Тры таварышы
Шрифт:
Я кіўнуў.
— Відаць, што так. Машыну мылі сёння раніцай, Ота. Аўкцыёншчык, пэўна ж, гэтага не рабіў.
Кёстэр пахітаў галавой і зірнуў на прысадзістага.
— Гэта, відаць, гаспадар. Ён і ўчора стаяў тут і выціраў машыну.
— Д'ябальшчына, — сказаў я. — Ён падобны да сабакі, які трапіў пад колы.
Праз двор да машыны падышоў малады чалавек. Ён быў у паліто з поясам і меў да непрыемнасці фарсісты выгляд.
— Гэта, відаць, і ёсць тая калымага, — сказаў ён, звяртаючыся не то да нас, не то да таго мужчыны, і пастукаў
— Нічога, нічога, — велікадушна апраўдаўся ўладар пояса. — Лак усё роўна ўжо нікуды не варты. Ганарыстая ламачына. Ёй месца ў музеі, ці не так? — Ён магутна засмяяўся са свайго жарту і глянуў на нас, чакаючы адабрэння. Мы не падтрымалі яго смеху. Ён звярнуўся да гаспадара:
— Што вы хочаце за бабулю?
Чалавек моўчкі пракаўтнуў.
— Як за металалом, так? — балбатаў хлапец у цудоўным настроі. Ён зноў павярнуўся да нас.
— Паны таксама зацікавіліся? — І прыцішаным голасам: — Мы маглі б згаварыцца. Вытаргаваць машыну за бясцэнак, а барыш падзяліць. Навошта гэтым людзям даваць дармавыя грошы! Дарэчы: Гвіда Ціс з фірмы «Аўгека».
Ён крутнуў сваю гачку і з даверлівай перавагай падміргнуў нам.
«Для гэтага дваццаціпяцігадовага смаўжа няма ніякіх тайнаў», — падумаў я са злосцю. Мне шкада было чалавека, што стаяў каля машыны, і я сказаў:
— Вам бы мець іншае прозвішча, а не Ціс.
— Магчыма, — згадзіўся ён, усцешаны. Відаць было, што ён прывык да кампліментаў за спрыт.
— Вядома, — працягваў я. — Вам лепш было б звацца Смаркач. Гвіда Смаркач.
Ён адхіснуўся.
— Ну, пэўна, — нарэшце вымавіў ён. — Два на аднаго…
— Калі на тое, — сказаў я, — я пайду з вамі адзін. Куды захочаце.
— Дзякую, — адказаў Гвіда холадна. — Шчыра дзякую! — і падаўся ад нас.
Прысадзісты мужчына з засмучаным тварам стаяў, быццам яго нічога не тычылася, і, утаропіўшыся, глядзеў на машыну.
— Не будзем купляць яе, Ота, — сказаў я.
— Тады яе купіць браняносец Гвіда, — запярэчыў Кёстэр. — Мы не зможам дапамагчы чалавеку.
— І праўда, — сказаў я. — І ўсё ж — нешта тут не так.
— А дзе сёння ўсё так, Робі? Павер мне: для чалавека нават лепш, што мы тут. Магчыма, дзякуючы гэтаму ён атрымае за машыну крыху больш. Але я абяцаю табе: калі браняносец не дасць першую цану, я змоўчу таксама.
Прыйшоў аўкцыёншчык. Ён спяшаўся, відаць, у яго было шмат спраў. Кожны дзень праходзіла дзесятак аўкцыёнаў. Лёгка жэстыкулюючы, ён пачаў аўкцыён вартых жалю рэчаў. У яго быў жалезны гумар і дзелавітасць чалавека, які кожны дзень мае справу з беднасцю, прычым яго самога яна ніколькі не кранае.
Рэчы прадаваліся за грашы. Некалькі перакупшчыкаў забралі амаль усё. Яны нібы нехаця толькі падымалі палец, сустракаючыся з позіркам аўкцыёншчыка, або хіталі галавой. Але за позіркам аўкцыёншчыка час ад часу сачыла і яшчэ адна пара вачэй… вочы на зняможаным твары пазіралі на пальцы перакупшчыкаў, як на знак божы — з надзеяй і страхам.
Наступная цана — чатырыста марак. Гвіда пайшоў на чатырыста пяцьдзесят. Узнікла паўза.
Аўкцыёншчык пазіраў па баках.
— Хто больш? Раз… два…
Гаспадар таксі стаяў з шырока адкрытымі вачамі і паніклай галавой. Здавалася, што ён чакае ўдару па галаве.
— Тысяча, — сказаў Кёстэр.
Я зірнуў на яго.
— Яна вартая трох, — прамармытаў ён. — Не магу глядзець, як мардуюць чалавека…
Гвіда рабіў нам адчайныя знакі. Ён забыўся на «Смаркача» — справа была важней.
— Тысяча сто, — прагугніў ён і заміргаў нам. Калі б у яго было яшчэ адно вока на задніцы, ён міргаў бы і ім.
— Тысяча пяцьсот, — сказаў Кёстэр.
Аўкцыёншчыка ахапіў азарт. Ён прытанцоўваў, як дырыжор, трымаючы ў руцэ малаток. Тут у ход пайшлі не дзве-тры маркі, а зусім іншыя лічбы.
— Тысяча пяцьсот дзесяць, — заявіў успацелы Гвіда.
— Тысяча васемсот, — сказаў Кёстэр.
Гвіда пакруціў пальцам каля лба і здаўся.
Аўкцыёншчык падскочыў. Я раптам падумаў пра Пат.
— Тысяча восемсот пяцьдзесят, — сказаў я нечакана для самога сябе.
Кёстэр здзіўлена павярнуў галаву.
— Пяцьдзесят я дадаю ад сябе, — хутка прамовіў я. — Для… надзейнасці…
Ён кіўнуў.
Аўкцыёншчык стукнуў малатком — машына наша. Кёстэр адразу заплаціў.
— Дзіўна! — сказаў Гвіда, які не мог пайсці проста так і наблізіўся да нас, быццам нічога не здарылася.
— Можна было набыць гэтую скрыню за тысячу марак. Трэцяга мы пасадзілі б адразу.
— З богам, каханы! — прагучаў металёвы голас за яго спіной. Настала чарга папугая ў пазалочанай клетцы.
— Смаркач, — дадаў я.
Гвіда паціснуў плячыма і знік.
Я падышоў да былога гаспадара машыны. Цяпер побач з ім стаяла жанчына з бледным тварам.
— Так… — сказаў я.
— Ведаю… — адказаў ён.
— Нам не хацелася гэтага рабіць, — сказаў я. — Але вы атрымалі б тады менш.
Ён кіўнуў, не ведаючы, што рабіць з рукамі.
— Машына добрая, — раптам сказаў ён хутка, спяшаючыся, — машына добрая, яна вартая гэтых грошай, напэўна, вы не пераплацілі, справа была не ў машыне, зусім — не, справа ў тым…
— Я ведаю, — сказаў я.
— Гэтымі грашыма мы не пакарыстаемся, — сказала жанчына. — Усё аддадзім.
— Будуць яшчэ, маці, — сказаў мужчына. — Будуць яшчэ.
Жанчына нічога не адказала.
— Пры пераключэнні з першай на другую хуткасць крыху скрыгоча, — сказаў мужчына. — Але гэта не дэфект. Яна і новая скрыгатала.
Ён гаварыў нібы пра малое дзіця.
— Яна ў нас ужо тры гады, і ніколі нічога. Справа ў тым, што спачатку я захварэў, а потым мяне падкузьмілі… адзін сябра…