Літоўскі воўк
Шрифт:
— Пачатак паўстання на Літве аб'яўлены на канец красавіка, — няўпэўнены, што тут, у эканоміі пана Ўрбановіча, ды яшчэ перад ягонай жонкай, можна агучваць падобныя навіны, — сказаў ён.
— Кім аб'яўлены? — строга спыталася Аксана.
Аканом нават залюбаваўся жонкай.
— Віленскім аддзелам, які кіруе правінцыямі ўсёй Літвы…
— А мы ў якой губерні жывём? У Менскай?! — гнеўна бліснула вачамі Аксана. — Вам ясна?
— Не! — сурова прамовіў юнак. — Я толькі што з Варшавы. На свае вочы бачыў лясныя равы, у якіх з-пад снегу відаць трупы маскалёў у абдымку з трупамі паўстанцаў. Вы жанчына і…
— Перастаньце…
Стары Палюховіч зірнуў на Ўрбановіча. Муж таксама меў бясконца здзіўлены выгляд ад прызнання Аксаны.
— Праўда? — перасохлым горлам спытаў «генерал», не зводзячы вачэй з аканома.
— Праўда, праўда, — толькі і адказаў Урбановіч.
— Але ж Польшча кіпіць, там вайна! Мы павінны выступіць!
— Усё ў свой час. Сябе паважайце. Генерала мы яшчэ вам дамо, — больш спакойна сказала Аксана. — Пакуль сядзіце на сваім балоце і чакайце загаду. Зброю мусова прыхаваць у надзейным месцы. Галоўнае, паўтараю, сябе паважайце, а не на Варшаву азірайцеся.
3. Ператрус
— Я… сыграла ролю… — толькі і сказала Аксана, калі яны засталіся сам-насам з мужам. — Ніякай арганізацыі няма. Я толькі чула, што ёсць паўстанцкі камітэт па Менскай губерні.
— Ад каго, душачка, чула? — Аканом ледзь-ледзь прыходзіў да свайго звычайнага, спакойнага і разважлівага, стану.
— Ад… — Аксана адвяла позірк. — Ад Бароўскіх.
— Ад Бароўскіх? Ад бацькі ці сына?
— Ад сына, — больш упэўнена адказала жонка. — Людовік мне неяк расказаў.
«Ілжэ! — адчуваў аканом. — Калі яна таго Людовіка бачыла?! Людовік у Пінску, заканчвае гімназію. Калі ён прыязджаў дахаты? Цяпер, па раскіслых дарогах, не наездзішся…»
Вечарам таго ж дня аканом Манкевіцкай узорнай гаспадаркі пан Ежы Ўрбановіч, скарыстаўшыся тым, што жонка паехала за Гарынь да пані Цэцылі, зрабіў найпільнейшы вобыск у пакоі ўласнай жонкі. Тое, што жонка схлусіла, калі гаварыла пра Людовіка, ён не сумняваўся. Гэта надавала імпэту ў пошуках крыміналу.
«А што магло быць крыміналам? — задаваўся думкай аканом, перамацваючы пярыны, зазіраючы пад ложак і сталы. — Ну, няхай будуць дакументы паўстанцкай арганізацыі, рознага роду падбухторніцкія ўлёткі, лісты з тайнапісам, але ж толькі не… не лісты жанчыны, закаханай у невядомага…»
Калі б аканом знайшоў такі ліст, ён тады б… Не, Урбановіч не ведаў нават, што з ім зрабілася б, каб такі ліст трапіў яму ў рукі. Перад вачамі паўставаў Артур Буевіч у паўстанцкай адзежы, з шабляй, прыгожы, плячысты, самаўпэўнены… Няўжо яна нешта мае да гэтага няўдакі, які так захапіўся паўстаннем, што прагарэў на самым пачатку?
Чым болей аканом шнарыў у паперах жонкі, тым болей яму рабілася зразумелым, што ён нічога не знойдзе. Уся пошта праходзіла праз ягоныя рукі. Калі хто і мог прыносіць жонцы лісты ці цыдулкі — гэта была Ганна. Стары хаўрус. А то яшчэ і Мондрык з імі, жанчынамі, у змове. Як злавіць, як праверыць?
«Але
З гэтымі думкамі аканом ашалела перагортваў Аксаніны кніжкі, мерачыся сярод старонак знайсці хоць які след ці то сужэнскай здрады, ці то матэрыяльнага доказу патаемнай, у абход мужа, сувязі жонкі з паўстанцамі.
У той вечар ён так і не знайшоў нічога. Нічагуткі. Але на тое, што жонка нейкім чынам звязана з паўстаннем, якое бушавала ў Польшчы, доказ знайшоўся. Страшны, неверагодны доказ.
Спачатку Ўрбановічу патрапілася невялічкая блакітнаватая паперка, на якой друкарскім чынам былі адціснуты словы на польскай мове:
«Прад'явіцель гэтага (далей ішоў прабел пад прозвішча), ёсць упаўнаважаны збіраць складкі і прымаць усялякія фундушы і прадметы. Выдадзена ў Варшаве, дня 7-га, месяца лютага 1863 года. Нацыянальны ўрад, камендант места Варшавы».
І пячатка была: белы арол і Пагоня. І подпіс каменданта Варшавы. Праўда, уласна прозвішча гаспадара мандата не ўпісана. Відаць, Аксана яшчэ не адважвалася зрабіць гэтага.
Аканому ўспомніліся пэўныя дзіўныя паводзіны і ўчынкі жонкі: часта ездзіла да Цэцыліных дачок, пасябравала, чаго раней не заўважалася, з Мондрыкам. А самае галоўнае — перастала ў адкрытую гаварыць пра палітыку. Маўчала, часам загадкава пасміхаючыся. Толькі ідыёт не зразумее, што яна ў тайнай арганізацыі. Увесь час аканом не мог пазбавіцца адчування, што Буевічаў Артур, які гэтак загадкава знік, недзе блізка і рыхтуе паўстанне. З другога боку, куды ён знік? Няўжо і насамрэч пакіраваўся на Каўказ, да месца сваёй работы, службы?
Урбановіч запомніў нумар старонкі кнігі, у якой закладзена небяспечная паперка, там яе і пакінуў. Пакуль што рана тлумачыцца, трэба пачакаць.
Зірнуў на кнігі, якія яшчэ не перагортваў. Узяў адну, трасянуў. З кнігі выпала паперка. Разгарнуў — і адразу зрабілася горача. Гэта была інструкцыя Літоўскага правінцыйнага камітэта павятовым начальнікам, датаваная 28 кастрычніка 1862 года. Узяў яшчэ адну кнігу. У ёй спачывала інструкцыя акруговым начальнікам. Датаваная таксама 28 кастрычніка 1862 года. Стаў разгортваць і вытрэсваць іншыя кнігі. З іх пасыпаліся абвесткі ЛПК аб аднаразовым падатку і пячатках, датаваныя снежнем 1862 года, адозва-абвестка пад гучным тытулам «Каралеўства паўстала» з датай 15 студзеня 1863 года. Меўся тут і маніфест Часовага ўрада Літвы і Беларусі ад 1 лютага 1863 года. («Беларусі? — хмыкнуў аканом. — Усё ж дапялі свайго…») Выдабыў нават цыркуляр супраць дэзінфарматараў, датаваны лютым 1863 года.
Ад боязі, што можа раптам вярнуцца жонка, Урбановіч стаў закладваць паперкі назад у кнігі. Рукі трэсліся, паперыны рассыпаліся, і аканом пераблытаў, куды якую ўкладваць. Вось стукнулі на ўваходзе дзверы. Ад перапуду, што гэта можа быць Аксана, Урбановіч загроб паперы ў кішэню сурдута, выскачыў з пакоя, замкнуў яго, прайшоў у свой кабінет. Высмыкнуў адну паперыну. Ага, паўстанцкая інструкцыя, датаваная пачаткам сакавіка. Ага: «Кожны камандзір асобнага паўстанцкага атрада, пакуль не звяжацца з ваенным начальнікам ваяводства, з'яўляецца неабмежаваным уладаром мясцовасці, якую ён займае, панам жыцця і смерці ўсіх сваіх падуладных…»