Тры таварышы
Шрифт:
Яна згодна кіўнула.
Мы хадзілі па вуліцах. Зрабілася сыра. Туманы паволі апускаліся на горад, зялёныя і срабрыстыя туманы. Я ўзяў руку Пат і схаваў яе ў кішэні свайго паліто. Так мы блукалі доўга.
— Змарылася? — спытаў я.
Яна пахітала галавой і заўсміхалася. Я паказваў ёй на кавярні, міма якіх мы праходзілі.
— Зойдзем куды-небудзь?
— Не. Больш туды не хачу.
Мы пайшлі далей і падышлі да могілак. Яны напаміналі ціхі востраў сярод каменнай плыні дамоў. Дрэвы шумелі. Іх кроны патаналі
Ліхтары перад намі каля вуліцы былі акружаны мігатлівымі аранжавымі німбамі. У тумане, які ўсё гусцеў, святло вытварала казачныя цуды. Хрушчы ап'янела выляталі з ліп, кружыліся вакол ліхтароў і цяжка біліся аб вільготныя плафоны. Туман ператварыў усё, ён падымаў прадметы і вызваляў іх. Гатэль насупраць ужо плыў, як акіянскі карабель з асветленымі каютамі, над чорным люстэркам асфальту, шэры цень царквы ператварыўся ў прывідны паруснік з высокімі мачтамі, якія губляліся ў чырвона-шэрым святле, і ўжо паплылі караваны дамоў.
Мы моўчкі сядзелі поплеч. Туман усё зрабіў нерэальным… і нас таксама. Я зірнуў на дзяўчыну: у яе шырокіх вачах адбіваўся бляск ліхтароў.
— Падсунься, — сказаў я, — ідзі бліжэй да мяне, а то цябе знясе туман…
Яна павярнулася да мяне тварам. Яна ўсміхалася, рот у яе быў крыху адкрыты, блішчалі зубы, яе вочы адкрыта глядзелі на мяне, але мне здавалася, быццам яна не бачыць мяне, быццам яна ўсміхаецца не мне, а проста ў шэра-срабрыстую плынь, быццам яе ўсхвалявалі казачныя павевы ў кронах, кроплі, якія сцякалі па ствалах, быццам яна прыслухоўвалася да цёмнага, нячутнага поклічу за дрэвамі, па-за светам, быццам ёй трэба будзе зараз устаць і пайсці, праз туман, без мэты, з упэўненасцю, што трэба падпарадкавацца гэтаму цёмнаму, таямнічаму поклічу зямлі і жыцця.
Ніколі не забуду гэты твар, ніколі не забуду, як ён потым нахіліўся да мяне, як ён ажыў, як маўкліва напоўніўся ласкай і пяшчотай, светлай цішынёй, нібы расцвіў, ніколі не забуду, як яе вусны знайшлі мае, як яе вочы наблізіліся да маіх, як яны былі блізка ад мяне, гледзячы на мяне запытальна, сур'ёзна, адкрыта, іскрыста… і як яны потым паволі заплюшчыліся, быццам аддаючыся на маю волю…
Туман плыў і плыў. Надмагільныя крыжы невыразна тырчалі з яго палосаў. Я накінуў на нас паліто. Горад патануў. Час памёр…
Мы так праседзелі доўга. Паступова вецер мацнеў. Цені хісталіся ў шэрым паветры перад намі. Я пачуў шоргат крокаў і ціхае мармытанне. Потым — прыглушаны звон гітар. Я ўзняў галаву. Цені набліжаліся, ператвараліся ў цёмныя постаці. Яны ўтварылі кола. Цішыня. І раптам — гучны спеў: «Бог шукае і цябе…»
Я ўскочыў і прыслухаўся. Што здарылася? Ці мы на месяцы? Гэта ж быў сапраўдны хор, двухгалосы жаночы хор…
«Грэшнік, дух свой разагні…» — грымнула над могілкамі ў рытме вайсковага марша.
Я паглядзеў на Пат.
— Нічога не разумею, — сказаў я.
«Спавядайся ў журбе…» — зноў пачулася ў бадзёрым тэмпе.
Раптам да мяне дайшло.
— Божа мой! Ды гэта ж Армія выратавання.
«Прэч
Карыя вочы Пат заіскрыліся. Яе губы і плечы ўздрыгнулі.
Над могілкамі грымела ўсё гучней:
У агонь пякельны ты Трапіш за свае грахі… Чуеш: кліча Бог святы? Дык бяжы, не будзь глухі…— Ціха! Каб на вас пярун! — даляцеў раптам злосны голас з туману.
На момант наступіла разгубленая цішыня. Але Армія выратавання звыклася з нягодамі. Хор падхапіў песню яшчэ дружней.
«Ты чаго прыйшоў сюды?» — жалобна спытаў ён ва ўнісон.
— Каб паціскацца, д'ябал вас забяры, — прагрымеў злосны голас. — Няўжо і тут няма спакою…
«Вабіць сатана цябе…» — з сілай кінулі яму ў адказ.
— Вы, старыя порхаўкі, мяне ўжо ніяк не забавіце, — парыраваў голас з туману.
Я пырснуў. Пат таксама не магла ўжо стрымацца.
Мы як не лопаліся ад смеху з гэтай дуэлі на могілках. Армія выратавання ведала, што лаўкі тут былі прытулкам для парачак, якім больш не было куды схавацца ад гарадскога тлуму. Вось чаму Армія і пайшла ў грандыёзнае наступленне. Яна арганізавала нядзельную аблаву па выратаванні душ. Непастаўленыя галасы набожна і гучна выгуквалі словы песні. «Дрынь-брынь», — старанна падтаквалі гітары.
Могілкі ажывіліся. Смех і рэплікі пачуліся з туману. Відаць, усе лаўкі былі занятыя. Адзінокі змагар за каханне атрымаў магутную падтрымку аднадумцаў. Утварыўся хор пратэсту. У ім, відаць, было нямала былых вайскоўцаў, якіх растрывожыла маршавая музыка. Бо неўзабаве магутна грымнула бессмяротная песня:
Я паехала ў Гамбург аднойчы… Я, дзяўчына, што шчасце лаўлю…«Грэх прыводзіць да бяды…» — рэзка прагучаў хор святош яшчэ раз, і чуваць было, што Армія выратавання ў вялікай трывозе.
Але зло перамагло. Маё імя згубілася ў ночы, Бо я толькі за грошы люблю, —грымнула з грубых глотак.
— Пара даваць драла, — сказаў я Пат. — Я гэтую песню ведаю. У ёй некалькі куплетаў гучаць даволі моцна. Прэч адсюль.
Мы зноў аказаліся ў горадзе, напоўненым гудкамі машын і шоргатам колаў. Але сам горад як хто зачараваў. Туман ператварыў аўтобусы ў казачных жывёлін, машыны сталі кошкамі, што з бліскучымі вачыма крадуцца да сваёй ахвяры, а вітрыны — заваблівымі стракатымі пячорамі.
Мы пайшлі па вуліцы міма могілак і перасеклі кірмашовую плошчу. Каруселі ўзвышаліся ў вільготным паветры, як шумныя вежы, напоўненыя музыкай і бляскам, чортава кола іскрылася пурпурам, золатам і смехам, а лабірынт міргаў блакітнымі агнямі.