Тры таварышы
Шрифт:
— Смешнае пытанне, — сказаў я.
— Не такое смешнае, як вам здаецца, — не пагадзілася Эрна з доляй горычы ў голасе. — Мне вядомыя іншыя выпадкі. — Мне прыпомнілася справа з яе шэфам. — Але я хачу даць вам параду, — працягвала яна. — Пастарайцеся зарабляць на дваіх. Гэта самае простае рашэнне. Жаніцеся.
— Было б някепска, — сказаў я і засмяяўся. — Хацелася б верыць, што я здольны на такое.
Эрна дзіўна зірнула на мяне. Пры ўсёй сваёй энергічнасці яна раптам здалася мне старэйшай, быццам прывялай.
— Давайце я вам штосьці раскажу, — сказала яна. — Я жыву добра, і ў мяне ёсць і непатрэбныя рэчы. Але паверце мне: каб нехта
На яе твары з'явіўся ранейшы выраз.
— Ну, але забудзем пра гэта — у кожным чалавеку ёсць кропелька сентыментальнасці. — Яна падміргнула мне праз дым цыгарэты. — Пэўна, і ў вас ёсць.
— Дзе там… — адказаў я.
— Ну, ну, — сказала Эрна. — Яна авалодвае чалавекам часцей за ўсё знянацку…
— Але не мной, — запярэчыў я.
Да васьмі гадзін я пратрываў у сваёй каморцы, потым мне абрыдла сядзець аднаму, і я пайшоў у бар, каб сустрэць каго-небудзь.
Там быў Валянцін.
— Сядай, — сказаў ён. — Чаго вып'еш?
— Рому, — адказаў я. — Да рому з сённяшняга дня ў мяне асаблівыя адносіны.
— Ром — малако салдата, — сказаў Валянцін. — Дарэчы, ты добра выглядаеш, Робі.
— Праўда?
— Так, ты памаладзеў.
— Ды што ты, — сказаў я. — За тваё здароўе, Валянцін.
— На здароўе, Робі.
Мы паставілі чаркі на стол і глянулі адзін на аднаго. Потым разам засмяяліся.
— Стары, — сказаў Валянцін.
— Сябрук, каб цябе… — адказаў я. — Чаго вып'ем яшчэ?
— Паўторым.
— Выдатна.
Фрэд наліў.
— За тваё здароўе, Валянцін.
— На здароўе, Робі.
— Шыкоўнае выслоўе — на здароўе, праўда?
— Усім словам слова.
Мы паўтарылі яго яшчэ некалькі разоў. Потым Валянцін пайшоў.
Я застаўся. Акрамя Фрэда, нікога не было. Я разглядаў старыя, асветленыя геаграфічныя карты, караблі з пажоўклымі ветразямі і думаў пра Пат. Мне хацелася патэлефанаваць ёй, але я прымусіў сябе не рабіць гэтага. Я і не хацеў так шмат думаць пра яе. Я хацеў прыняць яе як нечаканы шчаслівы падарунак, які як прыйшоў, так і пойдзе — і не больш. Я не хацеў даваць месца думцы пра нешта большае. Я занадта добра ведаў, што любое каханне імкнецца да вечнасці і што ў гэтым яго вечныя пакуты. Няма нічога вечнага. Нічога.
— Налі мне яшчэ чарку, Фрэд, — сказаў я.
У бары з'явіліся мужчына і жанчына. Каля стойкі яны выпілі кактэйль з лікёру і фруктовых сокаў. Жанчына выглядала зморанай, мужчына — прагным. Яны неўзабаве пайшлі.
Я выпіў чарку. Магчыма, было б лепш, каб я аполудні не хадзіў да Пат. Я не мог пазбавіцца ад вобраза — пакой, які ахутваецца паўзмрокам, мяккія сінія вечаровыя цені і прыгожая дзяўчына, якая, уладкаваўшыся на канапе, сваім нізкім хрыплаватым голасам расказвае пра жыццё і пра жаданне жыць. Што за ліха, я стаў сентыментальны! Але ці не ператварылася ўжо тое, што сёння было нязначнай нечаканай прыгодай, у туман пяшчоты, ці не захапіла яно мяне мацней, чым я спадзяваўся і хацеў, ці не адчуў я сёння, як моцна я ўжо змяніўся? Чаму я пайшоў, чаму не застаўся ў яе, як мне, шчыра кажучы, і хацелася? Ах, трасца, не хачу больш думаць пра гэта, ні пра адно, ні пра другое! Няхай будзе, як будзе, няхай я звар'яцею ад гора, калі страчу яе… А цяпер яна ёсць, пакуль што ёсць, а ўсё астатняе — лухта, да д'ябла ўсё! Ці так важна — падмацаваць крыху
— Вып'ем, Фрэд? — спытаў я.
— Заўжды гатовы, — сказаў ён.
Мы выпілі два абсенты. Потым кінулі жэрабя, хто закажа наступныя. Я выйграў. Гэта было несправядліва. Таму мы кінулі зноў. Але лёс адвярнуўся ад мяне толькі на пятым разе. Затое тры разы запар.
— Ці я п'яны, ці знадворку нешта грыміць? — спытаў я.
Фрэд прыслухаўся.
— Сапраўды грыміць. Першая навальніца сёлета.
Мы падышлі да дзвярэй і глянулі на неба. Нічога не было відаць. Стаяла цяплынь, і час ад часу грымеў гром.
— За гэта, шчыра кажучы, можна было б выпіць яшчэ па адной, — прапанаваў я.
Фрэд прагаласаваў «за».
— Ніякага толку ад гэтай вады, — сказаў я і паставіў пустую чарку на стойку. Фрэд пагадзіўся, што трэба было б выпіць нечага мацнейшага. Ён быў за вішнёвую настойку, я — за ром. Каб не спрачацца, мы выпілі таго і таго. Каб Фрэду не даводзілася так часта наліваць — таксама ж праца! — мы ўзялі фужэры. Цяпер мы былі ў выдатным настроі. Час ад часу мы выглядалі на двор, ці бліскае маланка. Нам вельмі хацелася ўбачыць маланку, але не шанцавала. Яна бліскала, калі мы сядзелі за чаркай. Фрэд расказаў, што ў яго ёсць нявеста, дачка гаспадара рэстарана-аўтамата. Але жаніцца ён пакуль што не спяшаўся — чакаў, каяі памрэ стары, каб ужо напэўна не ўпусціць рэстаран. Я лічыў, што ён залішне асцярожны, але ён даводзіў мне, што стары — такая падла, пра якую нічога не ведаеш загадзя. Ён здольны ў апошні момант перадаць рэстаран мясцовай абшчыне метадысцкай царквы. Тут я здаўся. А ўвогуле Фрэд быў аптыміст. Стары прастудзіўся, на думку Фрэда, у яго быў грып, а грып вельмі небяспечны. Я з жалем павінен быў паведаміць яму, што грып для алкаголікаў нічога не значыць, а што, наадварот, самыя запойныя здыхлякі часам ачуньвалі і нават тлусцелі. Ну і няхай, сказаў Фрэд, тады, можа, ён трапіць дзе-небудзь пад машыну. Я згадзіўся, што на мокрым асфальце такая магчымасць ёсць. Пасля гэтага Фрэд выйшаў, каб паглядзець, ці ідзе дождж. Але яшчэ было суха. Толькі грымець пачало мацней. Я даў яму выпіць шклянку лімоннага соку і пайшоў да талефона. У апошні момант я апамятаўся і вырашыў не тэлефанаваць. Я ўзняў руку, вітаючы апарат, і хацеў зняць перад ім капялюш. Але потым заўважыў, што быў без капелюша.
Калі я вярнуўся, тут былі Кёстэр і Ленц.
— Дыхні на мяне, — сказаў Гртфрыд.
Я дыхнуў.
— Ром, вішнёўка і абсент, — сказаў ён. — Абсент… парася.
— Калі ты думаеш, што я п'яны, то ты памыляешся, — сказаў я. — Адкуль вы?
— З палітычнай сходкі. Але Ота яна абрыдла. Што п'е Фрэд?
— Лімонны сок.
— І ты выпі шклянку.
— Заўтра, — адказаў я. — А цяпер я што-небудзь з'ем.
Кёстэр увесь час заклапочана глядзеў на мяне.
— Не глядзі на мяне так, Ота, — сказаў я. — Я крыху падпіў ад радасці. Не з гора.
— Ну і добра, — сказаў ён. — Тады хадзем есці.
У адзінаццаць гадзін я быў цвярозы, як анёл. Кёстэр прапанаваў паглядзець, што з Фрэдам. Мы ўбачылі яго за стойкай — ён быў п'яны без памяці.
— Завядзі яго ў бакоўку, — сказаў Ленц. — Я пакуль што абслужу кліентаў.
Мы з Кёстэрам прывялі Фрэда да памяці. Мы далі яму выпіць цёплага малака. Яно падзейнічала імгненна. Потым мы пасадзілі яго ў крэсла і загадалі яму адпачыць паўгадзінкі. Ленц пакуль што справіцца без яго.