Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Пасля ён голымi рукамi счышчаў пясок з доўгiх, выгнутых i вышараваных знiзу аб зямлю афарбаваных станiн. Яны былi халодныя i мокрыя; халодны i лiпкi быў шчыток, з яго не счышчаўся пыл. Боганчык падумаў тады, што кулямёт змазаны i за яго браўся пыл i пясок; падумаў пасля, што кулямёт доўгi, на два мужчынскiя крокi, i байнiца глыбокая - глядзiш у яе, як у студню...
Калi знадворку пасвятлела - павярнулася, мусiць, сонца i коса свяцiла на бераг пад самую байнiцу. Боганчык успомнiў, што бой быў доўгi i танкi iшлi доўга, i прайшло iх у раку, мусiць, многа...
У доце
Ён успомнiў тады, што капiтан загадаў: "От пулемета не отходiть i ждать команды..."
Было цiха i ад таго млосна. Не няслi есцi i не прыносiлi вады. Пахла дымам ад пораху; звiнелi яшчэ гiльзы, падалi самi з байнiцы з-пад кулямёта на падлогу: не ўлежалiся. Збоку, недзе за Красным, чуваць былi глухiя выбухi, як хто, нямогучы, тоўк у ступе - мусiць, на шашы, што вяла з Бегамля. Адтуль, адкуль былi iшлi танкi, з-за лесу папаўзлi самалёты. Здавалася, што ныюць пад столлю камары. Камароў у доце многа: яны чулi людзей i цiснулiся ў байнiцу. Цяпер яны наганялi сон, i Боганчык, паклаўшы галаву на рукi, доўга цёр пальцамi вочы: каб не лiплiся...
Пасля палудня зноў пайшлi танкi. Яны ўжо не паказвалiся на шашы, бралi лесам правей: мiналi мост. Зноў дрыжалi сцены: бiла саракапятка.
Боганчык зноў прынiк да акенца ў шчытку... Дрыжалi пальцы, здавалася, яны размяклi i нiяк не могуць знайсцi шурпатую гашэтку... Але цьмяна блiскала справа лента i паўзла, падскокваючы, да шчытка... Калi ён адпускаў пальцы i падымаўся папраўляць ленту, чуў, як звiняць, сыплючыся з-пад кулямёта пад ногi, гiльзы i ляскаюць гусенiцы за ракой на шашы зусiм блiзка. Ён тады зноў прылiпаў да слiзкага жалеза...
Калi шашой пайшлi грузавыя машыны, ён ужо не страляў: не было вады.
Пасля знадворку ў байнiцу сыпанула жарствы i там недзе ўдарыла, што перуном... З-за ракi немцы бiлi па доце...
Выскачыўшы з дота, Боганчык пачуў, што вецер дзьме берагам, якраз у твар. Халодны i калючы на захадзе сонца, ён суха шумеў пад нагамi ў траве; воддаль, на рацэ, дзе была затока, стагнаў на вадзе i свiстаў у высокай асацэ i сiтняку. Горкi ад дыму, сыры ад размешанага глею на пераправе, дзе прайшлi нямецкiя танкi, укачаны ў жвiр на беразе, вецер аж зрываў нос, i цяжка было пазнаць, адкуль нясе тарфяным гарам, - мусiць, з Краснага, дзе, вiдаць, падпалiлi склады.
Боганчык бег берагам, пад вецер, i калi варочаў галавой - чуў, як падымаюцца дыбам валасы. Думаў тады, што не помнiць, як вецер сарваў пiлотку. Калi ж ён абмацаў сябе за паяснiцу i знайшоў пiлотку збоку пад дзягай, яму стала раптам трывожна; ён засопся i пачуў, што вязнуць, млеючы, на беразе ў пясок ногi.
– Ст-о-ой!.. Застрелю!..
– чуў ён, i яму здавалася, што крычаць зусiм не на яго i недзе далёка, хоць пазнаў, што крычалi ззаду i гэта вецер зносiў голас. Яму яшчэ здавалася, што крычыць не капiтан: той быў цiхi. Нават калi па доце з шашы бiлi немцы, ён, увалiўшыся ў дзверы, з забiнтаванай рукой на почапцы, не крычаў. Сказаў зусiм цiха, паклаўшы
З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, якi, спяшаючыся, рабiлi ўчора вечарам, насунуўшы лапатамi жвiру i абклаўшы яго дзерняком.
Танкi цяпер iшлi ззаду: з Краснага - выганам. Паўзлi, адыходзячыся адзiн ад аднаго, валюхалiся i вадзiлi стваламi - унiз-уверх, унiз-уверх... Шырокiя, плоскiя... Аж тры... Паўзлi на дот...
Калi Боганчык быў ужо ў лагчыне, на гары ўдарыла саракапятка - ядрана, чыста, не так глуха, як сядзiш у доце пад зямлёй. Яе, мусiць, выкацiлi наверх, паспелi. Па рацэ над вадой пайшлi водгаласкi, пакацiлiся далёка за лес, дзе заходзiла сонца.
– Стой!..
– чуў ён, як крычаў недзе ўгары капiтан, пасля пачуў, як затахкаў там кулямёт. Падумаў, што страляюць па iм, Боганчыку, каб забiць: над галавой цюмкалi кулi; але ўбачыў, як яны, што iскры, ляцелi над дотам за раку ў лес: кучкамi, бы iх хто сыпаў са жменi.
"Немцы б'юць...
– падумаў ён тады.
– З танкаў..."
З лагчыны танкаў ужо не было вiдаць, не было вiдаць i дота; тырчаў толькi на гары ля выгану гарбаты курган. Калi Боганчык схаваўся за насыпам, дзе дагэтуль быў мост, - яго, як пайшлi танкi, узарвалi сапёры - не было ўжо вiдаць i кургана...
За мастом, па той бок ракi за шашой, пачыналася поле, i вецер бiў цяпер у грудзi, не даючы дыхаць, здавалася, ротам пойдзе кроў. Боганчык быў угледзеў, што павярнуў i бяжыць назад, пад Краснае: ад маста павярнула ўбок рака.
"На той бераг..." - стукнула яму ў галаву, i ён пачуў, што спалохаўся. Плаваць ён не ўмеў i бег берагам пад Краснае, дзе быў брод i дзе прайшлi нямецкiя танкi.
Ззаду за насыпам бiлi з гармат i хлебясталi кулямёты.
Ён згледзеў, як гараць пад ветрам на пасёлку ў Красным хаты, без дыму, адным агнём, як сярнiчкi. Вецер зносiў полымя на балота, дзе раўлi танкi, слаў па самай зямлi.
Боганчык, скочыўшы ў раку, убачыў яшчэ, як ля канавы, на выгане, гарэў танк, высокi, задзёрся перадком угару... Ад яго iшоў дым - чорны, як дзёгаць...
Калi сцямнела, ззаду за ракой занялося на ўсё неба зарыва: гарэла Краснае.
Боганчык доўга глядзеў на зарыва: бачыў, як яно гасла, спаўзаючы да самай зямлi, пасля дрыжала, выцягвалася ў доўгiя скрываўленыя палосы, падымалася высока ў неба i зноў ападала - як кiпела ўсё роўна. Нядаўна яшчэ там былi чуваць выбухi, цяпер стала цiха.
Цiха было ўсюды: i на шашы, дзе iшлi танкi, i ў Красным, i на беразе ля маста.
Калi Боганчык падумаў, што ля дота цiха, яго было пацягнула назад, хацелася вярнуцца - устаць з зямлi i пабегчы да ракi... Тады ён успомнiў, як крычаў капiтан, i думаў, што не вернецца, бо няма куды: да берага дайшлi танкi... Яго пачынала браць стужа...
Ён быў ледзь не ўтапiўся ў рацэ, не лучыўшы ўброд. Да цела цяпер лiпла мокрая i цвёрдая, як луб, гiмнасцёрка. Цёпла было толькi ў зад - ён сядзеў на купiне - i знiзу ў выцягнутыя ногi. Ногi як усё роўна ляжалi ў нечым лiпкiм i слiзкiм, што ў гразi.