Літоўскі воўк
Шрифт:
— Нашых людзей, грамадзянін Урбановіч, трэба як след апрануць, абуць, зразумела, забяспечыць правіянтам. Узбраенне я бяру на сябе.
— Гэта… загад? — спытаўся аканом.
— Успрымайце як хочаце, — ужо амаль сурова сказаў Артур. — Памочніцай вам будзе ваша жонка.
— Чыя… жонка? — ледзь выціснуў з сябе Ўрбановіч, міжволі строячы з сябе дурня.
— Ваша жонка, пані Аксана. Яна даказала сваю прыхільнасць справе паўстання. І мае паўнамоцтвы…
Буевіч, калі гаварыў гэтыя словы, глядзеў убок.
«Яны каханкі?! — пакутліва крутанулася ў галаве Ўрбановіча. — Ці не?!»
Урбановіч зіркнуў на Аксану.
— Прыступайце да справы. Неадкладна, — ужо зусім суха прамовіў Буевіч. — Вечарам сустрэнемся. А мне яшчэ належыць знайсці зброю… Шмат зброі…
Аксана нечакана падышла да мужа і прылюдна, парывіста абняла яго і моцна пацалавала. Сэрца аканома забілася мацней.
— О, птушка мая! — толькі і выціснуў ён і палез за хустачкай выціраць слязіну. — З чаго… пачнём?
— У першую чаргу нашых ваякаў як след адзенем і абуем, — заклапочана прамовіла жонка.
Урбановічы селі ў брычку, і аканом настаяў, што спачатку варта разабрацца з той зброяй, якая мелася ў эканоміі. Сёе-тое можна было нашкрэбці. Бо кожны з навабранцаў патрабаваў паперш зброю. Вопратка і правіянт маглі пачакаць.
— Яшчэ, Ежы, нам трэба грошы, трэба шмат грошай, — гаварыла ў брычцы Аксана. — Я і не падазравала, што наша тутэйшая шляхта, нават патрыятычна настроеная, з заможных, такая сквапная. Трасуцца над кожным грошам.
— О, маё сэрцайка, хто ахвотнік выпускаць з рук грошы ці нават правіянт, — згаджаўся з жонкай бясконца шчаслівы аканом. Яму верылася, што шанец, які быў дадзены яму, шанец вярнуць, узмацніць каханне, ён не прапусціў, не прамінуў — выкарыстаў.
Неўзабаве ў эканомію, пад афіцыну, сабраліся сяляне з ваколіц. Сюды ж пад'ехалі і незнаёмцы, якія таўкліся каля Артура Буевіча. Гэтыя былі за агітатараў: словы і заклікі ліліся рэкамі. Мужчыны з сямейных, талковых на заклікі падбухторшчыкаў выказваліся, што толку з паўстання не будзе, бо паўстанцаў мала, а зброі зусім няма, што ў расейскага цара войска больш, што зброя ў царскіх жаўнераў вайсковая, сапраўдная, а пістонаўкамі ды сякерамі не паваюеш.
— Вільня дапаможа, Варшава зброю прышле, — чуліся пярэчанні. — Вось-вось выступіць супраць цара Францыя.
— Што нам тая Вільна? Што нам Варшава?! Мы самі сабе і Вільна, і Варшава, і Масква разам узятыя, — казалі сяляне. — Дайце нам заміж касы стрэльбачку. Хоць якую…
Калі агітавалі шляхту, то казалі пра заваяванне вольнасці, сцвярджалі, што адбудуем край, як было колісь.
— А галоўнае — усе будуць роўныя. Ніякай табе ні шляхты, ні мужыкоў… Кожнаму будзе дадзена зямлі, колькі хто захоча.
— Не выдумляйце, — пярэчылі сяляне. — Не хочам мы станавіцца шляхтай… Мы жывём з мазаля, а мазоль, браткі, скажу табе, гэта такая штука, што любога сцягне з неба… Не вольнасць нам патрэбна, не шляхецтва, але зямля.
— Ды не можа быць зямлі без вольнасці! — гарачыліся агітатары.
У атрад набралася чалавек за сотню. Карміў, апранаў, абуваў усіх, зразумела, пан Урбановіч. Ён ужо каяўся, што так, на скрут галавы, згадзіўся заняць пасаду інсургенцкага інтэнданта. Прасцей было б адкупіцца грашыма. Але Аксане падабаўся гэты штодзённы ваяўнічы, рэвалюцыйны вэрхал у эканоміі, натоўп узброеных людзей каля афіцыны. Яна пасылала ганцоў
Інсургенты на выгане каля мястэчка, дзе звычайна спыняліся цыганы, саставілі пабраныя з вёсак падводы, выставілі ахову. Зрэшты, гэтае войска і выглядала, як табар цыган, але на гэтую акалічнасць ніхто не звяртаў увагі. Гэта было сваё войска.
Раздзел XIV. Збройнае рушанне
1. Святун у вязніцы
Пачалося новае, бурлівае жыццё. Чутка пра збройнае рушанне абляцела ваколіцы. Шляхта збіралася ў мястэчку ці прыязджала ў эканомію, каб даведацца пра апошнія навіны і прыняць рашэнне: ці далучацца да паўстання, ці заставацца дома. Некаторыя нават выказвалі рашучую нязгоду з дзеяннямі самаабвешчанага вайсковага начальніка — Артура Буевіча, і збіраліся яго скінуць.
Як там ні было, войска памалу ўзбройвалася, апраналася, забяспечвалася правіянтам. Выбіраліся камандзіры дробных падраздзяленняў, іх намеснікі. Дайшла справа і да вайсковых вучэнняў.
Жыццё ішло сваёй каляінаю. Адным днём злавілі прыстава Вусаціху. У першы дзень збройнага рушання ён схаваўся і, пэўна, адседжваўся ў некага на вышках, але не ўцярпеў, вылез і быў схоплены. Яго хацелі аддаць сялянам і мяшчанам з пакрыўджаных на расправу. Вусаціха кляўся і бажыўся, што ён чыстай вады ліцвін, але служыць цару яго вымусілі жыццёвыя абставіны. Мала таго, ён даказваў, што ён таксама са старой шляхты, а ніякі не расеец, не маскаль і нават партрэт ягоных продкаў знаходзіцца ў вядомай калекцыі карцін Радзівілаў у Нясвіжы. Нехта са студэнтаў, адукаваны, спытаў, канкрэтна які партрэт прыстаў мае на ўвазе.
— Партрэт невядомага, — не міргнуўшы вокам сказаў прыстаў. — Зроблены ў сярэдзіне мінулага, гэта значыць яшчэ XVIII стагоддзя.
Студэнт зморшчыўся, не прыпамінаючы такі партрэт. Летась падрабляў памочнікам бібліятэкара ў Радзівілаў, крыху азнаёміўся з калекцыяй. Пачалі шукаць са старэйшых, з шляхты, хто гасцяваў у магнацкіх палацах і бачыў той партрэт. Знайшоўся стары Шаламіцкі, які за колішнімі часамі насамрэч быў у Нясвіжы, бачыў і добра памятае тую калекцыю. Прадставілі прыстава перад Шаламіцкім. Той агледзеў высокі шышкаваты лоб, ледзь не ідыёцкай велічыні, чырвоныя губы прыстава.
— Нешта ёсць, — сказаў Шаламіцкі, — падобны. Не хапае толькі булавы ў руку ды сіняй ядвабнай ленты праз грудзі. А так рыхтык той самы шляхцюк з партрэта. Але ж і вырадак: хто б падумаў, што нашчадак слаўнага роду зробіцца царскім слугой?!
Прыстава хацелі судзіць судом гонару, раз ён шляхта. Прызначылі грамадзянскі суд, але нейкі няўрымслівы шляхцюк, якому Вусаціха ўпёкся ў пячонкі, навёў на бедачыну сялян, і тыя сталі частаваць спадара прыстава кухталямі. Каб не местачкоўцы, якія адабралі небараку, натаўклі б прыставу пысу да нясхочу.