Тры таварышы
Шрифт:
Яна стаяла каля дзвярэй.
— Ты ідзеш? — Яна пабегла назад. — Вось, я ведаю, ты паклаў мне грошы… пад газету… не трэба мне яны… Вось… вось… так, ідзі…
— Мне трэба, Ліза…
— Ты не прыйдзеш больш…
— Прыйду, Ліза…
— Не, не, ты не прыйдзеш… я ведаю. І не прыходзь! Ідзі ж, ідзі…
Яна заплакала.
Я спусціўся па лесвіцы не азірнуўшыся. Я яшчэ доўга хадзіў па вуліцах. Ноч была незвычайная. Мне зусім не хацелася спаць. Я прайшоў міма «Інтэрнацыяналя», думаючы пра Лізу і пра былыя гады, пра многае, што ўжо даўно
XІІІ
— Даму, якую вы ўвесь час хаваеце, — сказала фраў Залеўскі, — можна ўжо не хаваць. Няхай спакойна адкрыта прыходзіць да вас. Яна мне падабаецца…
— Вы ж яе не бачылі яшчэ, — здзівіўся я.
— Супакойцеся, я бачыла яе, — заявіла фраў Залеўскі выразна. — Я яе бачыла, і яна мне падабаецца, нават вельмі… але яна вам не пара…
— Праўда?
— Не пара. Мне нават дзіўна, як вы маглі яе знайсці ў сваіх піўнушках. Але, вядома, такія басцякі…
— Мы адхіліліся ад тэмы… — перабіў я яе.
— Гэта жанчына, — сказала яна, стоячы рукі ў бокі, — прызначана для мужчыны з добрым надзейным становішчам. Адным словам, для багатага чалавека.
«Вось табе і на! — падумаў я. — Гэтага табе яшчэ не хапала!»
— Так можна сказаць пра любую жанчыну, — заявіў я раздражнёна.
Яна затрэсла сваімі пасмамі.
— Пачакайце! Будучыня пакажа, што я мела рацыю.
— А, будучыня! — Я са злосцю кінуў запінкі на стол. — Хто сёння думае пра будучыню! Ці варта сёння ламаць галаву пра яе!
Фраў Залеўскі заклапочана паківала велічнай галавой.
— Дзіўныя вы людзі, моладзь увогуле. Мінулае вы ненавідзіце, сённяшнім днём вы пагарджаеце, а будучыня — што будзе, тое будзе. Дабром гэта не можа скончыцца!
— А што вы маеце на ўвазе, гаворачы «не можа скончыцца»? — спытаў я. — Дабром можа скончыцца толькі тое, што ўвесь час было дрэнна. Тады ўжо лепш, каб дрэнна скончылася.
— Гэта жыдоўскія фокусы, — сказала фраў Залеўскі з годнасцю і рашуча накіравалася да дзвярэй. Але ўжо ўзяўшыся за ручку, яна раптам рэзка спынілася.
— Смокінг? — выдыхнула яна ў здзіўленні. — У вас?
Шырока адкрытымі вачыма яна разглядала Отаў касцюм, які вісеў на дзвярах шафы. Я пазычыў яго, каб вечарам пайсці з Пат у тэатр.
— Так, у мяне! — сказаў я з'едліва. — У вас непераўзыдзены талент лагічных абагульненняў, шаноўная пані…
Яна глянула на мяне. Цэлая гама бурных пачуццяў адлюстравалася на яе тоўстым твары. Усе яны сканцэнтраваліся ў шырокай змоўніцкай усмешцы.
— Ага! — сказала яна. А потым яшчэ раз: — Ага!
І ўжо з другога боку дзвярэй, з асалодай і хітрынкай, са светлай радасцю жанчыны, якая зрабіла такое адкрыццё, кінула
— Дык вось яно як!
— Так яно і ёсць, праклятая цётка, — прабурчаў я ўслед ёй, калі ўпэўніўся, што яна ўжо не пачуе.
Потым я раз'юшана шпурнуў свае новыя туфлі разам з карабком на падлогу. Ёй трэба багаты… быццам я гэтага не ведаў!
Я прыйшоў да Пат, каб ісці разам у тэатр. Яна, ужо апранутая, стаяла ў пакоі, чакаючы мяне. Я ледзь не задыхнуўся, убачыўшы яе. Упершыню за час нашага знаёмства яна была ў вячэрняй сукенцы.
Сукенка была пашыта са срабрыстай парчы. Яна мякка спадала з прамых плячэй, падкрэсліваючы яе статную фігуру. Яна здавалася вузкай і ўсё-такі была настолькі шырокай, што не перашкаджала рабіць прыгожыя вольныя крокі. Спераду яна была цалкам закрытая, а на спіне быў глыбокі вастракутны выраз. У матава-сінім змярканні Пат выглядала ў ёй як срабрысты факел, яна была дзіўна непазнавальная, святочная і вельмі далёкая. За яе спіной лунаў дух фраў Залеўскі з перасцерагальна ўзнятым пальцам.
— Добра, што першы раз я ўбачыў цябе не ў гэтай сукенцы, — сказаў я. — Я ніколі ў жыцці не адважыўся б падысці да цябе.
— Так я табе і паверыла, Робі. — Яна ўсміхнулася. — Падабаецца?
— Яна мяне пужае! Ты ў ёй — зусім іншая жанчына.
— Гэта не страшна. На тое і ёсць сукенкі.
— Магчыма. Мяне яна крыху прыгнятае. Да гэтай сукенкі патрэбна мець зусім іншага мужчыну. З вялікімі грашыма.
Яна засмяялася.
— Мужчыны з вялікімі грашыма часцей за ўсё агідныя, Робі.
— Але ж не грошы?
— Не, — сказала яна, — не грошы.
— Так я і думаў.
— А ты не згодны?
— Чаму ж, — сказаў я. — Хоць грошы і не прыносяць шчасця, затое выдатна супакойваюць.
— Яны прыносяць незалежнасць, даражэнькі, а гэта важней. Але калі хочаш, я магу пераапрануцца.
— Ні ў якім разе. Сукенка — шыкоўная. З сённяшняга дня я краўцоў буду цаніць вышэй за філосафаў. Краўцы прыносяць у жыццё прыгажосць. Гэта ў сотні разоў даражэй, чым глыбокія думкі. Асцерагайся, я магу яшчэ закахацца ў цябе.
Мы засмяяліся. Я неўпрыкмет агледзеў сябе. Кёстэр быў крыху вышэйшы за мяне, і мне давялося там-сям зверху прышпіліць штаны, каб яны не віселі. Дзякаваць богу, яны трымаліся.
Мы пад'ехалі да тэатра на таксі. Па дарозе я больш маўчаў, нават не ведаючы чаму. Калі мы выходзілі, я, разлічваючыся, міжволі зірнуў на шафёра. У яго былі пачырванелыя ад бяссоння вочы. Ён быў непаголены і меў змораны выгляд. Абыякавым жэстам ён узяў грошы.
— Добры заробак сёння? — ціха спытаў я.
Ён узняў вочы.
— Нармальна, — сказаў ён неахвотна. Ён палічыў мяне проста за цікаўнага.
На нейкі момант у мяне з'явілася жаданне сесці побач з ім і паехаць. Потым я павярнуўся. Пат, хударлявая і гнуткая, прыгожая, у кароткім срабрыстым жакеце з шырокімі рукавамі, апранутым на срабрыстую сукенку, стаяла, чакаючы мяне.