Тры таварышы
Шрифт:
— Добры вечар, — сказаў я, адразу вельмі ўзрадаваўшыся.
— Вось і ён, — з годнасцю сказала фраў Залеўскі. — Па кароткай дарожцы ў вячэрні час, побач чорны кароль на самым даху…
Сабака вырваўся і з брэхам пабег паміж маіх ног у пакой.
— О божа! — крыкнула Пат. — Гэта ж ірландскі тэр'ер!
— Малайцом! — сказаў я. — Некалькі гадзін назад я гэтага яшчэ не ведаў.
Яна нахілілася, і сабака радасна падскочыў да яе.
— Як жа яго завуць, Робі?
— А хто яго ведае… Магчыма, Каньяк, ці Віскі, ці нешта такое падобнае, калі меркаваць па яго апошнім гаспадары.
— Ён
— Наколькі адна жывая істота можа належаць іншай…
Яна аж задыхалася ад радасці.
— Мы назавём яго Білі, добра, Робі? Калі мама была дзяўчынкай, у яе быў сабака. Яна мне часта расказвала пра яго. Яго звалі таксама Білі.
— Тады я ўсё зрабіў як трэба, — сказаў я.
— Ён не брудзіць у пакоі? — спытала фраў Залеўскі.
— У яго радаслоўная як у караля, — заявіў я. — А каралі не брудзяць у пакоях.
— Але пакуль яны малыя… Колькі яму год?
— Восем месяцаў. Гэта адпавядае шаснаццаці чалавечым гадам.
— Ён не падобны да таго, хто не брудзіць, — заявіла фраў Залеўскі.
— Яго проста трэба памыць — і ўсё.
Пат устала і абняла фраў Залеўскі за плечы. Я знямеў ад здзіўлення.
— Я ўсё жыццё марыла пра сабаку, — сказала яна. — Нам можна пакінуць яго тут, праўда ж? Вы не супроць?
Матухна Залеўскі ўпершыню, колькі я яе ведаў, засаромелася.
— Ну, што ж… няхай сабе, — дазволіла яна. — І карты паказвалі. Нечаканая навіна праз караля ў доме.
— Карты не паказалі, што мы сёння вечарам ідзём на шпацыр? — спытаў я.
Пат засмяялася.
— Да гэтага мы яшчэ не дайшлі, Робі. Карты паказвалі цябе аднаго.
Фраў Залеўскі ўстала і забрала карты.
— Можна верыць, можна не верыць, і можна верыць наадварот, як мой Залеўскі. У таго піковая дзевятка заўсёды паказвала на няшчасце ад вадкасці. Таму яму і здавалася, што трэба асцерагацца вады. А карты паказвалі не ваду — а гарэлку і піва…
— Пат, — сказаў я, моцна яе абдымаючы, калі тая выйшла. — Як цудоўна: прыходзіш дамоў, і ты тут. Для мяне гэта заўсёды як сюрпрыз. Калі я прабягаю апошнія сходкі і адчыняю дзверы, сэрца ў мяне заўсёды калоціцца: няўжо гэта праўда?
Яна з усмешкай зірнула на мяне. Яна амаль ніколі не адказвала на такія мае прызнанні. Я і не мог уявіць сабе ды і не вытрываў бы, калі б яна адказала мне чымсьці падобным. Я лічыў, што жанчына не павінна гаварыць мужчыне пра сваё каханне. У яе ад шчасця загараліся вочы, і яны гаварылі больш, чым словы.
Я доўга трымаў яе ў абдымках, я адчуваў цеплыню яе скуры і лёгкі пах яе валасоў… Я абдымаў яе, і, акрамя яе, нікога не было… Змрок адступіў, яна была са мной, яна жыла, яна дыхала… нічога не было страчана.
— Мы сапраўды некуды пойдзем, Робі? — спытала яна на самае вуха.
— Нават усе разам, — адказаў я. — І Кёстэр, і Ленц… «Карл» ужо чакае каля парога.
— А Білі?
— Вядома, і Білі з намі. Без яго куды мы падзелі б рэшткі вячэры? Ці ты ўжо павячэрала?
— Не яшчэ. Я чакала цябе.
— Але не трэба мяне чакаць. Ніколі. Гэта жудасна — чакаць чаго-небудзь.
Яна пахітала галавой.
— Ты не разумееш, Робі. Жудасна бывае толькі тады, калі няма чаго чакаць.
Яна ўключыла святло каля люстэрка.
— Цяпер
— Потым, — сказаў я. — Я хутка спраўлюся. Дазволь мне пабыць тут…
Я падазваў сабаку і сеў у крэсла каля акна. Я любіў сядзець вось так моўчкі і глядзець на Пат, калі яна апраналася. Ніколі я не адчуваў так востра таямнічасці неспазнанага адвеку ў жанчыне, як у гэтых рухах каля люстэрка, гэтым раздумлівым назіранні за сабой, гэтым паглыбленні ў самую сябе, гэтым непрыкметным вяртанні ў падсвядомае самаадчуванне жаноцкасці. Я не мог сабе ўявіць, каб жанчына апраналася, бесклапотна размаўляючы і смеючыся. А калі такое і здаралася, то ёй не хапала таямнічасці і няўлоўнай чароўнасці, якая, здаецца, увесь час знікае. Я любіў у Пат яе мяккія і ўсё-такі гнуткія рухі перад люстэркам. Як цудоўна было назіраць за ёй, калі яна падбірала валасы ці далікатна і асцярожна падносіла аловак, як стралу, да броваў. Тады яна ў нечым была падобная да казулі, і да танклявай пантэры, і да амазонкі перад боем. Яна забывала пра ўсё на свеце, яе твар быў сур'ёзны і засяроджаны, яна ўважліва і спакойна трымалася перад сваім адлюстраваннем, і калі зусім блізка нахілялася да яго, здавалася, што гэта ўжо не адлюстраванне, а быццам са змроку рэчаіснасці і тысячагоддзяў дзве жанчыны смела і пранізліва глядзяць адна адной у вочы адвечным мудрым позіркам.
Свежы подых вечара з могілак наплыў праз адчыненае акно ў пакой. Я сядзеў ціха, я нічога не забыў з таго, што было пасля полудня, я ўсё добра памятаў. Але калі я паглядзеў на Пат, я адчуў тупую жалобу, якая была ўва мне, нібы апушчаны камень, як яна ўвесь час мяняецца на дзікую надзею і дзіўна змешваецца з ёю, як адно пераходзіць у другое — жалоба, надзея, вецер, вечар і прыгожая дзяўчына паміж асветленымі люстэркамі і лямпамі; у нейкі момант у мяне з'явілася дзіўнае пачуццё, быццам гэта і ёсць жыццё ў самым глыбокім сэнсе слова, а магчыма, і шчасце: каханне з такім болем, страхам і маўклівым веданнем.
XIX
Я з машынай чакаў на стаянцы. Пад'ехаў Густаў і заняў чаргу за мной.
— Як пажывае сабака? — спытаў ён.
— Выдатна, — сказаў я.
— А ты?
Я незадаволена махнуў рукой.
— Я таксама жыў бы выдатна, калі б больш зарабляў. Уяві сабе: сёння дзве ездкі — па пяцьдзесят пфенігаў.
Ён кіўнуў.
— Справы ідуць усё горш. Куды ні кінь. А што яшчэ будзе!
— А мне так трэба зарабіць! — сказаў я. — Менавіта цяпер! Шмат грошай!
Густаў паскроб сківіцу.
— Шмат грошай! — Ён зірнуў на мяне. — Шмат нідзе не заграбеш, Роберт. Толькі спекуляцыяй. А можа, паспрабаваць на таталізатары? Сёння — конныя скачкі. Я нядаўна паставіў на Аіду і выйграў у дваццаць восем разоў больш, чым паставіў.
— Дзе б ні зарабіць. Галоўнае, што ёсць шанец.
— Ты гуляў калі-небудзь?
— Не.
— Тады ў цябе шчаслівая рука. Трэба паспрабаваць. — Ён глянуў на гадзіннік. — Паехалі? Яшчэ паспеем.
— Добра. — Пасля таго як я набыў сабаку, я пачаў давяраць Густаву.