Лісце забытых алеяў
Шрифт:
А можа, яму не спадабалася мясцовасць?
Я вырашыў пашукаць тыя Рабушкі, сваімі вачыма паглядзець на тутэйшыя краявіды. Заслаўскія старажылы сказалі мне, што такая вёска сапраўды ёсць ля Заслаўя. Толькі прамой дарогі туды няма, лепш за ўсё ў Рабушкі ехаць праз Мінск. Я ўжо меркаваў так i зрабіць, але выпадкова сустрэў на вуліцы свайго знаёмага, аспіранта-завочніка сектара фальклору нашага інстытута Барыса (такое прозвішча), які якраз настаўнічаў у тых мясцінах. Ён сагітаваў мяне пусціцца туды пеша, нацянькі. Як сапраўдныя падарожнікі. Мы так i зрабілі.
Ішлі пакручастай палявой дарогай. Паўзбоч —
Затым мы збочылі на сцежку, якая павяла нас праз лес. Лес быў яловы. Хоць стаяў дзень, у ім было змрочна. Пад высокімі густымі елкамі — ні травінкі: зямля спрэс засцелена рыжай ігліцай. Але хутка сцежка зноў вывела нас з ельніку на поле. Яна ўспаўзала на ўзгоркі, спускалася ў зялёныя лагчыны, бегла паўз бярозавыя пералескі, пакуль не ўлілася зноў у дарогу. Мінуўшы маленькую вёсачку Куты, мы адразу ўбачылі на ўзгорку дахі Рабушак. Перад вёскай — старая развесістая бяроза, далей — ліпы. Кругом лясы, пералескі. Не, усё ж такі мясціны тут — што трэба. Праўда, няма рэчкі, але ж затое якія ўзгоркі!
Мы заходзілі ў хаты, гутарылі з людзьмі. Пра вёску i яе жыхароў добра расказалі нам сямідзесяціпяцігадовы Іван Васільевіч Юркоўскі, цялятніца Анастасія Рыгораўна Вашкевіч, электрык Аляксандр Антонавіч Несцяровіч. Усе яны, ix бацькі спраку веку жывуць у гэтай вёсцы. Зараз у ёй налічваецца толькі дзевяць хат. Людзі працуюць у саўгасе імя Тэльмана. Рабушкі адносяцца да участка, цэнтр якога — у Браўках, суседняй вёсачцы. За два кіламетры ад Рабушак праходзіць Старавіленскі тракт, па якому цяпер курсіруюць аўтобусы.
Вядома, пры добрых абставінах Ул. Сыракомля мог бы тут прыжыцца. Чаго-чаго, а вясковай цішыні яму тут хапіла б. Ды i салаўі па сёння заліваюцца ў бярозавых пералесках. Можна толькі пашкадаваць, што так атрымалася ў паэта з купляй зямлі. Магчыма, зусім інакш склаўся б лес вясковага лірніка. Якраз гэтая спеўная зямля ўзрасціла потым Янку Купалу: яго Вязынка адсюль — рукой падаць.
Вярнуўшыся з падарожжа па Палессі i Міншчыне, я ўсё ж адчуваў, што не да канца выканаў пастаўленую перад сабой задачу. Неадкрытай, зацягнутай даволі густым туманам невядомасці была для мяне Барэйкаўшчына — падвіленская вёска, куды перасяліўся i дзе жыў апошнія дзесяць гадоў Уладзіслаў Сыракомля.
Барэйкаўшчыну паэт атрымаў у арэнду ад графа Тышкевіча. Месца было далека не ідэальнае. Але нічога лепшага паэту знайсці не ўдалося. Вось як пісаў пра новую арэнду сам Сыракомля:
«Жыллёвы дом невялікі, але дагледжаны; з вакна далека відаць вёскі, замглёныя лясы i ўзгоркі, вялікі сад; народ працавіты, цвярозы i сумленны; на сценах некалькі дзесяткаў карцін, у шафах некалькі соцень добрых кніжак. Чаго ж тут болей трэба? Долі i хлеба!
Нягледзячы на матэрыяльныя нястачы, тут, у вясковай цішыні, паэту працавалася вельмі плённа. У Барэйкаўшчыне ім былі напісаны такія выдатныя творы, як «Кавалак хлеба», «Фрагменты пра Піліпа з Канапель», «Жменя пшаніцы», «Непісьменны», «Вясковая школа», «Улас», «Штогадовыя святы на Літве», «Школьныя часы», «Вызваленне сялян» i цэлы шэраг іншых.
Мяне цікавіла перш за ўсё, што сабой уяўляла сама вёска Барэйкаўшчына, сярод якіх людзей жыў там вясковы лірнік, адкуль, з якіх крыніц чэрпаў ён тэмы i вобразы для сваёй творчасці ў апошняе дзесяцігоддзе.
I вось — роўна праз год пасля маёй экспедыцыі па поўдні Беларусі — я з камандзіровачным пасведчаннем у кішэні анынуўся ў Рукайняйскім сельсавеце Вільнюскага раёна Літоўскай ССР. Ад шумлівай аўтамагістралі Вільнюс-Ашмяны ішла проста ў жыта пясчаная палявая дарога. У зялёным жытнёвым разліве танулі ўперадзе раскіданыя там i сям, як астраўкі, хаты вёскі Барэйкаўшчыны. За высознымі старасвецкімі ліпамі мне хутка адкрылася прадаўгаватая драўляная школа, абсаджаная кругом кустамі, кветкамі. Яе мне паказаў дзядзька, што вёз аднекуль на кані поўныя, з верхам драбіны прывялай палявой травы. У школе, як я ўведаў яшчэ ў Вільнюсе, месцілася бібліятэка-музей Ул. Сыракомлі.
Бібліятэкарка, маладая чарнявая дзяўчына Ванда Даугевічутэ, сустрэла мяне ветліва. Даведаўшыся, хто я i чаго сюды прыехаў, яна спачатку паказала мне бібліятэку. Бібліятэка небагатая — што ж, людзей тут няшмат: летась з-за адсутнасці патрэбнай колькасці вучняў — галоўных яе чытачоў — нават была зачынена школа. Мне было цікава даведацца, што ёсць у бібліятэцы з беларускіх аўтараў. Аднак я ўбачыў тут толькі імя Уладзіміра Караткевіча, якога нейкімі невядомымі вятрамі занеслі сюды яго «Чырвоныя ветразi». Потым дзяўчына раеказала мне ўсё, што датычылася Ул. Сыракомлі. Аказваецца, школа — гэта якраз i ёсць хата самога паэта. Вядома, яна не раз рамантавалася, але ў цэлым засталася такой, як была. Ванда павяла мяне ў пакойчык, дзе былі выстаўлены экспанаты музея. У гэтым пакойчыку якраз i працаваў паэт — тут быў яго кабінет. З акна сапраўды адкрывалася поле i вясковыя хаты — значыць, мара Сыракомлі пра тое, каб ён мог «бачыць з вакна небасхілы, вясковыя стрэхі», хоць i часткова, але збылася. У пакойчыку паэта я ўбачыў яго фотаздымкі, кнігі, рукапісы. Але больш за ўсё зацікавіў мяне сонечны гадзіннік Сыракомлі — гладка выпаліраваны камень з цыферблатам, стрэлкамі якога былі праменні сонца.
Потым Ванда павяла мяне паказваць двор. Не вельмі далека ад хаты, сярод жыта, відаць былі рэшткі зруба старога калодзежа. З яго, расказваюць, брала ваду Сыракомлева сям'я. У вянку дрэў хаваўся арыгінальны стол, зроблены з жорнавага кола. За гэтым сталом, шукаючы адзіноты i цішыні, Сыракомля напісаў нямала ўзнёслых строф сваёй паэзіі.
Але галоўнае, што мне хацелася ў Барэйкаўшчыне, — гэта пазнаёміцца з людзьмі, пагутарыць з імі, пачуць расказы, паданні i асабліва мову аднавяскоўцаў паэта.