Тры таварышы
Шрифт:
Крокі наблізіліся, але не мінулі мяне. Нехта спыніўся. Мне стала душна. Я вельмі задумліва ўтаропіўся на барэльеф, перахрысціўся і паволі пайшоў далей ад барэльефа, які быў воддаль ад сцежкі. Крокі рушылі следам за мной і зноў спыніліся. Я не ведаў, што рабіць. Я не мог ісці адразу, трэба было перачакаць той час, які патрэбны, каб дзесяць разоў паўтарыць «Авэ Марыя» і адзін раз «Ойча наш». Інакш я выдаў бы сябе.
Я стаяў і пазіраў, стараючыся зразумець, што здарылася, — асцярожна, з адсутным позіркам,
Я глянуў у зычлівы круглы твар пастара і з палёгкай уздыхнуў. Я ўжо лічыў, што выратаваны, бо ведаў, што ён не будзе перабіваць малітву. Але тут я заўважыў, што, на сваё няшчасце, стаю ўжо каля апошняга адрэзка хрэснага шляху. Як бы марудліва я ні маліўся, праз некалькі хвілін я павінен закончыць, і гэтага моманту ён, відаць, чакаў. Не мела сэнсу цягнуць справу далей. І я паволі, як нічога ніякага, пайшоў да выхаду.
— Добрай раніцы, — сказаў святар. — Будзь дабраславёны Ісус Хрыстос!
— Вечна дабраславёны, аман! — адказаў я.
Гэта было каталіцкае прывітанне.
— Рэдка хто бывае тут у гэты час, — сказаў ён зычліва і паглядзеў на мяне светлымі блакітнымі вачыма дзіцяці.
Я нешта прамармытаў.
— На жаль, рэдка здараецца цяпер, — працягваў ён заклапочана. — Асабліва рэдка моляцца мужчыны каля хрэснага шляху. Таму я так рады за вас і таму загаварыў з вамі. У вас, пэўна, ёсць нейкая асаблівая просьба, раз вы так рана і ў такое надвор'е прыйшлі сюды.
«Ёсць просьба, каб ты пайшоў адсюль», — падумаў я і з палёгкай кіўнуў галавой. Дагэтуль ён, здавалася, не здагадаўся пра кветкі. Цяпер трэба было толькі хутка ўлізнуць ад яго і не насцярожыць.
Ён зноў усміхнуўся мне.
— Я рыхтуюся да сваёй пропаведзі і магу ўключыць вашу просьбу ў малітву.
— Дзякуй, — сказаў я разгублена і сарамліва.
— За спачын душы нябожчыка? — спытаў ён.
Я на момант утаропіўся на яго, мае кветкі папаўзлі пад плашчом.
— Не, — сказаў я хутка, моцна прыціснуўшы руку да плашча.
Ён глянуў на мяне сваімі добрымі пранізлівымі вачыма. Магчыма, ён чакаў, што я скажу яму, у чым справа. Але мне ў галаву нічога не прыходзіла, і мне не хацелася хлусіць яму больш, чым трэба. Таму я прамаўчаў.
— Тады я буду маліцца за дапамогу незнаёмцу, які трапіў у бяду, — нарэшце сказаў ён.
— Добра, — адказаў я. — Калі вам не цяжка. Я вам буду вельмі ўдзячны.
Ён з усмешкай махнуў рукой.
— Не трэба мне дзякаваць. Мы ўсе ў руках божых. — Ён яшчэ раз зірнуў на мяне, крыху нахіліўшы галаву, і мне здалося, быццам па яго твары нешта прамільгнула.
— Толькі верце, — сказаў ён. — Айцец нябесны дапаможа. Ён заўсёды дапамагае, нават тады, калі мы гэтага не заўважаем. — Потым ён кіўнуў мне і пайшоў.
Я пазіраў услед яму, пакуль за ім не зачыніліся дзверы.
Я завёз кветкі дадому, потым загнаў машыну ў майстэрню і пайшоў назад. Як ні дзіўна, але ад паху кавы ў мяне стала весялей на душы. Мне ўжо было вядома з вайны: не важныя падзеі суцяшаюць чалавека. Суцяшэнне прыносяць непрыкметныя дробязі…
Не паспеў я адчыніць дзверы ў калідор, як са свайго пакоя выскачыў Хасэ. Твар у яго быў жоўты і прыпухлы, вочы чырвоныя ад бяссонніцы, у яго быў выгляд, быццам ён ляжаў у пасцелі ў касцюме. Калі ён убачыў мяне, па яго твары прабег цень бязмернага расчаравання.
— А, гэта вы, — прабурчаў ён.
Я здзіўлена зірнуў на яго.
— Вы так рана кагосьці чакаеце?
— Чакаю, — ціха адказаў ён. — Жонку. Яна не вярнулася дадому. Вы не бачылі яе?
Я пахітаў галавой.
— Я выходзіў толькі на гадзіну.
Ён кіўнуў галавой.
— Я падумаў толькі… магло здарыцца, што вы сустракалі яе.
Я паціснуў плячыма.
— Пэўна, прыйдзе пазней. Вы не тэлефанавалі?
Ён з нейкім страхам глянуў на мяне.
— Учора ўвечары яна пайшла да сваіх знаёмых. Я дакладна не ведаю, дзе яны жывуць.
— А прозвішча ведаеце? Тады можна было б спытаць у бюро даведак.
— Я ўжо спрабаваў. У бюро няма такога прозвішча.
Ён пазіраў вачыма пабітага сабакі.
— Яна заўсёды таіла сваіх знаёмых. Калі ж я аднаго разу нешта спытаў, яна раззлавалася. Тады я перастаў пытацца. Я быў рады, што ў яе з'явіліся сябры. Яна заўсёды казала, што і тут я хачу ёй перашкодзіць.
— Магчыма, яна хутка прыйдзе, — сказаў я. — Я нават упэўнены, што прыйдзе. На ўсякі выпадак вы патэлефанавалі ў паліцыю?
Ён кіўнуў.
— Усюды. Там нічога не ведаюць.
— Ну вось, — сказаў я. — Вам няма чаго хвалявацца. Магчыма, ёй зрабілася блага, і яна засталася пераначаваць. Такое здараецца часта. Пэўна, праз гадзіну-дзве яна прыйдзе.
— Вы так думаеце?
Дзверы кухні адчыніліся, з'явілася Фрыда з падносам.
— Каму гэта? — спытаў я.
— Фройляйн Хольман, — адказала яна крыху раздражнёна.
— Яна ўжо прачнулася?
— Здаецца, прачнулася, — заявіла Фрыда баявітым голасам, — інакш бы не пазваніла, каб я несла сняданак.