Злая зорка
Шрифт:
Але найбольш зацятыя крыкунні распаляліся, не спыняліся перад абразай:
— Бач, ражку наеў. Да Чарнобыля такой не меў.
Крыўдна было слухаць такое. Поўны ён быў i да аварыі — узрост. Нездаровая паўната. Раней не адчуваў яе, цяпер пачуў — сэрца сігналіла. Ад «спакойнага» жыцця. Ад ненармальнага харчавання: часта няма калі паабедаць, а вячэрае ў дванаццаць ночы. Ад таго, што пехатой няма калі пахадзіць. Ды i няма дзе. «На ўзбочыну не сыходзіць!»
Але крыўдаваць на гэтых жанчын нельга. Канешне, паводзяць сябе некарэктна, неінтэлігентна, але трэба ix зразумець. Наша віна: недасведчаныя, неінфармаваныя, жывуць легендамі i страхамі, якіх тут, у Мінску, больш, чым там, у раёне. A ўрэшце, па яго разуменні становішча — дык не так многа ў ix i перабольшання. Каб ён расказаў ім тое, што ведае
Агрэсіўнай была трупа самых маладых, трымаліся яны разам, бліжэй да сцэны, задавалі тон, накалялі атма сферу.
Выручыла Уладзіміра Паўлавіча Галя Быхоўская. Крыкнула маладухам:
— А чаго ета вы раскрычаліся, што наседкі? Дрэнна вам жывецца тут? Кормяць да адвалу. Дзяцей уложыце — на танцы ляціце… А з танцаў некаторыя… куды? Гаварыць сорамна, а то сказала б…
У задніх радах засмяяліся — тыя, што не ходзяць на танцы. Маладыя абурана зашумелі. Адна накіну лася на Галю:
— А сама ты… Можа, не любіш работы етай? Нараджала цэлы ўзвод! А што! I падгульваем. Скажы, старшыня, там нашым мужам. А што нам засталося? Кажуць, дома i пад куст нельга легчы. Засталося нам, бабачкі, толькі здыхаць…
Аднак — во дзівосы! — сціхлі маладзіцы, можа, праўда спалохаліся, што Пыльчанка абвясціць там, у раёне, мужам, як паводзяць сябе ix жонкі ў санаторыях.
Далі яму цэлыя дзве гадзіны пагаварыць. Слухалі ўважліва. Ён расказаў ім пра становішча ва ўсіх населеных пунктах, адкуль маглі быць гэтыя жанчыны, i сказаў суровую праўду аб неабходнасці паўторнага адсялення — у чыстыя раёны. I навуку аб радыяцыі вылажыў — усю, якую паспеў засвоіць сам за тры месяцы, галоўным чынам, ад вучоных, недахопу ў якіх не было; пераконваўся, праўда, што блытанікі вучоныя вялікія, асабліва ў практыцы, якая абвяргала тэорыю.
Атрымаў ад жанчын найвышэйшую пахвалу:
— Во, даўно б так! А то ў Мінску гэтых вучоных як сабак, a ні адзін вачэй не паказваў. Нам жа жыць там. Дык трэба ж знаць…
У гэтым «Нам жа жыць там» кранула змірэнне з асуджанасцю. Але кранула i іншае — у спакойнай размове, у пытаннях — жаночая, мацярынская заклапочанасць, трывога, можа, пра самае складанае: як вучыць дзяцей? Набліжаецца навучальны год. Яны, айцы народа, шмат над чым ламалі дзяржаўныя галовы, а вось пра тыя аспекты, пра якія гаварылі маладасведчаныя жанчыны, не думалі. Маці i настаўніцы даходзілі да ўсяго. Да драбніц, мог бы сказаць бюракрат. Але хіба ёсць драбніцы ў тым, што датычыць здароўя дзяцей!
Вярнуўшыся дадому, Уладзімір Паўлавіч у тую ж ноч напісаў дакладную запіску ЦК i ўраду аб школах. Ставіў праблемы. Рабіў прапановы. Выпрацоўваў мінімальную i максімальную праграмы. Надзіва хутка атрымалі пастанову — час падганяў усіх: школы адкрыць, дзяцей трымаць ад цямна да цямна ў школе, тройчы карміць, у лес, у поле не выводзіць, фізкультурай пад адкрытым небам не займацца — у зоне жорсткага кантролю, з’явіўся i такі тэрмін. А што было мяккае ў ix жыцці?
Усё нібыта правільна. Праявы клопату! Дзяржава брала на свае схуднелыя плечы ўсе расходы. Але… А навошта? Навошта такое навучанне? Пытанне, на якое ніхто не даваў адказу. I пачаўся новы марафон. Пастанова ёсць, а пад пастанову — кукіш. Hi катлоў, ні сталоў, ні посуду. Hi кухараў. Ды i ліміты на харч значыліся на паперы, a ў натуры чысты, не свой, прывезены харч, заставаўся праблемай. Выбівай, галава Савецкай улады! I ператварыўся Уладзімір Паўлавіч у забеспячэнца, намеснікі былі стараннымі памочнікамі, але на рол i выбівалаў не цягнулі. А можа, нехта, напрыклад, штатнікі той жа камісіі, што прэтэндавалі на поўную ўладу ў раёне, зацікаўленыя былі, каб ён, парушальнік спакою i ладу, часцей ад’язджаў у Гомель, у Мінск, у Маскву, у Кіеў, а менш, нахабнік гэткі, «хапаў загрудкі ix», высокіх упаўнаважаных партыі i ўрада.
V
Перабудова не кранула яшчэ форм кіраўніцтва, усталяваных за многія дзесяцігоддзі панавання сістэмы, якую ахрысцілі ў той год адміністрацыйна-каманднай. Але тэхнічныя сродкі i незвычайная абстаноўка ўносілі пэўныя карэктывы
Адзін з абласных кіраўнікоў пры чарговым аблёце раёна бедства ўбачыў з неба — о жах! — што ў зоне нейкі злодзей косіць жыта касою. Раздзьмуў гэты факт да касмічных памераў, тыцкаў ім Пыльчанку ў нос: калгасныя камбайны ён не пускае, збірае падтрымку ў вучоных, піша ў высокія інстанцыі, а тым часам зладзеі ўбіраюць багаты калгасны ўраджай на сваю патрэбу — радыяцыі не баяцца.
Кіраўніка асабліва злавала, што Пыльчанка паставіўся да гэтай крамолы з гумарам. Так, ён лічыў, што падзея не вартая выедзенага яйка, бо адзіночная яна, абагульненне адмёў адразу, вымусіў абласнога лідэра прызнаць, што бачыў той аднаго чалавека. Уладзімір Паўлавіч добра ведаў, хто косіць. Азар Шуба. Але сказаць, што у зоне жыве чалавек i ён, старшыня, ведае пра гэта — тут жа апынешся на бюро абкома ці на пасяджэнні аблвыканкома. А там умеюць ударыць у званы. Прагрыміш на ўсю рэспубліку. Наклеяць такія ярлыкі, якія i ў кашмарных снах не сніў. Чаго добрага, чалавеказабойства прыпішуць. У начальства дзіўная логіка: раз яно паставіла калючы дрот, то там, за дротам, — смяртэльная небяспека, а з гэтага боку — усё нармальна, жыві i радуйся, дзетак у школу пасылай паўз гэты дрот. Логіка такая часта даводзіла Пыльчанку да шаленства.
Паляцела начальства — сеў за руль «газіка» i паехаў у зону. У яго i вароты свае былі — на лясной дарозе, зробленыя Дунцом нібыта дзеля таго, каб лягчэй было раённай міліцыі «накрываць» марадзёраў.
Дзесяціна жыта скошана каля самай дарогі, не хаваўся чалавек. Мэндлікі стаялі, як у сівую даўніну. Здзівіла Пыльчанку толькі, калі па зярнятах на асфальце вызначыў, што снапы вазілі ці насілі не ў сяло, a ў супрацьлеглы бок — у лес. Прайшоўся да павароткі знаёмай i там сцяміў — куды: на Пустаходаву пасеку. Можна не здзіўляцца. Дурань быў бы Шуба, каб не выкарыстаў такую мясціну, такія пабудовы. Спыніў машыну на пад’ездзе да пасекі. Пайшоў пехатою. Выйшаў на знаёмую паляну — пачуў даўно забыты гук: удары цэпа. У імшаніку. На жардзінах вакол будыніны сушыліся i без таго сухія — пераспела збажына — снапы. Там жа, каля імшаніка, стаяў воз. Але каня i збруі нідзе не было відаць.
Сціхлі ўдары цэпа — усталявалася цішыня. Як да стварэння свету, падумаў Пыльчанка. Ці як пасля гібелі яго. Бязветрана. Нямы жнівеньсісі лес. У полі хоць жыравалі чароды шпакоў, збіраючыся ў вырай. Пыльчанка яшчэ падумаў там: пакальцаваць бы ix, ці прыляцяць назад? А тут i цілікання сініцы не чуваць. I ніякага гуку: ні чалавечага голасу, ні машыны, хаця б дал ёкай. Такая цішыня дзіўна зачароўвае. Уладзімір Паўлавіч доўга слухаў яе.
Але мякка ўдарыў у снапы цэп, гахнуў чалавек, праз адчыненае акно вылецеў шызы пылок — i ўсё ажыло. Лес. Вуллі на паляне. Пчол угледзеў — міма праляцелі. Гукі далі жыццё. Не, можа, у большай ступені пах збажыны, данесла праз акно, быццам дыхнула ветрам. I стала Уладзіміру Паўлавічу амаль радасна — што хоць маленькая часцінка хлеба даводзіцца чалавекам да ладу. Сумна i балюча было, калі глядзеў на вялікія плошчы пераспелага жыта, ячменю, аўса, якія палеглі ўжо, дажджы ўваб’юць зерне ў зямлю, яно прарасце. Азіміна закалосіцца i на наступнае лета. I няхай! Сэрца балела, разрывалася на часткі за дабро, а ён ваяваў з «рупліўцамі» супраць таго, каб убіраць гэтыя палі. Бітву гэтую ён прайграў. Касілі ў суседніх раёнах. Касілі свае старшыні — тыя, у каго калючы дрот абрэзаў частку зямлі. Пераканаць i абвінаваціць ix нельга было, бо асаблівую розніцу ў дозах вучоныя не намералі. Касілі «нічыйныя» палі — павышалі ўраджайнасць сваіх. Чуў ён i злосныя выказванні:
«Мы будзем жыць тут i ўсё будзем жраць, што вырасла. Дык што ж стане з тымі, хто з чыстым з’есць дзесятую, сотую долю нячыстай? Чым яны лепшыя за нас?»
Страшная філасофія! Але аргументы яго былі слабыя. Ен здаваўся i ў бітве з начальствам, i ў сутычках з падначаленымі, i ў зацятым змаганні з самім сабою. За ўсё ён хапаецца, да ўсяго стараецца дайсці калі не розумам — не хапае яго, то сэрцам, але не па яго сіле ўсё давесці да ладу. Ці не таму закарцела глянуць на Шубу, які жыве іншым жыццём, па іншай філасофіі?