Таямнічы надпіс
Шрифт:
— Ой, сынку, гора нас сюды прывяло, — заплакала старая. — Фашысты Карнея Пракопавіча застрэлілі.
— Застрэлілі?! — усклікнуў Сцёпа.
— Так, застрэлілі,— паўтарыла цётка Тэкля, — і паперы яго з сабой забралі.
— І паперы забралі? — аж застагнаў Сцёпа. — Трэба зараз жа паведаміць дзядзьку Мірону.
— Былі забралі,— казала далей леснічыха, — ды Тані неяк удалося выратаваць іх. Вось яны ў гэтым сакваяжыку.
— Малайчына, Таня! — Сцёпа выцер успацелы лоб. — А мяне аж у пот кінула. Нам радыравалі, што заўтра ўначы прыляціць самалёт
Таню Сцёпа павёў да медсястры Веры, якая зрабіла ёй перавязку, і дзяўчынцы адразу палягчэла. Потым яна выпіла гарачага чаю і пайшла да леснічыхі Тэклі.
«Вось як жывуць нашы абаронцы», — думала Таня, лежачы ў зямлянцы. Раней яна ніколі не бывала ў партызанскім лагеры. Розныя звесткі яна звычайна перадавала цётцы Тэклі, а тая ўжо непасрэдна дзядзьку Мірону.
Зямлянка была абкладзена тоўстымі бярвеннямі. Над галавой замест дошак таксама ляжалі бярвенні. Падлога была з добра ўтрамбаванай зямлі.
Увайшла медсястра Вера. Яна дала Тані праглынуць таблетку, а леснічысе наліла нейкіх кропель.
— Цётка Вера, — запытала Таня, — а хто жыў у гэтай зямлянцы?
Падрыўнік, Герой Савецкага Саюза Васіль Баравы…
— Няўжо? — ажно падскочыла дзяўчынка. — Я столькі чула аб ім…
— Спі, Танечка, — сказала медсястра, — неўзабаве і ўставаць трэба.
Вера патушыла свечку і выйшла. У зямлянцы зрабілася зусім цёмна.
«Дык вось хто тут жыў, сам Васіль Баравы!» Таня ведала, што таму, хто зловіць Васіля Баравога, фашысты абяцалі шмат грошай. Яны ўсюды расклейвалі аб'явы з партрэтамі Васіля і «асаблівымі прыкметамі», сярод якіх, між іншым, адзначаліся: рубец на левай шчацэ і радзімка пад правым вокам.
Калі была абвешчана рэйкавая вайна, Васіль са сваёй групай падрыўнікоў на працягу толькі аднаго месяца падарваў некалькі варожых эшалонаў. Пра яго подзвігі расказвалі розныя неверагодныя гісторыі. Адну з іх Таня ведала вельмі добра і была пераканана, што кожнае слова ў ёй праўда.
З Мінска ў Берлін павінен быў прайсці поезд з вышэйшымі афіцэрскімі чынамі, якіх Гітлер выклікаў на нараду. Падарваць гэты поезд даручылі Васілю Баравому.
Замініраваць рэйкі было вельмі цяжка, амаль немагчыма: праз кожныя дзвесце метраў пуці стаялі вартавыя і, апрача таго, спецыяльны паравоз з дзвюма платформамі з пяском пастаянна курсіраваў узад і ўперад па чыгунцы.
— Што рабіць? — раіліся хлопцы.
— Вось што, — раптам прапанаваў Васіль Баравы. Ён скінуў шапку, ускудлаціў валасы, адшпіліў рэмень. — Ты перапранайся ў немца, — загадаў ён аднаму з падрыўнікоў, тоўстаму дзядзьку Мікіту Апановічу, які ўмеў размаўляць на нямецкай мове, — а потым звяжы мне для выгляду ззаду рукі і вядзі пад канвоем праз чыгуначнае палатно. Калі цябе спыняць, скажаш, што злавіў Васіля Баравога і вядзеш у камендатуру.
— Фашысты могуць не паверыць, — усумніўся Мікіта Апановіч.
— Павераць, — упэўнена сказаў Васіль Баравы. — Мяне ўсе ведаюць. Нам, галоўнае, узысці на чыгуначнае палатно, а там мы ведаем, што рабіць.
— Але ж гэта рызыкоўна.
— Без рызыкі на вайне не абыдзешся, — адказаў Васіль. — Пойдзем перад самым прыходам поезда, каб манеўровы паравоз не абясшкодзіў нашу міну.
План, прыдуманы Васілём, надзіва добра ўдаўся. Усё адбылося так, як ён і меркаваў. Калі Мікіта Апановіч і Васіль падышлі да чыгуначнага палатна, іх спыніў вокрык «Хальт!».
— Чаго там хальт! — незадаволена адказаў на нямецкай мове Мікіта Апановіч. — Хіба не бачыце, каго вяду?
— Каго? — запыталі вартавыя…
— А вы самі паглядзіце… Фашысты падышлі бліжэй.
— Васіль Баравы! — з зайздрасцю ўскрыкнулі яны. — Гут, гут…
— Вось вам і гут…
Гітлераўцы супакоіліся і пайшлі далей уздоўж чыгуначнага палатна. Калі партызаны падняліся па насыпу і ўзышлі на палатно, Васіль Баравы ўпаў на зямлю і хуценька спрактыкаванымі рукамі пачаў падкладаць пад рэйку міну. Мікіта стаяў і наглядаў, каб даць адпор, калі з'явіцца якая-небудзь нечаканая небяспека. Здавалася, усё ішло добра, але ў самы апошні момант, калі з-за павароту паказаўся паравоз, адзін з гітлераўцаў азірнуўся. Ён толькі паспеў убачыць, як «палонны» і «канваір» разам кінуліся з насыпу ў кусты.
Фашыст ускінуў аўтамат і хацеў даць чаргу, але было позна: паміж імі, выпускаючы з трубы клубы дыму, з'явіўся паравоз і вагоны.
Гадзіннікавая міна, пастаўленая з запасам часу, прапусціла першыя дзве платформы з пяском, якія паравоз гнаў перад сабой, і ўзарвалася пасярэдзіне састава.
Два спальныя вагоны ўзляцелі ў паветра. З тых вагонаў, якія засталіся стаяць на рэйках, пачалі выскокваць афіцэры і салдаты. Але іх сустрэў дружны агонь партызанаў. Скарыстаўшы паніку, якая ўзнялася ў момант аварыі, Васіль і Мікіта шчасліва вярнуліся да сваіх.
— Ну вось, — усміхаючыся гаварыў ён, — іншы раз карысна быць і ў ворага вядомым чалавекам.
За гэтую і многія іншыя аперацыі Васілю Баравому было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля гэтага выпадку фашысты падвоілі цану за галаву Васіля. Але злавіць яго ім так і не ўдалося: народ бярог сваіх герояў.
…Таня прачнулася ад шуму на двары. Яна расплюшчыла вочы, прыслухалася. Праз шчыліны ў дзвярах у зямлянку ўварваліся тоненькія праменні святла. Маленькія пылінкі кружыліся ў сонечных праменнях, быццам жывыя.
— Тр-р-р, каб на цябе ваўкі… назад… — пачула Таня гучны голас.
«Фурманкі па раненых прыехалі», — здагадалася дзяўчынка. Яна хуценька апранулася і выйшла.
Быў цудоўны ранак. Сонца ласкава сагравала зямлю. Лёгкі ветрык праносіўся па верхавінах дрэў, страсаючы кропелькі срабрыстай расы. Недзе над галавой звінеў жаваранак. Таня глыбока і радасна ўздыхнула і агледзелася навокал. Цётка Тэкля і медсястра Вера завіхаліся каля фурманак, рабілі пасцелі для раненых. Мужчыны выносілі з зямлянак рэчы дамашняга ўжытку, складвалі іх на вазы, моцна ўвязвалі.