Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Як пясняр i абаронца народа Сыракомля не мог без сарказму i гневу гаварыць пра яго прыгнятальнікаў. Каб пераканацца ў гэтым, даволі перачытаць такія творы паэта, як «Ілюмінацыя», «Вызваленне сялян», «Лялька», «Нядзеля», «Эпітафія землеўласніку» i г. д. Свае адносіны да паноў вельмі выразна выказаў Ул. Сыракомля i ў вершы «Вясковы музыка», прысвечаным С. Манюшку. Стары музыка раіць маладому кінуць свой «марны» занятак, бо ва «ўбогай вёсцы» яму не шмат заплацяць: «Тут рэдка абсеўкі, дажынкі, вяселлі, тут хлеба не вельмі, гулянак не вельмі». Малады падае думку, што трэба кінуць вёску, «дзе жывуць небаракі», i адправіцца са скрыпкай туды, «дзе багатыя людзі». «О дзіця! — адказвае на гэта стары, — ...лепш знямець ca сваімі песнямі, чым стукаць у дзверы багатых... Нічым не кранеш ix, бо ў душы ix — холад, слухаюць яны з пагардай на твары». Усё гэта, вядома, не магло не раздражняць закаранелых прыгоннікаў. Так, клерыкальны «Przeglad Pozna'nski» адкрыта нападаў на творы Ул. Сыракомлі якраз за тое, што ў ix ён убачыў «выбух... нястрыманага i ніяк не зразумелага нам гневу супроць паноў i князёў...» Ф. Беляк у заўвагах да выбранага Ул. Сыракомлі прыводзіць таксама яскравы ўрывак з верша Ф. Вэнжыка, які абвінавачваў вясковага лірніка ў тым, што ён «бэсціць» у асобных творах «польскую шляхту».
Супрацьпастаўляючы высокія маральныя якасці беларускага селяніна маральнай разбэшчанасці, фанабэрыі i ганарлівасці шляхты, Ул. Сыракомля смела выкрываў міф аб яе выключнасці, аб яе праве гаспадарыць над мужыком. Вельмі яскрава выказана
Якраз дзеля таго, каб беларускі народ успомніў сваё мінулае i тым самым усвядоміў, што ён «гаспадар тутэйшай зямлі», Ул. Сыракомля i ўзяўся падымаць з забыцця гэта мінулае, звярнуўшыся да гісторыі, да цікавай i самабытнай культуры беларускага народа. Гісторыі Беларусі быў прысвечаны ўжо самы першы твор Ул. Сыракомлі, які прызначаўся для друку, — вялікая i даволі грунтоўная нататка пра мінулае Нясвіжа, апублікаваная ў «Старажытнай Польшчы» М. Балінскага за 1846 год. Дарэчы, у арыгінале нататкі, які захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР (аддзел рукапісаў, ф. 81—36, арк. 10-13), астаўся неапублікаваны дадатак — апісанне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка, якое i цяпер мае цікавасць для даследчыкаў нашай культуры. Гісторыі беларускіх мястэчак (Нясвіжа, Стаўбцоў, Койданава, Міра), быту беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт i сваю кнігу «Вандроўкі па маіх былых аколіцах» (1853); пра вёскі i мястэчкі беларускага Прынёмання расказвае Ул. Сыракомля ў кнізе «Неман ад вытокаў да вусця» (1861). Вялікую цікавасць мае аб'ёмістая манаграфія Ул. Сыракомлі «Мінск», якая друкавалася ў двух нумарах часопіса «Teka Wile'nska» (1857). У гэтай працы аўтар грунтоўна раскрыў гісторыю Мінска, якая прасочваецца па фоне ўсёй гісторыі Беларусі, расказаў пра быт i заняткі сучасных яму мінчан, а таксама на аснове фальклору беларусаў імкнуўся паказаць старажытную культуру «крывічан». Прытым, аўтар асабліва засяроджвае ўвагу на тых фактах з гісторыі Беларусі, якія найбольш красамоўна расказваюць пра яе славу, якія самі па сабе маглі ўздымаць нацыянальны дух беларусаў. Так, значнае месца адводзіць Ул. Сыракомля разгляду «Слова аб палку Ігаравым», якое, паводле яго меркавання, напісана «на царкоўнабеларускай мове», напісана мінчанінам, з прычыны чаго Мінск павінен карыстацца славаю горада «старажытнай паэзіі, мясцовай песні, на той самай мове, на якой спявае свае песні наш народ у час жніва». Шмат каштоўнага матэрыялу па гісторыі i культуры Беларусі можна знайсці i ў дарожных нарысах Ул. Сыракомлі «Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні» (т. I — 1857, т. II — 1860). Пра гістарычнае мінулае Ашмян, Смаргоні, багушэвічаўскіх Жупран, пра быт насельніцтва гэтых аколіц шмат цікавага расказана паэтам у дарожным дзённіку, які ён вёў, едучы ў 1856 годзе праз Беларусь у Варшаву. Гэты дзённік трапіўся мне ў рукі пры азнаямленні з матэрыяламі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры i мастацтва Літоўскай ССР. Раскрыццю быту падвіленскіх беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт шматлікія артыкулы ў «Віленскім весніку», у раздзеле «Мясцовы агляд», які вёў паэт будучы штатным супрацоўнікам газеты. Ёсць у Сыракомлі асобныя артыкулы пра Валожын, пра Нясвіжскі замак, пра ахову гістарычных помнікаў Беларусі. Захаваліся ў рукапісе накіды артыкула пра Маладзечна, дзе паэт меркаваў паказаць усю гісторыю горада, пачынаючы з далёкай старажытнасці.
Адным з найбольш важных клопатаў Ул. Сыракомлі была барацьба за права беларускага народа ствараць культуру на сваёй роднай мове. Пра гэта яскраве сведчыць даволі грунтоўнае «Кароткае даследаванне мовы i характеру паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі», якое друкавалася ў трох нумарах «Gazety Warszawskiej», а таксама чатыры артыкулы пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Насуперак шляхце, якая называла беларускую мову «хамскей», «гміннай», Ул. Сыракомля пісаў: «Прыгожае гэта адгалінаванне славянскай мовы — крывіцкі дыялект, i стары! Бо гэта мова нашага Літоўскага Статута i справаводства на працягу двух вякоў, XVI i XVII, i распаўсюджаная! Бо смела можна сказаць, што резмаўлялі на ёй тры чвэрці даўняй Літвы, люд, шляхта i паны; пазбавіўшыся свайго пісьмовага значэння, гэтая мова сёння асталася толькі адной спадчынай сялянскіх хат...» Паэт шкадуе, што «багатая калісьці, яго (беларускага народа. — К. Ц.) мова знаходзіцца цяпер у застоі, яна перастала ўзбагачацца, а тыя, што хацелі зрабіць яе пісьмовай i тым самым заахвоціць народ да кнігі, вымушаны змагацца з многімі цяжкасцямі».
Ул. Сыракомля горача падтрымліваў i абараняў ад нападкаў рэакцыянераў беларускую літаратуру. Пасля першых двух артыкулаў пра В. Дуніна-Мерцінкевіча ў той жа «Gаzecie Wаrszаwskiej» з'явіўся водгук на ix пана Ф. Скібіцкага, які падпісваўся псеўданімам У. Аўтар гэтага водгуку, што называўся «Творы на гміннай гаворцы», выступіў супроць Сыракомлі, які з вялікай радасцю сустракаў творы на беларускай мове.
Уладзіслаў Сыракомля ў сваім новым артыкуле разбівае адзін за едным усе довады пана Скібіцкага. Перш за ўсё, прыводзячы пастаўленае Скібіцкім-пытанне: «Ці творы, напісаныя на мове беларусінаў, заслугоўваюць такога радаснага вітання, безадносна на вертасць ix зместу?», Ул. Сыракомля з перакананасцю адказвае: «Любы, на любой мове напісаны твор не заслугоўвае радаснага вітання, калі ён нецікавы, непрыдатны; але калі якая-небудзь мова або гаворка з непісьмовай становіцца пісьмовай, кожная напісаная на ёй кніжка заслугоўвае ўвагі — як довад узнікаючай патрэбы пісання на гэтай мове або гаворцы...» На другое пытанне пана Скібіцкага: «Ці зможа гэтая мова (беларуская) перадаваць усе адценні думкі, быць прыдатнай для розных стыляў i ўдасканаліцца да такой ступепі, каб заслужыць назву асобнай мовы», Ул. Сыракомля зноў з глыбокім перакананнем адказвае: «Так, зможа, бо мае дастаткова лёгкасці i адначасова сілы, перадае ў паэзіі мяккія i далікатныя пачуцці, у жывой гаворцы мае лёгкія звароты, трапныя выразы. Нестае ёй многіх выразаў для перадачы таго, што не ўваходзіць у склад паняццяў i патрэб нашага народа, але ў меру развіцця асветы самога народа i літаратуры на яго мове гэтая мова патрапіць знайсці ў сваёй глыбіні выразы i словазвароты, якіх няма сёння. Кожная мова праходзіць эпоху дзяцінства». Адказваючы на трэцяе пытанне Скібіцкага, ці варта імкнуцца, як гэта робіць Сыракомля, да ўдасканалення беларускай мовы як мовы асобнага народа, паэт-дэмакрат даводзіць, што не толькі варта, але i «неабходна». «Надзвычай разнастайную ўвогуле мову Славяншчыны, — піша Ул. Сыракомля, — шаноўны апанент дзеліць толькі на чатыры разгалінаванні — на мову расійскую, польскую, чэшскую i ілірыйскую. Не пярэчым, што гэтыя чатыры мовы стаяць на першым месцы сярод славянскіх дыялектаў па сваёй пісьмовай дасканаласці, але чаму ж іншым мовам не даваць развівацца, нашто ж, напрыклад, у мове беларусінаў бачыць толькі мешаніну моваў рускай i польскай? Ці тое ж самае не можна сказаць i пра маларасійскую мову? Калі так, то чаму ж шаноўны апанент чэшскую i ілірыйскую мову ўзвышае да годнасці асобных моваў? У ix жа таксама лёгка знойдзеш i рускія i польскія выразы». Далей паэт гаворыць пра самабытнасць, адметнасць беларускай мовы, выкрывае хлусню шавіністаў, быццам бы яна — толькі дыялект польскай або рускай мовы. У заключэнне аўтар выказвае ўпэўненасць, што беларуская мова будзе развівацца i ўдасканальвацца. «З усёй павагай да шаноўнага апанента, — піша Ул. Сыракомля, паўтараем: на гэтым полі працаваць можна i варта (падкрэслена аўтарам. — К. Ц.)». У сувязі з гэтым вясковы лірнік ад усяго сэрца заклікае паэта з большай адказнасцю i «ур'ёзнасцю ставіцца да мовы сваіх твораў, раіць яму, каб ён «асцерагаўся паланізмаў i кніжных выразаў, каб правінцыялізмаў адной ваколіцы i парафіі не прыпісваў усёй русінскай мове, каб тады толькі ўжываў чужыя выразы, калі не знойдзе адпаведных у мове, на якой піша».
Робячы разгляд беларускіх твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ул. Сыракомля заклікаў яго «выключна (слова «выключна» ён падкрэслівае. — К. П.) прысвяціць сябе» творчасці на беларускай мове. Падкрэсліваючы тую вялікую ролю, якая выпала на долю В. Дуніна-Марцінкевіча як беларускага паэта, Ул. Сыракомля ў рэцэнзіі на яго кнігу «Цікавішся? Прачытай!» зноў даводзіць, што «народная, русінская паэзія — вось арэна п. Марцінкевіча, няхай жа ён выступае на ёй як сапраўдны гладыятар».
Цяжка пераацаніць значэнне гэтых публіцыстычных выступленняў Ул. Сыракомлі для развіцця беларускай літаратуры. Яе парасткі патрабавалі тады асаблівай, павышанай увагі i падтрымкі, бо ўзышлі на вельмі неспрыяльнай глебе — у атмасферы варожасці пануючых класаў да беларускага народа i яго культуры. Гэтую ўвагу i падтрымку маладая беларуская літаратура i атрымала ад Уладзіслава Сыракомлі, імя якога было ў той час аўтарытэтнае. I трэба поўнасцю згадзіцца са сцверджаннем А. Лойкі i Н. Перкіна, што без гэтай падтрымкі «перш за ўсё» з боку Сыракомлі «Дунін-Марцінкевіч, магчыма, не стаў бы тым, чым ён стаў для беларускай літаратуры». Нездарма беларускія паэты заўсёды шукалі ў Ул. Сыракомлі дапамогі, пісалі яму, як чалавеку, які робіць агульную з імі справу. Пра гэта яшчэ раз сведчаць тыя пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча i А. Вярыгі-Дарэўскага, якія асталіся пасля смерці (1969 г.) унучкі паэта — Былінскай.
Вядома, з усяго гэтага ўзнікае вельмі лагічнае пытанне: як жа так сталася, што Ул. Сыракомля, які гэтак горача вітаў кожны літаратурны твор беларускай мовы, клапаціўся аб удасканаленні беларускай літаратурнай мовы, аб яе чысціні, які быў не простай «зоркай», а якраз «сонцам» беларускага адраджэння, пісаў свае творы ўсё ж на польскай мове?
Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна звярнуцца да гісторыі. Як вядома, Беларусь, якая апынулася яшчэ ў XVII стагоддзі над пратэктаратам Польшчы, больш за дзвесце гадоў цярпела жорсткі нацыянальны прыгнет. Беларуская мова, якая раней была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім, паступова выцяснялася з літаратуры польскай мовай. Нават пасля ўз'яднання з Расіяй у канцы XIX стагоддзя польская мова яшчэ доўгі час лічылася афіцыйнай на беларускіх землях. «Усё, што думае аб грамадскіх справах, — пісаў пра гэты час З. Серакоўскі, — усё, што піша i чытае ў Заходнім краі, — усё гэта цадкам польскае». I таму пісьменнік, які хацеў нешта сказаць адукаванаму грамадству, вымушаны быў пісаць на польскай мове. А Ул. Сыракомля якраз i імкнуўся, як прызнаваўся сам, уздзейнічаць сваімі творамі на грамадскую думку. Перад сабой ён паставіў адну вялікую задачу — паказаць антычалавечую сутнасць прыгоннага права, пераканаць грамадства ў яго амаральнасці, у тым, што i мужык — чалавек, што ён павінен карыстацца ўсімі чалавечымі правамi, у тым ліку ствараць літаратуру на роднай мове. Якраз у гэтым —асноўны пафас усёй творчасці Ул. Сыракомлі. Паэт верыў, што вызваленне сялян можа адбыцца «зверху», па волі саміх памешчыкаў i цара. Таму i адрасавана яго творчасць пераважна шляхце, якую крытыкаваў паэт. А каб гэтая шляхта, ад якой залежала, на яго думку, вызваленне сялян, зразумела паэта, каб яго слова трапіла ў цэль, трэба было гаварыць з ёю на яе мове, г. зн. па-польску. Пісалі па-польску i сучаснікі Ул. Сыракомлі — В. Дунін-Марцінкевіч i A. Вярыга-Дарэўскі. Па-беларуску яны пісалі тады, калі звярталіся непасрэдна да селяніна, імкнучыся, як сцвярджаў В. Дунін-Марцінкевіч у пісьме да Ю. Крашэўскага, «заахвоціць яго якім-небудзь чынам да асветы i направіць маральна». Гэтае высакароднае імкненне беларускіх паэтаў да асветы роднага народа, як адзначалася, усімі сіламі падтрымліваў Ул. Сыракомля. Разам з тым ён лічыў, што без поўнага сацыяльнага разняволення беларускага народа не можа быць сапраўднага развіцця беларускай культуры, літаратуры. За гэтае сацыяльнае вызваленне i змагаўся ў першую чаргу Ул. Сыракомля.
Літаратурная праца для Сыракомлі, як відаць з біяграфіі, была галоўным сродкам існавання. Праца на панскіх фальварках (спачатку — Залуча, а потым— Барэйкаўшчына), якія арандаваў паэт, давала мала, на што неаднаразова скардзіўся сам паэт. Каб пракарміць вялікую сям'ю, беднаму арандатару даводзілася вельмі многа пісаць, за што не раз папракала яго крытыка. Паэт прызнаваў: «Папрокі варшаўскіх газетчыкаў аб тым, што працую я паспешліва i шмат друкуюся, у значнай ступені справядлівыя, але маё становішча, святы абавязак па ўтрыманні трох дамоў сваёй радні прымушаюць мяне спяшацца». Пісаць на беларускай мове, якая была ў той час, як вядома, пад забаронай, азначала б для Ул. Сыракомлі пакінуць тыя дваццаць з лішнім «галодных губ», якія штодзённа чакалі «вынікаў яго пяра», без кавалка хлеба, пусціць сям'ю па свеце з жабрачай торбай. Гэта была ў той час вялікая «раскоша» — пісаць на беларускай мове. Але чаму ж тады, можа ўзнікнуць пытанне, гэтую «раскошу» дазволілі сабе сябры i землякі Ул. Сыракомлі, яго аднадумцы В. Дунін-Марцінкевіч i A. Вярыга-Дарэўскі? Справа ў тым, што як В. Дунін-Марцінкевіч, так i A. Вярыга-Дарэўскі пачалі пісаць толькі пасля таго, як сталі больш ці мепш матэрыяльна незалежныя. Ул. Сыракомля да канца жыцця так i пе «ўзбіўся» на свой кавалак зямлі.
Нягледзячы на ўсе гэтыя вельмі слушныя прычыны, Ул. Сыракомля ўсё ж не мог не пісаць i па-беларуску. На жаль, да нас дайшла толькі мізэрная частка беларускай спадчыны вясковага лірніка — вершы «Добрыя весці» i «Ужо птушкі пяюць усюды...». Але ў сапраўднасці беларускіх вершаў было значна больш. «Калі да нас дайшло так мала беларускіх вершаў Кандратовіча, — слушна заўважае ва ўступе да зборніка паэта польскі літаратуразнаўца, даследчык творчасці Ул. Сыракомлі Ф. Беляк, — то вінаваты ў гэтым у пэўнай меры ваенныя падзеі, але, бясспрэчна, што многія з ix кружылі ў рукапісах. Як вядома, i польскія творы, напрыклад, «На вызваленне сялян», «Авідзій на Палессі», «Сахар-мароз», хадзілі толькі ў рукапісах. А справа з беларускім пісьменствам была яшчэ горш, нават не было дазволена друкаваць перакладу «Пана Тадэвуша». Заканспіраваныя беларускія тэксты Кандратовіча жылі, але ва ўмовах тайнай прэсы, што нам сёння вельмі перашкаджае па-сапраўднаму ацаніць гэтую надзвычай няпоўную творчасць паэта». Беларускімі вершамі Ул. Сыракомля заклікаў народ сілай дабівацца сваіх правоў. Нездарма абодва беларускія вершы вясковага лірніка былі напісаны ў часы найбольшага ўздыму пароднага руху: першы, «Добрыя весці», у 1848 годзе, — у перыяд «Вясны народаў»; другі, «Ужо птушкі пяюць усюды», — у 1861 годзе, — напярэдадні студзеньскага паўстання. Верш «Добрыя весці», за распаўсюджванне якога ў час паўстання 1863 года ссылалі ў Сібір, паказвае нам, як сцвярджае Ф. Беляк, «іншае аблічча паэта, найбольш рэвалюцыйнае».
Акрамя вершаў рэвалюцыйнага зместу, у Сыракомлі было яшчэ нямала беларускіх твораў больш «памяркоўных». Якраз ix ён хацеў выдаць разам з беларускімі вершамі В. Каратынскага асобным зборнікам, бо аб выданні такіх вершаў, як «Добрыя весці» i «Ужо птушкі пяюць усюды...», накіраваных супроць «цароў-паганцаў», не магло быць i гаворкі. Паводле сведчання А. Кіркора, многія з тых беларускіх вершаў Сыракомлі сталі народнымі песнямі, i ix «спяваюць усюды». Спрабаваў Сыракомля пісаць i лібрэта беларускай оперы для кампазітара Лапатынскага, але на шляху да ажыццяўлення гэтай задумы стаялі неадольныя перашкоды.