Дом без гаспадара
Шрифт:
— Ёсць і яшчэ нешта, пра што ты ніколі не гаварыў,— сказала Нэла.
Альберт глянуў на яе, падаў ёй пусты кубак, яна наліла яму кавы; пакуль ён размешваў малако і драбніў лыжачкай цукар у кубку, ён выгадваў час, каб усё абдумаць.
— Многа тут не скажаш, — адказаў ён. — Рай стаміўся, ён быў вельмі падаўлены, і калі я не гаварыў табе пра гэта, то толькі таму, што і сам толкам нічога не ведаю. Няшмат ва ўсякім выпадку.
Ён злавіў сябе на тым, што думае пра вялікі карабок «Санлайт» і пра бурклівую маленькую прадаўшчыцу, якая дала яму тады гэты карабок: было ўжо цёмна, а яму зусім не хацелася ісці дадому ў пусты пакой, дзе дыміла печка, дзе горкі тлусты чад пранізаў усю мэблю, усё
— Рай неяк атупеў і апусціўся, — працягваў Альберт, калі Нэла зірнула на яго, — але я ўжо застаў яго такім, калі вярнуўся з Англіі. У ім забілі душу, спустошылі; за чатыры гады ён не напісаў нічога, што магло б яго парадаваць.
Альберту ўспомнілася напружаная цішыня, якая ўсталявалася адразу пасля аб’яўлення вайны: на нейкае імгненне стала ціха ва ўсім свеце, пакуль не прыйшла ў рух першая шасцярня ў гатовым да пуску механізме, але вось яна зрабіла першы абарот, механізм запрацаваў, паглыбляючы тупасць і пакору.
Калі Нэла падала яму цыгарэту, ён адмоўна пакруціў галавоў, але па звычцы палез у кішэню па агонь і даў ёй прыкурыць, пазбягаючы, аднак, сустракацца з яе чакальным позіркам.
— Праўда, — сказаў ён, — ніякай тайны ў гэтым няма. Але паэту, зразумела, не вельмі прыемна паўсюль натрапляць на рэкламныя лозунг! мармеладу, якія ён сам склаў. «Гэтакі, значыцца, мой уклад у вайну супраць вайны», — сказаў мне аднойчы Рай і са злосцю адшпурнуў нагой бляшанае вядзерца з фабрыкі твайго бацькі. Гэта было на рынку, у Вінніцы, нейкая бабулька прадавала пячэнне — арэхавае пячэнне ў чысценькім вядзерцы з-пад мармеладу; усё пячэнне пакацілася па зямлі, мы з Раймундам дапамаглі жанчыне сабраць пячэнне, заплацілі ёй колькі трэба было і папрасілі прабачэння ў яе.
— Працягвай, — сказала Нэла, і ён убачыў, што яна надзвычай узбуджаная, быццам чакае самага нечаканага выкрыцця.
— Вось і ўсё, — сказаў ён. — Праз два тыдні Рай загінуў, але нават шлях да смерці быў для яго ўсеяны бляшанкамі з-пад мармеладу: не соладка нам было паўсюль натыкацца на гэтае дабро, гэта проста вымотвала нас, а іншыя нічога не заўважалі, толькі… ты ж раззлуешся і ўзненавідзіш мяне за тое, што я табе ўсё гэта расказваю.
— А табе так важна, ненавіджу я цябе альбо не?
— Канешне, — адказаў ён, — мне вельмі важна.
На працягу ўсёй гаворкі ён не адрываў ад Нэлы вачэй, глядзеў ёй проста ў твар, але выраз яе твару не мяняўся. Праўда, яна выцягнула з пачкі другую цыгарэту і закурыла яе, хоць старая, яшчэ не дакураная, дыміла ў попельніцы.
— Пра ўсё гэта, Нэла, я больш не хацеў бы гаварыць, мы ведаем, што Рай мёртвы, мы ведаем, як ён памёр, а вышукваць прычыны няма сэнсу.
— Гэта праўда, што ён ні пра што больш з табой не гаварыў, як ты мяне заўсёды пераконваеш?
— Не, ён ужо не мог гаварыць, у яго было прастрэлена дыхальнае горла. Ён толькі глядзеў на мяне, але ж я ведаў яго, і ў яго поглядзе, у поціску ягонай рукі я мог прачытаць, што ён злы на вайну, злы, магчыма, на самога сябе, і што ён любіць цябе, і што ён просіць мяне паклапаціцца пра дзіця. Ты пісала яму, што чакаеш дзіця. Вось і ўсё.
— Ён не маліўся? Ты ж заўсёды гаварыў…
— Можа быць, ва ўсякім выпадку, ён перахрысціўся, але пра гэта я нікому і ніколі не скажу, а калі ты раскажаш каму з гэтых свіней, я заб’ю цябе. Вось была б для іх нажыва, і легенда была б поўнасцю завершана.
Нэла ўбачыла цыгарэту ў попельніцы, якая дымела, усміхнулася і затушыла яе.
— Абяцаю табе нічога нікому не расказваць.
— Добра было б, калі б ты ўвогуле прагнала ўсіх гэтых людзей.
— А хлопчыку ты ўсё раскажаш?
— З часам.
— Ну а Гезелер?
— Што
— Нічога, проста я, бывае, папракаю сябе за тое, што не адчуваю нязгаснай помслівай нянавісці да яго.
— Уласна, ён з Шурбігелем выдатная пара. Што, што з табой? Чаму ты раптам пачырванела?
— Пакінь мяне, пакінь мяне ў спакоі на некалькі дзён: я павінна ў вольны час пра многае перадумаць. Дай мне, калі ласка, пісьмы.
Ён дапіў каву, пайшоў у свой пакой, узяў абодва стосы пісьмаў і паклаў іх на стол перад Нэлай.
Нэла так і не дакранулася да гэтых пісьмаў; праз некалькі тыдняў ён убачыў, што абодва стосы ляжаць неразвязаныя на яе пісьмовым стале.
Альберт цэлымі днямі займаўся з рабочымі, раіўся з імі, рабіў разлікі. Насос у падвале адрамантавалі, дах — таксама. На другім паверсе нанова атынкавалі столь. Больда магла цяпер, мыючы бялізну, спускаць ваду Ў вадасцёк, падвал вычысцілі і патруцілі пацукоў. З падвала выкінулі цвілыя прадукты, горы ануч і бульбу з доўгімі, як спаржа, парасткамі.
Альберт загадаў памяняць у вокнах пярэдняй зялёнае шкло, што зацямняла святло, і там зрабілася святлей.
Бабуля толькі галавой хітала, назіраючы гэтую кіпучую дзейнасць, яна цяпер часцей выходзіла са свайго пакоя, сачыла за рабочымі і зрабіла ашаламляльную заяву, што яна сама заплаціць за рамонт. Нэла выказала здагадку, што гэтае рашэнне прадыктавана выключна любоўю бабулі да чэкавай кніжкі, якой яна карысталася з нейкай дзіцячай гордасцю. Яна задаволена выцягвала яе са скрынкі пісьмовага стала, раскрывала, запаўняла з міністэрскім выглядам блакітны чэк, прыкладвала да яго прамакальную паперу і элегантным жэстам адрывала яго ад карашка. Свісцячы шэлест пры адрыве чэка выклікаў на яе вялікім ружовым твары задаволеную ўсмешку. З таго моманту, як яна, дваццацітрохгадовая жанчына, сорак гадоў назад зрабілася ўладальніцай чэкавай кніжкі, яе дзіцячая радасць з прычыны таго, што яна адным росчыркам пяра робіць грошы, ніколькі не зменшылася. Яна пераводзіла плойму чэкавых кніжак, бо разлічвалася чэкамі за ўсялякую драбязу, нават за яду ў кафэ і рэстаранах, а нярэдка было, што яна пасылала Марціна з чэкам на чатыры маркі да латочніка — купіць чатыры дзесяткі «Тамагаўка». А калі плаціць ужо зусім не было за што — і цыгарэтніца поўная, і халадзільнік набіты ўсялякімі харчамі,— тады бабуля блукала па дому і ўсім прапаноўвала грошы дзеля таго толькі, каб пачуць рыпучую, як голас пілы, мелодыю адрывання чэка. З цыгарэтаю ў роце, з чэкавай кніжкай у руках — пры з’яўленні ў крыві мачы яна гэтак жа цягала за сабой начны гаршчок, — бабуля сноўдала з пакоя ў пакой і ўсім гаварыла: «Калі табе патрэбны грошы, я магу табе падкінуць», пасля чаго адразу ж сядала на стул, адкрывала самапіску — ёю яна таксама карысталася з дзіцячай ганарлівасцю — і пытала: «Колькі табе?» Глум у такіх выпадках трымаўся лепш за ўсіх, ён называў велізарную суму, падсядаў да яе, доўга таргаваўся, затым, нарэшце, бабуля запаўняла чэк і вырывала яго. Але не паспявала яна выйсці, як Глум адразу ж разрываў чэк — гэтак жа рабілі і ўсе іншыя — і выкідваў абрыўкі ў скрыню для смецця.
Але больш за ўсё бабуля сядзела ў сваім пакоі, і ніхто толкам не ведаў, чым яна ўвесь дзень займаецца. Яна не падыходзіла да тэлефона, не адчыняла дзвярэй на званок. Часта яна аб’яўлялася са свайго пакоя толькі каля паўдня і ў цёплым квяцістым халаце накіроўвалася на кухню, каб узяць снеданне. Звычайна быў чуваць толькі яе кашаль, таму што пакой бабулі заўсёды быў повен дыму ад незлічоных цыгарэт, і дым гэты вузкімі шэрымі струменьчыкамі прасочваўся ў пярэднюю. У такія дні нікому не дазвалялася бачыць яе, нікому акрамя Марціна, якога яна клікала да сябе.