца на плячы, не звалiцца долкi.
"Чаму яна кiнула Буланчыка?.."
Але Буланчык iшоў ззаду за Алёшавымi калясьмi сам, як прывязаны. Можа, Алёша ўзяў яго за повад?
– Наста...
Наста маўчыць, не пачула зноў, перхае толькi ад пылу...
Таня думае, што толькi адна яе кабыла баiцца пуду. Павярнуўшыся, Таня садзiцца бачком на мяхах i глядзiць уперад на дарогу, але зноў нiкога не бачыць. Махнулася, паказаўшыся з-за пляча ў Насты, сiвая Панкова галава i схавалася. З ячменю ля калёс пырхнулi вераб'i, доўга бiлi крыллямi па асцi, тады абляцелi падводы i падалiся на Сушкава - жменькай...