Дом без гаспадара
Шрифт:
Выгляд у бацькі не вельмі шчаслівы, — да такой высновы ён заўсёды прыходзіў у канцы, але зусім не з-за таго слова, якое непарыўна звязана з іншымі бацькамі,— зусім не з-за клопатаў. Клопаты ёсць ва ўсіх бацькаў, усе бацькі старэйшыя, але ўсе яны, кожны па-свойму, выглядаюць ніколькі не шчаслівейшымі, чым яго бацька…
На Глумавай — на ўсю сцяну — карце свету было тры тлустыя кроша: першая — месца, дзе нарадзіўся Глум, другая — месца, дзе яны жылі, а трэцяя — месца, дзе загінуў бацька, — Калінаўка.
Ён зусім забыўся пра бабулю, хоць рука яго ўсё яшчэ ляжала на яе спячым твары, забыўся пра маму і дурнаватых гасцей, пра Глума і Больду, нават пра дзядзьку Альберта, — ён спакойна разглядваў партрэт бацькі ў цёмным кутку паміж горкай і чайным столікам.
Ён усё
Гэта карціна стаяла перад яго вачыма, пакуль ён не засынаў, ён бачыў усе рэчы, якія належалі бацьку: наручны гадзіннік, вязаная камізэлька, запісная кніжка, у якой былі незавершаныя вершы. Але марным было яго палкае жаданне ўбачыць у сне бацьку. Бацька не з’яўляўся. У пакоі было цёмна, ён ляжаў адзін, і, калі дзядзька Альберт заходзіў зірнуць на яго, ён прыкідваўся, быццам спіць, ён не хацеў, каб яму перашкаджалі, і ўвесь час, пакуль Альберт быў у пакоі, ён не расплюшчваў вачэй, баючыся, што прападзе бацькаў твар, твар усмешлівага юнака з люлькай у роце, які зусім не быў падобны на бацьку.
Ён качаваў па розных краінах і мармытаў сам сабе іх назвы: Францыя, Германія, Польшча, Расія, Украіна, Калінаўка, — а пасля плакаў у цемры і горача марыў убачыць сон, які яму так і не прысніўся. Дзядзька Альберт быў разам з бацькам, калі той загінуў, часам ён расказваў пра гэта: пра Гезелера, пра тую вёску, пра вайну, якую ён называў бруднай вайной, але і ў такія ночы бацька прыходзіў да яго ў снах не такім, якім ён хацеў бы яго бачыць.
Зямлю, у якой ляжыць бацька, ён уяўляў сабе падобнай на валасы Больды. Чарнільная цемень, што паглынула цела бацькі, закавала яго, як свежы вязкі асфальт, скавала так, што ён нават у сне не можа вырвацца і прыйсці да свайго сына. Самае большае, чаго мог дасягнуць Марцін, — гэта ўявіць сабе бацьку плачучым, але нават плачучы бацька ў сне не прыходзіў да яго.
Толькі ў цемры ён мог уявіць сабе бацькаў твар, дый то толькі калі перад гэтым у бабуліным пакоі ў цішы будзе доўга глядзець на яго партрэт, але так бывала, калі толькі на сцэну выступала «кроў у мачы», калі званілі ўрачу і бабулі ўпырсквалі шчасце.
Ён прачытаў усе малітвы, якія толькі ведаў, і кожную заканчваў словамі: «Дай мне ў сне ўбачыць тэту…»
Але калі ён, нарэшце, убачыў бацьку, той аказаўся зусім не такім, як яму хацелася: бацька сядзеў пад высокім дрэвам, закрыўшы твар рукамі, але Марцін адразу пазнаў бацьку, хоць ён і захінуў твар. Бацька быццам нечага чакаў, бясконца доўга чакаў; здавалася, што ён сядзіць так ужо мільёны гадоў і прыкрывае твар, таму што ён такі самотны, і калі бацька апускаў рукі, Марцін кожны раз палохаўся, хоць загадзя ведаў, што ўбачыць зараз. Аказвалася, што твару зусім няма і бацька быццам хоча сказаць яму: вось цяпер ты ўсё ведаеш. Магчыма, бацька чакаў новы твар пад гэтым дрэвам. Зямля была чорная, як валасы Больды, а бацька — зусім адзін і без твару, але нават без твару ён выглядаў бясконца самотным і стомленым, і, калі пачынаў гаварыць, Марцін заўсёды чакаў, што вось ён скажа: «Гезелер», але ніколі бацька не назваў гэтае імя, ні разу ні слова не сказаў пра Гезелера.
На нейкую дурніцу ў суседнім пакоі напаў прыступ смеху, і гэта разбудзіла яго, — усю сваю
Ён плакаў доўга і моцна, пасля смех у суседнім пакоі пачаў заціхаць, ён гучаў усё цішэй і цішэй, і ў новым сне з’явілася бландзінка, якая валтузілася на кухні, але заместа памідораў і крутых яек яна зразала цяпер галоўкі агромністых ампул, шкляных балонаў, а доктар з усмешкай напаўняў вялізны шпрыц іх змесцівам.
На мыльным воблаку павольна праплыла Больда з белым як снег тварам і чорнымі як смоль валасамі, твар у яе быў гладкі-гладкі, як у бабулі пасля ўколу, і Больда спявала, цудоўна спявала, нават лепш, чым фрау Барусяк, так яна і ўзнеслася на неба, заціснуўшы ў зубах, як пропуск у рай, кінапраграму з выявай святой Марыі Гарэці.
Але бацька, якога ён чакаў нават у сне, так і не вярнуўся, яго назаўсёды спудзіў дурны смех у суседнім пакоі, а Больду ў небе змяніла бландзінка, што наразала крутыя яйкі,— яна плыла, рассякаючы паветра, як ваду, і крычала: «Цудоўна, цудоўна, цудоўна!», пакуль аднекуль здалёку не даляцеў нізкі, гучны, як арган, голас бабулі, яе дзікі крык: «Кроў у мачы!»
6
Не адразу зразумеў Генрых, што з ім: такое адчуванне бывае, калі ідзеш па лёдзе, па тонкім лёдзе, які толькі нядаўна пакрыў раку, і не ведаеш яе глыбіні. Лёд пад табой яшчэ не праламаўся, ды і патануць табе не дадуць; на абодвух берагах стаяць, усміхаючыся, людзі, якія гатовы кінуцца на дапамогу, калі ты толькі спатыкнешся, але гэта нічога не зменіць: лёд можа ў любы момант праламацца, а глыбіня застаецца невядомай. Першая трэшчына ўжо паказалася, невялікая пакуль — гэта калі ён прыкмеціў, як напалохала Марціна слова, якое ягоная маці сказала кандытару, брыдкае слова, што азначала сужыцельства мужчын і жанчын, але на яго, Генрыха, думку, сужыцельства — гэта ўвогуле занадта прыгожае слова для абазначэння не вельмі ўжо прыгожай справы: барвова-чырвоныя твары, стогны. Даўно, калі Леа яшчэ не быў яго дзядзькам, ён застаў яго з нейкай кандуктаркай. Генрых хацеў аддаць яму суп і ўвайшоў без стуку. Прарэзлівы крык кандуктаркі і малпін твар Леа: «Зачыні дзверы, паршывец!» А на наступны дзень Леа балюча ўдарыў яго кампосцернымі шчыпцамі па галаве і сказаў: «Ну, дружа, я табе пакажу, што такое прыстойнасць. Ты што, не мог пастукацца?» Пасля ўжо Леа заўсёды запіраў дзверы, але калі маці перабралася да Леа, там, відаць, тварылася тое ж самае. Не, сужыцельства — занадта прыгожае слова для гэтакай мярзоты. Магчыма, у людзей, якія маюць грошы, гэта робіцца неяк іначай? Магчыма. Не, слова, якое прынёс з сабой Леа, брыдкае слова, але яно падыходзіць значна лепш.
Спалох Марціна яскрава паказаў, якая глыбокая вада пад лёдам. Бясконца глыбокая і халодная, і ніхто цябе не ўратуе, калі праломіцца лёд. Справа не толькі ў грашах і не толькі ў розніцы паміж тым, што заўсёды знойдзеш у халадзільніку ў Марціна, і тым, што кожны дзень купляеш сам, лічачы кожны пфеніг: хлеб, маргарын, бульба, яйка для скаціны Леа, зрэдку яйка для Вільмы, для сябе або для маці. Справа яшчэ ў адрозненні паміж дзядзькам Альбертам і Леа, паміж тым, як спужаўся Марцін, калі пачуў гэтае слова, і тым, як ён сам толькі злёгку ўздрыгнуў, калі яго пачуў,— яму проста зрабілася не па сабе ад таго, што гэтае слова ўвайшло ва ўжытак ягонай маці.
Розніца паміж яго маці і маці Марціна, уласна, не такая ўжо і вялікая, відаць, яна толькі ў грашах. I магчыма, магчыма, лёд так і не праломіцца?
I ў школе ён таксама хадзіў па лёдзе. Святар, напрыклад, ледзь не ўпаў з крэсла, калі Марцін на споведзі паўтарыў слова, якое маці сказала кандытару. Марцін павінен быў прачытаць пяць разоў «Ойча наш» і пяць разоў «Багародзіцэ Дзево, радуйся» толькі з-за таго, што пачуў гэтае слова; мяккі, прыветны голас святара расказваў пра бязгрэшнае зачацце, голас дзядзькі Вілі гаварыў пра святы Божы дар, пра сардэчную чысціню і нявіннасць душы; прыгожы голас і добры твар святара, ён дабіўся, каб маці Генрыха далі грошай на яго канфірмацыю, хоць маці і распусная. Ці хоць аднойчы бачыў святар чысты, вымыты, чырвоны, пахучы ад туалетнай вады малпін твар дзядзькі Леа, хіба такія твары маюць нявінныя душы?