Тры таварышы
Шрифт:
— Нягоднік, — сказала жанчына жорстка.
— Пакінь, маці, — сказаў чалавек і зірнуў на яе. — Я яшчэ ачомаюся. Не верыш, маці?
Жанчына не адказала. Мужчына ўзмакрэў ад поту.
— Дайце мне свой адрас, — сказаў Кёстэр. — Магчыма, нам спатрэбіцца шафёр.
Мужчына старанна пісаў цяжкімі працавітымі рукамі. Я зірнуў на Кёстэра. Мы абодва ведалі, што толькі цуд мог дапамагчы. А цудаў даўно няма. Цуд мог толькі дабіць.
Чалавек усё гаварыў і гаварыў, як у ліхаманцы. Аўкцыён закончыўся. Мы адны засталіся ў двары. Ён даваў нам парады, як лепш заводзіць машыну зімой. Ён увесь час кранаў яе. Потым замоўк.
— Ну,
Мы паціснулі яму руку. Пачакалі, пакуль яны выйдуць. Потым мы запусцілі матор.
Праязджаючы па вуліцы, убачылі маленькую бабулю. Яна несла на руках клетку з папугаем, адбіваючыся ад дзяцей. Кёстэр спыніўся.
— Куды вам? — спытаў ён у яе.
— Ах ты, божа мой, у мяне грошай няма на таксі, — запярэчыла яна.
— І не трэба, — сказаў Ота. — Сёння ў мяне дзень нараджэння — катаю дарма.
Яна з недаверам прыціснула да сябе клетку.
— А пасля запатрабуеце…
Мы супакоілі яе, і яна села.
— Навошта вы купілі папугая, маці? — спытаў я, калі яна вылазіла.
— Для вечароў, — сказала яна. — Вы думаеце, што корм дарагі?
— Не, — сказаў я. — Але як гэта — для вечароў?
— Ён жа ўмее гаварыць, — адказала яна і паглядзела на мяне яснымі старэчымі вачыма. — Вось і будзе істота, якая гаворыць…
— Ах, вось як… — сказаў я.
Апоўдні прыйшоў булачнік, каб забраць свой «форд». Выгляд у яго быў шэры і засмучаны. Я быў адзін у двары.
— Вам колер падабаецца? — спытаў я.
— Сыдзе, — сказаў ён і нерашуча паглядзеў на машыну.
— Верх стаў вельмі прыгожы.
— Так…
Ён стаяў і, здавалася, не рашаўся паехаць. Я чакаў, што ён паспрабуе яшчэ нешта выцыганіць задарма — дамкрат, попельніцу ці нешта падобнае.
Ды было інакш. Нейкі час ён пасоп, потым паглядзеў на мяне сваімі набеглымі крывёй вачыма і сказаў:
— Як падумаеш… толькі некалькі тыдняў назад яна сядзела ў машыне жывая і здаровая…
Я вельмі здзівіўся, убачыўшы яго такога расчуленага, і падумаў, што жвавая чарнявая сцерва, з якой ён прыязджаў мінулы раз, ужо насаліла яму. Ад злосці людзі робяцца сентыментальнымі хутчэй, чым ад кахання.
— Добрая жанчына была, — працягваў ён, — душэўная. Ніколі нічога не патрабавала. Дзесяць гадоў хадзіла ў адным паліто. Блузкі і іншае шыла сабе сама. І дом вяла адна, без служанкі.
«Ага, — падумаў я. — Новенькая, відаць, нічога гэтага не робіць». Булачніку захацелася выгаварыцца. Ён расказаў, якая ашчадная была жонка. Было дзіўна, якім расчуленым зрабіў гэтага прапітага гуляку ўспамін пра зэканомленыя грошы. Яна нават не сфатаграфавалася ні разу, ёй здавалася гэта задорага. У яго засталася толькі картка з вяселля і некалькі «пяціхвілінак».
Гэта навяло мяне на думку.
— Вы можаце заказаць у мастака цудоўны партрэт вашай жонкі, — сказаў я. — Тады ў вас будзе памяць назаўсёды. Фатаграфіі з часам выцвітаюць. Я ведаю мастака — ён зробіць.
Я растлумачыў яму, чым займаецца Фердынанд Граў. Ён адразу з недаверам сказаў, што гэта, мусіць, вельмі дорага. Я супакоіў яго: калі я прывяду яго, то будзе скідка. Ён паспрабаваў адбаярыцца. Але я яго ўжо не выпусціў, заявіўшы: калі ён так любіць сваю жонку, то пра цану і гаварыць няма чаго. Нарэшце ён згадзіўся. Я патэлефанаваў Фердынанду Граў і расказаў яму пра ўсё. Потым мы з булачнікам паехалі па фотакарткі.
Чарнявая выскачыла з
— Чырвоны колер выглядаў бы лепш, пупсік! Але ж ты мусіш, вядома, зрабіць па-свойму.
— Ну, перастань, — незадаволена сказаў Пупсік.
Мы пайшлі ў чысты пакой. Чарнявая не адстала. Яе жвавыя вочкі бачылі ўсё. Булачнік занерваваўся. Ён не хацеў пры ёй шукаць фотакарткі.
— Пакінь нас, — нарэшце сказаў ён груба.
Дэманстратыўна патрасаючы цыцкамі пад туга нацягнутым світэрам, яна выскачыла вон. Булачнік дастаў з зялёнага плюшавага альбома некалькі фотакартак і паказаў мне. Жонка — яшчэ нявеста — а побач ён з закручанымі ўверх вусамі. Тады яна яшчэ смяялася. На другой картцы яна, ужо схуднелая, спрацаваная, з баязлівымі вачыма, сядзела на крайку крэсла. Толькі дзве маленькія картачкі — і ўсё жыццё.
— Добра, — сказаў я. — Па іх ён намалюе.
Фердынанд Граў сустрэў нас у сурдуце. Выгляд у яго быў паважна-ўрачысты. Гэтага патрабаваў яго занятак. Ён ведаў, што для многіх, хто насіў жалобу, павага да іх болю была важней, чым сам боль.
На сценах майстэрні вісела некалькі салідных маляваных алеем партрэтаў у пазалочаных рамах, а пад імі — адпаведныя фатаграфіі. Кожны кліент мог такім чынам адразу ўбачыць, што можна зрабіць нават з выцвілай «пяціхвілінкі».
Фердынанд з булачнікам зрабілі абход, і ён спытаў таго, якая манера выканання яму больш падабаецца. Булачнік, у сваю чаргу, спытаў, ці залежаць цэны ад памераў. Фердынанд растлумачыў, што справа тут не ў квадратных метрах, а ў выкананні. Пасля гэтага булачніку больш за ўсё спадабаўся самы вялікі партрэт.
— У вас добры густ, — пахваліў Фердынанд, — гэта — партрэт прынцэсы Баргезэ. Цана — 800 марак. З рамай.
Булачнік уздыхнуў.
— А без рамы?
— Семсот дваццаць.
Булачнік даваў чатырыста марак. Фердынанд затрос ільвінай галавой.
— За чатырыста марак вы самае большае можаце атрымаць галаўны партрэт у профіль, а не паясны анфас. Тут жа ў два разы больш работы.
Булачнік разважыў, што хопіць галавы ў профіль. Фердынанд звярнуў яго ўвагу на абодва здымкі анфас. Па іх нават Тыцыян не зрабіў бы партрэта ў профіль. Булачніка кінула ў пот. Відаць было, што ён у адчаі з-за сваёй неабачлівасці, праяўленай тады яшчэ, калі фатаграфаваліся. Даводзілася прызнаць, што Фердынанд мае рацыю: анфас трэба было маляваць на паўтвару больш, чым у профіль. Больш высокая цана была апраўданая. Ён пакутна сумняваўся. Фердынанд пакуль што быў даволі стрыманы, цяпер пачаў пераконваць. Яго магутны бас прыцішана пракочваўся па майстэрні. Як спецыяліст я павінен быў заўважыць, што работу ён выконваў бездакорна. Булачнік неўзабаве спёкся, асабліва калі Фердынанд апісаў яму ўздзеянне такога шыкоўнага партрэта на незычлівых суседзяў.
— Добра, — сказаў ён, — але пры разліку наяўнымі — дзесяць адсоткаў скідкі.
— Згода, — адказаў Фердынанд, — дзесяць адсоткаў скідкі і задатак трыста марак на выдаткі — на фарбы і палатно.
Мы яшчэ крыху патаргаваліся, потым сышліся канчаткова. Пачалося абмеркаванне самога партрэта. Булачнік хацеў, каб на партрэце былі намаляваны жамчужныя пацеркі і залатая брошка з брыльянтам. На фотакартках іх не было відаць.
— Без сумнення, — заявіў Фердынанд, — каштоўнасці жонцы дамалюем. Было б найлепш, каб вы прынеслі іх на якую гадзінку сюды, тады яны атрымаліся б найбольш натуральна.