Трывожнае шчасце
Шрифт:
Рэшткі аленняй тушы мы схавалі ў снезе, далей ад паста, каб яна не трапіла на вочы начальству.
Я пайшоў на паўстанак сустрэць камбата. Калі ішлі назад, то ўбачыў, што Жураўлёў слабы i хворы чалавек. Пятнаццаць кіламетраў дарогі на лыжах па лесе i сопках забралі ў яго апошнія сілы. Ён бадзёрыўся, жартаваў, стараўся не адстаць ад нас (ішоў таксама баец, які прыехаў з ім), але я бачыў, як цяжка яму, i часцей, чым мне трэба было, спыняўся адпачываць.
Да нашага прыходу Сушылаў прыгатаваў царскі абед. Між іншым, каб не есці з кацялкоў, ён яшчэ раней
— Што гэта? — няўпэўненым голасам спытаў ён.
— Чым багаты, тым рады, таварыш маёр! — бадзёра прывітаўся «наш кармілец».
— Радавы Сушылаў — паляўнічы i рыбалоў. Ну, вось курапатка, рыба… — тлумачыў я, крыху баючыся, што маеру можа не спадабацца такая раскоша.
Жураўлёў стомлена апусціўся на нары.
— Спалохалі вы мяне. Думаў: зноў галюцынацыя. У мяне ў блакадзе часта было: чую пах найлепшых страў, якія еў да вайны, бачу ix…
Вельмі нас усіх кранула такое шчырае яго прызнанне i тое, як ён потым доўга хадзіў навокал стала, углядаўся ў падсмажаную рыбу, нюхаў наварыстую юшку i жоўтую апетытную курапатку.
— A гатаваў хто?
— Я! — адгукнуўся Сушылаў, спадзеючыся, мабыць, на падзяку.
— Кухарам у батальён не жадаеце пайсці?
Чуб пасля прызнаўся, што ён ледзь не самлеў, пачуўшы такую прапанову камандзіра. Кубанец больш за ўсіх любіў смачна паесці. A страціць Сушылава — значыцца, сесці на траску i гарохавы суп.
— Ніяк не, таварыш маёр! Ніколі не быў кухарам i не жадаю быць. А гэта, — кіўнуў «кармілец» на стол, — пастараліся ўсе разам для дарагога госця.
Чуб з палёгкай уздыхнуў — пранесла.
— Калі такі абед, даставай, Лунін, нашы запасы, будзем баляваць. Даўно я не сядзеў за такім сталом, — сказаў маёр.
«Самым істотным» у мяшку ардынарца была біклажка. Жураўлёў наліў у кубкі па глытку гарэлкі.
— Ну, таварышы, за тое, каб вы варту добра неслі, каб фашысты не прыляталі знянацку… каб адчулі, што цяпер — гэта ім не чэрвень сорак першага… што мы навучыліся арганізоўваць абарону аб'ектаў… За перамогу нашу!
Хораша мы паабедалі — проста, шчыра, па-сямейнаму. А потым Чуб спяваў свае працяжныя песні.
Раніцой, калі я сам стаяў на пасту, камбат падняўся на скалу. Павітаўся, уважліва агледзеў наваколле i зацягнутае хмарамі неба.
— Што ж, пост зручны ва ўсіх адносінах, — адзначыў ён, углядаючыся ў прастор возера, потым закурыў i пажартаваў: — Жывеш ты, Шапятовіч, тут, як Бог.
Я адчуў, што гэта самы зручны выпадак, каб папрасіць аб тым, пра што даўно думаў.
— Таварыш маёр! Накіруйце мяне на фронт… Не магу я… Сорамна. Зразумейце, сорамна… з дзядамі лысымі ацірацца тут…
Маёр кінуў недакурак уніз, у возера. Лоб пад шапкай стаў як гармонік — увесь у зморшчынах. Адказаў
— Па-вашаму, значыцца, тут можна абысціся аднымі дзядамі, як вы кажаце? Сабраць сляпых, глухіх, без ведаў, без падрыхтоўкі? Дрэнна вы разумееце значэнне нашай службы, Шапятовіч. — I сказаў жорстка, як загадаў: — Служыце сумленна там, дзе вас паставілі!
Я ўнутрана сцяўся, чакаючы, што ён папракне мяне гісторыяй з Кідалам. Не. Жураўлёў не з тых людзей. Ён памаўчаў, скруціў другую цыгарку i сказаў лагодна, пасяброўску:
— А на фронт трапіш, не гаруй. Не заўтра вайна канчаецца. Людзі спатрэбяцца. Я вось… дацэнт, палітэканомію выкладаў. Вайна пачалася, апалчэннем камандаваў, умацаванні будаваў пад Ленінградам. Потым вывезлі мяне з блакады, апухлага ад голаду, падлячылі i сказалі…
22 мая
Які радасны дзень! Радасны ўдвая. Учора Тамара Раманаўна дазволіла мне выходзіць гуляць. Але ўчора ішоў дождж. А сёння ўсё заліта сонцам, дыхае напоеная жыццятворнай вясновай вільгаццю зямля. I такая цеплыня! Для мяне — казачная, неверагодная, бо здаецца, што я адразу, у адзін дзень, перакінуўся са снежнай пустыні, дзе гуляла марозная пазёмка, у квітнеючую падмаскоўную вясну. Падмаскоўную! Ад таго, што я пад Масквой, таксама радасна.
Усю раніцу я гуляў па лесе навокал шпіталя. Стромкія, гаманлівыя меднастволыя сосны — такія ж i ў нас, над Сожам i Дняпром. Часам у забыцці мне здавалася, што гэта той лес, каля якога я вырас, нават асобныя дрэвы знаёмыя, мае дзіцячыя сябры! I мне хацелася размаўляць з імі гэтак жа, як у маленстве.
А перад прыгожым белым фасадам галоўнага корпуса (да вайны тут быў санаторый) цвіце бэз, быццам шызым дымам апавіла зялёныя кусты. Найлепшы ў свеце водар напауняе наваколле — водар бэзу i сасны. Дыхаеш i адчуваеш, як прыбываюць сілы. За адзін дзень я намнога паздаравеў. Цудоўная рэч — жыццё!
Гуляючы, я ўбачыў, што аднаму з байцоў, якога выпісалі са шпіталя, аддалі яго франтавы рэчавы мяшок. Значыцца, у асобных выпадках рэчы раненых вязуць разам з імі ў тыл.
Я кінуўся да сваёй сястры.
— Жэня, мілая, там сяму-таму аддаюць ix рэчы. Можа, i маё што ёсць? Ці нельга даведацца?
Яна ўсміхнулася цёпла, ласкава, у яе заўсёды кожнаму раненаму такая ўсмешка — як сённяшні майскі дзень.
— А што ў вас, скарб там, што вы так хвалюецеся?
Я на момант сумеўся, але тут жа вырашыў прызнацца шчыра, яна разумная i чулая дзяўчына, масквічка, дачка прафесара.
— Дзённік у мяне.
— Дзённік?
— З пачатку вайны я вёў дзённік.
Я не памыліўся, яна зразумела.
I вось — якое шчасце! — ён зноў у маіх руках, знаёмы, родны, зашмальцаваны агульны сшытак, дробненька спісаны ў кожкую клетачку — трэба было эканоміць паперу.
Я сяджу адзінока ў дальняй альтанцы пад соснамі i размаўляю з ім, як з самым верным другам. Перагартаў, перачытаў, успомніў… Апошні запіс, які абрываецца словам «сказалі». Я не мог дапісаць, што сказалі маёру Жураўлёву…