Таямнічы надпіс
Шрифт:
Камендант баяўся лясных мсціўцаў больш за ўсё на свеце. І каб не загады зверху, якія патрабавалі новых і новых захадаў супроць партызан, сядзеў бы ён сабе ціхенька, як мыш у нары.
Антак расказаў, што недалёка ад вёскі Ляхаўцы на іх напалі партызаны, капітан Вагнер і двое паліцэйскіх загінулі. Сам жа ён выратаваўся выпадкова.
Маёр Брунер паверыў.
— Паедзем паглядзім, — прапанаваў Антак, ведаючы, што маёр Брунер ні ў якім разе не паедзе.
— Не, не, мне няма часу, — адмоўна закруціў галавой той.
— Але ж забітых трэба пахаваць, — запярэчыў Антак. Ён хацеў хутчэй вярнуцца на тое месца, дзе знік
— Добра, добра, — нарэшце згадзіўся маёр Брунер.
Ён выклікаў лейтэнанта Штума і загадаў яму:
— Вазьміце дзесяць салдат, едзьце на месца нападу і пахавайце забітых паліцэйскіх там, а капітана прывязіце сюды.
«Ну вось, што мне і трэба!» — радасна падумаў Антак і папрасіў лейтэнанта захапіць з сабой аўчарку. Пакуль лейтэнант і салдаты рыхтаваліся, Антак хадзіў па пакоі і напружана думаў: дзе мог падзецца сакваяжык? Хто яго падхапіў? І слава вучонага, аб якой ён пачаў ужо быў марыць, а галоўнае, мільённыя прыбыткі ад продажу супрацьсухотнага прэпарата — усё, усё прапала. Але не! Антак не з такіх, каб так хутка апускаць рукі. Не, ён наладзіць самыя шырокія пошукі гэтых папер.
— Машына гатова! — далажыў салдат.
— Заводзьце, мы зараз ідзем.
Праз гадзіну Антак, лейтэнант Штум і дзесяць салдат прыбылі на месца «сутычкі» з партызанамі… Лейтэнант загадаў салдатам тут жа на ўзбочыне пахаваць забітых паліцэйскіх, а сам узяў аўчарку і павёў яе туды, дзе ляжаў капітан. Сабака абнюхаў траву і раптам заскуголіў, кінуўся ў кусты.
— Ён некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант.
— Пан лейтэнант! — азваўся Антак. — Дайце мне пяць чалавек, і я прайду па следзе.
Лейтэнант з радасцю згадзіўся, тым больш што асабіста яму зусім не хацелася лезці ў гэты непраходны гушчар, дзе на кожным кроку магла напаткаць партызанская куля.
— Ганс! — крыкнуў ён яфрэйтару, не зыходзячы з месца. — Вазьмі пяць чалавек і прайдзі з панам Вышамірскім па следзе. Мы вас будзем чакаць тут! — крыкнуў лейтэнант наўздагон.
Сонца ўжо схавалася, і Антак час ад часу асвятляў ліхтарыкам дарогу. Сабака вёў упэўнена і хутка. «Відаць, нехта падыходзіў да месца нашага прыпынку і ўзяў сакваяжык, калі я з капітанам валтузіўся», — думаў ён.
Прайшоўшы кіламетры чатыры лесам, Антак з салдатамі выйшаў да балота. Сабака спыніўся і завыў. Начальнік паліцыі асвятліў ліхтарыкам зямлю і заўважыў чарнеючую пляму. Гэта была кроў. «Значыць, той, хто забраў сакваяжык, быў паранены», — з радасцю падумаў начальнік паліцыі. Тым часам сабака абнюхаў сляды і рваўся далей.
Антак ступаў асцярожна, старанна прыглядаючыся да вузенькай сцежкі, якая змейкай вілася між купін. За ім ланцужком ішлі салдаты. Пад цяжкімі салдацкімі ботамі мяккая балоцістая глеба глыбока ўгіналася, а месцамі і правальвалася. Салдаты са страхам аглядаліся наўкола. Хутка яны вымушаны былі яшчэ больш замарудзіць крокі. Над балотам апусціўся туман. Каб не згубіцца, салдаты трымаліся адзін за аднаго.
Перайшоўшы балота, яны ўбачылі хату леснічыхі.
— Гэй, хто тут? Адгукніся! — крыкнуў Антак.
Але хата маўчала. Тады Антак аддаў каманду абшукаць усе будынкі.
Нікога не знайшоўшы, Антак з салдатамі пайшоў далей. Сабака цяпер часта брахаў і рваўся наперад, відаць, чуў свежы след. «Каб хаця не трапіць у засаду, — мі мільганула ў Антака думка. — Гэта, напэўна, дарога да партызанскага лагера…» Але пакуль што на іх шляху ніякіх прыгод не было, і гэта падбадзёрвала начальніка паліцыі. Адзін раз яму нават пачуўся трэск сухой галінкі. «Мабыць, даганяем», — узрадаваўся ён. І сапраўды, выбраўшыся з гушчару на паляну, Антак і салдаты ўбачылі чалавечую постаць. Яны спусцілі сабаку, а самі шпарка кінуліся ўслед за ім. Раптам начальнік паліцыі ўбачыў, як сабака чагосьці закруціўся на адным месцы. «Напэўна, нажом паранулі», — падумаў ён і даў чаргу з аўтамата па постаці. Але ў гэты ж момант такая ж аўтаматная чарга пачулася ў адказ. Такой сустрэчы ні Антак, ні салдаты не чакалі. Яны павярнуліся і, прыгінаючыся, хутка пабеглі назад.
Толькі выбегшы з лесу, начальнік паліцыі на хвілінку спыніўся, каб перавесці дух і прыслухацца, ці няма пагоні. Але нічога падазронага ён не пачуў.
Позна ўначы Антак з салдатамі вярнуўся ў мястэчка.
На світанні начальніка паліцыі разбудзіў шум аўтамашын. Ён зірнуў у акно і ўзрадаваўся, убачыўшы на вуліцах мястэчка шмат грузавікоў, а каля камендатуры — дзве гарматы. «Карнікі прыехалі,— здагадаўся Антак. — Вось у час!.. Я ж цяпер ведаю, дзе знаходзяцца партызаны. Толькі трэба выязджаць хутчэй, каб яны не дазналіся, што рыхтуецца наступленне на іх лагер».
Антаку цяпер было выгадна такое наступленне. Пры дапамозе карнікаў ён спадзяваўся зноў авалодаць паперамі доктара.
Карнікі сілай у два палкі акружылі вялікі раён з тым, каб не даць магчымасці вырвацца з кальца ніводнаму партызану. Адначасова быў створаны «ўдарны кулак», які павінен быў знішчыць партызан на балоце. Вёў гэтую асноўную сілу да партызанскіх лагераў Антак.
Сонца яшчэ не ўзышло над лесам, як карная група ўжо рушыла ў паход. Дарога Антаку была цяпер вядомая, і ён без лішніх крукоў і абыходаў вёў групу нацянькі да балота. Вось і балота. Антак адшукаў сцежку і таксама ўпэўнена павёў карнікаў далей. Не даходзячы да хаты леснічыхі, яны спыніліся. Выслалі разведку. Праз некаторы час два карнікі, што хадзілі на разведку, вярнуліся і далажылі: хата пустая і нідзе нікога няма.
«Гэта добра, — радасна падумаў Антак, — мы на іх нападзем знянацку».
Ад лесніковай хаты да прасекі прасоўваліся асцярожна. Хаваліся за дрэвы, стараліся не шумець. Нарэшце — і прасека. Спыніўшы ўсю групу, немцы параіліся і вырашылі ціха падысці да лагера і атакаваць праціўніка, які, відаць, яшчэ моцна спаў — бо нават учарашнія пасты маўчалі.
Карнікі заляглі за дрэвамі, за кустамі і, пачуўшы сігнал, кінуліся ў атаку. Але што здарылася? Лес маўчаў… Партызаны пакінулі лагер…
У партызанскім лагеры
За некалькі дзён да наступлення гітлераўцаў на лагер атрад дзядзькі Мірона перабазіраваўся на новае месца. У лагеры засталося толькі чалавек дзесяць раненых і хворых, за якімі павінны былі прыйсці фурманкі. Для аховы раненых было пакінута шэсць чалавек партызан на чале са Сцяпанам Казіміравым. Сцёпу цяпер было цяжка пазнаць. За чатыры гады вайны ён з падлетка стаў рослым, прыгожым юнаком.
— Цётка Тэкля, што здарылася? Чаму вы так позна? Хто за вамі гнаўся? — закідаў Сцёпа пытаннямі леснічыху, калі прывёў яе з Таняй у былую зямлянку камандзіра.