Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
А што ж сталася з беднай лiсой?
Мiнула шмат часу, i адправiўся аднойчы каралевiч зноў у той самы лес, сустрэла яго лiса i кажа:
– Цяпер у цябе ўсё ёсць, што ты мог сабе жадаць, а вось майму няшчасцю ўсё няма канца, але ты можаш мяне выручыць, - i пачала лiса зноў яго прасiць i малiць, каб ён згадзiўся яе застрэлiць i адсекчы ёй галаву i лапы. Так ён i зрабiў; i толькi выканаў ён яе просьбу, як сталася лiса юнаком, i быў ён не хто iншы, як брат цудоўнай каралеўны, якi нарэшце быў вызвалены ад злога закляцця. I
САЛОМIНКА, ВУГАЛЬ I БАБIНА
Жыла-была адна бабулька, вельмi старая. Восемдзесят гадоў ёй было. Пайшла бабулька на агарод, нарвала поўную талерку бобу i вырашыла яго зварыць.
"Вось, - думае, - звару бобу i паабедаю".
Распалiла яна плiту i, каб агонь разгарэўся лепей, падкiнула ў топку пучок саломы.
А затым пачала сыпаць у гаршчок боб.
Вось якраз тут усё i пачалося.
Калi сыпала яна боб у гаршчок, адна бабiна ўзяла ды i завалiлася на падлогу.
I сюды ж, на падлогу, выскачыў з печы распалены вугольчык.
Вось саломiнка i кажа:
– Мiлыя сябры, адкуль вы тут?
– Я, - адказвае вугольчык, - з печы. Калi б, - кажа, - я адтуль не выскачыў, давялося б мне згарэць i рассыпацца попелам.
А бабiна кажа:
– I мне пашчасцiла, што я сюды трапiла. А то давялося б мне, як i iншым маiм сяброўкам-бабiнам, у кашу разварыцца.
А саломiнка кажа:
– I я рада, што ў печ не трапiла, а тут ляжу.
– Ну, а што ж мы цяпер будзем рабiць?
– пытаецца вугольчык.
– Я думаю, - сказала бабiна, - вось што. Пайшлi белы свет паглядзiм.
– Пайшлi, пайшлi, - згадзiлiся вугольчык i саломiнка.
I пайшлi яны разам - бабiна, саломiнка i вугольчык.
Доўга iшлi яны i прыйшлi да ручайка. Ручаёк маленькi, вузенькi, а перабрацца цераз яго цяжка - моста няма. Як тут быць? Тады саломiнка кажа:
– Мы вось як зробiм: я перакiнуся з беражка на беражок, а вы па мне пераправiцеся, як па мосце.
Так яны i зрабiлi. Перакiнулася саломiнка з берага на бераг, i першым пабег па ёй вугольчык. Бяжыць, як па мосце. Дабег ён да сярэдзiны, чуе плёскаецца ўнiзе вада. Стала яму страшна, спынiўся ён i крычыць:
– Баюся вады, баюся вады!
А пакуль ён стаяў i крычаў, саломiнка ад яго загарэлася, развалiлася на дзве часткi i паляцела ў ручай. Вугольчык таксама звалiўся ў ваду. Ён засiпеў: "Таплюся, ратуйце!" - i пайшоў на дно.
А бабiна асцярожнай была, яна на беразе засталася.
Засталася на беразе i давай смяяцца з вугольчыка i саломiнкi.
Смяялася яна, смяялася - i лопнула ад смеху.
Дрэнна б ёй давялося, ды на яе шчасце сядзеў на беразе вандроўны кравец.
Дастаў кравец нiткi i сшыў абедзве палавiнкi бабiны.
А таму што ў краўца белых нiтак з сабой не было, ён зашыў бабiну чорнай нiткай. З таго часу ва ўсiх бабiнах чорнае шво пасярэдзiне.
СТОЛIК-НАКРЫЙСЯ, ЗАЛАТЫ АСЁЛ I ДУБIНКА З МЯШКА
Даўным-даўно жыў на свеце кравец. Былi ў яго тры сыны i адна-адзiная каза. Яна iх усiх малаком кармiла. А за гэта яе трэба было кожны дзень пасвiць.
Сыны пасвiлi казу па чарзе. Пагнаў яе аднойчы старэйшы сын на могiлкi. Трава там расла высокая ды сакавiтая. Каза цэлы дзень скубла траву i скакала. Вечарам, перад тым як вяртацца дамоў, ён i пытае ў яе:
– Цi сытая ты, каза мая?
Адказала каза:
– Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!
– Ну, тады i iдзi дадому.
Прывёў яе за вяровачку ў стойла i моцна прывязаў.
Бацька цiкавiцца ў сына:
– Цi не галодная наша каза?
– О, яна такая сытая, не хоча болей нi лiсцiка.
Пахвалiў кравец сына, а сам пайшоў у стойла, пагладзiў любiмую козачку i перапытвае:
– Цi сытая ты, каза мая?
I адказала яму каза:
– Ад чаго я буду сытая? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!
– Што я чую!
Выскачыў кравец са стойла, як закрычыць на сына:
– Ах ты, манюка, каза ж зусiм галодная!
Пабiў сына i прагнаў з двара.
На другi дзень наступiла чарга пасвiць казу сярэдняму сыну. Знайшоў ён у садзе месца, дзе трава добрая расла, каза яе ўсю i з'ела. Вечарам пытае:
– Цi сытая ты, каза мая?
– Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!
– Тады iдзi дадому.
А дома стары кравец дапытвае сына:
– Цi наелася наша каза?
– О, яна такая сытая, што не хоча болей нi лiсцiка.
Але кравец вырашыў сам у гэтым пераканацца. Зайшоў у стойла i пытае:
– Цi сытая ты, каза мая?
I адказала каза:
– Як мне быць сытаю, калi я з'ела толькi адну былiнку, як скакала цераз магiлку. Ме-ме!
– Ах ты, гэткi злодзей!
– закрычаў кравец.
– Такую рахманую казу ды прымусiў галадаць!
Выбег са стойла, адмянташыў палкай сына i прагнаў з двара.
Наступiла чарга малодшаму сыну пасвiць казу. Знайшоў ён добрую пашу з густой травой, запусцiў туды казу. Вечарам пытае ў яе:
– Цi сытая ты цяпер, каза мая?
– Я такая сытая, што не з'ем болей нi лiсцiка. Ме-ме!
– Ну, тады пайшлiма дамоў.
А дома бацька сустракае, сына распытвае:
– Цi наелася ўволю каза наша?
– О, татка, яна такая сытая, што не хоча болей нi лiсцiка.
Кравец не паверыў, пайшоў у стойла, перапытвае ў казы:
– Цi сытая ты сёння?
I адказала злая каза:
– Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магiлку, з'ела адну былiнку. Ме-ме!
– Ах ты, iлгун!
– закрычаў кравец, выскачыў са стойла i давай бiць беднага хлопчыка, той ледзь з двара паспеў збегчы.