Закрываўленае сонца
Шрифт:
На чыгунцы з-пад Полацку пачуўся гул. Шырэў, рос, разьлiваўся рэхам у прычыгуначнай пушчы. Наладаваныя вайсковым матар'ялам цягнiкi на захад хадзiлi гэтта часта. Пад Дубовiчамi рос пук сьвятла. Ён даўжэў i зырчэў, ды неўзабаве яснай конаўкай разрэзаў густую цемру. Нiзкi, сiпаты сыгнал тузануў лiтоўскай далiнай. "I чаго яму, сiпатаму чорту, трубiць?" - падумаў Янук. "На гэным-жа дубовiцкiм пiраезьдзе нiкагуськi нiма."
У кабiне лёкаматывы ўявiў Бахмач плоскатвараг, касавокага савецкага Ваньку: набрынялая алiвай i мазутай ды гарам "сьпяцоўка", тырчма ўверх казырок шэрай кепкi, а ў роце неадступная, часта гаснучая "казiная ножка" са сьмярдзючых карашкоў. А мо ня так. Мо гэны ў чорным "жалезнадарожным" мундзiры, на галаве ў яго круглая
Цягнiк праiмчаўся хутка i ўлiўся ў гоман гацкае станцыi. У начоўкi цiшыня вярнулася. Янук падыходзiў да гасьцiнцу. Былi ўжо чуваць зь Лiпавiчаў галасы, гул матору. Янук ведаў, што дзяўчаты зьбiралiся й пайшлi мусiць яшчэ да зьмярканьня, ды не спасьцярог каторыя. Цiснулi боты. Адны-адзiныя, што меў, каторыя бацька летась адступiў. Зьбiтыя й палатаныя былi, але ашчаджаў iх Янук, бо ведаў, што iншых не здабыць яму цяпер. Сьвiтка таксама зь плячэй бацькавых. Не пакажашся-ж на вечарыну босы ды ў вадной кашулёнцы, асаблiва-ж калi сьцюжай праймае. Сьвiтка была паўсуконная. Хоць крыху й завялiкая, але што зробiш. Падрасьце, заробiць, тады й касьцюм будзе.
"Можа лепi было-б узяць з сабой доктаравага Стася", - думаў Бахмач. Ды надта-ж нястрыманы хлапец быў зь яго. Языку поўная воля, а галава - пляшка цёмная. Калi што туды трапiць, - нагнi й вылi, - нi кроплi сабе не пакiне. Язык - жорны. Зусiм па бацьку пайшоў, адно стары Зянькевiч усвоiў мудрасьцi жыцьця й памяркоўна сваё трапло ўжывае.
Адчуваў Янук, што падарожжа на вечарыну рызыкоўнае было. А што будзе, калi Дуня цi каторая дзяўчына танцаваць яго выцягне? I што будзе, калi ня будуць патрапляць у танцах яго ногiў мулкiх бацькавых ботах? Ад сораму згарэць давядзецца. Сустрэнь тады доктаравага гарлапана. Ён пры людзях рогатам паедзе.
Янук затрымаўся на чыгуначным пераезьдзе. Глуха гудзелi тэлефонныя правады. Зыйшоў з гасьцiнцу й прылажыў вуха да слупа. Гэны навык нарадзiўся ў яго тады, калi першы раз пазнаў цывiлiзацыю. Цягнiкi, тэлефонныя лiнii, школы, - усё тое, што прыходзiла зь верхняга, малаведамага яму сьвету, было для Янука цывiлiзацыяй.
Кажны слуп гудзеў пасвоему. Чаму мелi слупы розны гул? Цi розьнiцу рабiла вялiчыня, таўшчыня, цi гудзелi, зусiм ня слупы, а правады? Дзецi спрачалiся пра тое часта. У школе сорамна было настаўнiка пытацца, каб не абсьмяялi.
Задзёр Янук галаву i ў цемры намагаўся тэлефонным чашкам прыгледзiцца. Былi яны калiсьцi аб'ектам дзяцей i Янук у гэным няхiтрым спорце добра руку набiў. Чашкi былi фарфаровыя белыя й шкляныя сiнiя, цi зусiм празрыстыя. Калi каторы малы вiсус чашку камянём зьбiў дык гонар вялiкi меў, бо спорт гэта не такi лёгкi, як здавацца магло збоку. Вiсус браў сабе ў кiшэню часьць зьбiтае чашкi, значыцца часьць тае цывiлiзацыi ды клаў недзе ў схованку разам зь iншымi чарапкамi й блiскучкамi. Чужое-ж гэта было, пэўнага роду трафей значыцца. Тэлефанiчная адмiнiстрацыя пасьля на слуп усьпiналася, жорсткiм "псякрэвам" мясцовае "быдла" й "хамства" лаяла ды чашкi мяняла. Нейкi мэндлiк цi iншы вадзiмскi пры першай нагодзе "брудным хамам урвiсам" пад насамi пальцам махаў. I калi "псякрэвы" з тэлефоннай канторы панапраўлялi лiнii, а вадзiмскiя цi мэндлiкi пальцамi намахалi, дзецi зноў пачыналi практыкаваць "хто скарэй пацэлiць". Чашкавы спорт у Лiтоўцах меў такое самае права грамадзянства як мячык цi пiкар. Апроч таго ён быў падмацоўваны жаданьнем дасалiць "псякрэвам" мэндлiкам i вадзiмскiм.
"Пра што гаварылi цяпер тэлефонныя правады? Якiя гукi й куды несьлi? Пэўне-ж iншыя чым пры панох", - разважаў Янук, вуха ля слупа трымаючы.
– "I што рабiць цяпер з чашкамi, зьбiваць iх, цi не?"
Ад часу, як "народная ўлада" прыйшла, ня бралiся дзецi за каменьне. Можа ня вырашылi яшчэ, цi цяпер чашкi
Прасторны будынак зь нiзкiм плоскiм, гонтавым дахам - абвiслая па бакох шапка рослай мухаморы - сьвятлом вокнаў i гоманам вечарыны ажыўляў навакольле. Кагадзе пабудаваў яго лiпавiцкi пан у лагчыне, непадалёк гонкiх лiпаў вялiкага саду. Не маглi дайсьцi клёку навакольныя сяляне, навошта той будынак пану спатрэбiўся. Быў-жа ў маёнтку абшырны так званы палац, у каторым цi пералiчыш розныя, памоднаму называныя каморы. Пан меў не адзiн маёнтак. Казалi людзi, што будынак гэты, прастораю мо на пяць вясковых хатаў, калi ня больш, пабудаваў пан для баляў i летнiм павiлёнам назваў. I запраўды, ўжо на зыходзе салодкiх часоў "жэчпаспалiтай" цi раз поўнiўся будынак музыкай, гоманам маладых i старэйшых панкоў. Сяляне-ж, бачачы такое багацьце будаўляных матар'ялаў на роскаш ужытае, словамi й думкамi ў розныя цiкавыя месцы пана пасылалi.
Лiпавiцкi бальшавiцкi гарнiзон меў электрычны генэратар i фiльмовы пражэктар. Часта зыходзiлiся навакольныя сяляне таго цуда на белым палатне паглядзець. Калi трымала пагода, Ленiн ладзiў сваю рэвалюцыю на адкрытым полi або вялiкiм дварэ. Калi-ж капрысiла неба, той самы Iльiч цi Чапаеў грамiў-разьбiваў усялякую "контру" ў новым прасторным будынку, каторы сяляне лiпавiцкай пуняй назвалi.
Пра назоў гэты якраз цяпер думаў Янук. "Гэта ня пуня, а цэлы вялiзны вуль цяперака", - пастанавiў Бахмач, згадваючы гул пчол у каторым вульлi бацькавай пчалiнай гаспадаркi ў летнi вечар. Шырака зьзялi адчыненыя дзьверы пунi. Недзе ў гэным вялiкiм вульлi была адна мiлая пчолка з выклiкам у вачох, што Янукова сэрца казыталi.
Пад шырокай стольлю вiселi чатыры лямпы. Смурод карашкоў, задуха й пот забiралi дыханьне. Два вайсковыя баянiсты гралi "рускага". Цяжка было разгледзець, хто хадзiў упрысядкi ў шчыльным коле людзей. Янук затрымаўся ля парогу. Непадалёк, за дзьвярмi нейкi незнаёмы сiвавалосы дзядзька слухаў двух жаўнераў, што ператрасалi абрыдзелую ўжо трасянку пра дабро калгасаў. Кемлiвы селянiн стаўляў пытаньнi як шпiлькi, уводзiў у азарт чырвонаармейцаў. Дзядзькi й цёткi таўклiся ля дзьвярэй, былi й дзецi.
Янук падыйшоў да кола й праз шчылiну ў цесным вязьме спасьцярог як ёмка хадзiлi ногi двух байцоў. Быццам лёгкiя пеўнiкi кружылi яны навокал дзеўкi. Тая-ж больш павольна, але зусiм зграбна перабiрала нагамi. Час ад часу рукi намагалiся абцягнуць заголеную сукенку. Янук распазнаў Хвядосаву Маньку. Казалi людзi, што каб танцаваць "рускага" дык трэба ў чорта i вытрыманьня пазычыць. Чырвонаармейцы й мясцовая моладзь плёскалi ў такт рукамi, некаторыя-ж, падвыпiўшы добра, на нагах хiсталiся.
Баяны сьпяшылi тэмпа. Плёсканьне й заахвочаньне гледачоў павялiчылi азарт танцораў. З твараў iх цёк сакавiты пот. Вось, здавалася, змогуцца, здадуцца. I ў меру павялiчэньня тэмпа, ацiхала плёсканьне, разяўлялiся ад зьдзiўленьня раты. Калi здавалася, што пырсьне да адказу нацягнутая струна, голсаным заключным скрыпам змоўклi баяны. Шчыльнае кола людзей выгнулася мускуламi, завiхрыла i неўзабаве з моцных вайсковых глотак усплыло гулкае "ура". Два чырвонаармейцы й дзеўка апынулiся на руках пад стольлю. У тым падкiданьнi высака загалiлася Манькiна сукенка. Няведамае жаданьне, наводля таго, што наплыло некалi з Дуняў у канюшыне, млоснасьцю прабегла па целе. Перапоўненая заля забушавала. Нехта аберуч схапiў Янукову левую руку.
– Прышоў, Янучок?
Васiлёк разбуйнеў у новай блакiтнай сукенцы, каторую некалi, выставiўшы тугiя пупушкi грудзей, што так засаромiлi Янука, прымярала перад зубам люстэрка на сьцяне. Янук разгубiўся. Здавалася, што ўсе прысутныя прыглядалiся толькi iм. I ўжо дзе як дзе, але гэтта на публiчнай вечарыне так проста й бясцырымонна ей ня трэба было-б да яго прылiпаць.
– Ну што-ж, Янучок, авечкi табе язык адкусiлi, цi што? Скажы-ж хоць слова.
– Я... гэта-ж самае... ну прышоў...