Злая зорка
Шрифт:
Разам прыйшлі да Рыгора. Той адразу на дыбкi. Безумоўна, ашчэрыўся на Пыльчанку: яго сват, яго фантазія.
— Ды ты знаеш, чым гэта пахне — такое парушэнне рэжыму?
— Ты позна пачаў думаць аб рэжыме. Дзе вы былі ў першыя дні? Дзіву даюся, чаму ты ўсяго баішся? Нахапаемся тут радыяцыі — i нічога не будзем баяцца. Складзем лапкі…
Рыгор Хвядосавіч ажно падскочыў, адначасова i пачырванеў i пабялеў — карак наліўся, а лоб i нос як абяскровіліся. Пыльчанка ўдарыў у балючыя мясціны: сам Рыгор прызнаваў сваю нерашучасць у прыняцці рашэнняў i амаль не таіў свой страх
— Што ў цябе за ідыёцкая манера ўсіх па лохаць! З табой працаваць немагчыма. Цябе людзі пачалі баяцца. Цябе паслухаеш — дык усе мы памрэм.
— Канешне, памрэм.
— З такім настроем мы людзей не супакоім.
— А навошта ix супакойваць? Закалыхвалі мы з табой ix — дай бог, калыханачкі пелі, a будзілі бадзёрымі маршамі. Цяпер не закалышам. A калі хто закалышацца — таго не разбудзім.
— Пятро Міхайлавіч! Калі вы не дадзіце палітычнай ацэнкі такім афарызмам, я буду пісаць…
— Таварышы, таварышы дарагія! — прасіў Сінякоў.— З-за чаго вы? Старыя дружбакі! A пісаць… Рыгор Хвядосавіч! Мала нас вымушае пісаць бяда гэтая?
Пыльчанка наблізіўся да начальніка штаба, загадаў:
— Ану, уступі месца!
У таго вочы палезлі на лоб. Але ведаў Пыльчанкавы жарты, таму вырашыў i гэты яго бестактоўны выбрык звесці на жарт.
— Табе хочацца заняць маё месца? Калі ласка, з радасцю уступаю. I ў Гомелі магу ўступіць.
— Які добранькі ты стаў! Пяткі падмазаў? Куды павярнуў хадулі свае? A чуў, што сказаў Baдалей?
— Хто-о?
Сінякоў маргаў Пыльчанку — прасіў: не выдавай хоць мянушак прыдуманых, наклічаш бяду на сваю галаву.
«Баішся, што не толькі на сваю, але i на тваю?» — падумаў Пыльчанка i адказаў Рыгору загадкавасцю:
— Хтокала — штокала.
Заняў крэсла, у якім сядзеў пяць гадоў, павярнуўся да тэлефонаў, апаратаў тут прыбавілася: наладзілі прамую ўрадавую сувязь з Мінскам, стаялі палявыя апараты сувязі з вайсковымі часцямі. Крутнуўшы разы чатыры дыск, Пыльчанка адразу набраў старшыню камісіі. Чалавек гэта быў добры, мяккі, але рашучасці i яму бракавала. З’яўляючыся тут, у гэтым кабінеце, у прыватных гутарках i на паседжаннях камісіі, ён больш уважліва, чым да каго іншага, прыслухоўваўся да Пыльчанкі і, як адзначыў Сінякоў, у пэўным сэнсе пабойваўся, напэўна, адчуваючы яго перавагу ў самым неабходным для яго становішчы, роўнага ваеннаму, — у рашучасці.
Намеснікі старшыні камісіі ставіліся да такой яго ўвагі да радавога члена раўніва — не любяць чыноўнікі, калі ніжэйшы па рангу лезе наперад i засланяе вышэйшых. Але, паколькі некаторыя прапановы значылі «вылезці на лінію агню» — трывалі, не абрывалі, не ставілі ў дальні кут: няхай вылазіць, чорт з ім. На фронце такіх любяць. Такой тактыкі ў адносінах Пыльчанкі трымаўся i Рыгор Хвядосавіч: ён амаль узрадаваўся, што той пазваніў цёзку свайму. Вырашайце, святыя Уладзіміры!
Старшыня камісіі выслухаў уважліва, зразумеў бяду сям’і i ў кантэксце народнай бяды адказаў з разважлівай мудрасцю:
— Глядзіце самі. Вам там відней.
— А што гаворыць Масква аб прычыне павышэння радыяцыі?
Кіраўнік з вялікага дома ўздыхнуў у трубку: Масква маўчала.
Пустаходы
На лаўках паўз сцены сядзелі сваякі. Многа сваякоў, блізкіх i далёкіх.
Дзень быў хмарны. Імжыў дробны дождж. Над нябожчыцай напялі плёнку. Непакрытыя галовы тых, хто сядзеў i стаяў, мачыў радыеактыўны дождж. А стаяла многа. На вуліцы, у двары. Развітацца з Лізай прыйшлі нават тыя, хто яшчэ i пазнаёміцца з ёй не паспеў,— не толькі гаеўцы, але i з навакольных вёсак.
Пыльчанку крануў такі збор. Ён прайшоў паміж людзей, паслухаў размовы, пачуў, што атмасфера напружана абурэннем — супраць Каракі. Папракнуў сябе, што раней рэдка сюды заглядваў i не ведаў, што людзі настроены супраць старшыні не толькі за сваю беднасць.
— Ды хіба ён лічыўся калі з чалавекам? — выгукнуў малады мужчына.
У любы іншы момант ён напэўна выкарыстаў бы такі стыхійны мітынг, каб з трэскам выгнаць Караку. Адчуваў: даволі яго слова — i яно спрацуе што дэтанатар. Але ж не зробіш гэта на пахаванні.
Панурыўшыся, разам з чарговай групай людзей увайшоў у зруб. Спыніўся ля труны. На твары нябожчыцы застыў страх. Вельмі можа быць, што на апошніх уздыхах яна думала пра дзяцей.
Яны сядзелі тут жа, на лаўцы, Лізіны дзеці,— дванаццацігадовы Ваня i сямігадовая Томачка, маленькія мокрыя спалоханыя птушаняткі, пасінелыя, з чырвонымі вачаняткамі. Магчыма, убачыўшы дзеда Валодзю, які ведаў, любіў яго маці, Ванечка заплакаў наўзрыд. Томачка з матчынай сталасцю абняла яго, сушыла губамі яго шчокі, гучна супакойвала:
— Ваня, не плач. Не плач, Ванечка. Не паможаш жа. Не паможаш…
Тады заплакалі дарослыя — усе, хто сядзеў i хто стаяў. Свае i чужыя. I Пыльчанка таксама не вытрымаў — заплакаў толькі што не наўзрыд, але рукавом пінжака выціраў свае слёзы i не саромеўся ix.
— Ах, Ліза, Ліза! Каму ты хацела даказаць? Ка му! Чалавеку з валасатым сэрцам?
— Валодзя! — дакарала яго Вольга Андрэеўна.
Ён змоўк.
Дзеці сядзелі паміж Ірынай i Вольгай Андрэеў най. Ірына з учарашняга вечара, як прыехала, не адступала ад дзяцей, усю бяссонную ноч трымала ix за ручкі, накрывала i цалавала, калі яны ўскрыквалі i плакалі ў сне. Снілі маму, галубяткі. Ірына прыціскала да сябе Ваню, як бы жадаючы засланіць ад дажджу, ад сіроцтва, ад радыяцыі — ад усіх бед.
Віктар не мог сядзець, ён стаяў ля праёма дальняга акна i ўпотай, з рукава, курыў, захлынаючыся дымам. Старыя жанчыны асуджалі яго за гэта, падказвалі, каб выйшаў. Але i выйсці ён не мог.
Гэтую дзіўную сілу, якая не давала адарвацца ад нябожчыцы, адчуў i Ўладзімір Паўлавіч амаль са страхам. Колькі хаваў блізкіх, сяброў — такога не было. Але ў яго з’явіўся іншы клопат. Пра жывых. Пра дзяцей. Менавіта таму — што пра дзяцей, хапіла сілы праціснуцца праз шчыльную купку гаеўцаў i выйсці. Вярнуўся з вайсковымі накідкамі. Прайшоў праз сцяну, стаў за плячамі ў жонкі, сказаў: