Чтение онлайн

на главную

Жанры

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Га! Зух з калом на мух! — атурзвалі мяшчане шляхцюка. — Га! На пахілае дрэва і козы скачуць! У якой канаве ты, шляхецкая костка, спаў, калі Вусаціха на кані галёкаў?!

Каб прыстаў не ўцёк ці з ім не нарабілі бяды пакрыўджаныя зламыснікі, прыстава схавалі ў салявы склеп. Нічога лепшага не прыдумалі.

На другі дзень, памяты і пабіты, прыстаў стаў перад судом. На тым судзе прыстаў нечакана прызнаўся, што ведае, дзе шукаць зброю — скрынку са штуцэрамі.

— Гэнага Кавальца сын, Ясь, збаёдаў штуцэры.

— Як табе веры даць? — спыталіся ў прыстава.

— Чуў, як у пушчы страляў.

Пістонаўка так не страляе.

Далажылі Артуру Буевічу. Той і сам нешта падазраваў няладнае. Паслалі людзей да Кавальцоў, прыцягнулі Яся. Хлопец упіраўся, бажыўся, што нічога не ведае. Зрабілі вочную стаўку з Вусаціхай. Ясь перастаў бажыцца, але па-ранейшаму адмаўляў, што чапаў тыя штуцэры.

— У склеп! — коратка загадаў Артур. — Думаеце, чыкацца з ім буду.

Вусаціху адпусцілі. Каб выслужыцца, прыстаў заявіў, што можа быць карысны паўстанцам як вайсковы чалавек. Навучыць, дзе ар'ергард, дзе авангард, што такое дазор, сакрэт. Яго слухалі і нават падпарадкоўваліся. Прыстаў разам са сваім атрадам паехалі на сядзібу Кавальцоў і зрабілі ператрус, каб знайсці штуцэры. Безвынікова.

Ясь сядзеў у склепе і ўпарта настойваў, што нічога не ведае. І безупынна маліўся.

З яго толькі пасмейваліся.

— Святун, — казалі, — моліцца. Дзірку ў небе прамоліць.

У мястэчку заўважылі маладога ваўка з нашыйнікам. Ён лазіў пазавуголлем, працяжна і пранізліва скавытаў. У гэтым скавытанні адчуваўся бясконцы сум па зніклым, увязненым гаспадару.

Каб Інсургент не скуголіў пад вокнамі, яго таксама запраторылі ў склеп. Адчынілі дзверы і разышліся. Воўк доўга не адважваўся падысці да ўвахода. Але як толькі Ясь ціхенька свіснуў, Інсургент на скрут галавы памчаўся да яго, ледзь з ног не збіў, стаў аблізваць, вішчэў ад радасці, а ў вачах свіціліся бясконцая мілата і адданасць.

— Акурат пбра, — казалі вартавыя. — Святун і воўк. Эй, Кавалец, аддай штуцэры!

— Не браў я вашыя штуцэры.

Вартавыя зазіралі ў шчыліну дзвярэй і кпілі:

— Святулька, аддай стрэльбы!

— Я чужога не бяру… Не жадай ні дабра брата твайго, ні авечкі, ні жаны…

— Як жа не браў, калі стрэлы ў пушчы людзі чулі? Молішся, а ілжэш, брахадла!

— Дзякуй вам і за такія словы, — адказваў Ясь, — бо я вас люблю і ўсё вам прабачаю…

— Во, манюка, лёстачкі падпускае… — абураліся вартавыя.

— Хто любіць брата сваяго, той у святле ходзіць, і спакусы ў ім няма… — неслася са склепа.

— Усыпаць добра бізуна — адразу прызнаешся, куды цэлую скрынку штуцэраў схаваў, нахаба. Праваслаўнік знайшоўся.

— А хто ненавідзіць брата сваяго, той у цемры ёсць і ў мораку ходзіць… — чулася з вязніцы.

— Цьху ты, святун і ёсць святун…

2. Вайсковая рада

Калі ўся ваколічная шляхта больш-менш вызначылася: падтрымаць або не падтрымаць паўстанне, склікалі сход — абмеркаваць, што рабіць, сабраўшы войска. Пакуль што непрыяцеля нідзе не назіралася. Сядзець і чакаць маскоўскія роты не з рукі. Таксама патрабавалі вырашэння некалькі арганізацыйных, як казаў Артур Буевіч, пытанняў.

Шляхты сабралася шмат, але ўсё драбнякі, яны нават не адважваліся

заходзіць да Ўрбановіча ў дом, куды гаспадар запрашаў радцаў, — сядзелі на вуліцы ці жартавалі праз расчыненыя дзверы з людзьмі чалядні. З'явіўся Артур Буевіч у куртцы наапашкі. Яго як намеснікі ці ардынарцы суправаджалі маладыя шляхцюкі. Пачалася гаворка пра зброю, дысцыпліну, планы. Шляхта выкрыквала словы да месца і не да месца. Ледзь што, пачыналі высвятляць адносіны, узнімаўся гармідар. Таўкліся добрую гадзіну, а ні да якіх вынікаў не дагаварыліся. Надумалі тады сабрацца і параіцца вузейшым колам.

У кабінет, дзе і прызначылі раду, зайшлі абое Бароўскіх: сын і бацька, стары Магнусь Палюховіч, неўміруха пад дзевяноста гадоў, бацька Лявона Палюховіча, які ўжо недзе ваяваў супраць маскалёў, а таксама чалавек пяць-шэсць смялейшай і дысцыплінаванейшай шляхты. Прысутнічалі на гэтай радзе і аканом з жонкай, уласна, і як гаспадары, і як чынныя ўдзельнікі інсурэкцыі.

Сталі абмяркоўваць, што робіцца ў краі. Абстаноўка мянялася кожны тыдзень, а пошта даходзіла са спазненнем, бо шмат дзе паўстанцы паразбівалі паштовыя станцыі. Праезджыя гандляры прывозілі навіны процілеглага зместу. Арганізаваная некалькі дзён назад выведка нічога не дала. Пасланыя надзейныя людзі вярнуліся ні з чым — на ўсходзе і на захадзе натыкаліся на моцныя казачыя раз'езды, на жандарскія патрулі або на цэлыя табары рэгулярнага расейскага войска.

Артур даказваў, што трэба ісці на злучэнне з асноўнымі сіламі паўстанцаў, гэта значыць падавацца на Пінск, на Кобрын, на Слонім. Калі злучыцца з якім буйным атрадам, тады пра каардынацыю дзеянняў падумаюць вышэйшыя начальнікі. Стары Бароўскі сцвярджаў, што паход — рэч неабдуманая. Паход сам па сабе вымушае страту сілаў, сродкаў. Калі ж заставацца ў мястэчку, то ніякіх стратаў ні сілы, ні сродкаў не будзе.

— Што дасць гэтае сядзенне? — гарачыўся Артур. — Мы толькі губляем час і энергію. Калі мы пасядзім яшчэ тыдзень, людзі стануць разбягацца.

— Прашу пачакаць новых паведамленняў, — гаварыў Бароўскі. — Цаню такую думку: чорт абарону любіць.

— Якая абарона! — абурыўся Артур. — Наша сіла — у яднанні. Вы, я бачу, абсалютна невайсковы чалавек.

— Дайце сабе ўпыну зневажаць старэйшых, — казаў Бароўскі. — Я пацярпеў — мой сын ледзь не апынуўся ў Сібіры. А з-за чаго? З-за глупства!

Пасля арышту і вызвалення сына старога Бароўскага быццам падмянілі. З рахманага, ціхага чалавека ён пераўтварыўся ў ваяўнічага паўстанца. Каб быў тут спраўнік ці жандарскі афіцэр Фогель, яны здзівіліся б такой перамене. Праўда, ранейшыя рысы характару — асцярожнасць, абдуманасць кожнага кроку, абумоўлівалі паводзіны Бароўскага і цяпер.

— Ды вы, прашу прабачыць, не чыталі, пэўна, ніводнай працы па стратэгіі. Ваша спецыяльнасць, не крыўдзіцеся — арніталогія, гітара, ксёнжачкі, — не адказваў на канкрэтнае пытанне Буевіч.

Бароўскага кінула ў барву. Ён шумна дыхаў, але трываў, аж сціснуў рукі ў кулачкі.

— Вы, Артур, кажаце, што я не чытаў ваенных работ? Чытаў… Вывучаў… Не думайце, — спакойна гаварыў Бароўскі. — Акрамя таго, я маю ўяўленне пра вайсковыя дзеянні з нядаўняй гісторыі.

— Вы маеце на ўвазе вайну дванаццатага года? — з ухмылкай прамовіў Артур.

Поделиться:
Популярные книги

Боги, пиво и дурак. Том 3

Горина Юлия Николаевна
3. Боги, пиво и дурак
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Боги, пиво и дурак. Том 3

Мымра!

Фад Диана
1. Мымрики
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Мымра!

Белые погоны

Лисина Александра
3. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
технофэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Белые погоны

Любовь Носорога

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
9.11
рейтинг книги
Любовь Носорога

Я все еще граф. Книга IX

Дрейк Сириус
9. Дорогой барон!
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я все еще граф. Книга IX

Делегат

Астахов Евгений Евгеньевич
6. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Делегат

Неудержимый. Книга XVI

Боярский Андрей
16. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XVI

Чужая дочь

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Чужая дочь

Ночь со зверем

Владимирова Анна
3. Оборотни-медведи
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.25
рейтинг книги
Ночь со зверем

Месть бывшему. Замуж за босса

Россиус Анна
3. Власть. Страсть. Любовь
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Месть бывшему. Замуж за босса

Совок – 3

Агарев Вадим
3. Совок
Фантастика:
фэнтези
детективная фантастика
попаданцы
7.92
рейтинг книги
Совок – 3

Титан империи 7

Артемов Александр Александрович
7. Титан Империи
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи 7

Измена. Он все еще любит!

Скай Рин
Любовные романы:
современные любовные романы
6.00
рейтинг книги
Измена. Он все еще любит!

Вечный Данж. Трилогия

Матисов Павел
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
6.77
рейтинг книги
Вечный Данж. Трилогия