Тры таварышы
Шрифт:
— Хочаш, — не пагадзіўся я. — І ты яе атрымаеш. І ні слова больш пра гэта. Заўтра нам яе прышлюць.
Яна ўсміхнулася.
— Дзякую, мілы, — сказала яна і пацалавала мяне пасярод вуліцы. — Цяпер твая чарга. — Яна спынілася перад крамай мужчынскага адзення.
— Вось гэта фрак! Ён табе неабходны — да норкі. А яшчэ вунь той цыліндр. Як бы ты выглядаў у цыліндры?
— Як камінар! — Я агледзеў фрак. Ён ляжаў у вітрыне, аздобленай шэрым аксамітам. Я яшчэ ўважлівей зірнуў туды. Гэта была тая крама, дзе я вясной купіў сабе гальштук… Гэта здарылася пасля таго, як я ўпершыню
Я ўзяў вузкую далоню Пат і на секунду прыклаў яе да сваёй шчакі.
— Да норкі табе трэба яшчэ нешта, — сказаў я. — Такая норка адна як машына без матора. Дзве-тры вячэрнія сукенкі…
— Вячэрнія сукенкі, — сказала яна і спынілася перад вялізнай вітрынай. — Вячэрнія сукенкі, сапраўды… ад іх цяжэй адмовіцца.
Мы выбралі тры шыкоўныя сукенкі. Я заўважыў, як гэтая гульня ажывіла Пат. Яна аднеслася да яе вельмі сур'ёзна: вячэрнія сукенкі былі яе слабасцю. Мы выбралі яшчэ некалькі рэчаў, якія патрабаваліся да сукенак. Яна ўсё больш ажыўлялася. Яе вочы блішчалі. Я стаяў побач і слухаў і ўвесь час смяяўся і думаў, што гэта за д'ябальшчына — любіць жанчыну і быць бедным.
— Хадзем сюды, — сказаў я нарэшце з нейкай адчайнай весялосцю. — Калі ўжо штосьці робіш, то трэба даводзіць да канца.
Я падвёў яе да ювелірнага крамы.
— Вось гэты смарагдавы бранзалет! А да яго два пярсцёнкі і завушніцы. Не будзем больш пра гэта гаварыць. Смарагды падыдуць табе найлепш.
— Тады ты атрымаеш плацінавы гадзіннік і жамчужыны да сарочкі.
— А ты — усю краму! На меншае я не пайду…
Яна засмяялася і, цяжка дыхаючы, прыхілілася да мяне.
— Хопіць, мілы, хопіць. Зараз мы толькі купім два чамаданы і адправімся ў бюро вандраванняў, потым упакуемся і паедзем — прэч з гэтага горада, і з гэтай восені, і з гэтага дажджу.
«Праўда, — падумаў я, — божа мой, праўда, і ты паправішся!»
— Куды паедзем? — спытаў я. — У Эгіпет? Ці далей? У Індыю ці Кітай?
— На сонца, каханы, куды-небудзь на сонца, на поўдзень, у цяплынь. Туды, дзе пальмы і скалы, і белыя домікі над морам, і агавы. Але магчыма, там таксама ідзе дождж. Магчыма, дождж ідзе ўсюды.
— Тады мы паедзем яшчэ далей, — сказаў я. — Будзем ехаць, пакуль не знойдзем месца без дажджу. Забяромся ў самыя тропікі, у паўднёвыя моры.
Мы апынуліся перад яркімі вітрынамі бюро вандраванняў «Гамбург — Амерыка». За шыбамі быў устаноўлены макет парахода. Ён плыў па сініх кардонных хвалях, а за ім магутна ўздымалася павялічаная фатаграфія небаскробаў Манхэтэна. У вітрынах віселі вялізныя стракатыя геаграфічныя карты з чырвонымі лініямі маршрутаў.
— Заедзем у Амерыку таксама, — сказала Пат. — У Кентукі і Тэхас, і ў Нью-Ёрк, і ў Сан-Францыска, і на Гаваі. А потым праз Паўднёвую Амерыку — і далей. Праз Мехіка і Панамскі канал у Буэнас-Айрэс. А потым назад — праз Рыа-дэ-Жанейра.
— Так…
Яна зірнула на мяне. Вочы яе палалі.
— Я там яшчэ не быў, — сказаў я. — Я наманіў табе тады…
— Я ведаю, — адказала яна.
— Ты ведаеш?
— Дзівак, Робі. Канечне, ведаю. Я адразу здагадалася.
— Тады
— А сёння?
— А сёння яшчэ большы, — сказаў я. — Ты ж бачыш. — Я паказаў на параход у вітрыне. — Д'ябал! І не паедзеш!
Яна ўсміхнулася і ўзяла мяне пад руку.
— Ах, мілы! Чаму мы не багатыя? Мы выдатна сумелі б выкарыстаць багацце! Ёсць жа столькі багатых людзей, якія са сваіх кантор і банкаў свету божага не бачаць.
— Вось таму яны і багатыя, — сказаў я. — Калі б мы былі багатыя, то, пэўна, ненадоўга.
— Мне таксама так здаецца. Мы, напэўна, неяк усё страцілі б.
— Магчыма, ад страху страціць мы засталіся з нічым. Сёння багацце — прафесія. І зусім не такая простая.
— Бедныя багацеі! — сказала Пат. — Мусіць, нам лепш уявіць сабе, што мы ўжо былі багатыя і ўжо ўсё патрацілі. Ты тыдзень назад проста збанкрутаваў і быў вымушаны ўсё прадаць — наш дом і мае ўпрыгожанні і свае машыны. Як ты думаеш?
— Што ж, гэта адпавядае часу, — адказаў я.
Яна засмяялася.
— Тады хадзем! Мы — два банкруты — зараз пойдзем у свой маленькі пакой і будзем прыпамінаць падзеі з мінулых шчаслівых часоў.
— Добрая ідэя.
Мы паціху пайшлі па вечаровых вуліцах. Запальваліся ўсё новыя агні, і, калі мы ішлі міма могілак, мы ўбачылі ў зялёным небе самалёт, кабіны якога былі ярка асветлены. Адзінокі, ён прыгожа ляцеў па ясным, высокім адзінокім небе, быццам чароўная птушка жадання са старой казкі. Мы спыніліся і паглядзелі яму ўслед, пакуль ён не знік.
Не прайшло і паўгадзіны пасля нашага вяртання дамоў, як хтосьці пастукаў да нас у дзверы. Я падумаў, што гэта зноў Хасэ, і падышоў адчыніць. Але гэта была фраў Залеўскі. Выгляд у яе быў расстроены.
— Ідзіце хуценька сюды, — прашаптала яна.
— Што здарылася?
— Хасэ.
Я глянуў на яе. Яна паціснула плячыма.
— Ён замкнуўся і не адказвае.
— Хвілінку.
Я вярнуўся да Пат і сказаў ёй, каб яна крыху адпачыла. У мяне ёсць справа да Хасэ.
— Добра, Робі. Я зноў замарылася.
Я пайшоў па калідоры за фраў Залеўскі. Перад дзвярыма Хасэ ўжо сабраўся амаль увесь пансіянат: Эрна Бёніг у стракатым кімано з драконамі, з чырвонымі валасамі. Два тыдні назад яна яшчэ была бялюткай бландзінкай; філатэліст-скарбнік у хатняй куртцы вайсковага крою; бледны і спакойны Арлоў, які толькі што вярнуўся з танцаў у кавярні; Георгі, які нервова стукаў у дзверы і сцішаным голасам клікаў Хасэ; і нарэшце, Фрыда з вачыма, перакошанымі ад хвалявання, страху і цікаўнасці.
— Ты ўжо даўно барабаніш, Георгі? — спытаў я.
— Больш як чвэрць гадзіны, — адразу ж выкрыкнула Фрыда, якая ўся зачырванелася, — і ён дома, ён увогуле болыш нікуды не хадзіў, з полудня — нікуды, толькі ўвесь час бегаў па пакоі, туды-сюды, а потым стала ціха.
— Ключ тырчыць з сярэдзіны, — сказаў Георгі. — Ён замкнуўся.
Я глянуў на фраў Залеўскі.
— Трэба выштурхнуць ключ і адамкнуць. У вас ёсць яшчэ адзін ключ?
— Я зараз прынясу звязак, — заявіла Фрыда з нязвыклай стараннасцю. — Магчыма, нейкі падыдзе.