Літоўскі воўк
Шрифт:
Усім зрабілася ясна, што Артур Буевіч пачуў словы аканома, але не ведае, што рабіць, як рэагаваць. Ён нават зірнуў на збялелую ад словаў мужа Аксану.
— Ну, гэта так… Далей, во, пане Ўрбановіч, цікава: камісар павета павінен самым пільным чынам сачыць, каб ва ўсіх маёнтках, дзе праходзіць атрад, абвяшчаўся дэкрэт Нацыянальнага ўрада пра надзяленне зямлёй сялян.
«Яны — Буевіч і мая жонка — хочуць мяне звесці са свету, — падумаў аканом. — Яны — палюбоўнікі. Яны зробяць мяне камісарам, Фогель вернецца, арыштуе і, чаго
— Гэты дэкрэт павінен абвяшчацца і акт надзялення зямлёй складацца ў трох аднолькавых экземплярах, — гаварыў Буевіч, зацяты ў чытанне.
«Або стануць, як палюбоўніца таго Лангевіча, дачка расейскага генерала, жыць з ім у вайсковым табары…» — віхурыліся думкі ў галаве аканома.
— Адзін з актаў застаецца ў сялян, другі перадаецца начальніку павета, а трэці павінен быць…
— Прэч! Прэч адсюль! — раптам нема зароў заўжды выхаваны і стрыманы аканом Манкевіцкай узорнай гаспадаркі Ежы Ўрбановіч.
Ён ускочыў з месца і паказваў рукой Буевічу на дзверы.
— Ідзіце прэч! Я не хачу быць ніякім камісарам! Ні павятовым, ні валасным — ніякім! Дзеці! Вам гульні трэба! Вы ў кроў хочаце, у смерць пагуляць хочаце!
Урбановічыха пляснула рукамі і выбегла прэч з кабінета, Бароўскія — сын і бацька — знямелі ад здзіўлення.
— А трэці, трэці акт адсылаць ваяводскаму камісару, — па інерцыі скончыў Артур Буевіч.
Шляхцюкі адзін за адным праз дзверы, якія вялі з кабінета ў чалядню, сталі ўцякаць. У кабінеце засталіся двое Бароўскіх, стары Магнусь Палюховіч, які круціў галавой, не разумеючы, што адбылося, і, уласна, два праціўнікі — Артур Буевіч і Ежы Ўрбановіч.
Буевіч акуратна склаў паперыну, якую толькі што чытаў, засунуў яе ў нагрудную кішэню курткі і, чырвоны ад гневу ці ад сораму, выйшаў прэч.
Вайсковая рада на гэтым і скончылася.
6. Мужны ўчынак жанчыны
Неўзабаве пакінулі кабінет Бароўскія, выйшаў з крэхтам і стары Магнусь. Аканом застаўся адзін. І дзіва! Толькі што ў ім усё кіпела і бушавала, а цяпер зрабілася лёгка і пуста. На душы і ў галаве. Цяпер — усё роўна, што будзе. Жонка? Няхай кідае яго і едзе, куды хоча. Хоць з Буевічам, хоць дахаты, да бацькі. Галоўнае, у яго, Урбановіча, засталося чыстае сумленне. У адносінах да самога сябе. Не захацеў стаць павятовым камісарам і не стаў. Не здрадзіў сабе.
А каханне… Што каханне? Каханне — пакута, пакутай і застанецца. А цяпер ён вызваліўся і ад кахання, і ад усіх іншых праблем.
Стукнулі дзверы, зашалясцела адзенне — то ішла жонка. Урбановіч падняў галаву. Жонка мела заплаканы, нават апухлы твар.
— Што? — суха спытаўся аканом.
— Яны зараз прыйдуць, арыштуюць і пасадзяць у склеп.
— У склеп? Разам з Ясем Кавальцом? —
— І будуць судзіць як здрадніка… Як здрадніка і калабаранта…
Аканом скуксіўся. Ага, праўду кажуць: не радзіся, а ўдайся. Баяўся патрапіць у кіпцюры царскага двухгаловага арла, а ўскочыў пад капыты… Пагоні. Стопча, знішчыць. Ягоны твар прыняў плаксівы выгляд.
Каб схаваць гэта перад жанчынай, ён крыва пасміхнуўся:
— І што? Мо яшчэ і павесяць?
Аксана адвярнулася да акна.
— Я гэтулькі ўбухаў… грошай на гэтых галадранцаў… Нешта, дарагая, тут не гэтак. Тут Буевіч гэты нешта круціць. У яго і выхілкі ўсе бацькавы.
Аксана маўчала.
— Ну, няхай арыштуюць мяне… А як жа, як жа наша жанімства? — прамармытаў Урбановіч.
І тут ягоная жонка зрабіла тое, чаго аканом ніколі ад яе не чакаў. Канечне, у думках марыў пра гэта, але наяве — не чакаў. Аксана адвярнулася ад акна, рашуча сягнула да мужа і парывіста абняла яго. Паколькі ён сядзеў на крэсле, абняла за галаву і прыціснула яе да жывата.
— Бедны мой, любы, няшчасны Ўрбановіч… Ты не разумееш, што гэта — сур'ёзна. Што гэта — не гульня. Яны зараз прыйдуць арыштоўваць цябе…
— Яны?! Хто яны! — Урбановіч крутануў галавой, бо задыхаўся, адняў жончыны рукі.
Нечаканая сіла абудзілася ў ім. Ён адчуў сябе моцным-моцным. Ну і дурань жа ён, што раней не даваў ніякага адпору гэтаму Артуру. Цяпер — позна. Што рабіць?
— Я… Я буду бараніцца… Хто яны такія, урэшце?
Аканом падскочыў да стала. Там яшчэ з мінулага лета ляжалі зараджаныя пісталеты.
— Пакліч Мондрыка. Мы забарыкадуемся…
— Не трэба нічога рабіць, гэта — лёс, — сказала Аксана і зняможана апусцілася на канапу.
Мо праз якую гадзіну да афіцыны Манкевіцкай эканоміі напраўду пад'ехалі паўстанцы. Яны паскоквалі з коней, наставілі зброю напагатоў і сталі насцярожана падыходзіць да ўвахода ў дом. Нідзе ні душы, як вымерлі. Самыя зоркія бачылі, што ў афіцыне каля вокнаў стаяць узброеныя людзі. Гэта было сур'ёзна.
— Гэй, — крыкнуў адзін з паўстанцаў. — Камандзір Буевіч загадаў арыштаваць вашага пана.
У адказ ні гуку.
— У нас і загад ёсць на арышт. Няхай васпан Урбановіч выходзіць. З паднятымі рукамі…
Маўчанне.
— Тады мы пачынаем страляць і паліць афіцыну. Падпалім з усіх бакоў! Маскоўскіх падбрэхічаў нам не трэба…
— Гэй, — пачуўся глухі, але дастаткова выразны крык з афіцыны. Гэта не вытрымаў маўчання Мондрык. — Галадранцы! На назе саф'ян рыпіць, а ў баршчы трасца кіпіць! Чужога нашармачка захацелася. Наце, атрымайце!
Раптам шыба аднаго з вокнаў гучна раскалолася, у праёме паказалася стрэльба і рэзкі гук стрэлу раскалоў паветра. Па надворку залётала кудзеля набою. У адказ на стрэл Мондрыка паўстанцы далі магутны залп. Білі па вокнах і дзвярах. Ад дрэва трэскі толькі адляталі.