Тры таварышы
Шрифт:
Мне далі драціну, я павярнуў ёй ключ і выштурхнуў яго. Ён са стукам упаў з таго боку на падлогу. Фрыда ўскрыкнула і абхапіла твар рукамі.
— Адыдзіцеся як мага далей, — сказаў я ёй і пачаў падбіраць ключы. Адзін падышоў. Я адамкнуў і адчыніў дзверы. У пакоі панаваў паўзмрок, і спачатку нікога не было відаць. Пасцелі вылучаліся светла-шэрымі плямамі, крэслы былі пустыя, шафы замкнёныя.
— Вось ён стаіць! — прашыпела з-за майго пляча Фрыда, якая зноў праціснулася бліжэй. Яе дыханне з пахам цыбулі апякло мне твар. — Там
— Не, — сказаў Арлоў, які хутка зрабіў некалькі крокаў у пакой і вярнуўся ў калідор. Ён падштурхнуў мяне, узяўся за ручку дзвярэй і зноў зачыніў іх. Потым ён звярнуўся да астатніх:
— Было б лепш, каб вы ўсе пайшлі адсюль. Магчыма, нядобра бачыць такое.
Ён гаварыў паволі з цвёрдым расейскім акцэнтам, не адыходзячы ад дзвярэй.
— О божа! — прамармытала фраў Залеўскі і адышла назад. Эрна Бёніг таксама адступіла на некалькі крокаў. Толькі Фрыда імкнулася прабіцца наперад і ўхапіцца за ручку дзвярэй. Арлоў адціснуў яе назад.
— Сапраўды было б лепш… — сказаў ён яшчэ раз.
— Пан! — гаўкнуў раптам скарбнік, выпрастаўшыся. — Што вы сабе дазваляеце! Вы, іншаземец…
Арлоў спакойна зірнуў на яго.
— Іншаземец… — сказаў ён. — Іншаземец… усё роўна. Не ў гэтым справа.
— Што, мёртвы? — прашыпела Фрыда.
— Фраў Залеўскі, — сказаў я, — мне здаецца таксама, што будзе лепш, калі толькі вы застанецеся тут і, можа, Арлоў і я.
— Патэлефануйце адразу лекару, — сказаў Арлоў.
Георгі ўжо зняў слухаўку. Уся падзея не заняла і пяці секунд.
— Я застаюся! — заявіў скарбнік, расчырванеўшыся, як індык. — Як немец я маю права…
Арлоў паціснуў плячыма і зноў адчыніў дзверы. Потым ён уключыў электрасвятло. Жанчыны ўскрыкнулі і падаліся назад. Хасэ вісеў каля акна — твар цёмна-сіні, чорны язык высунуты.
— Адрэзаць, — крыкнуў я.
— Не мае сэнсу, — сказаў Арлоў няспешна, цвёрда і жалобна. — Мне вядома гэта… гэты твар… мёртвы, ужо некалькі гадзін.
— Нам трэба хоць паспрабаваць…
— Лепей — не трэба… спачатку выклікаць паліцыю…
У той самы момант нехта пазваніў. З'явіўся лекар, які жыў побач. Ён кінуў толькі адзін позірк на хударлявае цела.
— Ужо нічога не зробіш, — сказаў ён. — Тым не менш паспрабуем зрабіць штучнае дыханне. Патэлефануйце зараз жа ў паліцыю, а мне дайце нож.
Хасэ павесіўся на тоўстым ружовым шоўкавым шнуры. Гэта быў паясок ад жончынага халата. Ён яго вельмі лоўка прымацаваў да кручка над акном. Шнур быў намылены. Ён, відаць, залез на падаконнік і потым саслізгнуў з яго. Рукі былі сутаргава скручаны, на твар было жахліва глядзець. Дзіўна, але мне кінулася ў вочы, што ён пераапрануў касцюм. Гэта быў яго самы лепшы шарсцяны касцюм. Ён пагаліўся і апрануў чыстую бялізну. На стале былі педантычна раскладзены пашпарт, ашчадная кніжка, чатыры паперкі па дзесяць марак, некалькі манет і два пісьмы — адно жонцы і адно — у паліцыю. Каля пісьма жонцы ляжаў сярэбраны партсігар і шлюбны пярсцёнак.
Відаць,
У дзверы пазванілі, прыйшлі два ў цывільным. Лекар, які ўжо зняў нябожчыка з пятлі, устаў.
— Мёртвы, — сказаў ён. — Самагубства, без усякага сумнення.
Чыноўнікі нічога не адказалі. Яны ўважліва агледзелі пакой, зачыніўшы за сабой дзверы на ключ. Яны дасталі некалькі пісьмаў з шуфляды і параўналі почырк з пісьмамі на стале. Той, што быў маладзейшы, кіўнуў галавой.
— Каму-небудзь вядома прычына?
Я расказаў, што ведаў. Ён зноў паківаў галавой і запісаў мой адрас.
— Можна яго забраць адсюль? — спытаў лекар.
— Я заказаў санітарную машыну з бальніцы Шарытэ, — адказаў малады чыноўнік. — Скора павінны прыйсці.
Чакаючы, усе маўчалі. Лекар укленчыў на падлозе каля Хасэ. Ён расшпіліў усё, што было на ім, і пачаў расціраць яму грудзі ручніком, спрабуючы яго ажывіць. Чутны былі толькі свісцячыя гукі паветра пры ўваходзе і выхадзе з мёртвых лёгкіх.
— Дванаццаты за гэты тыдзень, — сказаў малады чыноўнік.
— Па той самай прычыне? — спытаў я.
— Не. Амаль усе ад беспрацоўя. Дзве сям'і, адна разам з трыма дзецьмі. Вядома, атруціліся газам. Сем'і заўсёды выкарыстоўваюць газ.
Прыйшлі санітары з насілкамі. Сярод іх у пакой пранікла Фрыда. З нейкай адмысловай прагнай цікаўнасцю яна ўзіралася ў вартае жалю цела Хасэ. Яе твар пакрыўся чырвонымі плямамі і потам.
— Што вам тут трэба? — груба спытаў старэйшы чыноўнік.
Яна адхіснулася.
— Я павінна даць паказанні, — прамармытала яна.
— Вон! — сказаў чыноўнік.
Санітары закрылі Хасэ прасцінай і панеслі. За імі пакрочылі і два чыноўнікі, забраўшы з сабой паперы.
— Ён пакінуў грошы на пахаванне, — сказаў малады. — Мы перададзім іх у адпаведнае месца. Калі прыйдзе жонка, скажыце ёй, калі ласка, каб яна звярнулася ў крымінальную паліцыю. Ён завяшчаў ёй грошы. Можа, пакуль што пакінуць тут яго астатнія рэчы?
Фраў Залеўскі кіўнула.
— Цяпер ужо пакой усё роўна не здасі.
— Выдатна.
Чыноўнік развітаўся і пайшоў. Мы таксама выйшлі. Арлоў замкнуў дзверы і аддаў ключ фраў Залеўскі.
— Лепш паменей гаварыць пра ўсё гэта, — сказаў я.
— І я так думаю, — сказала фраў Залеўскі.
— Я найперш маю на ўвазе вас, Фрыда, — дадаў я.
Фрыда быццам ачнулася. Вочы ў яе блішчалі. Яна не адказала ні слова.
— Калі вы хоць слова скажаце фройляйн Хольман, — сказаў я, — тады барані вас бог!
— Сама ведаю, — адказала яна задзірліва. — Бедная дама і без таго хворая!