Закрываўленае сонца
Шрифт:
Без далейшай гутаркi, маскаль павялiччыў лiк вульляў на тры ў сьпiсе Пракопавай маёмасьцi.
– Што вы робiце?
– запратэставаў Пракоп.
– Кажу, што тры ўсяго маю, а гэныя пустыя стаяць. Вазьмiце ды праверце.
На бяздушным, прышчаватым твары Пятра Iванавiча ледзь заўважна шмыгнуў праменьчык iронii.
– Нiчего, товарiшч Бахмач, будет шесть.
Фiнальнасьць маскалёвага тону так ашаламiла Пракопа, што першы раз перад тварам тупалобага начальнiка страцiў самакантролю.
– Алесь, глядзi, браток, што-ж гэта робiцца!
– зьвярнуўся да швагры.
– Каб вам нячыстая сiла скуру сьпiсала, каб вас зiмля гэта цяжка спрацаваная нi насiла!
– кiнуўся Бахмач у кленiчы пасьля таго, як перапiшчыкi да доктара Зянькевiча пайшлi.
22
– Ну i ўсыплюць-жа табе цяпер бабы, ягодка мая, - гаварыла да Аксенi Кмiтава Аўдоля. Яна турботна зiрнула на захад, дзе над Гацямi вiсела шырокая цёмная хмара. Дзьмуў спорны вецер i дрыжыкам брала васеньняя золь. Выйшаўшы з будынку НКВД ў Гацях, жанчыны апынулiся пад густым лiўнем. Пасьля таго як iх у сярэдзiне прынялi, нiводнай у галаву ня прыйшло, каб ад дажджу ў той страшнай будынiне скрывацца. Там холадам ад сьцен нясло, мову паралiжавала.
Забеглiся ў вакзал. Станцыя аж душылася ад войска й ня было мовы, каб дзе цёплы кут знайсьцi. Скрылiся пад страхою, а пры першым супыне дожджу рушылi дамоў. галодныя й мокрыя, сьпяшылi цяпер колькi ў нагах моцы. З-за павароту выскачыў вялiкi вайсковы грузавiк. Пакуль жанчыны спасьцераглi, ён плёхнуў на iх вадой з дарожнай лужыны.
– Ах, кабе табе, сынок, бельмы наверх павылазiлi, як ты ня вiдзiш куды едзiш!
Кмiтава пахатуха абтрасла ваду з вопраткi, рукавом выцярла мокры твар i старалася не адстаць ад Аксенi, каторая, цяплей апранутая i лепш абутая чымся Кмiцiха, не звальняла кроку.
– Усыплюць, кажаш, усыплюць... лацьвей iм... А што-ж я вiнавата, га? Казаў той баўтун: "паслужыш прымерам жэншчынам усей рэспублiкi", каб ты чорту нямытаму ўвесь свой век служыў! Ну скажы, Аўдоля, чым я вiнавата?
Аўдоля борзда тэпала збоку ў дзiравых чаравiках, паўсуконным пальце. Каб не мокрадзь, не даймаў-бы так вецер. А там. глядзi, нацягне ды лiне. Жанчына неспакойна азiрнулася назад.
– Дык, ягодка-ж мая, я гэта знаю, алi цi бабы табе памяркуюць? Увiдзiш...
I далей iшлi моўчкi, сушэйшыя месцы па гасьцiнцы выбiралi. I нiхто не прыгадаў найважнейшага, пагрозьлiвага, жахам што поўнiла, што сказаў, пальцам добра пад носам намахаўшы, гацкi кручканосы "анкавiдзiст".
Вандроўка да вышэйшага начальства ня ўчора наклюнулася. Трэба-ж было нейкай справядлiвасьцi на Маршалкава шукаць. Палатно забраў i "хвастом накрыўся". Анi тых падзякаў ад Сталiна, Молатава, Кагановiча, анi нiчога. I трэба-ж было во на такога нядобрага трапiць. Ня было-ж сумлеву, што зьверху ўсе добрыя, сумленныя, спагадлiвыя былi, адно пра народнае дабро дбалi. Дый прыказка кажа, што ў бочку мёду часам лыжка дзёгцю пападзе.
Пасьля доўгiх гутарак пра тое, каб вось гэтую лыжку дзёгцю абмiнуць, а ў самую бочку мёду заглянуць, накш кажучы - справядлiвасьцii нейкай на Маршалкава пашукаць, накiравалiся сяньня ранiцай жанчыны ў Гацi. У сельсавеце параiлi iм дзе Маршалкава
Бальшавiк прыняў iх у сваiм бюро суха й няпрыязна.
– Я-ж вам цi раз казаў, што пасылкi перадаў i дзела з маiх рук. Ня верыце?
Жанчыны лыпалi вачмi, ня ведалi што далей рабiць, да каго йсьцi той справядлiвасьцi шукаць.
– Ну дык што я маю сваiм таварышкам казаць? Яны мне ўжо галаву прадзяўблi, - адказала Аксеня.
Камiсар адказаў не адразу. Уважна пазiраў на жанчын, але думкамi быў дзесь далёка.
– Пачакайце, я вас зараз задаволю...
Пры гэтых словах узяўся за тэлефон. Гаварыў цiха й коратка. Лiтоўскiя сялянкi не дайшлi ладу ў размове гэнай.
– Хадзiце са мной!
– загадаў, апрануўшы шынэль i шапку.
Iшлi галоўнай гацкай вулiцай. Маршалкаў - сьпераду, жанчыны - пару крокаў ззаду. Маўчалi. Бальшавiк павярнуў перш на станцыю, пасьля перасек пляц да шырокага ходнiка, што цягнуўся ўздоўж двух- i трохпавярховых будынкаў, крытых чырвонайа чарапiцай, дзе некалi"ужэнднiкi" й "каляяжы" жылi. Аўдоля першая зiрнула на вялiзную шэрую, з каменя, мусiць, высечаную фiгуру на падстаўцы, што стаяла на цэнтральным месцы малога парку ля вакзалу.
– Глядзi во, - таўханула Аксеню.
Пiлiпава жонка абыякава зiрнула на помнiк чырвонаму дыктатару.
– Скора-ж усьпелi, - сказала.
Ад каменнага твару Аксеня зноў угледзiлася ў сьпiну Маршалкава, быццам там намагалася прачытаць што ў недалёкай будучынi здарыцца. Афiцэр iшоў шпаркiм i роўным вайсковым крокам, рэдка азiраўся. На станцыi стаяў даўгi таварны цягнiк, войска высыпала зь цяплушак на плятформу. Некаторыя несьлi ў кацялкох вар, а ў руках - аграмадныя белыя камякi.
– Што гэта ў iх у руках белае, ягодка?
– Цукар, мусiць.
– Такiя вялiкiя кускi цукру?
– зьдзiвiлася Кмiцiха.
Лязгат буфароў, скрып тармазоў, галёканьне паравозаў, смурод дыму, гамана сотняў людзей. Вялiзны вайсковы мурашнiк ладна павялiчыў цяпер значэньне навет i раней рухавай станцыi. Iшлi на ўсход. Жанчыны спасьцераглi каля дамоў грузавыя аўтамашыны, людзей у мундзiрах чыгуначнiкаў. Некалi добра дагледжаныя, цяпер рыжыя траўнiкi скалясiлi грузавiкi. Скрозь ляжалi паламаныя платы, кучы хламу.
Маршалкаў павярнуў налева, на дарожку абсаджаную гонкiмi маладымi таполямi. Глыбака ў гушчы дрэваў схавалася прыгожая вiльля. Належала яна калiсь багатаму пану Вiлiнскаму. З таго боку чыгунак ягоныя абшырныя i ўрадлiвыя землi прымыкалi аж да мястэчка. I вiльлю гэту, i самога пана жанчыны бачылi раней.
– Куды-ж гэта ён нас, ягодка?
– Нехта, мусiць, надта важны ў гэтым доме жывець, - адказала Аксеня.
На дварэ стаялi аж тры легкавыя машыны й адзiн грузавiк. У ваднэй машыне ззаду сядзела двух у шапках з малiнавымi аколышламi. Адзiн чалавек, мусiць шафёр, нешта калупаўся пад адкрытым верхам аўта сьпераду. Маршалкаў адчынiў дзьверы двухпавярховай вiльлi, прайшоў калiдорам i пастукаўу дзьверы зь левага боку. Не пачуўшы адказу, лёгка прачынiў дзьверы, зазiрнуў у сярэдзiну й кiўнуў жанчынам.