Закрываўленае сонца
Шрифт:
– Добрую школу, таварыш Бурак, маеце, прынамся звонку.
– сказаў афiцэр голасна Косьцiку.
– Самi будавалi?
– Да, самi, - адказаў Косьцiк.
– Пачалi пры Грамадзе, пасьля-ж...
– Гэта Грамада, каторую Палякi лiквiдавалi, цi як?
– Да, та самая.
– Ага, ну харашо, - разглянуўся афiцэр.
– Пойдзем у сярэдзiну?
Гэтта Косьцiк зiрнуў на Шпунта.
– Будзьце добры, таварыш камiсар, - паказаў на Лявона, - пазнакомiцца: гэта наш месны акцiвiст i мой харошы друг з падпольнай работы, Лявон Шпунт.
– Очень приятно, - сказаў маскаль, падаўшы Лявону
– Будьте любезны, заходите, - запрашаў Сабакевiч.
За афiцэрам i мясцовымi камунiстамi пайшлi маскоўскiя жаўнеры, а пасля лiтоўскiя сяляне. Адно шафёры трымалiся грузавых машын, каторыя абступiлi дзецi. Сяляне ўваходзiлi ў школу павольна, некаторыя доўга мяркавалi як прысесьцi на цесных вучнёўскiх лаўках.
Пераступiўшы парог, Янук Бахмач здрыгануўся. Нехта яго балюча ўшчыпнуў за мяккое месца. З правага боку за дзьвярмi ў паўцемры сьмехам расплылася грамада дзяўчат-падлёткаў. Здалося, што дзесь мiж пуцатых твараў мiльганулi вочы-васiлькi й дзьве ямачкi ля гарэзьлiвага роцiку. Янук наважна схапiў за руку Дунiну сяброўку Клаву, адцягнуў яе на бок i цяпер пазiраў у насьмешлiвы вясёлы тварык.
– Гэта ты што, куранё такое галапупае, шчыпацца будзiш? Я-ж цябе зараз!
Дзяўчаты пырскнулi звонкiм сьмехам, а Дуня, быццам мiж снапоў, шмыгнула мiж людзей у дзьвярох. Янук замарудзiў, пакуль пралез праз шчыльную сьцяну целаў.
Калi выглянуў на двор, дык зь левага боку ля вугла мiльганула кароткая спаднiца й босыя пяты. Хлапец узяў направа й павярнуў за вугал. Дуня спасьцерагла яго раней i нацянькi, празь Сявенкаву нiву мецiла на казлы з канюшынай. Дабегшы, дзяўчына-рагатуха раптоўна затрымалася. Твар прамянiўся гарэзьлiвай уцехай, ажно паглыбелi на шчоках ямачкi. Пад прыгожай ружовай сукенкай уздрыгвалi грудзi-пупушкi.
Ня мог затрымацца з раптоўнага разгону Янук. Аблапiў дзяўчыну й абое павалiлiся ў мяккую мядова-духмяную канюшыну. "Куранё галапупае" заходзiлася сьмехам, як мага адпiхала хлапца, а Янук шчыпаў яе за бакi.
– Пi-ха-ха-ха... пiрас-ха-ха-ха... пiрас-стань, дурненькi! Пiрастань! Ха-ха-ха!
– прасiлася й задыхалася сьмехам Дуня.
Яна спрабавала адкацiцца, каб пазбыцца Януковых рук, але хлапец яшчэ больш насядаў. Дунiн твар налiўся чырваньню й яшчэ больш пахарашэў. Мяккая шаўковая сукенка, каторую Янук бачыў першы раз, лашчыла дзявочую сярэдзiну й нiз яе загалiў каленi. Адкуль нi вазьмiся, Янука апанавала тая самая млявасьць, як тады ў Дунiнай хаце. Духмянасьць сьвежай канюшыны п'янiла галаву, а ў скронях зноў пачалi малаточкi малацiць. Шорсткiя рукi, што ведалi адно пастухова пугаўё, граблi цi поручнi плуга, спынiлiся й шоўк лашчылi.
– Ты, кураня гала...
Ён не даказаў. Дзяўчына раптоўна спынiла сьмех. Адно хвалявалiся грудзi, а ў вачох-васiлькох прытаiлiся гарэзьлiвыя, на паядынак выклiкаючыя агеньчыкi. Памякчэла пругкае дзявочае цела. На ледзь адчыненых вуснах затрымалася пасма пышных валасоў. Шырэй адчынiўся роцiк i валосамi забаўлялiся белыя зубкi. Вочы-васiлькi туманом зацягнула. Дзе гэта штосьцi падобнае бачыў Янук? Цi нi такiя вочы былi ў каровы, калi ей пабегаць прырупiла? Засмужаныя дзявочыя вачаняты сталi да нясьцерпнага болю прынаднымi, яны вабiлi й калолi, дурманiлi й нешта жывёльнае, да гэтага часу нязьведанае ўнутры будзiлi.
Дзесь воддаль усхадзiлiся, як мiж курэй перад налётам коршуна, дзявочыя пiсклявыя галасы й загудзеў матор. У канюшыне чырыкалi сьвяршчкi, а легкi вецярок забаўляўся буйным Януковым чубам. На могiльнiку дзярла глотку варона. Янук крадком зiрнуў на голыя Дунiны ногi, напоўнены нейкiм незразумелым жаданьнем чароўны тварык i ў ап'янелай галаве паўстаў суцэльны хаос, на лбе выступiў пот. Нешта таўхала ды намаўляла, каб даболю сьцiснуць у вабдымках гэта "куранё галапупае", але адвагi не хапала.
– Янучок, любiш мяне?
Словы прыляцелi на крыльлях ласкава-пяшчотнага ветру. Ды не. Бачыў як паварушылiся прынадна-мiлыя вусны.
– Га?
Голас Янука быў глухi, быццам чужы.
– Пытаюся, цi любiш мяне, дурненькi...
Цяпер-бы ўскочыць, колькi мага сiлаў ходу даць, дзесьцi ў нару глыбокую залезьцi. Такога ад яе не чакаў. Пачалося ад звычайнай дзiцячай гарэзьлiвасьцi. Пажадальныя аганькi ў вачанятах-васiлькох i той прывабны роцiк волю забралi. Твар набух сарамяжлiвай чырваньню.
– Калi любiш, дык пацалуй, - дрыготкiм, ледзь чутным голасам сказала Макатунiшка.
Учэпiстыя рукi схапiлi Янукову галаву й да ягоных вуснаў прылiп той прывабны роцiк. Аж дыханьне забрала, калi шчыльна прытулiлася да яго дрыготкае дзявочае цела. Дунiна пажадальнае дрыжэньне перадалося Януку, узбурыла ягонае нутро,. Ашаломлены, хлапец iрвануўся, устаў на поўны рост. У вачох дзяўчыны мiльганула зьбянтэжанае рашчараваньне. Быццам для абароны ад няўхiльнага ўдару, рукой закрыла твар.
Янук кiнуўся наўцёкi. Збоку мiльганулi й схавалiся за казламi з канюшынай квяцiстыя хусткi. Выбухнуў голасны сьмех. Януку здавалася, што з сораму памрэ. Падгледзiлi. Як-жа цяпер каму на вочы паказацца, калi возьмуць ды перакажуць? Вусны гарэлi першы раз зьведаным цалункам, раптоўнымi штуршкамi намагалася вырвацца з грудзей сэрца.
Блiзу школы запаволiў ход. Даўгiя ценi будынкаў i дрэваў даўно расплылiся ў шэрым зьмярканьнi. Янук спынiўся й на поўны рот зачарпнуў паветра. Школьныя вокны ўжо гарэлi сьвятлом. Здавалася, што ўзмоцнiлi свае чырыканьне сьвяршчкi. На бальшаку раптоўна блiснулi аўтамабiльныя сьвётлы. Машына запiшчэла тармазамi й спынiлася. Шафёр выскачыў з кабiны.
– Таварышч, мала! Яшчо, яшчо раз!
– крычэлi дзецi.
– Давольна раз! А ну-ка давай, пацаны, сьлiзайця! Давай пабыстрэе!
– Таварыш, яшчо раз падвязi!
– Нет, давольна, сьлiзайця!
Дзецi караскалiся з кузава неахвотна, ад машыны не хацелi адыходзiць. Янук пастаяў, зiрнуў на сьвётлы ў вокнах будынку ды накiраваўся ў шырака адчыненыя дзьверы, адкуль то пырхаў матылём, то бубнеў шаршнём нейкi нячуты да сяньняшняга дня голас.
12
У дзьвярох стаўклася непаседлiвая, цяпер-жа надзiва прыцiхлая малеча. Янук працiскаўся асьцярожна, азiраўся на бакi, каб адкуль штурхаля не атрымаць.
Заля, як тыя старэйшыя казалi, бiтком набiта была. Нiколi ня бачыў Бахмач гэтта так многа народу. Занятыя былi ўсе лаўкi, людзi па кутох стаялi. У нос дала задуха й едкi смурод карашкоў. Жаўтаватая столь схавалася за суцэльным палатном шэрага густога дыму, што нагадваў валакно лёну, каторае мацi некалi дбайна часала на густых, набiтых у дошку цьвякох. Праз шырака адчыненыя вокны валакно паволi рухалася на двор.