Тры таварышы
Шрифт:
— Ты ненасытны чалавек, — сказаў я і на імгненне азарыў святлом чырвоную плюшавую шыкоўнасць пакоя. Потым зноў хуценька выключыў святло.
Вокны былі адчынены, і ад дрэваў знадворку цягнула свежым начным паветрам, нібы з лесу.
— Выдатна, — сказала Пат і ўмасцілася на падаконніку.
— Ты сапраўды лічыш, што тут выдатна?
— Праўда, Робі. Як у вялікім летнім парку. Цудоўна!
— Ты не бачыла пакоя побач, калі ішла сюды? — спытаў я.
— Не, а чаму?
— Гэты шыкоўны вялікі балкон злева звязаны з гэтым пакоем.
— Так, калі б я жыла тут…
— А чаму не, — сказаў я проста. — Ты ж бачыш, праз некалькі дзён пакой будзе пусты.
Яна зірнула на мяне і ўсміхнулася.
— Ты думаеш, што так было б правільней для нас? Быць працяглы час разам?
— Мы не былі б працяглы час разам, — адказаў я. — Удзень мяне ўвогуле тут не бывае. А часта — і ўвечары. Але калі б мы ўжо былі разам, то нам не трэба было б сядзець у рэстаране, а потым зноў паспешліва разлучацца, быццам бы ходзім толькі ў госці адно да аднаго.
Яна крыху паварушылася ў сваім кутку.
— З тваіх слоў здаецца, што ты ўсё добра ўзважыў, каханы.
— Так і ёсць, — адказаў я. — Цэлы вечар разважаў.
Яна выпрасталася.
— Ты сур'ёзна так думаеш, Робі?
— Вядома, чорт вазьмі, — сказаў я. — Няўжо ты яшчэ не бачыш?
Яна хвілінку памаўчала.
— Робі, — сказала яна потым, і яе голас зрабіўся больш нізкі. — Як ты можаш думаць пра гэта зараз?
— Я думаю пра гэта, — адказаў я больш гарачліва, чым хацеў, адчуўшы раптам, што зараз вырашаецца нешта куды больш важнае, чым пакой, — я думаю так, бо ўбачыў у гэтыя апошнія тыдні, як цудоўна быць разам. Я не магу больш трываць гэтыя сустрэчы на гадзінку. Я хачу мець цябе болей. Я хачу, каб ты ўвесь час была са мной, у мяне няма больш ахвоты гуляць у хованкі кахання, гэта не для мяне, мне ніколі не хопіць цябе, і я не хачу ні на адну хвіліну адмаўляцца ад цябе.
Я чуў яе дыханне. Яна сядзела на падаконніку, абшчапіўшы рукамі калені, і маўчала. Ціха трымцеў чырвоны водсвет светлавых рэклам па-над дрэвамі і адкідваў матавае адлюстраванне на яе светлыя туфлі. Потым святло пераходзіла на спадніцу і рукі.
— Можаш спакойна пакпіць з мяне, — сказаў я.
— Пакпіць? — перапытала яна.
— Вядома, бо я ўвесь час гавару: хачу. Ты ж, урэшце, павінна таксама хацець.
Яна ўскінула позірк.
— Ты ведаеш, што ты змяніўся, Робі?
— Не.
— Ведаеш. Ты ж і сам кажаш. Ты хочаш. Ты ўжо так шмат не пытаешся. Ты проста хочаш.
— Гэта не такая ўжо вялікая змена. Ты ж усё роўна можаш сказаць «не», як бы я ні хацеў.
Яна раптам нахілілася да мяне.
— Навошта я буду казаць «не», Робі, — сказала яна вельмі цёпла і пяшчотна, — я ж таксама хачу…
Здзіўлены, я абняў яе за плечы. Яе валасы казыталі мне твар.
— Гэта праўда, Пат?
— Праўда, любы.
— Дальбог, — сказаў я, — мне гэта ўяўлялася куды цяжэй.
Яна пахітала
— Усё ў тваіх руках, Робі…
— Я і сам ледзь не паверыў у гэта, — сказаў я здзіўлена.
Яна абняла маю галаву.
— Бывае вельмі лёгка, калі не трэба ні пра што думаць. Не рабіць усё самой. Калі можаш абаперціся. Ах, мілы, гэта ўсё вельмі лёгка, толькі не трэба самім абцяжарваць сваё жыццё.
На імгненне я сціснуў зубы. Чуць гэта менавіта ад яе!
— Правільна, — сказаў я, — правільна, Пат.
Нічога не было правільна.
Мы яшчэ хвілінку пастаялі каля акна.
— Твае рэчы мы забяром, — сказаў я. — Каб у цябе тут усё было. Мы нават набудзем чайны столік. Фрыда навучыцца абыходзіцца з ім.
— У нас жа ёсць такі столік, любы. Ён мой.
— Тым лепш. Тады я заўтра займуся Фрыдай.
Яна прыхілілася галавой да майго пляча. Я адчуў, што яна абяссілела.
— Праводзіць цябе цяпер дадому? — спытаў я.
— Зараз. Я толькі на хвілінку прылягу.
Яна ціха ляжала, не размаўляючы, быццам спала. Але вочы ў яе былі расплюшчаныя, і час ад часу ў іх трапляў водсвет рэкламаў, якія, быццам паўночнае ззянне, бясшумна бегалі па сценах і столі. На дварэ ўсталявалася цішыня. З суседняга пакоя час ад часу далятаў шоргат — гэта Хасэ гнуўся пад цяжарам рэшты сваіх надзей, свайго шлюбу, а магчыма, і ўсяго жыцця.
— Застанься ўжо тут, — сказаў я.
Яна выпрасталася.
— Сёння — не, любы…
— Мне вельмі хочацца, каб ты засталася…
— Заўтра…
Яна ўстала і ціха пайшла праз цёмны пакой. Я прыпомніў той дзень, калі яна ўпершыню засталася ў мяне і гэтаксама ціха пайшла праз пакой у шэрым паўзмроку світання, каб апрануцца. Я не ведаў, што гэта, але ва ўсім гэтым было штосьці хвалююча натуральнае, што пераварочвае душу, нейкі знак з далёкіх мінулых часоў, маўклівае выкананне запавету, нікому не вядомага.
Яна вярнулася да мяне са змроку і далонямі дакранулася да майго твару.
— У цябе было цудоўна, каханы. Вельмі. Добра, што ты ёсць.
Я нічога не адказаў. Я не мог нічога адказаць.
Я праводзіў яе дадому і пайшоў зноў у бар. Там быў Кёстэр.
— Сядай, — сказаў ён. — Як справы?
— Не вельмі, Ота.
— Ты хочаш выпіць?
— Калі я пачну, то буду піць шмат. Не хачу. Няхай будзе так. Але я мог бы зрабіць нешта іншае. Готфрыд працуе на таксі?
— Не.
— Добра. Тады я паезджу некалькі гадзін.
— Я пайду з табой.
Я вывеў машыну і развітаўся з Ота. Потым я пад'ехаў да стаянкі. Перада мной стаялі дзве машыны. Потым пад'ехалі яшчэ Густаў і Томі, акцёр. Потым першыя машыны паехалі, а неўзабаве і да мяне падышоў пасажыр. Гэта была маладая дзяўчына, якой трэба было ў «Вінету», папулярны рэстаран з танцамі, тэлефонамі, пнеўматычнай почтай і іншымі падобнымі рэчамі, разлічанымі на правінцыялаў. Рэстаран размяшчаўся крыху наводшыбе ад іншых, на цёмнай вуліцы.