Вайна забiвае нявiнных (на белорусском языке)
Шрифт:
Майк Х'юст узрушана, з салодкай напружанасцю сцiскаў аўтамат i па пыльнай дарозе iмчаў у калоне бранятэхнiкi...
Служба ў амерыканскiм войску была пачэсным заняткам, а ўжо непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях па абароне дэмакратыi ў любой кропцы зямнога шара лiчыўся нацыянальным геройствам...
Згаданае падраздзяленне было не звычайным, а спецпадраздзяленнем, створаным перад самай адпраўкай у "гарачую" кропку. Кожны ведаў толькi iмя i прозвiшча таварыша па зброi i больш нiчога. Тлумачачы важнасць i сакрэтнасць спецзадання, камандзiр падраздзялення строга забаранiў усялякiя размовы на "вольныя"
Акрамя густой завесы сакрэтнасцi, камандзiру падраздзялення, перад пачаткам ваенных дзеянняў, было жорстка загадана па магчымасцi пазбягаць прамых сутыкненняў з працiўнiкам, акрамя вострай неабходнасцi, прадыктаванай непасрэднай пагрозай жыццю падначаленых. Нi спецыфiкi задання, нi накiрунку сваiх дзеянняў нiводны спецназавец не ведаў ды i не надта цiкавiўся, прывыкшы давяраць камандзiру i выконваць яго загады.
Камандаваў спецпадраздзяленнем саракавасьмiгадовы палкоўнiк Фрэнк Баснер, якi неаднойчы нюхаў порах у розных "гарачых" кропках i меў шматлiкiя ўзнагароды за ўдзел у баявых дзеяннях. Гэта быў мужны i правераны на справе афiцэр, таму менавiта яму даверылi i спецпадраздзяленне i выкананне задання.
Праўда, i сам камандзiр не вельмi дакладна ўяўляў мэты i задачы, акрамя агульнага: iсцi за асноўнымi наступальнымi сiламi, выяўляць магчымыя фармаваннi працiўнiка ў тыле сваiх войскаў, збiраць весткi аб настроi мясцовых жыхароў i iншыя дробязi. Было, як лiчыў палкоўнiк, i галоўнае - ён меў загад падтрымлiваць пастаянную сувязь з генеральным штабам у Брусэлi. Апошняе i пераконвала камандзiра спецназа, што iм выконваецца цi, па нейкаму асобаму загаду з генштаба, будзе выконвацца штосьцi надзвычай важнае, iнакш для чаго такому маленькаму чыну сувязь з генеральным штабам, ды яшчэ з самiм камандуючым усёй аперацыяй.
Камандзiр спецпадраздзялення i не здагадваўся, што з першай хвiлiны ўзначальвання iм гэтай невялiкай баявой адзiнкi ён пачаў выконваць спецыяльнае заданне, за якiм вачамi генеральнага штаба сачыў сам Прэзiдэнт Злучаных Штатаў Амерыкi.
* * *
Масква насцярожылася. Вестка аб натаўскай, як тут лiчылi, агрэсii супраць невялiкай дружалюбнай эўрапейскай дзяржавы без важкiх на тое прычын i, галоўнае, без дыпламатычных намаганняў узняла хвалю адназначнага пратэсту ў вышэйшых колах улады.
Людзi на вулiцах, на кухнях таксама гаманiлi i асуджалi такую крайнасць, як ваенныя дзеяннi, але людзi толькi тое i маглi, што пратэставаць супраць чагосьцi цi пляскаць у далонi, падтрымлiваючы штосьцi, ствараючы гэтым адмоўны альбо станоўчы фон. Фон гэты па аднаму i таму ж пытанню, як правiла, мае эфект "палкi з двума канцамi".
Вось i сёння на адным канцы "палкi" - у Маскве, людзi сурова асуджалi агрэсара, а на другiм канцы - у Вашынгтоне, людзi захаплялiся чарговым "вiдовiшчам", услаўляючы гераiзм i правiльнасць дзеянняў сваiх салдат сейбiтаў дэмакратыi.
Магутны паток iнфармацыi i дэзiнфармацыi рабiў сваю справу, узрушваючы мiльёны людзей, ствараючы неабходны кожнаму "канцу палкi" фон...
Масква насцярожылася.
Савет Бяспекi, тэрмiнова склiканы Прэзiдэнтам Расеi, разглядаў адно пытанне: "Што рабiць?!"
Члены Савета Бяспекi ведалi, што яны будуць рабiць, бо двух меркаванняў ужо даўно ў Крамлi не было - рабiлi ўсё тое, што загадваў Прэзiдэнт, нават калi ён часцяком памыляўся. Тады "памылялiся" за iм i ўсе дарадцы i ўся Расея. А праз некаторы час памылкi спiсвалiся на пошукi новых падыходаў у вырашэннi стратэгiчных задач, на недасканальнасць законаў, на надвор'е i на iншае...
– Сёння памылкi не павiнна быць!
– пачаў нараду Прэзiдэнт.
– Сёння нам зноў плюнулi ў твар, не хаваючы гэтага. Выцерцiся i прамаўчаць немагчыма - наш адказ павiнен быць адпаведным... Якiя будуць прапановы?.. Вашы?
– i Прэзiдэнт глянуў на мiнiстра абароны.
Мiнiстр ускочыў з месца:
– Як загадаеце, таварыш Галоўнакамандуючы!
Прэзiдэнт зморшчыўся:
– Зноў я... А вы? Што б вы рабiлi на маiм месцы ў такой сiтуацыi?
– На Вашым месцы я нiколi не буду, таварыш Галоўнакамандуючы, але выканаць любы Ваш загад гатовы!
– адрапартаваў ваенны мiнiстр.
Прэзiдэнт не здолеў схаваць самазадаволеную ўсмешку:
– Добра, добра... Ведаю... Ну а ракеты? Спадзяюся, вы не перанацэльвалi iх з буйнейшых гарадоў i важнейшых аб'ектаў у нiкуды, як намi было афiцыйна заяўлена?
– Не, таварыш Галоўнакамандуючы! Стратэгiчныя ракеты, з першага дня пастановы на баявое дзяжурства, трымаюць пад прыцэлам усю зацверджаную Вамi стратэгiчную сетку тэрыторыi верагоднага працiўнiка...
– Не верагоднага, а ўжо рэальнага!
– перабiў Прэзiдэнт мiнiстра. Працягвайце, я слухаю...
Мiнiстр працягваў:
– Нашы падводныя лодкi таксама прыведзены ў стан павышанай баявой гатоўнасцi ўздоўж узбярэжжа альянсу - пуск балiстычных крылатых ракетаў гатовыя ажыццявiць у любы момант па Вашаму загаду!..
– А чым дыхае космас?
– пацiкавiўся Прэзiдэнт.
– Думаю, што верагодны... прабачце, рэальны працiўнiк не дагадваецца, што нашы касмiчныя навiнкi ператвараюць iхнi супрацьядзерны славуты парасон у звычайны парасон ад дажджу.
– Ну дык што?!
– абвёў прысутных запаленым поглядам Прэзiдэнт.
– Абатромся i прамаўчым цi пакажам гэтай зажраўшайся дэрмакратыi, адкуль ногi растуць?! Сядайце!
– задаволена кiўнуў ён ваеннаму мiнiстру. Зноў абвёў усiх поглядам i працягваў: - А што чуваць у нашым мiнiстэрстве замежных спраў?
Мiнiстр замежных спраў устаў, адкашляўся.
– Што тычыцца пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыi дружаскай нам дзяржавы, нiводная дзяржава-агрэсар не толькi не ўведамiла нас, але i не спрабуе тлумачыць матывы такой дзёрзкасцi нават у Савеце Бяспекi ААН. Наш запрос у дзяржаўны дэпартамент ЗША аб прычынах i мэтах агрэсii, па сутнасцi, застаўся без тлумачэння. Нам адказалi, што i Расея павiнна быць зацiкаўлена ў тым, каб дэмакратыя ўсталявалася паўсямесна, кiваючы i на нашы ўнутраныя справы...