Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
Шрифт:
Пакуль я быў з Ф'яларам, мне прыходзiлi ў галаву проста страшныя думкi.
Няхай ён звалiцца мёртвым, той чалавек, што павiнен прыйсцi i забраць майго каня. Няхай ён загiне, перш чым пераедзе раку. Было, канечне ж, жахлiва жадаць некаму такое, сапраўды жахлiва, але каб гэта i спраўдзiлася, нiшто ўжо не дапамагло б.
Пэўна, той чалавек ужо быў на пароме, i на гэтым пароме яны адвязуць усё нарабаванае. А можа, ён ужо тут, на беразе? А можа, ён якраз цяпер праходзiць браму i будзе тут з хвiлiны на хвiлiну? Ах, Ф'ялар, калi б мы толькi маглi знiкнуць
Як толькi я падумаў пра гэта, хтосьцi адчынiў стайню i штосьцi выгукнуў. Я спалохаўся. Але гэта быў Мацiяс. Ён хацеў даведацца, што я так доўга тут раблю. Добра, што ў стайнi было цёмна i ён не мог бачыць маiх слёз. Але ён усё-такi, вiдаць, здагадаўся.
– Маленькi мой, калi б толькi мог я што-небудзь зрабiць!
– загаварыў ён ласкава.
– Нiякi дзядуля не зможа дапамагчы ў гэтай справе, таму паплач крыху, паплач...
I раптам праз акенца за Мацiясам я ўбачыў, што хтосьцi стаiць у двары. Салдат Тэнджыла, ён прыйшоў па Ф'ялара!..
– Ён прыйшоў, - плакаў я.
– Мацiяс, ён прыйшоў!
Калi я зноў безнадзейна заплакаў, Ф'ялар сумна заржаў.
У наступны момант дзверы ў стайню адчынiлiся, i вось ён ужо стаiць тут у сваiм чорным шаломе i чорным плашчы.
– Не, - закрычаў я.
– Не, не!
Але салдат ужо быў побач са мной i абхапiў мяне рукамi.
Гэта быў Джанатан, так, гэта быў ён.
– Ты не пазнаеш свайго роднага брата?
– здзiвiўся ён, калi я паспрабаваў вызвалiцца. Ён падштурхнуў мяне да акна, каб я мог лепш разгледзець яго, i ўсё-такi мне было цяжка паверыць, што гэта Джанатан. Яго было не пазнаць, бо ён, вядома, быў не той "прыгожы малады чалавек". Валасы ў яго звiсалi мокрымi пасмамi, i яны не блiшчалi, "як золата", а яшчэ ён нешта падторкнуў пад верхнюю губу. Не ўяўляю, хто б гэта мог без асаблiвага штукарства да непазнавальнасцi змянiць сваё аблiчча. Выглядаў ён смешна, я б нават засмяяўся, калi б быў час, але было ясна, што ў Джанатана часу няма.
– Хутчэй, хутчэй, - прыспешваў ён.
– Мне трэба неадкладна знiкнуць. Чалавек з Карманьякi будзе тут з хвiлiны на хвiлiну.
Ён працягнуў руку Мацiясу.
– Дай мне дошчачку, - сказаў ён.
– Я ўпэўнены, што ты аддасi абодвух коней Тэнджылу з вялiкiм задавальненнем, цi не так?
– А што ты хочаш рабiць?
– запытаў Мацiяс, перадаючы яму дошчачку.
Джанатан паклаў яе ў кiшэню.
– Мне трэба будзе паказаць яе ля брамы, - адказаў ён.
– I старшы вартаўнiк зразумее, што я не лгу.
Мы хутка асядлалi коней. За гэты час Джанатан паспеў расказаць нам, як ён змог прайсцi праз галоўную браму, бо Мацiясу было надта цiкава.
– Гэта было проста, - расказваў Джанатан.
– Я назваў пароль, якому навучыў мяне Сухарык: "Уся ўлада Тэнджылу - нашаму вызвалiцелю!" Старшы вартаўнiк запытаўся: "Адкуль ты? Куды iдзеш i што за даручэнне ў цябе?" - "З Карманьякi ў дом Мацiяса забраць пару коней для Тэнджыла".
– "Праходзь", - сказаў ён. "Дзякуй", - адказаў я. I вось я тут. Але я павiнен прайсцi браму да таго, як з'явiцца пасланец Тэнджыла, iнакш
Мы вывелi коней хутчэй, чым я магу сказаць гэта. Джанатан ускочыў у сядло Грыма, трымаючы павады Ф'ялара.
– Беражы сябе, Мацiяс, - махнуў ён рукой.
– Да сустрэчы!
I памчаў рыссю з парай коней.
– А што ж будзе са мной? Што мне рабiць?
– закрычаў я.
Джанатан памахаў мне.
– Мацiяс растлумачыць табе ўсё, - ужо здаля гукнуў ён.
Я стаяў, глядзеў яму ўслед i адчуваў сябе вельмi самотна. Мацiяс пачаў мяне супакойваць:
– Сухарык, зразумей, ты ж не можаш прайсцi праз браму. Табе трэба будзе прабiрацца падземным ходам, гэта калi ўжо сцямнее. Джанатан будзе чакаць цябе з таго боку сцяны.
– Гэта праўда?
– не паверыў я.
– З iм жа можа што-небудзь здарыцца ў апошнюю хвiлiну.
– Нi ў чым нельга быць упэўненым у краiне, дзе правiць Тэнджыл, - Мацiяс уздыхнуў.
– Але калi што-небудзь, здарыцца, то вернешся, тады застанешся ў мяне.
Я ўявiў сабе, як усё гэта будзе выглядаць. Спачатку паўзцi па доўгiм падземным ходзе аднаму, само па сабе гэта было жахлiва, потым выйсцi ў лесе па другi бок сцяны i чакаць, чакаць, i нарэшце зразумець, што здарылася штосьцi страшнае. А потым паўзцi назад i жыць без Джанатана!
Мы стаялi ля пустой цяпер стайнi, i раптам мне прыйшла ў галаву непрыемная думка.
– А што будзе з табой, Мацiяс, калi прыйдзе гэты чалавек з Карманьякi? У стайнi ж няма коней!
– Там будзе конь, - адказаў Мацiяс.
– Я якраз iду за сваiм. Пакуль Грым быў у стайнi, я хаваў яго ў суседзяў.
– Дык забяруць твайго каня!
– усклiкнуў я.
– Няхай паспрабуюць, - адказаў Мацiяс.
Мацiяс прывёў свайго каня вельмi своечасова, бо неўзабаве з'явiўся той, каго паслалi забраць Ф'ялара. Ён пачаў крычаць, абурацца, лаяцца, бо ў стайнi быў толькi адзiн конь i Мацiяс не аддаваў яго.
– Гэты нумар у вас не пройдзе, - гаварыў Мацiяс.
– Кожны можа мець каня, i вы гэта ведаеце. Аднаго вы ўжо забралi ў мяне i дошчачку з нумарам майго дома забралi. Я невiнаваты, што ў вас там такая катавасiя i адзiн дурань не ведае, што робiць другi.
Некаторыя Тэнджылавы салдаты вельмi злавалiся, калi Мацiяс так з iмi размаўляў, iншыя зрабiлiся памяркоўнымi i пачцiвымi. Салдат, якi прыйшоў за Ф'яларам, здаўся адразу.
– Пэўна, тут нейкая памылка, - развёў ён рукамi i, сагнуўшыся, як сабака з падцiснутым хвастом, пайшоў са двара, а за iм астатнiя.
– Мацiяс, хiба ты нiкога не баiшся?
– запытаўся я, калi салдаты пайшлi.
– Чаму не баюся!
– адказаў Мацiяс.
– Паслухай, як грукае сэрца.
– Ён узяў маю руку i прыклаў да сваiх грудзей.
– Мы ўсе iх баiмся, але iншы раз гэта не трэба паказваць.
Потым надышоў вечар, а з iм i цемра. Настаў час пакiдаць Далiну Дзiкай Ружы.
– Ну што ж, бывай, малы, - сказаў на развiтанне Мацiяс.
– Не забывай свайго дзядулю.
– Бывай, дзядуля! Я нiколi, нiколi не забуду цябе.