Дом без гаспадара
Шрифт:
Ён ішоў па лёдзе праз раку, глыбіня якой выявіцца толькі тады, калі праломіцца лёд. I маці зрабілася іншай: яна вымавіла гэтае слова, але яшчэ раней яна зрабілася іншай — няласкавай: ён помніў яе мяккай, прыветнай, пакорлівай, калі яна ноччу цярпліва мяняла воцатныя кампрэсы на грудзях дзядзькі Эрыха, або ўсміхалася Герту, або размаўляла з Карлам перад тым, як пазбавілася ад «гэтага». Жорсткім зрабіўся яе твар пасля бальніцы.
Лёд ужо дзе-нідзе трэснуў па краях на мелкіх, бяспечных мясцінах, дзе ён яшчэ можа зноў падмерзнуць. Гісторыя з «начной патлівасцю» Віля, напрыклад, выклікала ў Генрыха толькі смех. Ён смяяўся, як смяяўся і з разважанняў Віля пра кнігі і кіно: бязладнае мармытанне, вадзяныя струменьчыкі, што бягуць з рота зачараванага духа, яны падымаюцца з глыбіні ракі і, пераліваючыся, іскрацца, як фантан у кафэ Генэля.
Зразумелай была цана на маргарын, якая, дарэчы, зноў паднялася, зразумелыя падлікі, што ён рабіў для маці,— маці зусім не ўмела лічыць, не ўмела эканоміць, разлічваць увесь дамашні бюджэт было яго абавязкам; зразумелым быў чыста паголены
Лепш за ўсё ў кіно, утульна, цёпла. Ніхто на цябе не глядзіць, ніхто з табой не размаўляе, і ты можаш дазволіць сабе тое, чаго не дазволіш нідзе, забыцця.
Словы настаўніка былі, як словы святара — яркія, ззяючыя, але чужыя; яны пераліваліся пад лёдам, на які ён ступіў, але да яго не даходзілі, ён быў глухі да іх. Падаражалі яйкі, цана на хлеб падскочыла на пяць пфенігаў, і свіння Леа скардзіцца на тое, што сняданак стаў горшым, што яйкі яму падаюць вельмі дробныя,і абвінаваціў Генрыха ў крадзяжы грошай. Вось гэта хвалюе — нянавісць да гэтай малпы, да ўсяго яшчэ і дурной. Прыйшлося сунуць яму пад нос усе разлікі, каб ён сам мог пераканацца, але ж слова засталося: крадзеж. I маці — Генрых уважліва назіраў за ёю — на нейкі момант паверыла Леа, праўда, усяго толькі на момант, але і моманту дастаткова. Яму даводзілася эканоміць — таму што яны падоўгу бывалі на вуліцы, а Вільме не куплялі сукенак. Крадзеж, і нікому гэтага не раскажаш. Марцін — той бы зусім нічога не зразумеў, а з дзядзькам Альбертам ён пакуль саромеўся гаварыць. Калі-небудзь пасля ён гэта зробіць, бо дзядзька Альберт адзіны, хто можа зразумець, што для яго азначае такое абвінавачванне. Ён адпомсціў проста і жорстка. Два тыдні ён не браўся за дамашнія справы, адмовіўся рабіць пакупкі: няхай маці сама купляе, хай Леа паклапоціцца пра гэта, хай сам пабачыць. Не прайшло і тыдня, як уся гаспадарка пайшла да д’ябла, у доме не было чаго жэрці; маці раўла. Леа скрыгатаў зубамі, і, нарэшце, абое ў адзін голас пачалі ўпрошваць яго зноў заняцца гаспадаркай — і ён заняўся, але так і не забыў таго моманту, калі маці западозрыла яго.
Пра такія рэчы ў доме Марціна ён мог гаварыць толькі з дзядзькам Альбертам, але некалі потым, на канікулах, калі яны паедуць з Альбертам да яго маці, дзе Віль будзе наглядаць за Вільмай; там знойдзецца выпадак пагаварыць з Альбертам пра невыноснае слова «крадзеж». Дзівачка Больда — вельмі добрая жанчына, але з ёю таксама нельга гаварыць пра грошы, а маці Марціна адрозніваецца ад яго ўласнай маці толькі тым, што яна мае грошы, праўда тут яшчэ і тое, што яна вельмі прыгожая, на свой лад прыгажэйшая нават за ягоную маму, такая, як жанчыны ў фільмах, але ў грашах яна мала разумее. Гаварыць пра грошы з бабуляй няёмка: яна зараз жа выцягне сваю чэкавую кніжку. Усе яны дарылі яму грошы — Альберт, бабуля, Віль, маці Марціна, але і ад грошай лёд не рабіўся мацнейшым і глыбіня вады заставалася такой жа невымернай. Зразумела, можна зрабіць маме нейкі падарунак — сумачку з чырвонай скуры і да яе чырвоныя скураныя пальчаткі, гэтакія, як ён бачыў у адной жанчыны ў кіно, можна нешта купіць і для Вільмы, можна пайсці ў кіно, з’есці марожанага, папоўніць дамашнюю касу і прытым прынцыпова нічога не купляць для Лea i прынцыпова не даць яму адчуць ніякага паляпшэння. Але грошай усё роўна не хопіць, каб купіць дом і ўсё з ім звязанае, каб набыць пачуццё ўпэўненасці, усведамленне, што ты не ходзіш больш па лёдзе, а галоўнае, ні за якія грошы не купіць таго, што адрознівае дзядзьку Альберта ад дзядзькі Лea.
Словы настаўніка ў школе і словы святара супадалі з тым, што гаварыў Карл «новае жыццё»: прыгожыя словы, з імі ў Генрыха звязана нават пэўнае ўяўленне, якое — ён гэта ведаў — ніколі нельга ажыццявіць. Твар маці пакруглеў і адначасова стаў больш жорсткім, яна ўсё далей адыходзіла ад бацькі, рабілася старэйшай за бацьку, а сам ён паступова даганяў бацьку. Маці была цяпер старой, бясконца старой здавалася яна яму, а зусім жа нядаўна, калі яна ўпершыню танцавала з Лea, калі ў бальніцы вызвалілася ад «яго», маці здавалася яму зусім маладой. I рука яе стала цяжэйшай, рука, якой яна вечарамі таропка гладзіла ягоны лоб, перш чым перайсці ў пакой да Лea, каб сужыцельстваваць з ім.
А ў яго на руках дзіця, ад якога маці не пазбавілася. Вільме хутка ўжо два гады, і яна чамусьці заўсёды мурзатая. Лea ненавідзіць бруд; Леа такі чысцёха, яго за вярсту можна пазнаць па паху туалетнай вады і памады. Рукі ў яго да чырвані нацёртыя шчоткай, пазногці адпаліраваныя, і разам з кандуктарскім кампосцерам ён у якасці зброі выкарыстоўваў пілку для пазногцяў — няскладную доўгую жалязяку. Гэтай жалезкай ён біў Вільму па пальцах. Кожную раніцу Генрых падаграваў ваду, каб памыць Вільму, як найчасцей мяняў ёй бялізну, але Вільма чамусьці заўсёды здавалася бруднай, запэцканай, хоць гэта была разумная і мілая дзяўчынка.
Калі Леа працаваў у начную змену, малая ўдзень на гадзіну заставалася пад яго наглядам, таму што маці ішла цяпер у пякарню да паловы першай, і з таго часу, як Вільма ўпершыню засталася адна з Леа, яна, як толькі яго ўбачыць, пачынала раўці. Варта было Леа пагражальна падняць свае нікеліраваныя кампосцерныя шчыпцы, каб прыстрашыць дзяўчынку, як яна заходзілася ў плачы, з ровам кідалася да Генрыха, чаплялася за яго і не супакойвалася, пакуль Лea не пойдзе, дый то яшчэ Генрых павінен быў некалькі разоў паўтарыць ёй: «Леа няма, Леа няма, Леа няма». Але слёзы ўсё цяклі па яе твары і залівалі рукі Генрыха. Па абедзе часцей за ўсё ён заставаўся з ёю адзін, і дзяўчынка паводзіла сябе спакойна, зусім не плакала, а яшчэ лепш было вечарамі, калі Леа з маці ішлі на танцы. Генрых тады апавяшчаў Марціна, які згаджаўся бываць у іх толькі ў адсутнасць Леа, — ён баяўся Леа не менш, чым Вільма, — і яны разам купалі дзяўчынку, кармілі яе і гулялі з ёю. Або проста пакідалі Вільму ў садзе ў Марціна, а самі гулялі ў футбол. Такімі вечарамі Генрых з Вільмай адны ўкладваліся спаць, і ён у думках шаптаў вячэрнія малітвы і думаў пра ўсялякага роду дзядзькаў. Вільма, засунуўшы палец у рот, чыстая, вымытая, засынала каля яго. Калі ў яго самога пачыналі зліпацца вочы, ён пераносіў Вільму ў яе ложачак. А ў суседнім пакоі маці сужыцельствавала з Леа — ён нічога не чуў, але ведаў усё, што там адбываецца.
Калі Генрых пачынаў думаць, які з дзядзькаў падабаўся яму больш, ён заўсёды вагаўся паміж Карлам і Гертам. Карл быў ветлівы і акуратны. Карл — «новае жыццё», Карл — «дадатковы паёк». Карл, ад якога пахла супам са сталоўкі магістратуры, Карл, які пакінуў у іх брызентавую сумку для алюмініевых абедзенных судкоў, у якую Вільма складвала цяпер свае цацкі. Да таго ж Карл умеў рабіць падарункі, як і Герт, — той прыходзіў увечары з вядзёркам з-пад павідла і вывальваў на стол увесь свой інструмент — кельню, шпатэль, фуганак, ватэрпас — і свой дзённы заробак, які яму заўсёды плацілі натурай: маргарын, хлеб, табаку, мяса, муку і нават часам яйкі — рэч надзвычайнага смаку, надзвычай рэдкую і дарагую па тым часе. I маці смяялася больш за ўсё ў часы Герта. Герт быў малады, цемнавалосы і быў не супраць згуляць з ім у лато і ў фішкі. Калі тушылі святло, Генрых часта чуў, як маці і Герт смяюцца, лежачы ў ложку, і гэты смех не здаваўся яму непрыемным, у адрозненне ад дурнаватага хіхікання маці пры Карле. Пра Герта захаваліся такія добрыя ўспаміны, што нават думка пра яго сужыцельства з маці не азмрочвала іх. У Герта заставалася цёмна-зялёная пляма на рукаве мундзіра, там, дзе раней былі яфрэйтарскія нашыўкі, а вечарамі Герт гандляваў алебастрам і цэментам — ён прадаваў іх на фунты; разважваючы, ён набіраў алебастр і цэмент кельняй з папяровых мяшкоў — як муку.
Карл быў зусім іншы, але таксама слаўны. З усіх дзядзькаў ён адзіны хадзіў у царкву. Карл і яго браў з сабою, тлумачыў яму ўсю царкоўную службу і малітвы, а ўвечары пасля вячэры надзяваў акуляры, і пачыналіся разважанні пра «новае жыццё». Спавядацца, праўда, ён не хадзіў і да прычасця — таксама, але ў царкве ён бываў, і на ўсё ўмеў даць адказ. Карл быў сур’ёзны, уніклівы, але прыветлівы і дарыў цукеркі, цацкі, і, калі Карл гаварыў: «Мы пачнём новае жыццё», ён пасля гэтага дадаваў: «Ведаеш, Вільма, я хачу неяк уладкаваць нашае жыццё, разумееш, упарадкаваць», да ўладкавання адносілася і тое, што Генрых павінен быў называць яго татам, а не дзядзькам. Або ўзяць Эрыха — настоі з дзіўным пахам, воцатныя кампрэсы, запальнічка, якая да гэтага часу не паламалася. Эрых застаўся ў Саксоніі. А Герт у адзін цудоўны дзень проста не вярнуўся, і яны доўга нічога пра яго не ведалі, пакуль праз некалькі месяцаў не атрымалі ліст з Мюнхена: «Давялося пайсці, я не вярнуся. Мне было добра з табой, пакідаю табе на памяць свой гадзіннік». У памяці захаваўся пах вільготнага алебастру, а ў лексіконе маці слова «дзярмо», што засталося ад Герта. I Карл таксама пайшоў, таму што маці пазбавілася ад «яго». Ніякага «новага жыцця» так і не атрымалася, ён да гэтай пары часам сустракаў Карла ў царкве. У Карла цяпер былі новая жонка і дзіця такога ж узросту, як Вільма, у нядзелю ён гуляў, ведучы малога за руку. Але Карл, здавалася, зусім забыўся і пра Генрыха, і пра маці, ён з імі не вітаўся. Цяпер Карл хадзіў да прычасця, і нават з нейкага часу ён першым запяваў у царкве малітвы, і калі з хораў даносіўся голас, які гаварыў раней пра «новае жыццё», пра «дадатковы паёк», пра «парадак», Генрых не мог зразумець, чаму маці пазбавілася ад «яго», Карл быў бы цяпер ягоным бацькам.
Нехта з жыльцоў дома кожны дзень унізе, у пад'ездзе, пісаў на сцяне алоўкам слова, што маці сказала кандытару. Невядома было, хто гэтым займаецца. Часам слова гэтае заставалася на сцяне цэлы дзень, але к вечару яно знікала, таму што прыходзіў сталяр, у якога пад лесвіцай была маленькая майстэрня, саскрэбваў гэтае месца цвіком, і на каменных плітах падлогі заставаўся белы след ад паабсыпанай тынкоўкі, а на сцяне — глыбокія драпіны. Але невядомы зноў пісаў гэтае слова, а сталяр зноў саскрэбваў яго. Сцяна пад’езда была ўжо пашкрабаная ў дваццаці месцах. Гэта была нямая барацьба, і абодва бакі вялі яе з аднолькавай упартасцю — зноў і зноў з’яўлялася на сцяне гэтае слова, і сталяр, ад якога пахла камфарай, як некалі ад Эрыха, выходзіў з майстэрні з саракадзюймовым цвіком і саскрэбваў яго. Сталяр быў цудоўным чалавекам. Асабліва добра ён адносіўся да Вільмы: у суботу, калі вучань падмятаў у майстэрні, сталяр загадваў яму выбіраць са смецця ўсе драўляныя цуркі, адмываць іх і адносіць Вільме, і асабліва доўгія і кучаравыя стружкі таксама аддаваць ёй, а сам сталяр, калі збіраў грошы за кватэру, прыносіў Вільме цукеркі.