Тры таварышы
Шрифт:
— Вызваляйце мужчыну, а я тут спраўлюся адзін, — сказаў ён. — Трэба хутчэй даставіць іх у бальніцу.
Каб вызваліць мужчыну, трэба было зняць спінку сядзення. На шчасце, у нас было з сабой дастаткова інструментаў, і справа пайшла хутка. Чалавек таксама быў увесь у крыві. У яго, відаць, былі паламаны скабы. Калі мы дапамаглі яму вызваліцца, ён з крыкам паваліўся на зямлю. Было пашкоджана і калена. Але мы пакуль што нічым дапамагчы не маглі. Кёстэр задам падагнаў «Карла» да самага месца здарэння. Жанчына, убачыўшы яго так блізка
— Застанься тут і прыгледзь за машынай, Юп, — сказаў Ленц.
— А дзе ж матацыкліст? — спытаў я.
— Зматаўся, пакуль мы былі занятыя, — заявіў Юп.
Мы паволі паехалі. Недадёка ад вёскі быў маленькі санаторый. Мы часта бачылі яго, праязджаючы міма. На ўзгорку стаяў нізкі белы будынак. Наколькі нам было вядома, тут размяшчалася прыватная псіхіятрычная бальніца для багатых. Вядома ж, там павінен быць лекар і кабінет для перавязак. Мы ўз'ехалі на пагорак і пазванілі. Выйшла вельмі сімпатычная медсястра. Убачыўшы кроў, яна аж пабялела і пабегла назад. Адразу ж выйшла другая, старэйшая.
— Спачуваю, — сказала яна, — мы не маем абсталявання для аказання першай дапамогі пры няшчасных выпадках. Вам трэба ехаць у бальніцу Вірхава. Гэта недалёка.
— Адсюль амаль гадзіна язды, — запярэчыў Кёстэр.
Сястра незычліва глянула на яго.
— Мы для такіх спраў непрыстасаваныя. І лекара няма…
— Тады вы парушаеце закон, — заявіў Ленц. — Ва ўстановах такога тыпу павінен быць пастаянны лекар. Вы дазволіце мне патэлефанаваць з вашага тэлефона? Я хачу звязацца з паліцыяй і з рэдакцыяй газеты.
Сястра завагалася.
— Мне здаецца, вам няма чаго хвалявацца, — холадна сказаў Кёстэр. — Мы вам добра заплацім. Нам перш за ўсё патрэбны насілкі. Да лекара вы, напэўна, датэлефануецеся.
Яна ўсё яшчэ была ў нерашучасці.
— Насілкі, — растлумачыў Ленц, — павінны быць тут таксама згодна з законам, як і перавязачны матэрыял.
— Добра, добра, — паспешліва адказала яна, відавочна разгубленая ад такіх багатых ведаў, — зараз я некага прышлю…
Яна знікла.
— Вось і ўсё, — сказаў я.
— Тое ж самае магло быць і ў гарадской бальніцы, — спакойна адказаў Готфрыд. — Спачатку грошы, потым бюракратыя, потым дапамога.
Мы вярнуліся да машыны і дапамаглі жанчыне вылезці. Яна моўчкі паглядала ўвесь час на свае рукі. Мы завялі яе ў невялічкае памяшканне на першым паверсе. Потым нам далі насілкі, каб прынесці мужчыну. Мы прынеслі і яго. Ён стагнаў.
— Хвілінку… — Мы паглядзелі на яго. Ён заплюшчыў вочы. — Я хачу, каб пра гэта ніхто не ведаў, — з цяжкасцю прамовіў ён.
— Вы зусім не вінаватыя, — адказаў Кёстэр. — Мы з пачатку да канца бачылі, як гэта здарылася, і будзем сведчыць на вашу карысць.
— Не
— Тады гэта — самае лепшае месца, — заявіў Ленц. — Гэта прыватная бальніца. Адно толькі застаецца: убраць вашу машыну, пакуль не з'явіцца паліцыя.
Мужчына аблакаціўся.
— Можа, вы пастараецеся для мяне? Патэлефануйце ў майстэрню… І дайце мне ваш адрас. Я хацеў бы… я вам вельмі ўдзячны…
Кёстэр адмахнуўся.
— І ўсё ж, — сказаў мужчына. — Я хацеў бы ведаць…
— Вельмі проста, — адказаў Ленц. — У нас у саміх ёсць майстэрня. Мы рамантуем такія машыны, як ваша. З вашай згоды мы зараз адбуксіруем яе і прывядзём у парадак. Такім чынам, у нейкай ступені будзе добра і вам, і нам.
— Вельмі добра, — сказаў мужчына. — Вазьміце мой адрас… Я сам забяру машыну. Ці кагосьці прышлю.
Кёстэр сунуў візітную картку ў кішэнь, і мы занеслі мужчыну ў пакой. За гэты час прыйшоў малады лекар. Ён вымыў кроў у жанчыны на твары. Цяпер былі бачны глыбокія парэзы. Жанчына абаперлася на здаровую руку і ўтаропілася на бліскучую нікелевую чашу на перавязачным стале.
— О! — ціха вымавіла яна і з адчаем у вачах адвалілася назад.
Мы паехалі ў вёску і спыталі, ці ёсць тут майстэрня. Там у каваля мы пазычылі сталёвы трос і прыладу для буксіроўкі, паабяцаўшы яму за гэта дваццаць марак. Але недаверлівы каваль захацеў сам паглядзець на машыну. Мы ўзялі яго з сабой і паехалі.
Юп стаяў пасярод шашы і махаў нам рукой. Але мы ўжо і самі зразумелі, што здарылася. На ўзбочыне стаяў стары «мерседэс» з высокімі бартамі. Чацвёра мужчын рыхтаваліся адбуксіраваць пашкоджаную машыну.
— Мы паспелі ў самы раз, — сказаў Кёстэр.
— Гэта браты Фогты, — сказаў каваль. — Небяспечная банда. Жывуць вунь там. Тое, што трапляецца ім у лапы, нялёгка вырваць.
— Пабачым, — сказаў Кёстэр.
— Я ўжо ім растлумачыў, пан Кёстэр, — прашаптаў Юп. — Нячыстая канкурэнцыя. Яны хочуць забраць машыну ў сваю майстэрню.
— Добра, Юп. Пакуль што пабудзьце тут.
Кёстэр накіраваўся да самага высокага з усіх і звярнуўся да яго. Ён заявіў яму, што машына — наша.
— У цябе ёсць які-небудзь цвёрды прадмет? — спытаў я Ленца.
— Толькі ключы, яны мне самому спатрэбяцца. Вазьмі гаечны.
— Лепш не трэба, — сказаў я. — Ім можна нанесці цяжкія цялесныя пашкоджанні. Шкада, што на мне такія лёгкія туфлі. Няма нічога лепшага за ўдар нагой.
— Вы дапаможаце? — спытаў Ленц каваля. — Тады нас будзе чатыры на чатыры.
— Я асцерагуся. А то заўтра яны мне разнясуць кузню. Я застануся строга нейтральны.
— І правільна, — сказаў Готфрыд.
— Я памагу, — Заявіў Юп.
— Не лезь! — сказаў я. — Сачы толькі, каб хто не з'явіўся, і ўсё.