Лісце забытых алеяў
Шрифт:
З касцёла завяла мяне вуліца
Свае ўражанні ад велічы нясвіжскага замка Уладзіслаў Сыракомля выказаў у санеце, які так i назваў «Замак». Наогул, у Нясвіжы няма месца, якое б ён не апеў у сваіх паэтычных радках. Напрыклад, у цыкле санетаў «Успаміны Нясвіжа» паэт расказаў i пра Радзівілаўскія муры («Канторшчык бедны, там сядзеў я днямі»), i пра агульны выгляд горада («Малы занушчаны горад стаіць у руінах»), i пра Слуцкую браму, i пра радзівілаўскі звярынец Альбу з летнім палацам, які, дарэчы, як з абурэннем піша Сыракомля ў «Вандроўках», быў, ужо ў яго час, «рукою нейкага спекулянта перароблены на простую гаспадарчую ферму», ад чаго «пазбавіўся сваёй аздобы». Шмат нясвіжскіх пейзажаў першай палавіны XIX стагоддзя рассыпана i ў выдатнай паэме Сыракомлі пра яго «школьныя часы».
Пра ўсё гэта я ведаў, прачытаўшы Сыракомлю, асобныя радкі i строфы былі ў памяці. Таму, калі блукаў па Нясвіжу, было такое ўражанне, быццам горад мне даўно знаёмы i я цяпер толькі прыпамінаў, пазнаваў вядомыя мне мясціны.
На ўскраіне горада, за старым змрачнаватым паркам, мне падалося, што я іду якраз па той дарозе, якую некалі князь Кароль Радзівіл усыпаў соллю i ездзіў па ёй летам на санях, запрэжаных мядзведзямі. Дзядзька, які скошваў па броўках густы пырнік, пацвердзіў маю здагадку: сапраўды, гэта тая «белая» дарога, пра яе ён чуў ад старых. Пра гэтую дарогу, пра дзікія свавольствы князя пісаў i Сыракомля — як у нарысах, так i ў паэтычных творах. Князь марыў аб славе, аб людской памяці, a дабіўся таго, што паэт «увекавечыў» яго як тупога i бяздушнага самадура, самахвальца, часовая «вядомасць» якога вырасла на народнай крыві. Смяротны прысуд вынес яму паэт у сваёй «Народнай гутарцы» — «Ілюмінацыя», пачутай тут, у Нясвіжы, ад старой беларускай жанчыны.
Князь нясвіжскі Кароль, дайце веры мне, дзеткі, Пэўна, мора меў грошы, Нечувана нідзе, дый не бачана гэткай I за светам раскошы. Колькі птаства на кухню ішло, колькі трункаў, Як ігралі музыкі, Калі князь на дзівосы свае i частункі Панства рознае клікаў. От, вядома, шалеюць з раскошы магнаты, Шум i смех у палацы; Плацяць плачам за гэта змарнелыя хаты, Плацяць чорнаю працай.Гэта, так сказаць, «запеў» гутаркі, дзе дадзена агульная характарыстыка Кароля Радзівіла. Далей Уладзіслаў Сыракомля — вуснамі боларускай жанчыны — расказаў пра дзікі факт свавольства i здзеку з народа ўсеўладнага князя-самадура. Задумаўшы гучна правесці свае ўгодкі, князь загадаў усім жыхарам Нясвіжа паліць паходні. Жанчына, ад імя якой вядзецца апавяданне, не магла выйсці на вуліцу, каб паліць на сваім слупу ліхтар, — у яе на руках было хворае дзіця. Тады служка з ратушы, паразбіваўшы ў хаце вокны, вырваўшы з рук дзіця, сілай выцягнуў яе на вуліцу. Дзіця, якое заходзілася ад плачу, засталося ў напоўненай холадам хаце адно.
Там венгерскае п'юць, забаўляюцца госці У раскошы, ў багацці, А тут паліць святло i па сыне галосіць Змізарнелая маці. Калі ж князю крычаць пачыналі віваты, Зычыць год яму многа, ЯУ гэтай гутарцы — увесь Сыракомля з яго нянавісцю да прыгнятальнікаў, з яго шчырым спачуваннем да жыцця бяспраўнага беларускага селяніна.
Ходзячы па крывых нясвіжскіх вуліцах, я прыглядаўся да старых камяніц, да рэштак мураваных калон, гадаючы, дзе была, напрыклад, тая дамініканская школа, у якой вучыўся Сыракомля, i дзе той дамок, у якім кватараваў паэт. «Школа была ў кляшторы, а кватэры ў месце» (гэта значыць, у горадзе), чытаў я ў «Школьных часах». Але дзе канкрэтна яны былі? Я дастаў з сакваяжа i разгарнуў «Вандроўкі». З партрэта зноў глядзелі на мяне спакойныя вочы паэта, якія як бы гаварылі: што ж, разгадвай маю загадку, разгадвай, я сваё слова сказаў.
Сёння Нясвіж, канешне, змяніў свой выгляд. Новыя, шматпавярховыя дамы, школы, магазіны, адміністрацыйныя будынкі, нядаўна пабудаваная аўтастанцыя — добра ўпісваюцца ў стыль горада, мірна суседнічаюць са старажытнымі пабудовамі. I ўсё ж хацелася б, каб слаўнае мінулае горада неяк было ўвекавечана ў памяці нашчадкаў. Думаю, напрыклад, што помнікі такім двум выдатным сынам Беларусі, як Сымон Будны i Уладзіслаў Сыракомля, якія праславілі Нясвіж, якія аддалі яму добрую частку сваіх сэрцаў, — былі б тут вельмі да месца. Тым больш, што Нясвіж усё болей і болей прыцягвае да сябе сваімі старажытнымі помнікамі турыстаў, якія з цікавасцю пазнаёміліся б таксама з жыццём i творчасцю гэтых выдатных культурных дзеячаў.
У 1844 годзе, згуляўшы вяселле з семнаццацігадовай Паўлінай Мітрашэўскай, Уладзіслаў Сыракомля пакінуў сваю канцылярскую службу ў Нясвіжы i пераехаў з жонкаю ў Залуча — ціхі салаўіны куток на беразе Нёмана, дзе малады паэт задумаў пагаспадарыць на зямлі. Цяністай асфальтаванай дарогай, аздобленай высознымі кацярынінскімі бярозамі (якія, дарэчы, пачалі ўжо там-сям падаць), пагойдаў — праз сто з чвэрцю год — i мяне аўтобус услед за паэтам — да ціхаплыннага Нёмана.
Птушкі Нёмана. Залуча — радзіма песень. З рукапісам i матыкай. «Гнёзды» паэтаў. Гід — Сыракомля. След аратага, які памёр 10 жніўня 1851 года. Як гараць кнігі? «Нa начлег, да зялёнага гаю». Нараджэнне песні.
У высокай, рыжаватай ад метлюкоў траве, не чапанай ні каровінымі зубамі, ні авечым капытом (тут — сенакос), стракаталі нябачныя конікі. Над зелянінай лугоў — адсюль, з узгорка, яны відаць далека — стаяла, трохі прымружанае воблакамі, сонца. Аднекуль, здаецца, з таго унь раскідзістага куста, узляцела i пачала кружыць над паплавамі кнігаўка. Яе прарэзлівае «кні-гі! кні-гі!» то прыбліжалася да нас, то зноў аддалялася, прападаючы недзе за Нёманам. Ён, бацька Нёман, хаваючыся ў аеры, ішоў, аказваецца, зусім блізка. Яго лёгка было пазнаць па ланцугу лазнякоў, які, выгінаючыся, цягнуўся нізам логу.
Так, гэта было яно, Залуча (дарэчы, якраз так гавораць мясцовыя жыхары, а не Залучча, як пішуць некаторыя аўтары). Тое Залуча, дзе восем гадоў пражыў, арандуючы панскую зямлю, Уладзіслаў Сыракомля. Залуча, якім памечаны вельмі многія выдатныя творы паэта, напісаныя ў гэтым зацішным куточку беларускай зямлі, такія, да прыкладу, як «Хадыка», «Вясковы лірнік», «Добрыя весці» (на беларускай мове), «Пра закляты скарб», «Аб Заблоцкім i мыле», «Над калыскай», «Прысвячэнне літвінам народных гутарак», нарэшце, «Паштальён», верш, які потым стаў шырока вядомай рускай народнай песняй «Ямщик». Тут, у Залучы, паэт шмат працаваў над перакладамі польскіх паэтаў-лаціністаў, а таксама над даследаваннем па гісторыі Беларусі, яе гарадоў i мястэчак, быту беларускага селяніна.
«Залучы, часу ціхай працы i патайнага, нябачнага для вока набірання сіл, — пісаў у сваёй кнізе пра Сыракомлю А. Драгашэўскі, — абавязаны паэт найшчаслівейшым гадзінам свайго жыцця». Пасля Залучы, — працягваў крытык, — «новых канцэпцый, вышэйшых ці хоць бы інакшых адносін да свету, да людзей, да прыроды ўжо не спадзяваймася... Творы пісацца яшчэ будуць, але плынь паэзіі будзе ліцца выжлабленым ужо рэчышчам, страціўшы свой разгон».
Пра Залуча, пра беларускую прыроду ў паэта назаўсёды засталіся самыя светлыя ўспаміны: