Літоўскі воўк
Шрифт:
«Дык дзе ж зброя? — круцілася думка. — Што здарылася…»
Пад'ехала падвода. Стась падняў галаву, крыва пасміхнуўся.
— Ну што, герой, дагуляўся? — спытаўся Артур. — Можа, і мяне генералам паўстанцкім зрабіў?
Фогель саскочыў з сядла, падышоў да Артура.
— Спешцеся, спадар Буевіч. Ёсць размова…
4. «Знік у невядомым напрамку…»
Падвода і з ёю кавалькада верхавых жандараў паехала. Капітан Фогель дачакаўся, калі Артур злезе з каня, дастаў папяроску.
— Будзем начыстату, ці як? — сказаў ён, пускаючы дым убок.
— Можна і начыстату, —
— Мне тут ворагі, у гэтым краі, не патрэбны, разумееце, пра што я?
— Выдатна, — зноў згадзіўся Буевіч.
— Калі зусім начыстату… — Жандарскі афіцэр зацягнуўся дымам, выпусціў яго і працягнуў: — Я не бачу ў вашай асобе, у вас саміх таго падрыўнога польскага элемента, які ёсць небяспечны вораг расейскага самадзяржаўя, разумееце?!
— Цалкам, — зноў-такі згадзіўся Артур, не падазраючы, куды гэта хіліць Фогель.
— Можна марыць пра ўсё. Можна нават агучваць гэтыя мары, нават і за бяседным сталом, нават і ў прысутнасці ўладных асобаў. З гэтым я згодзен, але…
— Кажыце, спадар афіцэр, прасцей, — перабіў жандара Артур. — Калі хочаце мяне арыштаваць — арыштоўвайце. Калі не хочаце, кажыце, чым абавязаны?
Вочы Фогеля холадна бліснулі.
— Абсалютна нічым! Хачу, каб усе тутэйшыя насельнікі: і вышэйшыя класы, і просты люд жылі ціха і мірна. Ніякіх рухаў, ніякіх варушэнняў… Зразумейце — тут не Польшча. Вы ж гэта самі даказвалі, так?!
— Даказваў, — згадзіўся Артур.
Ён ужо пачаў разумець, што мерыўся рабіць капітан Фогель. Ён проста заплюшчыць вочы. Ну, Стася выключаць з гімназіі. І то на год. Усё астатняе — будзе забыта. Маўляў — я вам прабачыў, паслухаўся на вашыя просьбы, а вы ў будучым мяне падтрымайце, паслухайце — сядзіце як мышы пад венікам, калі нават у Польшчы пачнуцца бунты. А яны там пачнуцца, Варшава ўзарвецца ад накіпелага болю гістарычнай знявагі.
— Арыштуйце мяне, спадар капітан, — ціха папрасіў Артур.
— А нашто мне вас арыштоўваць? Героя з вас рабіць?
— Я ва ўсім вінаваты.
— Як толькі я арыштую вас, гэта адразу зробіць дваццаць-трыццаць маладых людзей, сынкоў тутэйшай шляхты, патэнцыйнымі дзяржаўнымі злачынцамі. Гм, інсургентамі.
Артур заўважыў, што кабура ў жандара расшпілена. Гэта азначала, што, пэўна, Фогель гуляў у нейкую вызначаную, прадуманую, але Артуру да канца не зразумелую гульню.
— Прашу вас, арыштуйце мяне і не чапайце брата, — папрасіўся Артур.
— Ага. Гм… Так і арыштую. Ведаеце, малады чалавек, а я маю права да вас так звяртацца, — сказаў капітан. — Я, мусіць, на гады тры ці болей старэйшы ад вас. Калі вы не можаце жыць без вашых перакананняў, — усялякага там адраджэння славянскіх народаў, — адзіны выхад — знікнуць.
Капітан глядзеў проста, без хітрыкаў. У ягоную шчырасць нельга было не верыць.
«Вораг, гэта — вораг, — падумаў Артур. — І не дурны, з азіятчынай, а па-нямецку разумны…»
— Папярэджваю вас, калі будзеце затрыманы пры іншых абставінах, прыкладзецца ўсё ранейшае. Так што выбачайце. Будзем жыць, — сказаў Фогель, умацаваў нагу ў стрэмя, молада, бадзёра ўзвіўся на жарэбчыка. — Ведаеце, я сёння страляў з рэвальвера. Не думайце, што, скажам, вашага брата пужаў. Дарэчы, ён у вас не такі і дурны. Малады яшчэ. Ну і, адпаведна, неразумны, кажуць жа ў вас — як сабака да году. Дык вось, страляў я сёння. Але гэты стрэл быў, ведаеце… Як бы гэта сказаць? Ну, мілосны, ці што…
Ногі жандара ўпіліся ў бакі жарэбчыка, і ён кінуў яго з месца ў цяжкі галоп.
— Бывайце шчаслівымі… — толькі і данеслася да Артура пад тупат конскіх капытоў.
Некаторы час малады Буевіч стаяў як утрапянелы. Потым сарваў з сябе куртку і шлапануў яе вобзем. Хацеў патаптаць нагамі, але стрымаўся. Ну, не Цімох жа ён. Гэтак Цімох робіць, як возьме лішку.
Дзе зброя? Спачатку дазнацца, куды падзелася зброя,
5. А вось урэшце і герой
Куды падзелася зброя са старога млына, Артур Буевіч так і не даведаўся. Увогуле пасля арышту і допыту Стасіка і Артура больш не бачылі. Хто пытаўся ў старога Буевіча пра сыноў, даведваўся, што Артур падаўся да месца службы палкавым лекарам на Каўказ, а Стасік гасцюе недзе ў губернскім Менску ў сваякоў. Зніклі ангелец, пані Валеўская паехала па сваім маршруце ў Кіеў. Жыццё зноў зрабілася бясхмарным, звыклым, аднастайным, як бег воблакаў, як узыход і заход сонца. І тут самы момант успомніць пра нашага галоўнага героя, дзеля чаго і пачыналася пісаніна. Менавіта ён сапраўдны герой рамана — воўк, а на той час — ваўчаня. Прыпёр яго спачатку Цэцыліным дзяўчатам Ясь Кавальцоў. На пачатку лета ў адной лясной вёсачцы сяляне знайшлі на мясцовых могілках ваўчыны вывадак. Прыйшлі да бліжэйшага пана паказаць пабраных ваўчанят, каб атрымаць на гарэлку. Пан не даў, маўляў, ваўкі казённыя, што я за казённых ваўчукоў буду вам на чарку даваць. Ваўчанят аддалі сабакам, каб парвалі. Усіх разарвалі, а аднаго не кранулі. Пашкуматалі, праўда, але ацалеў, выжыў. Якраз Ясю надарылася быць паблізу. Пашкадаваў, засунуў за пазуху ледзь жывое стварэнне, прынёс дахаты, важдаўся з ім, паіў з рота, хукаў на яго і спаць на грудзёх клаў. Неяк прыносіў у маёнтак пані Цэцылі дзічыну, расказаў дзяўчатам, што ў яго жыве сапраўдны воўк, толькі маленькі. Пры гэтым расказаў гісторыю, крыху прыплёўшы, каб выклікаць журлівую слязу, пра тое, як ваўчук у яго з'явіўся. Цэцыліхі аж запішчалі, патрабуючы аддаць ваўчынага шчанюка. Аддаў, шкада, ці што?
Дзяўчаты кармілі ваўчука з ражка, клалі яго ў пасцелю, як коціка, разбэсцілі да нясхочу на сваіх пярынах. Пакуль яно, малое і слабое, ледзь цёпалася само, асаблівага клопату з ім не было. Але як толькі стала хадзіць, адразу паказала свой звярыны нораў.
Ваўчаня, яшчэ слаба трымаючыся на лапах, аднойчы ўбачыла коціка, якіх у доме цёткі Цэцылі было, як кажуць, воз і каляска. У ваўчука ў самога ногі запляталіся, але сын ляснога драпежніка цапнуў пашчай тое кацяня за шыю і не адпускаў, пакуль коцік і не задохся. Колькі слёз было праліта! Жаласлівыя Цэцыліхі надумалі пазбыцца ад ліхадзея. А тут акурат пана аканома Бог прыслаў. Паказалі яму ваўчука, сказалі, маўляў, пані Аксана сумуе без дзетак, няхай вось шчанючка гадуе. Абрадаваны адсутнасцю галоўнага інсургента — Артура Буевіча — аканом і сам шукаў якую-небудзь забаву жонцы, каб надта не забірала да галавы паўстанне. Выгляд смешнага галаватага шчанюка зацікавіў і здаволіў і самога пана Ўрбановіча. Аканому не прызналіся, што ваўчаня задушыла коціка. Баяліся, што строгі пан аканом не захоча браць. Шчаня і насамрэч не надта каб выдавала ў сабе нешта ваўчынае, толькі вопытны лесавік мог здагадацца, што з яго можа вырасці адзін з тых лясных шэрых бандзюкоў, які мог навесці жах на ваколіцы. Ды і маленькае яно нейкае было: вочы яшчэ слязіліся, позірк плаваў. І такі ласкавы: не паспеў пан Ежы ўзяць ваўчаня ў рукі, як яно стала шукаць цяпла, ціхенька паскавытвала, лезла ў рукаво.
— Бач ты, цяпла шукае… — сказаў пан Урбановіч. — Толькі вы мяне не падманвайце, што яно рахманае. Зрэшты, Аксане будзе цікавей… Вы далі яму мянушку?
— А як жа, пан Ежы, далі, — адказала адна з Цэцыліх.
Вочы ў яе гарэзліва заблішчалі. Яна зірнула на сястру, каб тая выдумала з лёту што арыгінальнае.
— Мы… Мы назвалі яго Інсургентам! — зразумела позірк сястры тая.
— Хм, — здзівіўся пан Урбановіч і пагладзіў ваўчаня па галоўцы. — Інсургент!
Пан запхнуў падарунак за пазуху, як робяць гэта з шчанюкамі і кацянятамі хлопы, і падаўся дахаты.