Закрываўленае сонца
Шрифт:
Пры апошнiх словах камiсар усьмiхнуўся, адылi ўсьмешка была няшчырай. Зь сярэбранай папяросьнiцы ён выняў даўгую папяросу. Косьцiк чакаў ужо зь сярнiком. Заля пажвавела, людзi раiлiся пра пачутае.
– Агульна хачу заўважыць, - прадаўжаў, зацягнуўшыся й выпусьцiўшы хмару дыму камiсар, - што я, улiчваючы агранiчаны час, не магу, а таму й ня буду iмкнуцца ўваходзiць у падробнасьцi ўсiх працэсаў i зьмен, каторыя для агульнага дабра прынясла вам савецкая ўлада. Магу адказаць вам толькi на галоўныя пытаньнi, каторыя падробна могуць паясьнiць вам нашы палiтрукi й актывiсты на сабраньнях, што адбудуцца ў вас. Я перакананы, што
Устаў Кмiтаў Тодар.
– Таварыш камiсар, вы от сказалi, што дадуць зямлю панскую тым, каторыя нi маюць зямлi саўсiм, цi мала яе маюць. Ну а як будзiць у нас з тымi, каторыя многа зямлi маюць? У нас-жа i такiя ёсьць.
– Я раней сказаў, што кожны палучыць зямлi столькi, колькi зможа апрацаваць. Значыцца тыя з вас, каторыя мелi многа зямлi й наймалi рабочую сiлу, ня змогуць самi апрацаваць яе. З гэтага выходзiць, што й месныя кулакi мусяць аддаць лiшкi зямлi. Савецкая ўлада забараняе эксплуатацыю чалавека чалавекам. Ясна вам?
На залi пачуўся гоман.
– А калхозы цi будуць у нас, таварыш камiсар?
– голасна спытаўся Тодар.
Камiсар не сьпяшыў з адказам. Ён перш уважна агледзеў Тодара.
– Гэта ад вас самiх будзе залежыць, - сказаў.
– А цi праўда гэта, што ў калхозах жывуць людзi так добра, як байцы нам расказваюць?
– прадаўжаў Кмiта.
– Гэта што байцы вам расказваюць, усё дакладна й правiльна. Ды вы-ж памяркуйце самi: усе сяляне нашага неаб'ятнага Савецкага Саюза цяпер у калгасах. Яны пераканалiся ў перавазе калгасаў над адзiналiчнымi гаспадаркамi й самi ў калгасы пайшлi. Iх нiхто ня прымушаў i прымушаць ня мог. Ды як-жа? Вам ужо вядома, што ў Савецкiм Саюзе няма эксплуататараў i эксплуацiраваных, ды i ўладарамi самой дзяржавы ёсьць ня хто другi, а рабочыя й сяляне. Выбраныя народам дэпутаты кiруюць дзяржавай. З гэтага паўстае пытаньне: цi-ж яны, як i наагул усе людзi, маючы ўладу ў сваiх руках, будуць самi сабе шкоду рабiць? Ясна, што не. Народ сам ёсьць гаспадаром. Народ сам аб усiм клапоцiцца для свайго й дзяржаўнага дабра. Значыцца, калi ў Савецкiм Саюзе ўсе сяляне ў калгасах, калi яны, маючы ўладу ў руках, маглi ў калгасы ня йсьцi але ўсе зь вялiкiм эмтузiязмам пайшлi, значыцца калгаснае жыцьцё гэта вышэйшая й лепшая ступень зямельнай гаспадаркi i я перакананы, што ў будучынi вы ў гэтым пераканаецеся й пастроiце ў вашай дзярэўнi калгас.
Гэткi, здавалася, грунтоўна-лёгiчны адказзадаволiў прысутных.
– Хачу сказаць вам, - зноў гаварыў камiсар, - што савецкiя ўлады зробяць усё магчымае, каб вы зразумелi новыя парадкi. У вас будзе многа пытаньняў i магчыма, што гэты пераход з польскага рабства ў жыцьцё, дзе вы самi будзеце гаспадарамi, будзе нялёгкi. З гэтай мэтай будуць у вас мiцiнгi, будуць прыяжджаць нашы палiтрукi, ды i я сам лiчна буду заглядаць да вас, каб памагчы вам. Таварышч Сталiн дбае аб вас, як i аб усiх другiх. Верце, што мы не пашкадуем для вас нi сродкаў, нi часу.
Маршалкаў сеў, пацягнуў папяросу й праз дым углядаўся ў дзеда Якуба. Пасьмялелi на залi галасы. Чакалi нечага новага. Лявон устаў з-за стала, падыйшоў да Косьцiка й нешта спытаўся. Косьцiк кiўнуў галавой. Лявон сеў на сваё месца, а Косьцiк узяў голас.
– Прашу слухаць! Цiха будзьце!
– сказаў голасна.
Прысутныя сьцiхлi.
– Таварышч Шпунт хочыць сказаць нешта важнае.
Лявон паправiў гальштук, адкiнуў валосы назад, устаў.
– Маё гэта самае дзела, так сказаць, касаiцца ведаiця самi чаго...
Ён зацяўся, зiрнуў на Косьцiка, Маршалкава.
– Учорака я... значыцца мне сказалi павесiць лозунг на школьнай сьцяне. Мне во гэты... Пiлiпаў Арсень памагаў. Знаiця самi. I вы-ж, гэта самае, знаiця што сталася...
Лявонаў голас пачаў дрыжэць, дзяцюк зачырванеўся, цяжка дыхаў. Зноў зiрнуў на начальства й зачарпнуў сьвежай адвагi. Мясцамi ў залi пачуўся сьмех пры згадцы што сталася зь Лявонавым клiчам i ўчарашнi "драгомiшч", спасьцярогшы гэта, злосна блiснуў вачмi.
– Гэта вам ня сьмешачкi! Хто спаскудзiў? Савецкая ўласьць i таварышч Сталiн вас асвабадзiлi, а вы што? Нехта такое зрабiў, а вам сьмешачкi! Врагi народу, контра!
Лявон крычэў. Камiсар, мусiць зьбянтэжаны такiм зваротам справы, нахiлiўся да Сабакевiча й той яму нешта тлумачыў.
– Я вам скажу от што: гэтага чалавека, цi сколька iх там было, мы знайдзiм i яны будуць атвiчаць па новаму савецкаму закону за гэткi крымiнал! А як-жа! Па новаму савецкаму закону, я вам чэснае слова даю!
Лявон спынiўся, аглядаў людзей. Зрок ягоны затрымаўся на нафуфырыным Пятуху й рыжы, кудлаты гультай зь вялiкай заядласьцю пачаў смактаць ужо каторую з чаргi "казiную ножку", ды азiраўся на людзей быццам кажучы: "браточкi, што ён гэта, цi нi на мяне?" Пагроза "новым савецкiм законам" зрабiла сваё. Людзi прыцiхлi. Мо прыгадалi каторыя, што гэны мэдаль "свабоды", каторым гiпнатызаваў iх камiсар, мае другi бок, што "новым савецкiм законам" завецца.
– Я прашу вас, будзьця добрыя, - палагаднеў Лявон, - хто з вас вiдзiў, цi можа чуў хто гэта спэцкаў лозунг, дык прыдзiця й скажыце мне. Калi хто паможыць, дык гэта яму запiшыцца. Хачу каб вы зналi, што гэта наша обшчая задача, значыцца знайсьцi гэтага ворагу народу. Дык прашу вас, памажыця. От я i скончыў.
Лявон раптам сеў. Людзi пераглядалiся. Пачалiся цiхiя гутаркi. Аксеня i Аўдоля паклiкалi да сябе колькi жанчын, у iх лiку i Косьцiкаву мачыху, пачалi шаптацца. Нiтка нечага важнага, вiдаць, пачала снавацца ад Аксенi.
– Как же вы, отец, довольны приходом советской власти?
– зьвярнуўся Маршалкаў да дзеда Якуба.
Дзед павярнуўся, зiрнуў на залю, мусiць каб упэўнiцца, што да яго, а не да каго iншага камiсар гаварыў.
– Гэта вы от мне гаворыце?
– Да, отец.
– Чаму-ж, каб сказаць...
– Сколько вам лет, отец? Верно больше ста?
– Ага, ды ўжо-ж, болi як сто...
– Еслi так, вы верно крепостное время помните?
– пытаўся Маршалкаў.
Выглядала гэта на публiчны допыт, але дзед Якуб не зьбянтэжыўся, адказваў спакойна.
– Чаму-ж не, сынок, помню, каб яго макарэц спапялiў...
– Вот это интересно.
– Яшчэ пiсягi на плячох нашу, каб ня помнiў...
– Это что такое?
– Лупцавалi некалi, от рубцы на целе асталiся.
– Разве так? Поэтому благодарите товарища Сталина, что за длинную жизнь он вам действительную свободу принес.
– Ну Бог яго ведаiць... Як вы кажаце, дык можа й доля праўды ёсьць. Старому нiдаверку пасобiць можна.
На камiсаравым твары зьявiлася няўцямнасьць. Ён нахiлiўся, нешта Косьцiку сказаў. Сабакевiч устаў.