Змагарныя дарогi
Шрифт:
Пасьля такой iнiцыяцыi Сымон быў сталым спадарожнiкам Дэмарчыка на вечарынах. Адно што нiяк ня мог прывыкнуць да музыкi. Уся яна была то нейкая занадта галасьлiвая, то зноў-жа вельмi сумна-хаўтурная. Навет самая папулярная тады ў Ангельшчыне, хвалёная й модная "Месячная сэрэнада" Глена Мiлера зусiм Спарышу не падабалася. Усяго, што прыносiлi танцы, гэта нагода гутарыць па-ангельску, падлавiць колькi словаў цi зваротаў ды выйсьцi хоць на хвiлiну на волю, пакiнуўшы манатонны i невясёлы сьвет вайсковага жыцьця.
VIII
У бараку восьмага курсу Школы Падхаронжых Сымонавым суседам цераз прамежак мiж радамi пасьцеляў быў нейкi Хшаноўскi. Гэта быў сярэдняга росту, фiзiчна добра разьвiты, але бледны i зь вельмi паморшчаным тварам,
– Ну, пане зубрыцкi, якую барбару ты сяньня апрацоўваеш?
– жартаваў ня раз Сымон. "Барбара" ў радыёвых шыфрах вызначала станцыю.
– Цii-i-i-ха!
– спыняў Хшаноўскi рукою суседа й малоў далей. Адно ўпэўнiўшыся, што ведаў усё на сто працэнтаў, уставаў з пасьцелi, адкладаў сшытак i звычайна браўся за напiльнiк, каб агледзець свае ногцi, або прысьвячаў колькi часу чаравiкам, якiя глянцаваў пад люстра.
Хшаноўскi не хадзiў на танцы. Затое шмат часу трацiў на пiсаньне пiсьмаў нейкай Марысьцы, што пакiнуў у Францыi i якую нярэдка ў апавяданьнях сябрам маляваў быццам нябеснага анёла. Якое то было "золатца" i што за прыгожая "красачка" паводле Хшаноўскага! Няхай хаваюцца перад ёю ня толькi ўсе разам узятыя Рафаэлевы мадонны, але й сама незраўнаная ў харастве Вэнэра. У дэталёвым маляваньнi Марыськi Хшаноўскi насамперш затрымоўваўся на апiсаньнi ножак, якiя, паводле яго, быццам сам Творца ўласнай рукою вытачыў i ўдасканалiў на зайздрасьць усiм iншым. Далей немалую ўвагу прысьвячаў гнуткаму й прывабнаму стану, не забываўся падчыркнуць вынятковыя "грудцы" i ўжо аж пад канец адтвараў у памяцi "боскiя" вусенкi, анёльскi выраз твару, глыбiню вачэй i пушыстыя. напоеныя водарам францускай парфумы валасы. Насалоджваўся ўспамiнамi, як любiў насычаць цалункамi кончыкi Марысьчыных вушэй ды марыў аб наступнай сустрэчы. Сапраўды, слухаючы Хшаноўскага, не маглi яму не пазайздросьцiць, што здабыў сэрца найпрыгажэйшай на сьвеце жанчыны. Праўда, здымак дзяўчыны не надта каму паказваў. Адылi некаторым удалося аднойчы ўбачыць, калi нахабны Шчуроўскi бесцырымонна выцягнуў фота з раней нагледжанага таемнага месца. Тады паўсталi нейкiя супярэчнасьцi адносна анёльскага выгляду Марыськi. Хшаноўскi, сквапны на пахвалу, калi ўбачыў на тварах у сяброў крывыя мiны, махаў рукою ды абвяшчаў зацiкаўленым, што яны не разумеюцца на харастве так, як ён - стары й спрактыкаваны ў гэтай галiне майстра. Калi прадугледзеў, што могуць пачацца кпiны, звычайна пакiдаў барак, каб, баранi Божа, не пачуць якога абразьлiвага слова пад адрасам "мiлачкi". Вiдаць, вельмi цанiў i нiзавошта не хацеў пазбыцца ўяўленага вобразу той, хараство якой у найлепшым выпадку было адноснае да створанага аб ёй уяўленьня.
Неяк Хшаноўскi, пад час рэпетыцыi аб харастве сваёй каханай, прыгадаў, што сустрэўся зь ёю ў Эльзасе ў часе вайны, калi служыў у францускiм чужаземным легiёне.
– То ты ваяваў у Эльзасе?
– зацiкавiўся Сымон.
– Так.
– А дзе-ж, каля якiх мясцовасьцяў ваш адзьдзел быў у акцыi?
– Кольмар, Мюльгаўзэн, наогул каля швайцарскай мяжы.
– А вы былi каля Бэльфорту цi пад Альткiрхам?
– А як-жа. Як наступалi з-пад Дыжону, дык аж пад Альткiрхам затрымалiся на пару тыдняў. Пасьля прарвалi фронт i папхнулi швабаў аж да Рэйна.
– Ня помнiш, больш-менш калi, у якiм часе гэта было?
– зацiкавiўся яшчэ больш Спарыш.
– Дзе? У якiм месцы?
– Пад Альткiрхам.
– Чакай, можа, прыпомню. Здаецца, дзесь пад канец лiстапада. Так, гэта мусiла быць пад канец лiстапада, бо пасьля за пару тыдняў, недалёка пад Каляды, дайшлi мы да Рэйна.
– Ха-ха-ха-ха!
– раптоўна зарагатаў Сымон.
– Што за сьмех?
– наежыўся Марысьчын паклоньнiк.
– Дык i я-ж там у тым часе быў. Ха-ха-ха-ха!
– Як то й ты? Таксама ў францускiм легiёне?
– Але дзе-ж там! У тым-то й справа, што я быў з другога боку.
– У швабаў?
– Як табе сказаць... гэта была беларуская дывiзiя, якая ў першы дзень францускага наступу бяз бою пайшла ў палон.
– Ты дрэнi кавалак!
– жартаўлiва лаяўся Хшаноўскi.
– Дык вось каго, значыцца, я мусiў выкурваць з тых глiняных акопаў! Вось дзе ўкрыўся мой вораг?
– Ты, братка, асьцеражней! Ня зьневажай мяне! Мусiш падзякаваць, што мае сябры i я не адстрэльвалiся ды зусiм не баранiлiся. Чаго добрага - маглi б трапiць у цябе, такога адважнага ваяку. Пасьля не давялося-б табе сустрэць той боскай Марыськi.
– Эх, лайдаку едэн! Ён значыць, быў маiм працiўнiкам.
– Бачыш, як нашы дарогi дзiўна сышлiся. Цi ты сабе ўяўляў, што некалi з франтавым працiўнiкам будзеш насiць аднолькавы мундзiр i спаць на суседняй пасьцелi? Ха-ха-ха!
– Сьмешны й дзiўны гэты сьвет.
– Зусiм заблытаны, - згадзiўся былы менскi кадэт.
IX
Зь iншых навучэнцаў восьмага курсу трэба прыгадаць Усаевiча, сярэднiх гадоў паляка зь беларускай Смаргонi, найбольш здольнага й пiльнага вучня, што пры сканчэньнi школы заняў першае месца. Усаевiч адбыў час зьняволеньня ў бальшавiцкiх лягерах ваеннапалонных, служыў у войску яшчэ перад вайной, а на фронце быў у панцырных адзьдзелах. Меў вялiкiя веды з усiх панцырных дзялянак i таму ў школе амаль ня меў патрэбы вучыцца. Пад час заняткаў на радыёвым курсе практыкаваў альфабэт Морзэ, хоць вымагалася адно павярховае веданьне яго. Пасьля заняткаў найбольш сядзеў з Радзiвiлам у бараку, то падгладжваючы ангельскую мову, якую вельмi добра ведаў, то заглядаючы ў кнiжку матэматыкi, вiдаць, рыхтуючыся на будучыню трапiць у нейкую школу.
Зьвязны Бончэк належаў да старэйшых векам падафiцэраў. Некалi трапiў у нямецкi палон i пасьля, уцёкшы зь лягеру зьняволеных, быў iнтэрнаваны ў Швайцарыi, дзе адсядзеў у лягеры гады тры. Швайцарыя была частай тэмай ягоных гутарак. Хвалiў маленькую альпiйскую краiну, а асаблiва ейныя гадзiньнiкi. Паводле ягоных мяркаваньняў, "Тысот" быў найлепшым гадзiньнiкам на сьвеце. Каб падтрымаць гэтую думку, мог бы залажыцца на вялiкую суму. Таму што навокал не было вялiкiх аматараў i знаўцаў швайцарскiх гадзiньнiкаў, нiхто з Бончкам не закладаўся.
Найбольш мiзэрным, цi, калi ўжыць тут самае адпаведнае польскае слова, "нэндзным" чалавекам на восьмым курсе быў малы сьлiмазарны, заўсёды наракаючы й невясёлы Янкоўскi. Няцяжка было спасьцерагчы, што ён патрапiў набыць i захаваць у сабе самыя адмоўныя якасьцi так добра ведамага ў Заходняй Беларусi, асаблiва ў апошнiя гады акупацыi яе палякамi, тыпу польскага гiмназiста, што, скончыўшы сярэднюю школу, маючы вялiкiя вымаганьнi й прэтэнзii да грамадзтва з прычыны свае быццам адукацыi, шукаў цёпленькае пасады - звычайна дзесьцi ў малым урадзе, навет пiсарчуком, абы мог корчыць зь сябе вялiкага пана ўраднiка.
У бальшынi такiя гiмназiсты, памiма немалой акумуляцыi ведаў з лацiнскае мовы й iншых клясычных прадметаў, былi зусiм няздольнымi да практычнага жыцьця, ганьбавалi чорнай працай i саромелiся яе. Заўсёды старалiся дастаць нейкую пасаду. Польская адмiнiстрацыя, выпусьцiўшы на рынак такi своеасаблiвы няжыцьцяздольны прадукт нерацыянальнай адукацыйнай сыстэмы, каб неяк знайсьцi лiшнюю дзiрку для выгадаванага панка, часта пашырала ўрадавы апарат, тварыла новыя й лiшнiя пасады, а гiмназiст зь недахопу працы калупаў дзесьцi ў валасной управе свой нос, даглядаў ногцi, корчыў зь сябе высокага ўраднiка ды непатрэбна забiраў час сялянам, платнiкам падаткаў - ягоным кармiцелям, якiм абцяжваў жыцьцё.