Трывожнае шчасце
Шрифт:
Пісаў я позна ўначы пры святле газнічкі, зробленай з гільзы буйнакалібернага кулямёта. Побач бестурботна спалі Чуб i Самародаў. Чуб смешна хроп, з подсвістам. А за дзвярамі тонка свістаў вецер, той своеасаблівы вецер, які здзірае самы верхні пласт снегу, узнімае тонкія снежныя пылінкі i нясе ix бясконца ў адным напрамку. Такая пазёмка засыпае след за пяць мінут.
Раптам адчыніліся дзверы, вецер калыхнуў полымя газнічкі. Сушылаў, які стаяў на варце, прашаптаў трывожна i таямніча:
— Камандзір! Сюды!
Я накінуў кажух, выскачыў. Вартавы хутка падымаўся на скалу, я за ім. Ён не стаў
— Лажыся!
Я ўпаў побач з ім.
— Бачыш? — паказаў ён на возера.
Я пільна ўгледзеўся, але нічога не ўбачыў.
— Лыжнікі. Многа лыжнікаў. Ідуць ланцугом. У маскхалатах. Ты ix так не ўбачыш. Цені. Звярні ўвагу на цені. Ах, чортава свяціла!
Была поўня. Але па небе вецер гнаў пашматаныя хмары, i месячык то хаваўся за ix, то зноў выныраў; па азёрнай раўніне плылі цені ад хмар. Такі цень закрыў бліжэйшую да нас частку возера. Але патроху ён адступаў да левага лясістага берага, i на залітай месячыкавым святлом гладзі вырысаваліся іншыя цені — ад нябачных людзей, што кіраваліся ў наш бок.
— Чалавек сорак, калі не больш, — прашаптаў Сушылаў.— Я бачу не толькі цені, але тое, што не закрыта маскхалатамі… Да ix прыкладна кіламетр. Як думаеш, свае, чужыя?
— Фіны, Фядос Яфрэмавіч.
Я не сумняваўся — так маглі ісці толькі ворагі. Яны ведаюць, што тут пакаты бераг i лёгка выбрацца з возера. Пост наш новы, пра яго яны маглі не ведаць ці, можа, маюць намер захапіць знянацку i знішчыць.
— Будзем біцца? — спакойна спытаў Сушылаў.
— Будзем! Яны не павінны прайсці!
Я спусціўся ўніз, ускочыў у хаціну.
— Трывога, таварышы! — тузануў за нагу Чуба, больш моцнага на сон. — На возеры фіны. Ідуць сюды, прарываюцца ў тыл. Але не павінны прарвацца! Будзем біцца, таварышы, да апошняга патрона, да апошняй кроплі крыві. Як нашы браты там, на фронце…
— Дзеткі мае, — прашаптаў Самародаў.
Мне не спадабаўся гэты стогн старэчай душы, i я злосна кінуў:
— Хто збаіцца — застрэлю!
Сам я таксама дрыжаў увесь, але не ад страху, а ад напружання, ад прагі бою, пометы.
— Мы не баязліўцы, — бадзёра сказаў Чуб, хапаючы вінтоўку. — Паміраць, дык з музыкай! — I моцна вылаяўся.
— Кожны на сваё месца! Як вучыў маёр. Узяць усе патроны, усе гранаты! Кулямёт вазьму я. Мы ўдарым па ix са скалы.
Камбат, калі наведаў пост, правёў з намі вучэнне па абароне ад нападзення з зямлі i з паветра. Тады я глядзеў на вучэнне крыху скептычна, а цяпер зразумеў, як яно было дарэчц: кожны ведаў, дзе яму залегчы, што рабіць.
Умомант даўшы патрэбныя ўказанні, я кінуўся да тэлефона. Мы былі звязаны з паўстанкам, дзе на камутатары дзяжурылі дзяўчаты. Па першаму слову «паветра» яны давал! нам «Елку» — штаб батальёна, i мы перадавалі даныя аб палёце варожых самалётаў. У непагадзь Чуб любіў «пакалякаць» з тэлефаністкамі, «адвесці душу», як ён казаў. У апошнія дні i я часам «адводзіў душу» — прыемна сярод сонечнай пустэчы i цішыні пачуць жаночы голас, пажартаваць. Але была сярод тэлефаністак адна вельмі злосная, «баба-яга», як ахрысціў яе Чуб; яна не любіла гэтых пустых размоў, часам пагражала, што даложыць нашаму начальству, чым мы займаемся.
— Дзяўчына! Дарагая, — паклікаў
— Якая я вам дзяўчына? Пустабрэхі. Спакою ад вас няма…
— Маці! Таварыш дарагі!.. Перадайце на «Елку», на «Калугу» (штаб тылавой часці, якая размяшчалася каля паўстанка)… На возеры вораг, лыжнікі. Уступаем у бой. Просім дапамогі! Дапамогі!..
Голас тэлефаністкі адразу змяніўся:
— Перадам! У сё перадам… Трымайцеся, родныя мае!..
На размовы не было часу. Кінуўшы трубку, я схапіў ручны кулямёт, банку з дыскамі i палез на скалу.
Сушылаў ляжаў на самым краі абрыву. Я прымасціўся побач, падсунуўшы кулямёт яму — ён лепшы стралок. Ад яго ўзяў вінтоўку.
— Вось яны ўжо дзе… Бачыш? — прашаптаў ён.
Так, цяпер на фоне снегу вырысоўваліся рухомыя цёмныя плямы — твары, рукі, часткі непрыкрытай зброі. Вецер данёс нават голас, але пакуль што невыразны, нельга было зразумець, на якой мове. Размаўляюць, значыцца, не ведаюць пра нас. А можа?..
Сумненне, якое ўзнікла ў мяне, выказаў Сушылаў:
— Камандзір, а раптам — свае?
Падумалася аб тым, што ў батальёне засмяюць, калі трывога, якую я ўзняў, акажацца дарэмнай. A галоўнае — сапраўды не ўдарыць бы па сваіх.
— Пачакаем. Яны ідуць да нас, — прашаптаў я. — Будзем трымаць на мушках.
Я лічыў плямы, налічыў больш за пяцьдзесят. Вось яны зусім блізка, метраў за сто ўнізе, ужо i постаці добра відаць, нягледзячы на маскхалаты.
— Можа, аклікнуць? — прашаптаў Сушылаў. I ў бясстрашнага паляўнічага пачыналі здаваць нервы.
— Пачакаем.
I раптам выразная каманда на чужой мове.
Не, не маглі пасярод ночы, у такое надвор'е ісці з захаду на ўсход свае!
— Агонь!
Кулямёт паласнуў доўгай чаргой. Крык, стогн, гучная чужая каманда — i ўсё сціхла. Я прытрымаў Сушылава за локаць. Прыслухаліся, угледзеліся. Постаці як пад лёд праваліліся — нідзе ніводнай плямы. Пракляты месячык! Як на злосць, нырнуў за самую цёмную хмару! Мацней засвістаў каля вушэй вецер. На возеры мяце пазёмка, рухомы снег схаваў ворагаў, якія заляглі, накрыліся халатамі і, безумоўна, некуды паўзуць. Але куды? Адступаюць назад ці падпаўзаюць да берага, да нас? Хаця б зрабілі адзін стрэл. Яны не маглі не засекчы ўспышак кулямёта. Якая чартоўская вытрымка! Мне здалося, што нехта застагнаў пад самай скалой. Я дастаў з кішэні гранату, шпурнуў уніз. Глуха грымнуў выбух. I зноў ніякага адказу.
— Страшны звер залёг, — сказаў Сушылаў.— Майстры!
— Калі яны надумалі атакаваць нас, то зробяць гэта адтуль, з сушы. Пільнуйце тут, Яфрэмавіч, а я з кулямётам да Чуба.
Я падняўся — i адразу над галавой у мяне ціўкнула куля. Стрэл прагучаў не з возера, а з берага бухты, куды спускалася наша цясніна. Вунь яны дзе! Значыцца, блакіруюць, абкружаюць.
Я скаціўся са скалы на дах хаціны. У думках вылаяў сваіх забеспячэнцаў, якія выдалі на чатыры чалавекі толькі адзін маскхалат; нашы зашмальцаваныя кажухі i цёмныя шапкі дэмаскіравалі нас. Яшчэ падумаў, калі ворагі зразумеюць, што нас нямнога, то могуць атакаваць па найкарацейшай адлегласці — па цясніне, якую абараняе адзін Самародаў, стары i баязлівы чалавек. Тады я паклікаў Сушылава i загадаў яму падняцца да Чуба з кулямётам.