Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Сюды, у ціхі паэтаў куток, мяне прыкаціла «Волга», якую мне далі ў рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Ca мной былі фатограф газеты Міша Пражэнік i сакратар партарганізацыі мясцовага калгаса Мікола Кавальчук, хлапец гадоў дваццаці двух, якога мы «прыхапілі» ў Аталезі — цэнтры калгаса. Абодва хлопцы вельмі зацікавіліся сваім земляком Уладзіславам Сыракомлем i з ахвотай ездзілі са мной па яго мясцінах.
Па шырокіх, здзічэлых кустах бэзу, што зелянеў, як астравок, сярод паджоўклага ўжо жыта, мы адразу
Магчыма, у гэтым кутку «ціхай працы» Сыракомля застаўся б да канца свайго жыцця, калі б аднойчы не напаткала яго няшчасце: смерць дзяцей. «Магіла на Стаўбцоўскім могільніку, — пісаў пра гэта паэт, — забрала ў мяне двое дзяцей — маю самую светлую надзею на будучыню. Хто не быў бацькам, ніколі не марыў, не зразумее таго болю...» З гэтай часіны, — прызнаваўся ён, — «старана, так дарагая сэрцу, стала для нас невыноснай... Не ведаючы, дзе ўзяць сілы для таго, каб застацца сярод тых мясцін i тых успамінаў, кінуўшы жменю пяску на апошнюю дамавіну, вырашыў я, як сапраўдны бадзяга, падацца адсюль, куды вочы глядзяць». «17 верасня 1852 года, — з роспаччу працягваў Сыракомля... — развітаўшыся з добрымі прыяцелямі i кінуўшы затуманены слязамі погляд на дом, які перастаў ужо быць маім, i на аколіцы, так любыя сэрцу, рушылі мы ў дарогу на Мінск — да Вільні». (У Вільні, заўважу, паэт так i нe знайшоў ужо шчасця: змучаны непасільнай працай, прыціснуты бясконцымі нястачамі, паэт хутка згас, пакінуўшы за плячыма ўсяго 39 год жыцця.)
Злева ад Залучы, калі стаць тварам да Немана, відаць хаты Жукавага Барка. Залуча — гэта бліжэйшая аколіца вёскі, яе выган. Нездарма паэт называў Жукаў Барок сваім. Мікола Кавальчук, які быў не абыякавы да гісторыі свайго краю, расказаў мне, што ў Жукавым Барку нарадзіўся знаны вучоны XVIII стагоддзя Саламон Майман, які быў знаёмы з Кантам i Гётэ i выдаў на нямецкай мове каля 30 прац па філасофіі i матэматыцы. Я ведаў пра Маймана з «Вандровак» Сыракомлі, які пісаў пра яго як пра «вялікага чалавека», «вядомага ў свеце вучонага», ведаў пра тое, што Майман некаторы час жыў у Нясвіжы, а вось што ён родам з Жукавага Барка — пачуў упершыню. Гаворачы пра Саламона Маймана, Мікола прызнаўся, што, як гэта ні сорамна, ён дасюль чамусьці нічога не ведаў аб пражыванні ў Залучы Сыракомлі i цяпер быў прыемна здзіўлены. Ён здзівіўся яшчэ больш, калі я расказаў, што ў Жукавым Барку ў той жа час, што i Сыракомля, жылі яшчэ два пісьменнікі — аўтар многіх раманаў i аповесцей з жыцця Беларусі Адам Плуг (сапраўднае імя Аытоні Пяткевіч; дарэчы, Пяткевічы i цяпер ёсць у вёсцы) i беларускі паэт Вінцэсь Каратынскі, якога, паводле сведчання літаратара Юльяна Гарайна, адкрыў тут Сыракомля, дапамог яму выйсці ў людзі. Адным словам, мы прыйшлі да вываду, што Жукаў Барок — цэлае гняздо паэтаў. Мусіць, якраз яго i меў на ўвазе крытык Спасовіч, калі пісаў у 1889 годзе ў артыкуле «Уладзіслаў Сыракомля»: «З усіх родных зямель нашых найбольш багаты не толькі на мінеральныя крыніцы, але i на кастальскія крыніцы самароднай паэзіі — край прынёманскі». I гэта гаварылася задоўга да таго, як у «прынёманскім краі» забілі новыя, магутныя i
Пакінуўшы каля былой паэтавай хаты машыну, мы вырашылі прайсці па вуліцы Жукавага Барка. У праваднікі ўзялі Сыракомлю, разгарнуўшы яго «Вандроўкі»:
«Праз пясчысты насып уязджаем у вёску Жукаў Барок, — працавіты люд урабіў праз вякі бясплодныя пяскі — збажына тут буйней кусціцца, чым у аколіцы; люд сярэдняга росту, лагодных славянскіх рысаў твару, у чорных з дамашняй воўны сярмягах, заклапочана снуе на сваіх шнурах. Вітаем яго па даўняму звычаю словамі: «Бог у помач» i ад сэрца зычым яму поспеху ў яго мазалю. Веска балоцістая, бо ў нізіне, i хоць малая — складаецца з якіх дзесяці хат — усё ж, дзякуючы таму, што побач Неман, — можа пахваліцца кузняй, млынам, царквой, плябаняй, лясніцтвам, вялікай новай карчмой i паромам».
Канешне, ні «чорных сярмяг», ні «шнуроў», ні балота не было тут цяпер i ў паміне. Але што ж, цікава, засталося са старых пабудоў? Каля берага Немана мы знайшлі стары каменны млын. Пануры, з бародкамі імху, зарослы быльнягом — колькі праз яго ўцякло вады!
Але мяне больш за ўсё цікавіла уніяцкая царква, якую, як піша на той жа старонцы Сыракомля, «каля 1720 году залажыу» тут «Кароль Станіслаў Радзівіл, літоўскі канцлер». Аказваецца, яна прастаяла тут усе свае 250 гадоў i толькі нядаўна была знесена. На яе месцы мы знайшлі кучы бітай цэглы i друзу. Мікола Кавальчук шчыра шкадаваў («Гэта было не пры мне, я б такога не дапусціў»). Ён пры гэтым расказаў мне, што ў царкве было шмат кніг, у тым ліку старажытных, а таксама рукапісных, дзе рэгістраваліся ўсе падзеі вёскі, асабліва нараджэнне, шлюб, смерць прыхаджан. Усе гэтыя кнігі, як яму сказалі, перавезлі ў Стоўбцы, пра ix павінны ведаць у раённым аддзеле культуры.
Я адразу ўзгарэўся паехаць зноў у Стоўбцы: гэтыя кнігі, асабліва рукапісныя, былі б для мяне выдатнай знаходкай. Яны, канешне ж, шмат чаго расказваюць пра ўсё «паэтычнае гняздо» — i пра Саламона Маймана, i пра Вінцэся Каратынскага, i пра Адама Плуга, i пра Уладзіслава Сыракомлю! У ix, пэўна ж, хаваецца нямала тайнаў, якія памогуць даследчыкам вельмі многае растлумачыць з гісторыі нашай культуры i літаратуры. Мне ж, у прыватнасці, яны б дапамаглі разгадаць «загадку Сыракомлі». У паэта, як вядома, ёсць нямала твораў, напісаных на матэрыяле жыцця мясцовых сялян. Маючы пад рукамі запісы вясковых падзей, можна б было дакладна даведацца, наколькі праўдзівы быў паэт у сваіх творах, што было асновай яго творчасці, як ён выкарыстоўваў у ёй мясцовыя факты. Мне ўспомніўся, у прыватнасці, пранікнёны верш Сыракомлі «Араты да жаваранка», у якім паэт расказвае пра вельмі звычайную, а таму яшчэ больш жахлівую з'яву ў жыцці тагачаснага беларускага селяніна вясновы голад.
Ты ўжо звоніш, жаўраночку, я ару таксама. Табе легка — заляці, брат, да нябеснай брамы, Раскажы там аб ратаях, долi невясёлай: Люд вясне не рад, бо ходзіць голад зноў па сёлах. Чалавек прачнецца рана — рук крануць не ў сіле, Песню сноў бы, толькі грудзі з голаду застылі. Што нам кліч вясны-красуні, ранак той чароўны, Калі зноў i зноў па мёртвых звоніць звон царкоўны.У канцы верша стаіць дата: «10 красавіка 1851 г.». I месца напісання твора — «Залуча». Відаць, паэт гэты страшны голад бачыў якраз тут, у Жукавым Барку. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова перагартаць тыя рукапісныя кнігі з рэгістрацыяй смерці сялян за час, якім памечаны верш. Можна на падставе тых запісаў, дакументальна дамаляваць карціну той сялянскай бяды. I гэтым самым упэўніцца, якія жыццёвыя крыніцы жывілі творчасць паэта.
Гэтак жа сама можна, мусіць, даведацца i пра жыццёвую аснову верша «Пахаванне маладога аратага», напісанага ў тым жа, 1851 годзе, толькі 10 жніўня. У ім паэт з вялікім спачуваннем («Чую, як кроў мая стыне ля сэрца») расказвае, як вязуць на могілкі i хаваюць зусім яшчэ маладога селяніна, загубленага цяжкім паднявольным жыццём. Ёсць пра верш сведчанне Вінцэся Каратынскага, які быў сакратаром Сыракомлі: «Штуршок да напісання гэтага верша даў Кандратовічу сапраўдны выпадак у вёсцы Жукаў Барок, якую арандаваў паэт». Наколькі дакладныя гэтыя словы? Хто быў той «малады араты»? Адказ на гэтыя пытанні, напэўна ж, хаваецца ў царкоўных запісах — такая падзея не магла прайсці міма царквы.