Тры таварышы
Шрифт:
— Паслухай дождж, Пат…
— Дождж…
Яна ляжала каля мяне. Яе валасы ўздымаліся чорнай капой на белай падушцы. Твар над чарнатой валасоў здаваўся вельмі бледны. Адно плячо вытыркнулася ўверх, аднекуль на яго падала святло, і яно свяцілася матавай бронзай. Вузкая палоска святла легла на руку.
— Паглядзі, — сказала яна і падняла на святло далоні.
— Мне здаецца, што гэта з вуліцы ад ліхтара, — сказаў я.
Яна прыўзнялася. Цяпер яе твар таксама быў асветлены, святло падала на плечы і грудзі, жоўтае, як ад васковай свечкі, яно змянялася, злівалася, рабілася аранжавым, у ім утвараліся блакітныя
— Гэта рэклама цыгарэт насупраць.
— Бачыш, які прыгожы твой пакой, — сказала яна.
— Прыгожы ад тваёй прысутнасці, — сказаў я. — Гэты пакой ужо ніколі не будзе такі, як быў, таму што ты пабыла тут.
Яна стала на калені, агорнутая блакітным святлом.
— Але… — сказала яна. — Я ж часта буду тут… часта.
Я ляжаў ціха і глядзеў на яе. Мне ўсё бачылася, як у мяккім выразным сне. Я ўвесь быў расслаблены, вольны, спакойны і вельмі шчаслівы.
— Якая ты прыгожая, Пат! Куды прыгажэйшая, чым у любой сукенцы!
Яна ўсміхнулася і нахілілася да мяне.
— Ты мусіш вельмі моцна любіць мяне, Робі. Я не ведаю, што мне рабіць без кахання.
Яе вочы як прывязалі мяне. Яе твар быў зусім блізка ад майго. Ён быў рухомы, зусім адкрыты, напоўнены палкай сілай.
— Ты павінен трымаць мяне, — шаптала яна, — мне патрэбны нехта, хто б трымаў мяне, а то я павалюся. Я баюся.
— Не відаць, каб ты баялася, — не пагадзіўся я.
— Баюся. Толькі не выдаю. Я часта баюся.
— Я ўтрымаю цябе, — сказаў я, усё яшчэ ў гэтым незвычайным, гэтым плынным светлым сне. — Я цябе буду моцна трымаць, Пат. Ты яшчэ падзівішся.
Яна ўзяла мой твар у далоні.
— Праўда?
Я кіўнуў. Яе плечы свяціліся жоўтым колерам, нібы ў глыбокай вадзе. Я ўхапіў яе рукі і прыцягнуў яе да сябе… Нас падхапіла вялікая хваля, якая ззяла, дыхала, расла, і расла, і расла, і нарэшце накрыла ўвесь белы свет.
Яна спала ў мяне ў абдымках. Я часта прачынаўся і глядзеў на яе. Мне здавалася, што канца ночы не будзе. Мы луналі недзе, па-за часам. Усё здарылася так хутка, я нават не зразўмеў. Я не думаў, што мяне хтосьці можа пакахаць. Я прызнаваў, што для мужчыны я магу быць выдатным таварышам. Але не мог сабе ўявіць, за што мяне можа пакахаць жанчына. Мне здавалася, што толькі пройдзе гэта ноч, я прачнуся — і ўсё мінецца.
Змрок пашарэў. Я ляжаў ціха. Мая рука пад галавой Пат здранцвела, я нічога не адчуваў. Але я не варушыўся. Толькі тады, калі яна павярнулася ў сне і ўткнулася ў падушку, я змог вызваліць руку. Я ціхенька ўстаў, пачысціў зубы і пагаліўся. Адэкалонам я пацёр валасы і патыліцу. Усё было незвычайнае: і шэры паўзмрок пакоя, і думкі, і цёмныя абрысы дрэў за акном. Калі я павярнуўся, то ўбачыў расплюшчаныя вочы Пат. Яна глядзела на мяне. Я сумеўся.
— Хадзем, — сказала яна.
Я падышоў да яе і сеў на край ложка.
— Няўжо гэта праўда? — спытаў я.
— Чаму ты пытаешся?
— Не ведаю. Можа, таму, што ўжо раніца. Пасвятлела.
— Падай цяпер мае рэчы, — сказала яна.
Я падняў з падлогі тонкую шаўковую бялізну. Яна была лёгкая, бо яе было мала. Я трымаў яе ў руцэ. «Нават бялізна незвычайная, — падумаў я. — Тая, хто яе носіць, — таксама незвычайная. Я ніколі яе не зразумею, ніколі».
Я
Потым я праводзіў яе дадому. Мы амаль не размаўлялі. Мы крочылі побач між срэбнага ранку. Па бруку грукалі малочныя фургоны. З'явіліся разносчыкі газет. Нейкі стары сядзеў каля дома і спаў. Яго падбародак тросся, нібы хацеў адваліцца. Міма праехалі веласіпедысты, везучы кашы з булачкамі. Над вуліцай павіс пах цёплага свежага хлеба. Высока над намі ў блакітным небе праляцеў самалёт.
— Сёння? — спытаў я Пат каля дзвярэй дома.
Яна ўсміхнулася.
— У сем? — спытаў я.
Яна не выглядала зморанай. Яна была свежая, быццам добра выспалася. На развітанне яна пацалавала мяне. Я пастаяў каля дома, пакуль не ўбачыў, што ў яе пакоі загарэлася святло.
Потым я вяртаўся. Па дарозе мне прыйшло ў галаву шмат прыгожых слоў, якія я павінен быў сказаць ёй. Я блукаў па вуліцах і думаў пра тое, што я мог бы сказаць і зрабіць, калі б быў не такі, які быў. Потым я пайшоў на рынак. Ужо пад'ехалі фургоны з гароднінай, мясам і кветкамі. Я ведаў, што тут на тыя ж самыя грошы можна купіць удвая больш кветак, чым у крамах. На ўсе грошы, колькі ў мяне было, я купіў цюльпанаў. Яны вельмі прыгожыя, зусім свежыя, з кропелькамі вады ў чашачках. Я набраў поўнае бярэма. Прадаўшчыца паабяцала мне, што адашле кветкі Пат у адзінаццаць гадзін. Абяцаючы, яна засмяялася, а потым дадала яшчэ ладны букет фіялак.
— Не менш чым на два тыдні радасці вашай даме, — сказала яна. — Толькі час ад часу трэба кідаць у ваду пірамідон.
Я кіўнуў і заплаціў. Потым я няспешна пайшоў дадому.
X
«Форд» гатовы стаяў у майстэрні. Новага заказу не было. Нам нешта трэба было рабіць. Мы з Кёстэрам пайшлі на аўкцыён. Мы хацелі купіць там з малатка таксі. Таксі можна было з выгадай перапрадаць. Памяшканне для аўкцыёнаў было ў паўночнай частцы горада, у флігелі ў двары. Акрамя таксі тут прадавалася процьма іншых рэчаў. Некаторыя з іх стаялі пад адкрытым небам. Ложкі, расхістаныя сталы, пазалочаная клетка з папугаем, які крычаў: «З богам, каханы!», кнігі, шафы, стары фрак, табурэткі, посуд — прадметы бядняцкага разбітага быту.
Мы прыйшлі зарана. Аўкцыянера яшчэ не было. Я корпаўся ў рэчах на двары і ўбачыў некалькі кніг — зачытаныя танныя экземпляры грэчаскіх і лацінскіх класікаў з заўвагамі на палях. На выцвілых зашмальцаваных старонках цяпер былі не вершы Гарацыя ці песні Анакрэона — на іх быў крык беднасці і бездапаможнасці страчанага жыцця. Уладару гэтых кніг яны да апошняга моманту былі прытулкам, ён іх бярог, колькі мог, а той, хто здаў іх сюды, дайшоў да ручкі.
Кёстэр з-за маёй спіны глянуў на кнігі.
— Сумна бачыць такое, праўда?
Я кіўнуў галавой і паказаў на іншыя рэчы.
— І гэта таксама, Ота. Дзеля забавы табурэткі і буфеты сюды чалавек не пацягне.
Мы пайшлі да машыны, якая стаяла ў кутку двара. Лак аблез і выцвіў, але машына была чыстая, нават пад крыламі. Прысадзісты чалавек з шырокімі далонямі стаяў непадалёк і тупа глядзеў на нас.
— Ты ўжо агледзеў машыну як след? — спытаў я Кёстэра.
— Учора яшчэ, — адказаў ён. — Даволі старая, але беззаганна дагледжаная.