У краіне райскай птушкі
Шрифт:
Відаць было, што папуасы зразумелі яго. Яны ўхмыляліся, пляскалі яго па плячы і казалі: «уян, уян».
Ля дзвярэй стаялі жанчыны і дзеці і здзіўлена глядзелі на рэдкага госця.
Чунг-лі цяпер ужо быў задаволены, што так здарылася і што ён зможа адпачыць і паспаць як мае быць. Бо назаўтра яго чакала вельмі небяспечная справа…
Тым часам зусім стала цёмна. У гэтых месцах ноч надыходзіць адразу, раптам. Увесь год цямнее а сёмай гадзіне, і ноч і дзень маюць па дванаццаць гадзін, з невялікім ухілам, бо Новая Гвінея ляжыць недалёка
Мора было чорнае: аніводнай хвалькі не было на ім.
Аднак жа папуасы не мерыліся ісці спаць. Яны зноў сталі рыхтаваць свае лодкі.
І мора загарэлася!.. Ад кожнага руху лодкі, асабліва вясла, вада запальвалася, бруілася бледным полымем. Здавалася, што ўсе лодкі плывуць у агні, а ў некалькіх кроках некранутая вада ад гэтага здавалася яшчэ чарнейшай.
Але ніхто з жыхароў не звяртаў увагі на гэтае прыгожае з'явішча. Усе ўжо з маленства прызвычаіліся да яго. Чунг-лі таксама не раз бачыў гэтае святло, хоць і не ведаў, што яно паходзіць ад мікраскапічных жывёлінак, якія свецяцца, як нашыя чарвячкі-светлячкі або гнілое дрэва.
У лодку села па тры-чатыры чалавекі. У левай руцэ кожны трымаў запалены факел з сухога пальмавага лісця, а ў правай — піку з некалькімі вострымі канцамі, прызначаную спецыяльна на рыбу. Пасярэдзіне лодкі быў раскладзены агонь, ад якога яны запальвалі свае факелы. Яны запрасілі і Чунг-лі ехаць з імі, але ён адмовіўся, бо быў вельмі змораны.
На моры ў цемры рассыпаліся і заварушыліся агні: вось адзін кінуў сваю піку ў ваду і зараз жа выцягнуў рыбіну, якую спрытна зняў пальцамі нагі.
Доўга глядзеў Чунг-лі на такую цікавую рыбную лоўлю, але трэба было ісці спаць.
Ен увайшоў у хаціну і лёг на нары. Пад бокам было паслана пальмавае лісце, а замест падушкі прыстасаваны некалькі бамбукавых жэрдак.
Ен зараз жа заснуў і нават не чуў, калі вярнуліся лаўцы.
II
Еўрапейская станцыя. — Выгадны гандаль. — Гумавая плантацыя. — «Каляровыя» рабочыя. — Паны і падпанкі.— Зварот Чунг-лі.— Папаўся!..
Кіламетраў за дзесяць ад вёскі папуасаў, на ўзвышшы, стаяла «станцыя», або «факторыя», як завуць сялібы еўрапейцаў у такіх дзікіх месцах.
Звычайна такія станцыі з'яўляюцца прадпрыемствамі капіталістаў. Напрыклад, перад вайной [3] амаль што чвэрць Новай Гвінеі была ў руках адной нямецкай гандлёвай фірмы. Другая чвэрць — у руках англічан, а палова — у галандцаў.
Пасля вайны нямецкую частку адабралі англічане, і Новая Гвінея аказалася падзеленай паміж Англіяй і Галандыяй.
3
1914–1918 гадоў.
Наогул трэба сказаць, што капіталістычныя дзяржавы гандлююць гэтымі астравамі, як таварам: мяняюць,
А людзі жывуць, працуюць і нават не ведаюць, што, можа, дзесьці ў Лондане ці Парыжы ў гэты самы час іх хтосьці камусьці прадае.
У розных зручных месцах фірмы закладваюць плантацыі і гандлёвыя пункты.
Тая станцыя, аб якой тут ідзе гутарка, належала да адной англійскай фірмы, якая шмат іх мела ўздоўж усяго ўзбярэжжа. На гэтай станцыі разводзіліся гумавыя, або каўчукавыя, дрэвы. Але, як гандлёвае прадпрыемства, яна не адмаўлялася і ад іншых гандлёвых спраў.
Пасля гумы галоўнае месца займала «копра». Копра — гэта разрэзаныя і высушаныя какосавыя арэхі. У Еўропе з яе робяць какосавы алей, які ўжываецца ў рознай вытворчасці, напрыклад, у мылаварнай.
Яе прывозілі галоўным чынам з суседніх астравоў, якіх шмат было навакол.
Станцыя і сама вырабляла копру і купляла ў папуасаў. Раней за якую-небудзь шкляную цацку можна было атрымаць мех копры, але цяпер папуасы паразумнелі і патрабавалі сякеру, нож ці яшчэ што карыснае.
Бліжэй да мора стаяў галоўны дом, у якім жылі начальнік станцыі містэр Скот і яго памочнік містэр Брук.
Дом быў лёгкі, з дошак, і стаяў на слупах — таксама, як і папуаскія хаціны.
Навакол усяго дома ішла веранда, на якую выходзілі вялікія вокны. У некаторых вокнах замест шкла былі густыя сеткі. Яны абаранялі ад маскітаў і разам з тым прапускалі свежае паветра.
Каля дома раслі пальмы, бананы, эўкаліпты і розныя іншыя дрэвы гарачых краін.
На верандзе на плеценых крэслах сядзелі містэр Скот і містэр Брук, апранутыя ва ўсё белае, як звычайна ходзяць у гэтых краях еўрапейцы.
Містэр Скот быў высокі мужчына, гадоў пад сорак. Чысты, голены твар яго выказваў гордасць і самаўпэўненасць. Ен заўсёды быў спакойны. Спакойна выслухваў непрыемнасць, спакойна загадваў біць насмерць якога-небудзь слугу, калі той завінаваціцца ў чым. Ніколі не крычаў і не злаваў, бо яго крык быў бы вялікім гонарам для таго чалавека, на якога ён крычыць. Быў спакойны і ў вясёлы час.
Самае большае, што ён мог сабе дазволіць, — гэта ўсміхнуцца, размаўляючы з сваім братам-еўрапейцам. І рабіў гэта ён толькі ў тутэйшых краях, а ў Англіі ён з больш-менш простым чалавекам і не размаўляў бы.
Ен быў шляхетнага паходжання і марна страціў усе свае грошы. Сюды прыехаў таму, што, па-першае, ён тут атрымліваў вялікую плату, а па-другое, што ў гэтай невядомай старонцы наогул можна пажывіцца.
Яго памочнік, містэр Брук, быў зусім іншага складу: нізкі, тоўсты, зласлівы. Ен меў сорак пяць год і за свой век змяніў шмат прафесій: і вайсковым быў, і на моры служыў, і пропаведзі ў царкве гаварыў, і ў тэатры працаваў,— і нідзе не меў удачы праз свой характар.
Толькі тут ён быў прыгодны. Тыя рабочыя, якімі ён распараджаўся, не маглі нічога яму зрабіць, а містэра Скота ён вельмі паважаў і баяўся.