Літоўскі воўк
Шрифт:
— Я заплачу вам за гэты дакумент пяць рублёў, — прашаптаў Урбановіч.
— А… Навошта васпану? — здзівіўся прыстаў.
— Мне? Я спалю яго на вашых вачах.
— Ну што вы, — стаў аднеквацца прыстаў. — Пяць рублёў за гурбачку попелу вялікія грошы. Хопіць і рубля.
Але грошы ўзяў. Прыставу нават было ўсё роўна, ці спаліць аканом паперку з маніфестам, ці не. Прыстаў не сумняваўся, што хутка гэтых друкаваных маніфестаў навязуць з захаду тысячы.
Аканом спаліў паперку і нават расцёр пальцамі попел —
Што з таго, што палякі паўцякалі ў лясы і распачалі сапраўдную партызанскую, на чэркескі манер, вайну супраць царскіх войскаў? Нават няхай Эўропа дапаможа ім. Але што будзе тут, на балотах Палесся? Над краем завісла падманлівая цішыня, якая прарочыла шмат падзей. Ведаў манкевіцкі аканом, што ёсць даволі гарачых галоваў і сярод тутэйшай шляхты, асабліва сярод маладых. Не хапае толькі іскрынкі, лёгенькага штуршка, каб падняліся і тут бура і навальніца.
5. Апошняя кропля
Інсургенту было ўтульна ў сваёй будачцы, не мёрз, бо гэтая зіма стаяла адліжна-цёплая. На вуліцы, на свежасці аброс чарнавата-шэрай густой поўсцю і толькі цяпер вырабіўся на сапраўднага ваўка. Паджары, нават худзезны, з хвастом, вечна заціснутым паміж нагамі, адным толькі выглядам пужаў гасцей, якія часам завітвалі да аканома. Але асаблівых клопатаў з ім не было — хіба што належала своечасова карміць, каб не ўлез куды і не атрымаў кала ў рэбры.
Аднаго разу да Ўрбановічаў прыйшоў Бароўскі са свежымі навінамі — атрымаў з Варшавы ліст. У лісце паведамлялася, што вуліцы польскай сталіцы вартуюць падвойныя казацкія патрулі, у горадзе поўна паліцыі, жандармерыі. Начамі ў Аляксандраўскай цытадэлі чутны стрэлы. Усе варшавяне гуляюць у нейкі фантастычны маскарад дзеля канспірацыі: прыклейваюць бароды і вусы, носяць тэатральныя парыкі. Кожны малады чалавек лічыць за гонар мець у кішэні цывільнага палітона рэвальвер або схаваны пад камізэлькай стылет. І гэтая мера перасцярогі не лішняя — людзі знікаюць без следу.
— Гэта ў Варшаве, а правінцыя што? — папрасіў удакладнення Ўрбановіч.
— У мястэчках і весях аб'яўляюць мясцовыя жонды, — адказаў Бароўскі. У ягоным голасе гучэў намёк, маўляў, і мы нешта павінны рабіць, а не сядзець склаўшы рукі.
Аксана з прагнасцю слухала Бароўскага. Вочы яе гарэлі, рыхтык яна была гатова бегчы на дапамогу аднадумцам. Яна ледзь не страціла прытомнасць, калі даведалася, што часам і паўстанцы робяць палонным маскалям «чырвоныя боты».
— Гэта як? — пацікавілася Аксана.
Бароўскі маўчаў, не адважваўся патлумачыць, зірнуў на аканома. Урбановіч хутчэй здагадаўся, чым ведаў, што ж ёсць
Узяў і сказаў:
— А гэта, душачка, калі скуру з ног здзіраюць. Гэта і ёсць «чырвоныя боты».
У тым жа лісце паведамлялася, што быццам да палкоўніка Мар'яна Лангевіча, камандзіра буйнога паўстанцкага атрада, які атабарыўся ў Сандамірскіх лясах, прыехалі кракаўскія багацеі гандляры. Яны прапанавалі палкоўніку шалёныя грошы, каб той распусціў сваё войска. Былы афіцэр прускай артылерыі, былы выкладчык вайсковай польскай школы ў Генуі выгнаў таўстасумаў.
— Ведаеце, што ён сказаў? — прыцішана расказваў Бароўскі. — «Я радзімай не гандлюю».
У дзверы вітальні, дзе сядзелі, нешта зашкраблося. Аксана паднялася, прачыніла дзверы. У вітальню ўлез Інсургент, уюном закруціўся ў Аксаніных нагах.
Незадаволены аканом выйшаў у чалядню, пачуўся яго строгі голас:
— Хто пусціў пса ў дом?!
Не дабіўся прызнання, вярнуўся. Па рашучым настроі Аксана здагадалася, што аканом збіраецца вытурыць маладога ваўка прэч. Яна ўмольна зірнула на мужа. Той развёў рукамі, сеў у фатэль, паказаў на Інсургента:
— У яго морда ў крыві, глядзі, Аксана, не вымажся. Зноў некага прыдушыў…
Аксана прымусіла ваўка сядзець. Бароўскі дастаў з кішэні газетку.
— Вось з Прусіі жыды знаёмыя давезлі. І ведаеце, што ў ёй пішацца? Так, дзе гэта, ага… Прускі старшыня Рады міністраў, міністр замежных спраў Ота фон Бісмарк у размове з ангельскім амбасадарам Баханэнам заявіў наступнае: «Прусія ніколі не пацерпіць незалежнай Польшчы. Калі палякам нават і ўдасца выгнаць расейцаў, тады Прусія зробіць усё залежнае ад яе, каб спыніць узнікненне варожай нам дзяржавы…»
— Ого, — усклікнуў Урбановіч. — Гэта сур'ёзная заява.
— Гэта яшчэ не ўсё, — дадаў Бароўскі. — Слухайце: «Пытанне польскага паўстання для Прусіі ёсць пытаннем жыцця ці смерці…»
— Тут пахне вялікай эўрапейскай вайной, панове, — шматзначна заявіў аканом і крадком глянуў на Аксану.
Жончын твар быў нібы скамянелы.
— Тут яшчэ вынікі галасавання ў прускім сейме за Канвенцыю супраць паўстання ў Польскім Каралеўстве. За выступілі 246 дэпутатаў, супраць — усяго 57.
— Вось прусакі! — роблена ўсклікнуў Урбановіч.
Нечакана знадвору пачуліся шумны вокліч і божканне Ганны. Аксана выйшла.
— Марата нехта задушыў, — паведаміла Ганна.
Марат быў самым вялікім, яшчэ і не надта каб старым хартом. Ганна завяла пані ў ружоўнік, у аранжарэю. Сярод абламаных ружаў, што сведчылі пра зацятую бойку, ляжаў яшчэ не адубянелы хорт. Галава яго была ненатуральна завернута набок. Па ўсім было відаць, што сабака задушаны. Аксана ўспомніла пра кроў на мордзе Інсургента.
— Скажам, што здох сам па сабе, ад старасці, — сказала яна Ганне. — Іначай муж загадае застрэліць Інсургента.