Закрываўленае сонца
Шрифт:
Ён вырас пасярод сьцежкi вялiкi, магутны й пагрозьлiвы. Ад нечаканасьцi, зь перапалоху хацела крыкнуць, кiнуцца ў густую сьцяну збажыны, але абамлелi, ацяжэлi ногi. Стаяла дрыжачая, няпэўная. Было ў гэтага дзяцюка нешта, што скоўвала яе волю, паралiжавала рухi. Буян, крамольнiк, вязень, начная птушка, крот, што ад уладаў вечна скрываўся, ён у памяцi ейнай юнацкай неадступным гаспадаром стаяў, як нiхто iншы верадзiць сэрца маладое патрапiў. I каб нi бацькi...
– Ага, птушачка, злавiў!
– сустрэў ёмкi, звонкi голас.
– Што-ж, думаеш уцiкаць цяперака ад мяне? Паспробуй!
Не жартавалi валадарныя, наважаныя
– Ты што-ж гэта за старога, крэкчучага ханжу пашла? За зямлi кусок, га? Табе што, мая любоў - гэта гной пад нагамi, каторы таптаць можна?
Прыгадвалася пасьля, што кiнулася ў бок iнстынктоўна, без папярэдняе развагi. Колькi ў нагах моцы, бегла нацянькi праз жыта. Сьцёбалi па твары каласы, займала дыханьне. I як спынiла бег, вялiкiм малатком бiла сэрца ў грудзёх. Усьведамiла, што не так самога цялеснага Сабакевiча, як свае слабасьцi баялалася. Адна маленькая неразвага дый ня будзе павароту назад. Сьведамасьць здрады чалавеку, што гадамi бацькам ей мог быць, iржой разьесьць будучыню. I задаволеная была, што ўстрымалася. Былi сустрэчы й пазьней, але заўсёды на бок ладзiла вiхнуць.
Аж прысядаў, залiваўся браханьнем Мурзiк перад дзьвярмi сяней. Раптам заенчыў, у бок адскочыў. Енк суправодзiў басiсты, злосны Косьцiкаў мат. Марыля забылася пра Валодзьку, заядла таўкла мак, а ў сэрцы нарастала трывога. Пачуўся кароткi й моцны стук у дзьверы. Затрымаўся ў млоснай руцэ над ступай таўкач i мацi разгубленым позiркам кiнула на сына.
Шырака адчынiлiся дзьверы й цьвёрдым, упэўненым крокам увайшоў у пакой Сабакевiч. Чырвоны, новенькi, вышываны ля каўняра кажушок, расшпiленая кашуля, з-пад шэрай кепкi пазiралi буйныя валосы. Косьцiкавы вочы пабеглi насамперш па пакоi, затрымалiся на Валодзьку й пасьля павандравалi на Марылю.
– Што-ж гэта нi адчыняеш? Нi пазнала можа?
Марыля загарэлася чырваньню ў твары й пазiрала ўнiз.
– Сама дома?
Голас намагаўся трымаць лагодным, хоць няцяжка было спасьцерагчы, што рабiў гэта з намаганьнем.
– А ты што, ня ведаеш? Мусiць падпiлнаваў, калi так сьмела ў хату лезеш.
– Што такое падпiлнаваў?
– Ды што майго дома нiма.
– Чорт яго, тое старое парахно, пiлнаваў. Думаеш баюся яго цi што?
– Ну дзе-ж табе баяцца...
– Во, во, правiльна кажаш, Марыля, баяцца мне нiма каго, асобiнна такога старога кулака, як твой.
Косьцiк зрабiў пару крокаў, затрымаўся перад Марылiным сынком. Малы баязьлiва пазiраў на вялiкага дзядзьку ў чырвоным кажуху.
– Як гэта кулака?
– адвярнулася Марыля ад ступы.
– Гэ-гэ, - усьмiхннуўся Ромкаў гаспадар.
– А ты-ж, дурненькая, мусiць i нi панiмаiш. Гэтак савецкая ўласьць называiць людзей, каторыя многа зямлi й багацьця маюць ды чужы труд iспользуюць. Эксплуататары. Памiмаiш? Гэта ўрагi народа. Iх на Сiбiр вывозяць патаму, што яны процi гасударства. Да, врагi народа, iцi iх маць! I твой тожа ўраг народа, кулак!
Вiд заклапочанай, прыгнечанай нечаканым цяжарам ягоных словаў жанчыны мiла казытаў Косьцiка недзе ў грудзях. Гэта тая самая, некалi пераборлiвая дзеўка, пышная ластавачка-гарэза, каторую яму, Косьцiку, нiяк не ўдалося ў рукi свае цапнуць. Цяперака-ж яна вось вось гэтта перад iм, у ягонай сiле. Выцягвай руку й бяры, гарнi да сябе. А як пахарашэла,
Юрлiвым туманам зацягнула дзяцюковы вочы. З салодкай сьведамасьцi, што некалi недаступная дзяўчына цяпер поўнасьцю ягоная, думка раптоўна таўханула ў зусiм iншы бок. Вось пад нагамi вывадак. Цюцелька ў цюцельку парабок Вася. Значыцца стары кулак-ханжа навет i ў пасьцелi ня змог... Косьцiкава каляровае ўяўленьне рэзкiмi штрыхамi намалявала недаступную яму калiсьцi ластавачку-мару ў абдымках нямоглага й крэкчучага Сявенькi. Стары, недалужны клоп на красцы прыгожай. А Васiль парабок, на помач яму... Нешта кальнула Косьцiку пад грудзьмi. А жанчына вось аж дрыжыць ад жаданьня, ёй адно давай ды давай... I за што так жыцьцё згнаiла? За зямлю? Дзе тая зямля цяперака? I чаму-ж яна, - чыстая, прыгожая, жыцьця поўная, - яму першаму не трапiла? Яму - народнаму гэрою, за лепшае шчасьце змагару... Належала-б так. Сьцiснулiся вусны.
– Гэта за тое, што зямлю маюць, дык на Сiбiр iх?
– пыталася Марыля. Дык што-ж, зямлi мець няможна? Учорака-ж сам, мусiць, людзям зямлю раздаваў.
"Сама мяне вядзець", - думаў Косьцiк.
– "Трэба памалу, намёкамi, страху нагнаць, паволi ўсю гэну гордасьць стаптаць. Каб на каленях памiлаваньня прасiла... во як!"
– Гэта чый? Васiлёў?
– спытаў рэзкiм тонам.
Згадка пра Сiбiр напалохала Марылю й яна не адразу на новую хвалю пераключылася.
– Як Васiлёў? Мой!
– адказала цьвёрда. Яна падбегла, узяла сынка-пястунка на рукi, моцна прыгарнула да грудзей, села на лаве пры стале й гладзiла Валодзькавы мяккiя валосы.
– Васiль, увесь чысьценька Васiль!
– бязьлiтасна гнаў у Марылiну гордасьць балючы цьвек Сабакевiч. Ён падыйшоў да жанчыны, схапiў яе за плячо.
– Што-ж, стары клоп дажа дзiця спэцкаць нi сумеў, га? Збоку мусiла шукаць, сучка ты?
У шэрых вачох зазьзялi маланкi. Нiколi ня бачыла iх такiмi Марыля. Гэты чалавек мог лёгка замардаваць. Зь iм няма жартаў. Косьцiк крутнуўся, адыйшоўся, роўнымi крокамi мерыў ушыр i ўздоўж камору. У хаце было цiха, адно паскрыпвалi Косьцiкавы боцiкi. Ён зiрнуў на Марылю й на сына, затрымаўся на вянках прыгожай, адборнай цыбулi пад стольлю, на шастку сьвежых каўбас. Мiльганула думка, што "стары клоп" ужо парсюка закалоць, каўбас нарабiць парупiўся.
– Косьцiк, чаго ты зь мяне зьдзекуешся? Якая я табе сучка?
У голасе гэным чуваць была яшчэ гордасьць, хоць ужо не такая пышная, як раней.
– Я над табой ня зьдзекуюся, Марыля, - палагаднеў Сабакевiч.
– Я толька стаўлю точкi над "i". Панiмаеш?
– Не. Якiя гэта такiя точкi?
– Ну от возьмiм цябе. Паглядзiм, што ты была раней i што сiчас... Дзеўка ты была - кроў з малаком: харошая, красiвая, ну i гордая, жардзiнай носа не дастаць. I я-ж цябе любiў, сама знаеш. Ды i цi толька я адзiн... Ну а ты што? Цi гэта ты каб на чалавека глядзела, як замуж iсьцi? Га? Да нет, адкудава там... Зямля табе, во што! Нi чалавек табе быў важны, но толька штоб зiмля была. Так iлi нет?