Дом без гаспадара
Шрифт:
З-за ліловай занавескі самотны твар капелана здаваўся прывідным, як у велікамучаніка, ён уздыхнуў і загадаў, каб Марцін усё расказаў яму, і загаварыў пра млынавыя жорны; гэтыя жорны прывязваюць на шыю таму, хто спакусіць дзіця; затым ён адпусціў Марціна і папрасіў, толькі папрасіў, а не налажыў пакаянне, кожны дзень чытаць па тры разы «Ойча наш» і тры разы «Багародзіцэ Дзево, радуйся», каб вытравіць з сябе гэта брыдкае слова. I зараз, седзячы на агароджы, Марцін тройчы ў думках паўтарыў гэтыя малітвы. Ён больш не назіраў за машынамі, якія праносіліся міма; калі ласка, няхай Альбертаў «мерсэдэс» праязджае міма. Ён маліўся павольна, з напаўзакрытымі вачамі і
Марцін у апошні раз прачытаў «Ойча наш», устаў і зайшоў у «Атрыум». Тут ён спалохаўся: прагульшчыца стаяла каля дзвярэй і гутарыла з білецёрам. Білецёр гаварыў ёй:
— Зараз, дзетка, зараз, праз некалькі хвілін пачнецца. Ты ж ужо са школы?
I прагульшчыца адразу вымавіла зразумелую, выразную і ашаламляльную хлусню:
— Так.
— А дадому табе не трэба?
— Не, мама на працы.
— А бацька?
— Бацька загінуў.
— Пакажы білет.
Яна падала білет — зялёненькую паперку, а каля ўвахода красавалася афіша, і на ёй, наўскос праз ліловы жывот жанчыны, цягнуўся надпіс: «Сеанс для дзяцей». Калі прагульшчыца знікла, Марцін падышоў бліжэй і нерашуча спыніўся каля касы. У шкляной будцы сядзела жанчына з цёмнымі валасамі і нешта чытала. Потым падняла на яго вочы і ўсміхнулася, але ён не адказаў на яе ўсмешку. Усмешка не спадабалася яму — нешта ў ёй нагадвала слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Касірка зноў утаропілася ў кнігу, а ён уважліва разглядваў яе беласнежны прабор і сінявата-чорныя валасы, затым яна зноў падняла вочы, прачыніла акенца і спытала:
— Што табе трэба?
— Пачнецца хутка? — ціха спытаў ён.
— У дзве, — сказала яна і зірнула на гадзіннік, што вісеў за яе спінай. — Праз пяць хвілін. Пойдзеш?
— Так, — адказаў ён і адразу ж успомніў, што якраз гэтую карціну ён прапанаваў Брылаху паглядзець у панядзелак.
Касірка ўсміхнулася, кранула зялёны, жоўты і сіні валік з білетамі і спытала:
— Які рад?
Ён расшпіліў кішэньку, дастаў грошы, сказаў:
— Дзесяты рад, — і падумаў, што няблага прымусіць Альберта пачакаць, і што няблага пасядзець аднаму ў цемры, і што, нарэшце, у панядзелак можна з Брылахам паглядзець іншую карціну.
Касірка адарвала білецік ад жоўтай катушкі і падгрэбла грошы да сябе.
Білецёр сустрэў яго суровым позіркам.
— А ты ўжо быў у школе? — спытаў ён.
— Так, — адказаў ён і адразу ж, не чакаючы другога і трэцяга пытання, дадаў: — Маці мая паехала, а бацька загінуў.
Білецёр нічога не сказаў, адарваў ад білета кантроль і ўпусціў яго. Толькі апынуўшыся за цяжкой парцьерай, Марцін скеміў, які дурны білецёр. Няўжо ён не ведае, што хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца асобна і што ён не мог прыйсці са школы адначасова з гэтай прагульшчыцай.
Было цёмна. Дзяўчына-кантралёр узяла яго за руку і вывела на сярэдзіну залы. У дзяўчыны была халаднаватая і лёгкая рука, і калі яго вочы прывыклі да цемнаты, ён убачыў, што ў зале амаль пуста: толькі ў першых і апошніх радах сядзелі некалькі чалавек, а сярэднія рады пуставалі, тут быў толькі ён. Прагульшчыца сядзела наперадзе, паміж двух маладых людзей, яе галава з чорнымі паблытанымі валасамі
Ён уважліва прагледзеў рэкламу гуталіну: ліліпуцікі-канькабежцы сноўдалі па асляпляльных чаравіках велікана. У руках у іх хакейныя клюшкі, толькі заместа звычайных загагулін унізе прымацаваны шчоткі для ботаў, і чаравікі велікана ззялі ўсё ярчэй і ярчэй, і нечы голас сказаў:
— Калі б Гулівер карыстаўся Бляскам, ён заўсёды меў бы такія чаравікі.
Пачаўся новы рэкламны фільм: жанчыны гулялі ў тэніс, гарцавалі на конях, кіравалі самалётамі, разгульвалі ў маляўнічых парках, плавалі па люстранай роўнядзі мора, каталіся на аўтамашынах, веласіпедах, матаролерах, практыкаваліся на брусах і турніках, кідалі дыск — і ўсе яны ўсміхаліся, усміхаліся нечаму, і, нарэшце, усмешлівая жанчына, ззяючы, сказала прысутным у зале, што яе радуе вялікі цёмна-зялёны карабок з белым крыжыкам і надпісам на крышцьг «Афелія».
Марціну было сумна. Пачалася асноўная карціна, але сум не прайшоў. На экране пілі віно і служылі імшу, затым расчыніліся вароты парка, і мужчына Ў зялёным сурдуце, зялёным капелюшы і зялёных гетрах паскакаў па прасецы. У канцы прасекі стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым каўнерыкам жанчына з «Сеанса для дзяцей». Мужчына саскочыў з сядла, пацалаваў жанчыну, а жанчына яму сказала: «Я буду за цябе маліцца, беражы сябе». Зноў пацалунак, і вось ужо жанчына з «Сеанса для дзяцей», плачучы, глядзіць услед мужчыну, які бесклапотна скача прэч. Трубяць паляўнічыя ражкі на даляглядзе, і мужчына ў зялёным капелюшы, зялёных гетрах і зялёным сурдуце імчыць на фоне сіняга неба па іншай прасецы.
Марцін паміраў ад нудоты: ён пазяхаў у цемры, яго даймаў голад, ён заплюшчыў вочы і чытаў «Ойча наш» і «Багародзіцэ Дзево, радуйся», затым прыдрамаў і ўбачыў у сне, як Лea з жорнамі на шыі ідзе на дно — беспрадонная глыбіня мора, і твар у Лea такі, якім ён ніколі яго не бачыў. Твар у яго самотны, і ён апускаецца ўсё глыбей і глыбей ў зялёны змрок, і зграі марскіх страшыдлаў здзіўлена вылупліваюцца на яго.
Ён прачнуўся ад крыку, спалохаўся, не адразу зразумеў у цемені што да чаго і ледзь сам не закрычаў. Але паступова карціна праяснялася: зялёны мужчына качаўся па зямлі з нейкім абарванцам, абарванец перамог, зялёны так і застаўся на зямлі, абарванец жа ўскочыў у сядло, пачаў лупіць каня высакародных крывей і з д’ябальскім рогатам паскакаў прэч, хоць конь раз за разам уставаў на дыбы.
У лясной капліцы жанчына з «Сеанса для дзяцей» стаяла ўкленчыўшы перад выявай мадонны, але раптам з лесу пачуўся стукат капытоў. Яна кінулася насустрач: яна пазнала ржанне і тупат ягонага каня. Вочы яе заблішчалі ад радасці: ці не ён вярнуўся назад, гнаны каханнем? О не, дзікі крык, жанчына падае непрытомна на ганку капліцы, а абарванец праносіцца міма, нават не зняўшы капелюша. Але хто там паўзе з апошняе сілы, выгінаецца, як змяя, па лясной прасецы, чый твар скажоны дзікім болем, чые вусны сцяты журботным маўчаннем? Гэта элегантны зялены пан. Ён дапоўз да купкі і, цяжка дыхаючы, уставіў вочы ў неба.
А хто бяжыць па прасецы, на кім палошчацца ліловая сукенка, хто рыдае і бяжыць, бяжыць і кліча? Гэта яна, жанчына з «Сеанса для дзяцей».
I чалавек у зялёным пачуў яе. Зноў капліца. Пабраўшыся за рукі, яны павольна ўзыходзяць па прыступках, зялёны чалавек і жанчына, гэтым разам таксама ў зялёным. Яго правая рука ўсё яшчэ перавязаная і галава таксама, але ён ужо ўсміхаецца, балюча, але ўсё ж усміхаецца. Непакрытыя галовы, расчыненыя дзверы капліцы, на заднім плане ржэ конь і ціўкаюць птушкі.