Бацькава падарожжа (на белорусском языке)
Шрифт:
Кантэн не адказваў. Ён думаў, якою сiлаю волi павiнен валодаць знешне кволы i сарамлiвы настаўнiк, каб чуць усё сказанае Iзабэлай i не раззлавацца. Хлопец гатоў быў усё вытрымаць дзеля Марыi-Луiзы. Чым больш Кантэн разважаў, тым несправядлiвейшай здавалася яму пагарда Марыi-Луiзы да настаўнiка. Яго не здзiўляла тое, што дачка не кахала гэтага хлопца, але ж навошта яна пасылала яму лiсты? I чаму раптам яна перастала яму адказваць? Гэта не было ўласцiва Марыi-Луiзе, ва ўсякiм разе, той Марыi-Луiзе, якой яна была два гады назад. Гэтыя думкi не давалi старому спакою, а тут яшчэ жонка сыпала i
– Так было сто гадоў назад, - не супакойвалася Iэабэла.
– Я табе ўжо колькi разоў казала, што табе трэба было нарадзiцца ў мiнулым стагоддзi. А ты лiчыш сябе разумнейшым за ўсiх.
Гэта быў яе галоўны папрок. I сапраўды, з дня ад'езду Марыi-Луiзы яна цвярдзiла яму гэта мо сотню разоў. Але кожны раз, калi яна так гаварыла, Кантэн крыху адчуваў сябе пераможцам, паколькi жонка хоць i лiчыла, што можа распазнаваць яго думкi, аднак яшчэ не здагадвалася, што Кантэн аб гэтым думае на самай справе. Кантэн чытаў газеты, слухаў радыё, раз у месяц наведваў базар, якi праводзiўся ў Лон-лё-Сан'е. Ён ведаў, колькi людзей гiне штодзень на дарогах, у горадзе, i таму быў шчаслiвы, што жыў на хутары. Як iм пашанцавала, думаў ён, што яны жывуць далёка ад дарогi i нават ад вёскi, што яны могуць жыць так, як жылi тут iх бацькi i дзяды. I Кантэну было б шчасцем адстаць на стагоддзе: сто гадоў назад Марыя-Луiза не паехала б ад iх у горад.
Не перастаючы папракаць мужа, Iзабэла высыпала на стол кошык гароху ў стручках i пачала яго лушчыць. Кантэн сеў насупраць i стаў дапамагаць ёй. Дэнiза сядзела ў канцы стала i чысцiла тоўстыя шэрыя ранеты. На некаторых яблыках засталiся яшчэ з саду засохлыя кавалачкi глебы. Калi Iзабэла змаўкала на хвiлiну, каб перавесцi дыханне, на кухнi чуваць было толькi сухое шапаценне стручкоў ды звонкi грукат гарошын, якiя падалi ў жалезную пасудзiну. Час ад часу шыпела сыраватае палена. Вiдаць, гэта было адно з тых, якiя Кантэн браў з верху вярсты. Апошнiя дажджы i снег крыху падмачылi iх. Слухаючы гэта шыпенне, Кантэн зноў успомнiў, як Марыя-Луiза марыла ў дзяцiнстве аб маленькiм цёплым дамку, у якiм яна сядзела б гадзiнамi ля акна.
Iзабэла ўсё не магла забыцца пра настаўнiка. Яна кпiла з яго слоў пра снег. Жанчына лiчыла, што любiць снег або рабiць выгляд, што любiш яго, адзнака вялiкай дурноты.
– Дарэчы, - завяршыла яна, - трэба быць ёлупнем, каб уявiць сабе, што ў яго нешта выйдзе з Марыяй-Луiзай.
Кантэн сцiпла заўважыў:
– Ты гаворыш гэта, а сама нават не ведаеш, што мiж iмi было. Яны перапiсвалiся...
Жонка не дала яму дагаварыць. Яна рэзка ўзмахнула худой рукой, у якой трымала высахлы стручок, i адрэзала:
– Нiчога памiж iмi не было! Нiчога! Калi б нешта было, Марыя-Луiза сама сказала б мне пра гэта.
Хоць яна цяпер не крычала, Кантэн не пярэчыў ёй. Ён нават ледзь не засмяяўся, бо стручок у жончынай руцэ вельмi нагадваў яму маленькую шаблю. Кантэн апусцiў галаву, а жонка замаўчала. Вiдаць, яна вырашыла, што пераконваць яго не мае сэнсу.
Такiм чынам, на доўгi час усталявалася цiшыня. На каленi Кантэну скокнула котка. Стары слухаў яе мурлыканне i
4
Яны яшчэ не скончылi лушчыць гарох, як за дзвярыма пачулiся крокi. Котка скокнула на дол i схавалася за Плiтою сярод складзеных дроў. Усе трое пераглянулiся i замёрлi на месцы. Па выразе жончынага твару Кантэн зразумеў, што яна, як i ён сам, падумала пра паштальёна. Але калi прыйшоў паштальён, то гэта значыць...
Сапраўды, гэта быў паштальён. Кантэн пазнаў яго па тым, як ён стукаў у дзверы. Перад тым як адказаць, Кантэн яшчэ раз паглядзеў на Дэнiзу. Яе напружаны твар з напаўадкрытым ротам быў павернуты да ўвахода.
Кантэн адгукнуўся, i на парозе з'явiўся мясцовы паштальён. Сёння пад блакiтным кепi ў яго быў шарсцяны шлем. Паштальён, як заўсёды, гучна сказаў:
– Здаровы былi, Кантэны!
Нiхто яму не адказаў.
Iзабэла i Кантэн паднялiся i стаялi ля сваiх крэслаў, пакуль паштальён не наблiзiўся да стала з пiсьмом i не сказаў:
– Прынёс навiны ад вашай большай.
Тады Кантэн падышоў да буфета, узяў лiтр вiнаграднай гарэлкi i дзве шклянкi. Вярнуўся, налiў i спытаўся:
– Ну, як дарога, Фернан?
– Тут яшчэ нiчога, - адказаў паштальён, - а вось у нiзiнах намяло. Цяжка будзе прабiцца снегаачышчальнiку.
– Трэба час.
– Ведаю, але ты можаш не турбавацца. Гэтым займаецца Густаў Ламбэр. Ён не будзе губiць сваю жывёлу. Кожны раз, калi выпадае нагода асушыць бутэльку, ён дае трактарыстам дастаткова часу, каб яны аддыхалiся i ачысцiлi дарогу да яго фермы. А твая побач.
Кантэн слухаў яго, а сам глядзеў на блакiтны канверт, што ляжаў на рагу стала. Iзабэла таксама не брала яго ў рукi. Яна глядзела то на канверт, то на паштальёна, то на дзверы. Нiхто не дакранецца да гэтага пiсьма, пакуль тут гэты чалавек.
Паштальён адпiў палову сваёй гарэлкi, цмокнуў языком i сказаў:
– Я бачыў сляды, як праходзiў каля пiльнi, i падумаў, што нехта прыходзiў ранiцай. Няўжо, думаю, Кантэн выходзiў з дому? А потым прыгледзеўся: сляды чапляюцца адзiн за другi, не, не яго.
– Праўда, не мае, - адказаў Кантэн, - гэта настаўнiк заходзiў па кнiгу.
Паштальён кiўнуў галавою ў знак згоды. Нейкi час ён глядзеў то на пiсьмо, то на Кантэна, то на Iзабэлу, нарэшце спытаў:
– У яго была справа да вас?..
– Не, ён хацеў сваю кнiгу, i ён забраў яе.
Iзабэла прамовiла гэта вельмi хутка, але суха. Крыху здзiўлены, паштальён асушыў сваю шклянку, правёў далоняй па вусах, пасля надзеў свае авечыя рукавiцы. Перад тым як выйсцi з хаты, ён яшчэ раз кiдае позiрк на пiсьмо i пытаецца:
– Марыя-Луiза ўсё яшчэ ў Лiёне? Яна задаволеная? Не сумуе па родных мясцiнах?
Зноў жа яму хуценька i адрывiста адказвае Iзабэла:
– Але, яна задаволеная.
Пераступаючы цераз парог, паштальён зрабiў невыразны жэст бэжавай бяспалай рукою ў рукавiцы i сказаў: