Дом без гаспадара
Шрифт:
Калі сталяр заставаў дома Леа, ён казаў яму: «Я вам яшчэ пакажу», на што Леа адказваў: «I я вам таксама». Больш яны адзін з адным не размаўлялі.
Толькі пасля Генрых скеміў і здзіўляўся, як гэта ён раней не здагадаўся, што слова на сцяне піша Леа; толькі ён і мог гэта рабіць, дый слова тое было з яго лексікону. Генрых пачаў сачыць за Леа, калі той ішоў на працу або вяртаўся з працы дамоў. Леа нічога не пісаў. Але затое і слова ў тыя дні, калі ён сачыў за Леа, на сцяне не з’яўлялася. Слова з’яўлялася толькі тады, калі ён не мог прасачыць за Леа. Гісторыя гэта цягнулася даволі доўга, ужо паўсцяны было ў шкрабінах і драпінах. Аднойчы, вярнуўшыся са школы і зноў убачыўшы ў пад’ездзе надпіс, ён зірнуў падчас абеду на аловак Леа — аловак тырчаў у Леа за вухам, грыфель быў увесь сцёрты і вакол грыфеля было маленькае белае кольца: так выглядае аловак, калі ім пішуць па сцяне. Значыцца, Леа быў тым невідзімкам, хто пісаў на сцяне.
Маці таксама сварылася на таго, хто піша на сцяне, і казала:
Але ж маці сама сказала кандытару гэтае слова ў цёмным, цёплым, прапахлым здобным цестам падвале пякарні.
А Леа працягваў пісаць на сцяне, і сталяр працягваў саскрэбваць яго надпісы, а Генрых усё ніяк не мог набрацца мужнасці паведаміць сталяру пра сваё адкрыццё.
Пасля, калі яны будуць размаўляць з дзядзькам Альбертам пра ўсякае-ўсялякае, ён раскажа і пра гэта.
Увечары, лежачы ў ложку, ён разглядваў фотаздымак бацькі, які быў асветлены вулічным ліхтаром, ціха, ледзь прыкметна дрыжачую фотакартку, яна разгойдвалася, калі міма праязджалі аўтамабілі, і асабліва моцна, калі праязджаў грузавік або трыццаць чацвёрты аўтобус.
Нямнога засталося ад бацькі: фотакартка на стале ды кніжка, якую маці ўпарта захоўвала, заклаўшы паміж дэтэктыўнымі раманамі і ілюстраванымі часопісамі,— завэдзганая, тонкая, жаўтавая брашурка: «Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Паміж лісткамі брашуркі ляжала складзеная ў чатыры столкі, пашкамутаная, але яшчэ даволі яркая літаграфія з выявай «Тайнай вячэры», — гэтакая ж літаграфія ёсць і ў яго самога з гэтакім жа подпісам: «Генрых Брылах прыняў канфірмацыю ў прыходскай царкве святой Ганны ў нядзелю, на Фаміным тыдні 1930 года». А ў яго была прыходская царква святога Паўла ў нядзелю на Фаміным тыдні 1952 года.
Дзядуля, бацька мамы, застаўся ў Саксоніі. Ён скардзіўся на мізэрную пенсію і кожную паштоўку заканчваў словамі: «Няўжо ў вас не знойдзецца пакойчыка для мяне, каб мне вярнуцца на радзіму?» А маці пасылала яму табаку і маргарын і пісала: «З жытлом тут вельмі кепска: усё вельмі дорага». Маці мамы памерла ў Саксоніі, а бацька бацькі ляжыць на тутэйшых могілках — пакошаны драўляны крыж, да падножжа якога яны прыносілі кветкі ў Дзень памінання і запальвалі яркую свечку. Маці бацькі — бабуля не ладзіла з мамай, яна прыязджала толькі на другі дзень Каляд, прывозіла яму падарункі, а Вільме дэманстратыўна нічога не прывозіла і гаварыла гэтак жа, як і Карл: «парадак», «новае жыццё», «гэта дабром не скончыцца». Адзін з яе выразаў гучаў так: «Бачыў бы гэта мой бедны хлопчык».
Але яна аб’яўлялася рэдка і не падабалася яму, таму што нават не глядзела ў бок Вільмы і ніколі не прынесла ёй гасцінца. А яму яна заўсёды гаварыла. «Ты хоць бы калі зайшоў да мяне». Але ён наведаў яе ўсяго толькі адзін-адзіны раз. У яе была чысціня, такая ж чысціня, як у Леа: пахла масцікай, яго частавалі пірожнымі і какавай, далі грошай на трамвай. Але затым бабуля стала яго дапытваць, а ён ёй нічога не сказаў і больш ніколі да яе не ездзіў, таму што яна гаварыла тое ж, што ён ужо чуў ад іншых, ад тых, якія былі пад ледзяным покрывам, — «цнатлівая душа, чыстае сэрца», і, між іншым, дапытвалася пра Леа, пра Карла, пра Герта і ўсё прыгаворвала, ківаючы галавой: «Няма тут парадку, калі б мой бедны сын, а твой бацька, убачыў усё гэта», і паказвала яму здымкі, на якіх бацька быў адных гадоў з ім, здымак бацькі ў дзень канфірмацыі, а затым яго здымак у камбінезоне слесара, але да бабулі Генрых больш не ездзіў, таму што не мог браць з сабой Вільму.
7
Калі Нэла прыводзіла да сябе гасцей, яна заўсёды клікала Альберта, каб ён дапамог ёй перанесці спячага хлопчыка з яе пакоя да яго. Спячы, ён здаваўся вельмі цяжкім, нешта мармытаў са сну, і яны заўсёды баяліся, што разбудзяць яго, але звычайна ён адразу ж скручваўся ў клубочак у ложку Альберта і працягваў спакойна спаць. Нэла часта прыводзіла гасцей, і Альберт не менш двух разоў на тыдзень пераносіў хлопчыка да сябе. Тады яму даводзілася прыпыняць работу — ён не хацеў ні курыць, ні працаваць, калі хлопчык у яго, і неяк атрымлівалася само па сабе, што ён ішоў у Нэлін пакой і далучаўся да яе гасцей. Некалькі разоў ён спрабаваў перайсці з работай у вольны пакой наверсе, каля Глума, але і там ён адчуваў сябе не на месцы, яму не хапала тысячы звыклых дробязей, што былі неабходныя для работы, а ў сябе на гэта не патрэбна было ніякіх намаганняў, варта было толькі высунуць скрынку рабочага стала, і ўсё было пад рукой: нажніцы, усялякі клей, алоўкі, пэндзлікі, і ўвогуле яму здавалася, што не варта рабіць майстэрню з гэтага пакоя. Быў вольны пакой і ўнізе, але ён таксама быў непрыгодны для працы: аранжавая кушэтка, аранжавыя крэслы, дыван таго ж колеру, на сценах — карціны мастака, якога апекаваў бацька Нэлы, — бясталентнае выпісванне дробязяў — і да ўсяго панылы і затхлы дух пакоя, у якім гадамі ніхто не жыве, але які тым не менш рэгулярна прыбіраюць. Хлопчык упарта адмаўляўся перасяліцца ў адзін з пустых пакояў, таму Альберту не заставалася нічога іншага, як ісці да Нэлы і далучацца да яе гасцей.
Часцей за ўсё прыходзілі нейкія снобы, з якімі Нэла пазнаёмілася ў дарозе, на нейкім зборышчы, або яны былі прадстаўлены ёй у час нейкага даклада. Альберт не выносіў іх заўсёднай балбатні пра мастацтва. Ён ніколі не ўдзельнічаў у гэтых размовах, піў віно і чай, і калі нехта пачынаў чытаць вершы Рая, яму рабілася не па сабе, але, падпарадкоўваючыся ўсмешцы Нэлы, ён супраць волі адказваў пасля на роспыты пра Рая.
Каб не шкадаваць дарма патрачанага часу, ён многа піў; часам сярод гасцей сустракаліся гожанькія дзяўчаты, а на прыгожых дзяўчат ён гатовы быў глядзець заўсёды, нават калі на іх быў лёгкі налёт снабізму. Ён уважліва сачыў за ўсім, што адбывалася, час ад часу ўставаў, каб адкаркаваць бутэльку віна, а калі госці заседжваліся позна, ён ехаў па новае віно, новыя бісквіты і новыя цыгарэты. У доме яго ўтрымліваў толькі хлопчык, што спаў у ягоным ложку, — часам ён прачынаўся сярод ночы і, убачыўшы схіленыя над ім незнаёмыя фізіяноміі, вельмі палохаўся; магло здарыцца, што Нэліна маці сярод ночы выкіне нейкую сцэну. Калі «кроў у мачы» не была ў парадку дня, яна вынаходзіла нешта іншае, не такое для яе звычайнае. Яна магла на працягу тыдняў спакойна сядзець у сябе за бутэлькай чырвонага віна і талеркай, поўнай бутэрбродаў з мясам, курыць цыгарэты «Тамагаўк» з вогненна-чырвоных пачкаў і або перабіраць старыя лісты, або ўдакладняць памеры свайго багацця, або перагортваць старыя падручнікі і хрэстаматыі 1896–1900 гадоў выдання і старую Біблію, якая захавала яшчэ сляды каляровых алоўкаў там, дзе яна, дзесяцігадовая сялянская дзяўчынка, больш за пяцьдзесят гадоў таму скрэмзала запырсканае крывёю адзенне егіпецкага Іосіфа і гарчычнага колеру львоў, што мірна леглі і пазасыналі вакол Данііла.
Цэлымі тыднямі яна была спакойная, але раптам у яе ўзнікала жаданне ўчыніць сцэну. Здаралася, у гадзіну ночы ёй раптам прыстрэнчыць зрабіць салату, і, апрануўшы чорную ў блакітныя кветачкі ранішнюю капоту, яна спускалася да Нэлі і, стоячы ў дзвярах, размахвала пустой бутэлькай з-пад воцату і раўла: «Што гэта за свінства, зноў у доме ні кроплі воцату, а мне неабходна, разумееш, неабходна зрабіць салату». Расстарацца воцату а другой гадзіне ночы не гэтак проста, але Альберт на ўсялякі выпадак заключыў сяброўскае пагадненне з буфетчыцай прывакзальнага рэстарана і зрэшты мог раздабыць там самыя розныя прадукты. Калі Больдзе здаралася спускацца ноччу на кухню, а бабуля яшчэ не спала і ў яе быў настрой учыніць сцэну, яна накідвалася на Больду: «Ах ты, беглая манашка — двойчы ўдава» — і пачынала пералічваць усе грахі бацькі Больды, які, мяркуючы па ўсім, быў кантрабандыстам і браканьерам, але вось ужо больш пяцідзесяці пяці гадоў спачываў на невялічкіх могілках у горнай вёсачцы. А калі ў бабулі не было імпэту рабіць сцэну, яна не перашкаджала Больдзе валэндацца або зачынала з ёй самую мірную гутарку. Гэтак жа яна з’яўлялася раптоўна ў пакоі Нэлы з крыкам: «Зноў швэндаешся? А муж твой, бедалага, спіць у рускай зямлі!»
Супакоіць яе мог тады толькі Альберт або Глум, і было лепш, каб ён заставаўся дома, таму што Нэла баялася сваёй маці.
I вось два дні з сямі тырчаў Альберт сярод Нэліных гасцей, сцярог сон хлопчыка і быў гатовы на манер вогнетушыцеля ў выпадку неабходнасці ўлагодзіць Нэліну маці.
Яго ніколькі не бянтэжыла, што пасля, пры раз’ездзе гасцей, яму навязвалі ролю шафёра таксі: ён падвозіў гасцей Нэлы да трамвайнага прыпынку, адкуль і ноччу кожную гадзіну адыходзіў трамвай, а калі быў у настроі, ён па адным развозіў іх дадому. Альберт стараўся як мага даўжэй не вяртацца, разлічваючы, што Нэла за гэты час ужо ляжа спаць.
Добра раз’язджаць аднаму па начным горадзе. Вуліцы пустыя, сады ляжаць у густой цемры, і ён глядзіць на чары, якія ствараюць фары ягонай машыны: неспакойныя, рэзкія чорныя цені і жаўтавата-зялёнае святло ліхтароў. Ён любіў гэтае халоднае зялёнае святло, ад якога і ўлетку патыхала ледзяным холадам.
Сады і паркі ў гэтым жаўтава-зялёным святле нават у пару цвіцення здаваліся халоднымі, безжыццёва застылымі. Часта ён пакідаў горад ззаду, вёў машыну праз спячыя вёскі і, выбраўшыся на аўтастраду, імчаў колькі кіламетраў на агромністай хуткасці, пасля на бліжэйшым развілку паварочваў і вяртаўся ў горад. Кожны раз ён адчуваў глыбокае хваляванне, калі ў промні пражэктара з цемры ўзнікала чалавечая постаць; часцей за ўсё гэта аказваліся прастытуткі, яны ўладкоўваліся ў месцах, якія асвятляліся фарамі, калі аўтамабілісты на паваротах уключалі дальняе святло: адзінокія, нежывыя, страката ўбраныя лялькі, яны нават не ўсміхаліся, калі машына праязджала міма іх. На цёмным фоне ночы іхнія залітыя яркім святлом белыя ногі заўсёды нагадвалі Альберту драўляныя постаці на рострах, і здавалася, што стаяць яны на караблях, якія затанулі. Калі зноў і зноў на паваротах ён уключаў фары і яркае святло выхоплівала іх з цемры, ён здзіўляўся, як дакладна яны выбіраюць сабе месца, але яшчэ ніводнага разу ён не бачыў, каб машына спынілася і павезла якую-небудзь з дзяўчат.